Вы тут

Кіраўнік дзяржавы адкрыў рух электрацягнікоў са Жлобіна ў Светлагорск


Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка узяў удзел у адкрыцці рэгулярнага руху электрацягнікоў па маршруце Светлагорск-Жлобін-Мінск.


Рэалізацыя праекта накіраваная на ўмацаванне транспартных сувязяў і актывізацыю развіцця Гомельскага і Мінскага рэгіёнаў, павышэнне якасці абслугоўвання пасажыраў.

Цяпер жыхары Светлагорска атрымалі магчымасць штодня раніцай і ўвечары ездзіць камфартабельным цягніком у Мінск і назад. Ужо сёння ў 19.04 адправіцца цягнік № 754 Светлагорск-на-Беразіне — Мінск, які прыбудзе ў сталіцу без чвэрці дзесяць. Са сталіцы гэты цягнік упершыню адправіцца 26 чэрвеня, шлях да Светлагорска зойме тры гадзіны. Кошт праезду складзе каля 9 рублёў, білеты можна будзе набыць таксама праз інтэрнэт.

На чыгуначнай станцыі Светлагорск-на-Беразіне кіраўніка дзяржавы сустракалі віцэ-прэм’ер Уладзімір Кухараў, міністр транспарта і камунікацый Аляксей Аўраменка, міністр энергетыкі Віктар Каранкевіч, начальнік Беларускай чыгункі Уладзімір Марозаў.

Аляксей Аўраменка і Уладзімір Марозаў далажылі аб развіцці Беларускай чыгункі і перспектывах яе электрыфікацыі. У прыватнасці, міністр сказаў пра станоўчы эфект ад пашырэння маршрутаў і стаўкі, зробленай прадпрыемствам на кантэйнерныя перавозкі. За пяць месяцаў колькасць усіх кантэйнерных перавозак вырасла на 22 працэнты.

На 2020 год бізнес-план Беларускай чыгункі прадугледжваў рост даходнасці на 10 працэнтаў пры росце грузаабароту на два працэнты і пасажыраабароту на 0,5 працэнта. Але ў першыя пяць месяцаў года аб’ёмы перавозкі і грузаў, і пасажыраў упалі амаль на 20 працэнтаў, у першую чаргу гэта датычыцца транзіту. Перавозкі ўнутры краіны, дзякуючы таму, што эканоміка не спынялася, нават выраслі на пяць працэнтаў.

У транзіце кантэйнерных перавозак значны рост дае кітайскі напрамак. У маі па кірунку Кітай — Еўропа — Кітай БЧ перавезла 61 тысячу кантэйнераў, што амаль удвая больш за ўзровень мінулага года.

Прэзідэнт пацікавіўся пра становішча спраў з інвестыцыямі ў чыгунцы. На наступную пяцігодку рост гэтага паказчыка чакаецца не менш за 10 працэнтаў.

Кіраўніку дзяржавы паказалі беларуска-расійскую распрацоўку па аўтаматычным продажы праязных дакументаў. Больш за 150 такіх аўтаматаў ужо ўсталяваныя ў Беларусі. Дарэчы, летась больш за 4 мільёнаў білетаў былі купленыя пасажырамі чыгункі па-за памяшканнямі вакзалаў, з дапамогай сучасных інфармацыйных тэхналогій.

Яшчэ адзін прадмет гонару чыгуначнікаў — электронная даведачная служба.

На прывакзальнай плошчы Прэзідэнта чакалі людзі. Ён падышоў павітацца, хоць гутарка з мясцовымі жыхарамі ў гэтым месцы не была прадугледжана парадкам сённяшняга дня. Тым не менш Аляксандр Лукашэнка расказаў пра мэту яго прыезду сюды і спытаў прысутных пра самаадчуванне, пагаварылі пра пандэмію. Суразмоўцы нават паспелі абмеркаваць некаторыя надзённыя пытанні іх жыцця. 

Невялікая размова адбылася з жыхарамі Светлагорска і работнікамі чыгункі. 

«Дзякуй вам! — звярнуўся да іх кіраўнік дзяржавы. — Калі бачу чыгуначнікаў, успамінаю сваё дзяцінства. Бо сам увесь час у школу хадзіў па чыгунцы. Гэта выратаванне было, артэрыя для жыцця. Таму, калі вас бачу — гэта роднае». 

Успомніў Аляксандр Лукашэнка і тое, як чыгуначнікі выратавалі сітуацыю, калі больш за 20
гадоў таму супрацоўнікі мінскага метрапалітэна наладзілі забастоўку з-за нізкіх заробкаў. Тады
60 машыністаў чыгункі пагадзіліся працаваць у метрапалітэне, дзякуючы чаму сталіца пазбегла
транспартнага калапсу ў летнюю спякоту.

«Тады вы мяне выратавалі, і я вам вельмі ўдзячны», — сказаў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка падняўся на рэгіянальны цягнік, які будзе вазіць людзей па новым маршруце. Разам з чыгуначнікамі кіраўнік дзяржавы праехаў да першай прамежкавай станцыі.

Па дарозе працягнулася размова пра тэрміны эксплуатацыі і кошт рухомага саставу, пра запатрабаванасць і камфорт гэтага віду транспарта, пра прагнозы адкрыцця межаў, імпартазмяшчэнне.

Зараз беларускі складнік у электрыфікацыі чыгункі складае 50 працэнтаў. Імпартазамяшчэнне разам з якасцю і экспартам будуць асноўнымі кірункамі будучай пяцігодкі, паведаміў беларускі лідар. 

«Гэта ж не справа — машынабудаўнічая краіна, а мы цягнем усё з Кітая або Расіі», — сказаў ён. 

Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на догляд прыдарожных палос. «Гэта люстэрка краіны», — сказаў ён.

«Прыгожа ў вас! Пандэмія паказала — хто мае домік у вёсцы, той адвёз туды старых, і яны не хварэюць», — сказаў ён.

Падчас паездкі Аляксандру Лукашэнку далажылі, што ад пенсіянераў паступаюць звароты з просьбай падоўжыць на месяц, да 31 кастрычніка, перыяд якая прадастаўляецца 50-працэнтнай скідкі на праезд у цягніках рэгіянальных ліній. Гэтая мера эканамічна пралічаная, падрыхтаваны праект нарматыўнага прававога акта.

Аляксандр Лукашэнка падтрымаў прапанову. «Значыць, сёння і прынялі рашэнне, добра», - сказаў ён.

На развітанне Аляксандр Лукашэнка зноў усім падзякаваў і пажадаў берагчы сябе.

Вольга МЯДЗВЕДЗЕВА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Медыцынскі агляд у віцебскіх газавікоў ажыццяўляе... робат

Медыцынскі агляд у віцебскіх газавікоў ажыццяўляе... робат

А наведвальнiкаў крамы кансультуе выява спецыялiста.

Грамадства

Не трапіць у рабства анлайн. Як у краіне змагаюцца з гандлем людзьмі

Не трапіць у рабства анлайн. Як у краіне змагаюцца з гандлем людзьмі

З 2000 года ў Беларусі выяўлена 4421 злачынства, звязанае з гандлем людзьмі.