Вы тут

Прыпыніцца ды агледзецца


Педагог і мастачка з Драгічына Вольга Манцэвіч робіць шматлікія замалёўкі ў родных мясцінах дзеля таго, каб зберагчы для нашчадкаў, аматараў даўніны ды ўсіх, хто шануе спадчыну, сляды гісторыі, каларытныя праявы жыцця мясцовага люду


Вольга і Валеры

Вольгу Манцэвіч ведаюць у Драгічыне як таленавітую мастачку й выкладчыцу ў тамтэйшай Дзіцячай школе мастацтваў: летась яна ўзначаліла аддзяленне выяўленчага мастацтва. Вольга Мікалаеўна вельмі любіць родны горад, ягоныя ваколіцы ды ўсё, звязанае з іх гісторыяй. “Драгічын хоць і невялікі, але вельмі ўтульны, а яго гісторыя — багатая й разнастайная, — казала яна мне. — Проста мы іншым разам не заўважаем штодзённай прыгажосці, а трэба няшмат: усяго толькі прыпыніцца ды агледзецца”.

Мастачку заўсёды цікавіла гісторыя роднага краю. І неяк само сабой атрымалася, што пачала яна ў малюнках адлюстроўваць значныя мясціны малой радзімы, паказваць землякам прыгажосць палескага краю. Вольга зберагае на паперы тое, што з часам можа незваротна сплыць у вечнасць. Пра задуму паказваць гісторыю малой радзімы ў малюнках расказвае: “Калі вучылася ў Кобрынскім мастацкім каледжы, стварыла трыпціх (касцёл і два праваслаўныя храмы) у тэхніцы бацік. Хацелася й больш маляваць родныя мясціны, але, як кажуць, рукі не дайшлі. А калі на “выдатна” абараніла курсавую “Мой горад”, ужо ў часе вучобы ў Беларускім дзяржпедуніверсітэце імя Максіма Танка, то вельмі ганарылася, што змагла расказаць пра сваё старадаўняе мястэчка. Падумала: чаму б замест фота не падаваць малюнкі? Шмат разважала, ці будзе гэта цікава для кагосьці ў нашым часе. Трэба паспрабаваць! Выкладвала для эксперыменту малюнкі ў сацсетках, дадавала да іх невялікія аповеды пра родны горад. І нездарма. Такіх цёплых водгукаў я нават не чакала! Гэта быў добры стымул для далейшай працы”.

Паром цераз Дняпроўска-Бугскі канал паміж Белінам і Малінаўкай. Акварэль, туш, папера.

Вольга цешыць сябе думкай, што яе малюнкі й некаму іншаму “адкрыюць вочы” на яго малую радзіму. Шмат цікавых задум у маладой мастачкі: натхняюць былыя маёнткі, сучасныя вулкі райцэнтра. “Найперш я імкнуся перадаць любоў да родных мясцін сваім вучням, — расказвае з захапленнем. — Вельмі хочацца, каб мае выхаванцы ганарыліся малой радзімай, радаваліся росквіту яе”. Дарэчы, падапечныя Вольгі ўдзельнічаюць у розных выставах і конкурсах, і не толькі ў Драгічыне. У 2012‑м, напрыклад, іх малюнкі паўдзельнічалі ў конкурсе, што ладзіўся ў Кіргізіі, прычым рабоце Ірыны Пунько там прысудзілі 1‑е месца. Дасылалі драгічынцы творы й на міжнародны электронны конкурс “Блакада Ленінграда”: сама настаўніца заняла 2‑е месца, яе навучэнцы таксама ў прызёрах аказаліся. У 1918‑м дыплом пераможцы з Нясвіжа, дзе ў сілавым полі выставы Паўла Татарнікава праходзіў конкурс “Малюю гісторыю”, прывезла Пaліна Ільючык. А ў падарунак атрымала кнігу, ілюстраваную вядомым графікам, з яго аўтографaм. Калі ж летась ладзіўся раённы пленэр, то выхаванцы Вольгі Мікалаеўны ўпэўнена занялі ажно тры прызавыя месцы! Зразумела, не ўсе яны становяцца мастакамі, аднак досвед, набыты ў Дзіцячай школе мастацтваў — каштоўны сам па сабе. Адны звязалі жыццё з ландшафтным дызайнам, нехта — з народнымі мастацкімі промысламі, кагосьці бацькі скіравалі на больш прыбытковую справу. Але ж добры мастацкі густ, упэўнена Вольга, для любой прафесіі не будзе лішнім.

Вольга Манцэвіч два гады таму прадставіла сваю работу на міжнародны конкурс сацыяльна-значных плакатаў “Люблю тебя, мой край родной!”, які ладзіўся ў Новасібірску (Расія). Вялікай радасцю было, калі даведалася: заваявала там 1‑е месца ва ўзроставай групе пасля 30 гадоў.

Муж Вольгі, Валеры, таксама, як кажуць, жыве ў мастацтве, у рамястве: вядзе гурток разьбы па дрэве ў вёсцы Пярковічы. Два творцы й сустрэліся ўпершыню, калі ў Драгічыне ладзілася выстава ў парку на Дзень горада. Прыцягнуліся блізкія душы, і прыкладна праз год, згадвае Вольга, паядналі свае лёсы. Цяпер абодва працуюць у аддзеле культуры Драгічынскага райвыканкама. На ўскрайку райцэнтра пабудавалі вялікі й прыгожы дом, гадуюць дзвюх дачок. Старэйшая, Насця, таксама добра малюе, грае на цымбалах. А якому занятку аддасць перавагу — пакажа час.

Гістарычнае сэрца Драгічына — перасячэнне вуліц Леніна і Кастрычніцкай

Спадар Валеры ўпэўнены: ім з Вольгай пашанцавала, што склалася ў іх творчая сям’я. Жонка, жартуе, — гэта вялікая й прыгожая сіла: і падкажа, і пакрытыкуе. Працуюць яны ў розных кірунках, таму няма ні суперніцтва, ні зайздрасці. Гаспадар імкнецца забяспечыць дабрабыт сям’і, да таго ж многае на сядзібе зроблена яго працавітымі рукамі. А Вольга — нязменны кансультант, да таго ж любіць удзельнічаць у выставах, конкурсах, стварае ўтульнасць у хаце. Нядаўна, казала, пяць яе новых карцін упрыгожылі сталовую ў мясцовым аграгарадку Новая Папіна.

Раіса Марчук

Ма­люнкі Вольгі Манцэвіч

Нумар у фармаце PDF

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».