Вы тут

Айчынная ці сусветная? Пра асабісты складнік гістарычнай памяці


Так лёсіла, што першы раз у сталіцу Германіі на цягніку Масква—Берлін я ехала акурат ноччу з 21 на 22 чэрвеня. На пачатку самай кароткай у годзе ночы мы на некалькі гадзін затрымаліся ў Брэсце — у цягніка мянялі колы. Шмат перадумалася ў тым маўклівым сядзенні ў купэ, пакуль глядзела на сіне-барвовае неба на захадзе, там, дзе крэпасць. І пра блізкіх людзей, якіх вось-вось, праз нейкіх дзесяць-дванаццаць гадзін убачу, і пра незнаёмы дагэтуль горад, у якім абавязкова трэба паглядзець усё, што ёсць цікавага. А яшчэ — пра вайну. У гэты дзень у гэтым месцы нельга было не думаць пра вайну. Напрыклад, пра тое, што з Мінска ў Берлін я траплю за нейкія васямнаццаць гадзін. А тым, хто гнаў з нашай зямлі фашысцкую навалу, каб пераадолець гэту адлегласць, спатрэбіўся амаль год. А колькі жыццяў на тым шляху было пакладзена!


Фота: mlyn.by

Не магу сказаць, што тыя не вельмі вясёлыя думкі і паралелі надта сапсавалі мне агульнае ўражанне ад паездкі. Але яны, як і маўклівы ступар каля Рэйхстага праз некалькі дзён, сталі часткай гэтых уражанняў. І прыйшло разуменне, цвёрдае веданне: тая вайна — гэта частка і маёй асабістай біяграфіі. Для мяне яна, колькі б гадоў ні прайшло пасля яе заканчэння, нікуды не знікне, не расплывецца ў тумане часу. Як і той сон, у якім я бягу па высокім жыце і мяне даганяе і забівае фашысцкая куля (я кожны раз дакладна ведаю, што яна — з той вайны). Ён можа не паўтарацца некалькі гадоў, але ўжо трывала жыве ў падсвядомасці і ў адну з начэй абавязкова нагадае аб сабе, і я зноў, як калісьці ў дзяцінстве, у той страшнай мроі буду павольна, вельмі павольна, падаць у жыта, а да вачэй будзе набліжацца сіняе-сіняе неба...

І гэта ні добра, ні дрэнна — проста так павінна быць, бо ты нарадзіўся не дзесьці ў іншым месцы, а менавіта тут, на гэтай зямлі. Няхай сабе і праз трыццаць гадоў пасля яе вызвалення. Магчыма, гэты факт нараджэння і ёсць самая найлепшая прышчэпка ад бяспамяцтва. Бо ў кожнай сям'і ў Беларусі свая вайна. Адна справа чытаць у падручніку ці глядзець у кіно пра падзеі амаль васьмідзесяцігадовай даўнасці і зусім іншая — глядзець у вочы бабулі, якая страціла на той вайне ўсіх родных, ці слухаць расповеды дзеда, для якога вайна — не толькі радасць перамогі, але і страх, боль, бруд, кроў...

Толькі вось... Бабулі і дзяды, непасрэдныя сведкі, ужо сышлі ў лепшы свет. Нават тым, для каго вайна — самыя яскравыя ўспаміны дзяцінства, сёння ўжо больш за восемдзесят. А мы, тыя, хто ведалі пра вайну менавіта ад іх, хто рос на іх успамінах, для якіх яна, паўтаруся, — неад'емная частка асабістай біяграфіі, ці зможам перадаць сваім дзецям і ўнукам галоўны — эмацыянальны, асабісты складнік самага страшнага раздзела нашай найноўшай гісторыі? Ці будзе так, як з сучаснымі блокбастарамі пра вайну, якіх апошнім часам наздымалі нямала. Здаецца, і спецэфекты, і бутафорская кроў ракой ліецца дзеля праўдзівасці — а не чапляе. Чорна-белыя старыя фільмы кранаюць да слёз — а гэтыя не...

Працуючы з маладымі творчымі людзьмі — таленавітымі, цікавымі, разумнымі, я апошнія некалькі гадоў заўважаю адну тэндэнцыю. Большасць з іх (калі дакладней, амаль усе — і старшакласнікі, і студэнты, і маладыя спецыялісты) «Вялікая Айчынная вайна» пішуць з малой літары або ўвогуле стараюцца замяніць гэты выраз на «Другая сусветная». Здавалася б, нічога страшнага. Але, калі ўзяць пад увагу, што гэта «калектыўнае падсвядомае»... «Накалупаць» у гэтых памылках можна што заўгодна, — і неразуменне сакральнасці перамогі і прынесеных ахвяр, і неўспрыманне ролі менавіта сваёй краіны, сваёй Айчыны ў той вайне. Хочацца верыць, што насамрэч усё не так, бо і патрыятычнае выхаванне ў школах на ўзроўні, і самі мы водзім сваіх малодшых па музеях, вязём у Брэсцкую крэпасць і Хатынь. А граматыка — падвучыць тую граматыку, правіла можна асобнае прыдумаць, што «Вялікая Айчынная» з вялікай літары трэба пісаць...

Дай бог, каб сапраўды было ўсё так проста, каб я памылялася ў сваіх «каляфрэйдаўскіх» высновах. Інакш можа праз зусім няшмат часу атрымацца так, што тыя, хто ад Мінска да Берліна ішоў амаль год, дарэмна палілі кожны кіламетр гэтага шляху сваёй — не бутафорскай — крывёю.

Алена ЛЯЎКОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.