Вы тут

Прэзідэнт: Беларусь ніколі не дапусціць адраджэння ідэй нацызму на сваёй зямлі


Сёння Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка працягвае наведванне мемарыяльных мясцін краіны. На наступны дзень пасля адкрыцця мемарыяльнага комплексу ў вёсцы Боркі Кіраўскага раёна Магілёўскай вобласці кіраўнік дзяржавы адкрыў помнік «Ала».


Пра гэта месца і планы па будаўніцтве тут мемарыяла Прэзідэнту расказала студэнтка з Гомеля на сустрэчы ў Беларускім дзяржаўным медыцынскім універсітэце напрыканцы мінулага года. Моладзь тады і запрасіла кіраўніка дзяржавы на адкрыццё помніка. Аляксандр Лукашэнка ініцыятыву падтрымаў і паабяцаў прыехаць. Ён таксама даручыў Адміністрацыі Прэзідэнта вывучыць праект і, калі трэба, удасканаліць. Тады ж высветлілася, што кіраўнік дзяржавы добра ведае трагічную гісторыю гэтых мясцін.

«Няправільна, што мы не добраўпарадкоўваем такія месцы, — сказаў ён тады. — Добра, што вы вырашылі ўвекавечыць. Будзем усе ўдзельнічаць, і, можа, усе сродкі, заробленыя Гомельскай вобласцю на суботніку, пакінем там.

Прэзідэнт заўважыў, тое, што калі студэнты ўздымаюць такія пытанні, значыць, што ў моладзі і краіны ў цэлым ёсць будучыня.

Вось і сёння кіраўніка дзяржавы ў Але сустракае пераважна моладзь.


«Гэта дванаццаць Хатыняў!»

Прэзідэнт Беларусі прайшоў па алеі, якая сімвалізуе вуліцу знішчанай вёскі, усклаў вянок і звярнуўся да прысутных з прамовай.

«Год 75-годдзя Вялікай Перамогі стаў для нас годам звароту да памяці аб трагічным лёсе беларускага народа, — адзначыў у сваім выступленні на цырымоніі адкрыцця мемарыяла Аляксандр Лукашэнка. — Пачынаючы з храма-помніка, дзе напярэдадні 9 мая мы паставілі свячу ахвярам і героям Вялікай Айчыннай вайны, працягваем ісці дарогай смутку па слядах жорсткіх злачынстваў нацызму. Учора мы былі ў вёсцы Боркі. Сёння тут, на месцы спаленай вёсцы Ала. Заўтра у Брэсце — успомнім герояў, якія першымі сталі на шляху захопнікаў».

Прэзідэнт дадаў, што зараз, калі подзвіг нашага народа ставіцца пад сумнеў, беларусы робяць усё, каб тыя, хто дагэтуль лічыць, што «Гітлер нёс славянам цывілізацыю», засвоілі ісціну. У вачах ворага беларусы, украінцы і рускія не былі людзьмі.

«Фашысты прыйшлі на нашы землі, каб па загаду фюрэра знайсці «чалавечы матэрыял», які будзе апрацоўваць палі і карміць вялікую германскую нацыю. Але супраціўленне, з якім сутыкнуўся агрэсар, стала для мірных жыхароў фатальным, — канстатаваў кіраўнік дзяржавы. — Дух непакорлівасці ворагу — вось што хацелі знішчыць гітлераўскія акупанты, калі сеялі смерць і жах на сваім шляху».

Тут, у вёсцы Ала, якая стала апошнім прыстанкам для жыхароў навакольных вёсак, былі спаленыя амаль дзве тысячы чалавек, больш за палову з якіх дзеці.

«Гэта дванаццаць Хатыняў! — падкрэсліў Прэзідэнт. — Падобным чынам былі знішчаныя жыхары больш за пяць тысяч беларускіх вёсак. З іх 186 так і не адрадзіліся пасля вайны. Боль у нашых сэрцах дагэтуль не сціхае. Але горкая праўда пра тое, што, чым далей мы ад страшных падзей той страшнай вайны, тым больш загойваюцца душэўныя раны і сціхаюць эмоцыі. Чалавечая памяць такая, што яна паступова пачынае забываць. І тое, што нельга забываць, калі мы не будзем напамінаць. Гэтыя помнікі — напамін нашым дзецям, унукам і ўсім тым, хто прыйдзе сюды пасля нас. Мы разумеем, што праз гады кожнаму новаму пакаленню будзе складаней асэнсоўваць пакуты і страты, якія выпалі на долю іх продкаў». 

Ён адзначыў, што будзе цяжка ўявіць жорсткасць і лёгкасць, з якімі фашысты забіралі жыцці ў старых, жанчын і малых дзяцей, паверыць у шчырую гатоўнасць людзей памерці за Радзіму.

«Але ўсё гэта было. Маўклівыя сведкі злачынстваў фашыстаў — нашы Хатынь, Чырвоны Бераг, Трасцянец, «Яма», Боркі, Ала, брацкія магілы і кожны квадратны метр нашай зямлі, — сказаў ён. — Яны — ахоўнікі праўды. Наш свяшчэнны доўг — зберагчы яе і перадаць наступным пакаленням. І пакуль мы будзем прыходзіць самі, прыводзіць у гэтыя памятныя мясціны сваіх сыноў і дачок, Беларусь ніколі не забудзе, як паміралі дзеці, хаваліся ад вогнішча ў абдымках мацярок, як гарэлі бездапаможныя старыя».

Беларусь ніколі не дапусціць адраджэння ідэй нацызму на сваёй зямлі, запэўніў беларускі лідар. 

«Беларусь ніколі не дазволіць перапісаць гісторыю і здрадзіць памяці пераможцаў, якія выратавалі свет ад гітлераўскіх катаў, — заявіў ён. — Няма даравання зверскім злачынствам. Вечная памяць пакутнікам, вечная слава героям Вялікай Айчыннай вайны».
Пасля гэтых слоў Аляксандр Лукашэнка прапанаваў ушанаваць памяць загінулых на гэтым месцы людзей хвілінай маўчання.

«Беларусь захавае сапраўдную гісторыю ў помніках»

«Калі я крочыў першымі метрамі вуліцы загінулай вёскі, людзі, якія мяне сустракалі, дзякавалі за дапамогу ў будаўніцтве гэтага вялікага помніка, — працягнуў ён. — Не мая гэта заслуга. Я як Прэзідэнт павінен быў па сваёй нават пасадзе мець дачыненне да гэтага помніка. Гэта вы — гамяльчане, жыхары Светлагорска, вёсак і сёл, вы стварылі, зрабілі гэты рукатворны помнік».

Аляксандр Лукашэнка выказаў падзяку ўсім, хто ўзяў удзел у рэканструкцыі мемарыяльнага комплексу Ала. Асобна — моладзі, дзякуючы якой гэта ініцыятыва набыла дзяржаўны маштаб. Усім, хто далучыўся да праекта, калі выйшаў гэтай вясной на традыцыйны суботнік.

«Тым самым мы паказваем, што наша моладзь не толькі ўмее сядзець у гаджатах, — сказаў Прэзідэнт. — Не толькі крычаць на вуліцах прыгожага ўтульнага Мінска. Наша моладзь умее рабіць вось такія святыя і свяшчэнныя справы». 

Яшчэ шмат належыць зрабіць, дадаў кіраўнік дзяржавы. У Беларусі дастаткова мясцін з трагічным лёсам, якія не ўвекавечаныя ў мемарыяле. У нас нямала гераічных гісторый, якія вартыя афармлення ў помніку. 

«І калі нехта ў свеце аддае перавагу забыццю страшных старонак Другой сусветнай вайны, спрабуе змясціць акцэнты ў пытаннях адказнасці краін, Беларусь захавае сапраўдную гісторыю ў помніках. З усімі падрабязнасцямі і фактамі, — паабяцаў кіраўнік дзяржавы. — Няхай ідуць і глядзяць. І няхай цэняць гэты святы народ, які часам змагаўся не ў сваёй вайне, але заўсёды змагаўся за гонар і справядлівасць».

Гэта будзе зроблена ў імя будучыні, падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. Дзеля таго, каб нашы дзеці, унукі, кожнае новае пакаленне разумела сапраўдны сэнс свабоды і незалежнасці, цанілі жыццё і бераглі мір на зямлі.

Аляксандр Лукашэнка завяршыў сваю прамову тымі ж словамі, што і ў Борках:

«Ніколі не думаў, што праз чвэрць стагоддзя нашага спакойнага, мірнага і незалежнага жыцця ў незалежнай Беларусі прыйдзецца гаварыць пра тое, што нам трэба адстаяць свой суверэнітэт і сваю незалежнасць. Не расслабляйцеся. Помніце, што вакол столькі шмат людзей, якія з-за зайздрасці, з-за таго, што ім не падабаецца наш народ, бо мы гаворым пра сваю незалежнасць, праводзім свой незалежны курс, будуць старацца абавязкова ўлезці ў нашы справы. Мы нікому не павінны дазволіць у чарговы раз вярнуць нас пад бізун і абуць у лапці».

Пасля ўрачыстасці Прэзідэнт пагутарыў з мясцовымі жыхарамі. Пачалі з галоўнай тэмы — пра здароўе. Аляксандр Лукашэнка зноў ухваліў, як сталыя беларусы і асабліва жанчыны клапоцяцца пра сваё самаадчуванне. І падкрэсліў: кожнаму трэцяму, хто загінуў у гады Вялікай Айчыннай, тым, хто вярнуўся з яе калекам, было нашмат складаней за нас.

«Нам, беларусам, не схавацца ад таго, што было. І яна (Ала — «Зв».) раскажа вам больш, чым любая іншая кніжка. Вы беражыце толькі сябе, не звяртайце ні на што ўвагі... За мяне не хвалюйцеся, за мной справа не стане», — запэўніў вяскоўцаў кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт выказаў меркаванне, што трэба больш паказваць і расказваць маладым беларусам, асабліва жыхарам буйных гарадоў, што перажылі тыя дзеці тады.

План сённяшняга дня  не абмяжоўваецца ўшанаваннем памяці загінулых ў апошняй вайне абаронцаў Айчыны і мірных жыхароў. Яшчэ адным пунктам паездкі беларускага лідара стане адкрыццё рэгулярнага руху электрацягнікоў на ўчастку Светлагорск-Жлобін-Мінск.

Вольга МЯДЗВЕДЗЕВА

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.