Вы тут

22 чэрвеня ў Брэсцкай крэпасцi адкрываецца новая экспазiцыя, прысвечаная абаронцам Усходняга форта


Усходнi форт — асаблiвая старонка ў гiсторыi абароны крэпасцi. Гэты рубеж стаў апошняй апорай яе абаронцаў. Пасля вераломнага нападзення на крэпасць тут знайшлi ўкрыццё каля 400 чалавек. Iх згуртаваў у тры роты i ўзначалiў легендарны маёр Гаўрылаў. Кожнай роце быў адведзены ўчастак абароны, памiж iмi ўстаноўлена тэлефонная сувязь... Як развiвалiся далей падзеi, раскажуць экскурсаводы i шматлiкiя матэрыялы экспазiцыi.


Ад бастыёна да форта

Канцэпцыя экспазiцыi, а пасутнасцi яшчэ аднаго музея на тэрыторыi Мемарыяльнага комплексу «Брэсцкая крэпасць-герой» выспявала на працягу дзесяцiгоддзяў. Назапашвалiся ўспамiны ветэранаў, архiўныя звесткi, даследаваннi навукоўцаў. I месца для яго было вызначана загадзя — Усходнi форт. Вось толькi правесцi рамонт, рэстаўрацыйныя работы ўдалося нядаўна, у асноўным дзякуючы сродкам, якiя выдзелены з бюджэту Саюзнай дзяржавы. Яшчэ вясной тут вялiся работы па добраўпарадкаваннi. На рэспублiканскiм суботнiку прадстаўнiкi абласнога i гарадскога выканкамаў пасадзiлi тут лiпавую алею. Зараз тэрыторыя i сам музей цалкам гатовыя прымаць першых наведвальнiкаў.

Пры гэтым ёсць магчымасць паглядзець не толькi экспазiцыю, але i сам Усходнi форт, якi складаецца амаль з сотнi памяшканняў. Дарэчы, толькi дзясятая частка з iх, прыкладна 420 квадратных метраў, адведзена пад музейныя пакоi. Працягласць экскурсii складае паўтары гадзiны. Яе маршрут праходзiць не толькi ўнутры форта, але i звонку, прадугледжаны час на агляд мемарыяльнай зоны.

Адна з залаў экспазiцыi прысвечаная гiсторыi Усходняга форта. На ўваходзе наведвальнiкi адразу заўважаць чырвоную цэглу, якая сама з'яўляецца гiстарычнай каштоўнасцю. На цаглiнах можна разгледзець даты вытворчасцi, тады было прынята iх наносiць, — з 1864 да 1869-га. Яшчэ падчас прэзентацыi канцэпцыi новага праекта намеснiк дырэктара па навуковай рабоце мемарыяльнага комплексу Ларыса БIБIК назвала Усходнi форт вельмi каштоўным у сэнсе вывучэння ўмацаванняў ХIХ стагоддзя: «Хуткае развiццё наразной артылерыi прадыктавала патрэбу будаваць, мадэрнiзаваць i ўмацоўваць падобныя збудаваннi. У гэтым сэнсе форт — ключык да таго, што Брэсцкая крэпасць з бастыённага тыпу была пераўтвораная ў фортавую».

Але ж галоўная тэма экспазiцыi — абарона Усходняга форта ў чэрвенi 1941 года i лёс яго абаронцаў. Гэтай тэме прысвечаны экспанаты ўнутры i ўнутрыфортавая тэрыторыя, якая ўтварыла мемарыяльную зону памяцi. На апошняй увекавечаны iмёны многiх герояў абароны.

У адной з залаў размешчаны сцяг 393-га асобнага зенiтна-артылерыйскага дывiзiёна 42-й армii. Цiкавая гiсторыя гэтага штандара. Малодшы сяржант Радзiвон Семянюк разам з таварышамi загарнулi сцяг у брызент, паклалi ў вядро, якое знайшлi ў канюшнi, а потым закрылi яшчэ адным цынкавым вядром, i так закапалi ў адным з казематаў. Цалюткiм, без бачных пашкоджанняў сцяг быў адкапаны ў 1956 годзе. I аказалася, што гэта адзiны з баявых сцягоў музея абароны крэпасцi, якi захаваўся ў такiм добрым стане, ад астатнiх былi знойдзены фрагменты. «Сцяг вырашана перамясцiць сюды, у новую экспазiцыю», — адзначыла Ларыса Бiбiк.

Бамбардзiроўцы форта прысвечаная яшчэ адна зала экспазiцыi. Ёсць дакументальныя сведчаннi гэтай драматычнай старонкi абароны, яны прадстаўлены ў выглядзе нямецкiх данясенняў. У адным з iх гаворыцца: «29.6. з 8.00 авiяцыя скiнула многа 500-кiлаграмовых бомбаў, аднак безвынiкова. Такiм жа безвынiковым аказаўся новы iнтэнсiўны артабстрэл Усходняга форта танкамi i штурмавымi гарматамi, нягледзячы на тое, што сцены ў асобных месцах былi разбураны. Пасля паўдня авiяцыя зноў стала скiдваць 500-кiлаграмовыя бомбы. Калi пры гэтым была скiнутая 1800-кiлаграмовая бомба, рускiя памякчэлi». Так выглядала гэтае пекла вачыма працiўнiка. Можна ўявiць, што рабiлася ўнутры. Дарэчы, вядомыя памеры той памянёнай гiганцкай бомбы: 3.50 на 60 сантыметраў. Для таго каб трапiць дакладна ў форт такiм боепрыпасам, шукалi лётчыка-аса. А сам форт немцы абкладвалi белымi прасцiнамi, каб пiлот бачыў цэль. Ад выбуху дрыжэлi i лопалiся шыбы ў горадзе.

Легендарны маёр

Вядома, цэнтральнай фiгурай абароны Усходняга форта з'яўляецца Пётр Гаўрылаў. Гэтага чалавека заўсёды згадваюць у кантэксце гераiчнай абароны крэпасцi. Яго заслугi прызнаваў i непрыяцель. У баявым данясеннi камандзiра 45-й пяхотнай дывiзii генерал-лейтэнанта Шлiпера афiцэра называюць «душой супрацiўлення». Пётр Мiхайлавiч i быў тым самым «невядомым маёрам», якога ў канцы чэрвеня нi сярод загiнулых, нi сярод палонных савецкiх воiнаў немцы не знайшлi. Ён трапiць у палон 23 лiпеня. А да гэтага будзе абараняцца. Спачатку ў складзе трох рот. Потым з астаткамi групы ў 12 чалавек з трыма кулямётамi, а ў канцы — калi застанецца адзiн. I толькi параненага, зусiм знясiленага яго знойдуць 23-га чысла. Сяргей Смiрноў у сваёй кнiзе «Брэсцкая крэпасць» так апiсаў момант захопу ў палон: «Палонны маёр быў у поўнай камандзiрскай форме, але яго адзенне ператварылася ў лахманы, твар быў пакрыты сажай i пылам, аброс барадой... Гэта быў ў поўным сэнсе слова шкiлет, якi абцягнуты скурай. Да якой ступенi дайшло змардаванне, можна было меркаваць па тым, што палонны не мог нават зрабiць глытальны рух: у яго не хапала на гэта сiл, i дактарам давялося прымянiць штучнае харчаванне, каб выратаваць яму жыццё. Але нямецкiя салдаты, якiя бралi яго ў палон i прывезлi ў лагер, расказалi ўрачам, што гэты чалавек, у чыiм целе ледзьве трымцела жыццё, усяго гадзiну таму, калi яны засталi яго ў адным з казематаў, у адзiночку прыняў бой, кiдаў гранаты, страляў з пiсталета, забiў i паранiў некалькi ворагаў».

Менавiта Сяргей Смiрноў дапамог герою аднавiць яго добрае iмя. Пасля выступленняў пiсьменнiка Гаўрылаву вярнулi званне i ўзнагароды, якiх пазбавiлi без падстаў, а пазней прысвоiлi званне Героя Савецкага Саюза. Пётр Мiхайлавiч пражыў жыццё ў Расii, а пасля смерцi завяшчаў пахаваць сябе ў Брэсце.

Дырэктар мемарыяльнага комплексу Рыгор БЫСЮК расказаў, што сёлета не будзе традыцыйнага масавага мiтынгу-рэквiема i гiстарычнай рэканструкцыi ў ноч на 22 чэрвеня. Замест iх адбудзецца ўшанаванне памяцi, ускладанне вянкоў, аўдыятрансляцыя загадзя падрыхтаванай праграмы. Адкрыццё новай экспазiцыi запланавана на 15 гадзiн 23 чэрвеня.

Святлана ЯСКЕВIЧ

Загаловак у газеце: Маёру Гаўрылаву i iншым героям крэпасцi

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.