Вы тут

Наталля Качанава азнаёмілася з працай буйных баранавіцкіх прадпрыемстваў


Старшыня Савета Рэспублікі Наталля Качанава падчас рабочай паездкі ў Баранавічы азнаёмілася з дзейнасцю вытворчага баваўнянага аб'яднання і мясцовага камбіната хлебапрадуктаў, сустрэлася з працоўнымі калектывамі гэтых прадпрыемстваў.


Як растлумачыла сама спікер верхняй палаты парламента, для знаёмства яна абрала адны з асноўных, брэндавыя прадпрыемствы горада. Наталлю Качанаву цікавіла, як складваецца іх эканоміка, які заробак атрымліваюць людзі, які ў іх настрой, а таксама як выконваецца прынятая па даручэнні Прэзідэнта праграма развіцця Баранавіч.

Першым пунктам у маршруце наведвання стала ААТ «Баранавічхлебапрадукт». Трэба сказаць, што гэты буйны аграпрамысловы холдынг восенню адзначыць сваё 75-годдзе. Цяпер тут працуе больш за 700 чалавек. Прадпрыемства спецыялізуецца на вытворчасці гатовых кармоў і кармавых дабавак для сельскагаспадарчых патрэб. Акрамя камбікармоў у асартыменце прадукцыі, якая выпускаецца, ёсць сацыяльна значныя тавары — мука і крупы, а таксама рапсавы алей і жмых. Штодня на прадпрыемстве перапрацоўваецца 150 тон збожжа.

Але гэта цяпер, а некалькі гадоў таму ў прадпрыемства былі праблемы, звязаныя з аб'ектыўнымі прычынамі. Кіраўніцтва «Баранавічхлебапрадукт» звярнулася па дзяржпадтрымку, і завод яе атрымаў. Дырэктар Георгій Хомчанка паведаміў, як была выкарыстаная аказаная дзяржавай дапамога. Прадпрыемству выканалі эмісію акцый, якія перадалі ў Агенцтва па кіраванні актывамі. Праз пяць гадоў акцыянернае таварыства зможа выкупіць іх назад пры ўмове захавання сваёй прыбытковасці.

— Цалкам здаровы і правільны падыход, я лічу. І вельмі важна, што ўсе мукамолы краіны маюць роўныя ўмовы для канкурэнцыі, — адзначыў кіраўнік прадпрыемства. — Сёння цяжкія часы прайшлі: у нас хапае абаротных сродкаў, мы працуем стабільна. Мінулы год скончылі дастаткова добра і паспяхова, з прыбыткам, выплачвалі дывідэнды нашаму асноўнаму ўласніку — Баранавіцкаму раёну. Мы зараз стаім напярэдадні нарыхтоўкі і гатовыя ў яе ўвайсці і аплаціць усё збожжа, якое будзем купляць у вытворцаў.

Падчас размовы спікера верхняй палаты парламента з працоўным калектывам было ўзнята пытанне лёсу гарадскога парку. Як расказаў старшыня гарвыканкама Юрый Грамакоўскі, рэканструкцыя парку закладзена ў комплексным плане сацыяльна-эканамічнага развіцця Баранавіч. Улады ўжо вызначыліся з інвестарам — гэта буйная расійская кампанія, якая спецыялізуецца на такіх праектах (дарэчы, адзін з іх ужо рэалізаваны ў Гомелі). Інвестдагавор плануюць падпісаць сёлета. Наталля Качанава паабяцала ўзяць гэтае пытанне на кантроль.

У адкрытай і даверлівай атмасферы прайшла і размова ў ААТ «Баранавіцкае вытворчае баваўнянае аб'яднанне». Наталля Качанава адказала на пытанні, звязаныя з медыцынай, адукацыяй, падтрымкай шматдзетных сем'яў, будаўніцтвам БелАЭС. Тэкстыльшчыкаў таксама цікавілі перспектывы беларускай лёгкай прамысловасці.

Між іншым, трэба адзначыць, што гэтае прадпрыемства, нягледзячы на пануючую ў свеце пандэмію, змагло не толькі не знізіць, але і нарасціць экспарт. За перыяд са студзеня да сакавіка яна адправіла за межы краіны прадукцыю амаль на 4,5 мільёна долараў (тэмп росту да леташняга ўзроўню склаў 127,8 %).

— Прэзідэнт паставіў задачу адпрацаваць канкрэтныя прапановы, якія неабходна прымаць для падтрымкі прадпрыемстваў лёгкай прамысловасці. Цяпер канцэрн «Беллегпрам» займаецца адпрацоўкай гэтых прапаноў, у найбліжэйшы час яны будуць прадстаўлены кіраўніку дзяржавы, для таго каб у далейшым іх рэалізоўваць. Гэта будзе сур'ёзная комплексная праграма, — адзначыла Наталля Качанава.

Падводзячы вынікі сваёй чарговай рабочай паездкі ў рэгіёны, спікер адзначыла, што ёй падабаецца ўбачанае ў Баранавічах.

— Я задаволеная настроем людзей. Яны кажуць, што патрэбна работа, трэба працаваць. Гэта вельмі важна. Сітуацыя, якая складваецца ў свеце, у эканоміцы праз пандэмію, няпростая. Праселі прадпрыемствы, кааперацыйныя сувязі. Таму людзі сёння вельмі дакладна разумеюць: галоўнае — мець работу і заробак. Прэзідэнт паставіў задачу: да 1 жніўня сярэдняя заработная плата ў Баранавічах павінна складаць тысячу рублёў. Не сумняваюся, што гэта будзе выканана. У мяне ёсць упэўненасць у тым, што на прадпрыемствах, якія я сёння наведала, будуць рабіць усё для таго, каб павысіць заработную плату сваім работнікам. Але і прадукцыя, якую выпускаюць гэтыя прадпрыемствы, вартая», — падкрэсліла кіраўнік верхняй палаты парламента.

Паводле БЕЛТА

Фота БЕЛТА

Загаловак у газеце: Перспектывы развіцця

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.