Вы тут

Як пабываць на Марсе, не з'язджаючы з Беларусі?


Праект «Камень, нажніцы, папера» завяршае свой другі турыстычны сезон. За гэты час карэспандэнты «Беларусь 2» аб'ехалі 150 населеных пунктаў, атрымалі ад мясцовых жыхароў 500 парад, з'елі 300 абедаў і праінспектавалі 300 гасцініц і аграсядзіб.


Згадзіцеся, такія лічбы цягнуць на асабісты рэкорд. Праграма нават абзавялася ўласнай інстаграм-кнігай, куды кожны з карэспандэнтаў запісвае свае подзвігі і дасягненні (www.іnstagram.com/kamennozhnіcybumaga_offіcіal). Так, напрыклад, Алеся Баярскіх спусцілася ў салігорскую шахту на глыбіню 420 метраў. А трэвел-блогер-пачатковец Алег Рудзін пабываў на самым высокім пункце Беларусі (гары Дзяржынскай), вышыня якой 345 метраў над узроўнем мора. Даша Валкавец не толькі паднялася ў неба на вышыню 1000 метраў, але і самастойна кіравала самалётам (няхай і ўсяго некалькі секундаў і пад наглядам вопытнага пілота). У сваю чаргу інтэлігентны турыст Дзіма Кірэеў танцаваў мазурку і дэгуставаў малако геннамадыфікаваных коз. Прыхільніца эканоміі Алена Кавалёва пайшла далей і змагла ў Капылі замовіць сабе самы танны за ўсю гісторыю праграмы абед, заплаціўшы за першае, другое і кампот толькі 2 рублі 37 капеек.

Куды толькі не заносіў лёс журналістаў праграмы. Яны здымалі ў вёсцы Стойлы, дзе прапісаны ўсяго адзін жыхар. Спрабавалі разгадаць гісторыю беларускіх пірамід ва Уздзе. Нават шукалі самыя смачныя бургеры і змаглі знайсці іх у Маладзечне. Таксама змаглі пабываць на Краснай плошчы, не выязджаючы за межы краіны (такое месца ёсць у горадзе Ветцы).

Як адзначае аўтар праекта і тэлевядучая Вікторыя Касянюк, журналісты адважваліся на розныя подзвігі: «Дзеля добрай «карцінкі» і цікавага кантэнту нашы журналісты шукалі ўсё самае-самае. І колькі яшчэ адкрыццяў чакае нас наперадзе!» Таму спяшайцеся павандраваць з праектам «Камень, нажніцы, папера» да 27 чэрвеня ў эфіры «Беларусь 2» па суботах, бо потым ён сыдзе ў кароткі адпачынак і вернецца толькі ў жніўні. Менавіта тады тэлегледачы разам з журналістамі праграмы пабываюць на Марсе і Венеры, а таксама даведаюцца пра адпачынак на Балі, пра модныя тэндэнцыі ў Парыжы і найпапулярнейшыя пабы ў Дубліне. І ўсё гэта — у Беларусі! Таму дачакайцеся новых падарожжаў!

Алена ДРАПКО

Фота Белтэлерадыёкампаніі

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Медыцынскі агляд у віцебскіх газавікоў ажыццяўляе... робат

Медыцынскі агляд у віцебскіх газавікоў ажыццяўляе... робат

А наведвальнiкаў крамы кансультуе выява спецыялiста.

Грамадства

Не трапіць у рабства анлайн. Як у краіне змагаюцца з гандлем людзьмі

Не трапіць у рабства анлайн. Як у краіне змагаюцца з гандлем людзьмі

З 2000 года ў Беларусі выяўлена 4421 злачынства, звязанае з гандлем людзьмі.