Вы тут

Газіфікацыя: з удзелам дзяржавы — выгадна, за ўласныя сродкі — хутчэй


Як падвесці «блакітнае» паліва, кожны вырашае самастойна.

«А ў нас у кватэры газ! А ў вас?» Хто не ведае гэтыя радкі з вядомага верша Сяргея Міхалкова. «Блакітнае» паліва дабралася да самых аддаленых ад бойкіх магістраляў пасяленняў Беларусі. А яшчэ гадоў 20–30 таму жыхарам некаторых вёсак даводзілася толькі марыць пра балоны звадкаванага газу, каб у цёплую пару года не распальваць печку, а прыгатаваць ежу з камфортам на пліце.


Марыі Адамаўне і Валянціну Рыгоравічу дастаўся домік у спадчыну ад бацькоў у пасёлку Ракаў Валожынскага раёна. Раней яны прыязджалі сюды толькі вясной ды летам. Каб абагрэць зімой памяшканне, неабходна было нарыхтоўваць дровы, торфабрыкет — а гэта дадатковыя клопаты і затраты. Але некалькі гадоў таму, калі ў дом прыйшло «блакітнае» паліва, бацькі пакінулі гарадскую кватэру дзецям, а самі перабраліся бліжэй да прыроды. «Утульна, камфортна цяпер нам у любое надвор'е, — кажа мая суразмоўніца. — Люблю пачытаць кнігу ў цяпле, паглядзець тэлевізар, а доўгімі зімовымі вечарамі вышываць, вязаць».

— На тэрыторыі раёна размяшчаецца 425 сельскіх населеных пунктаў. Столькі няма ні ў адным раёне Міншчыны, хоць, зрэшты, наш раён не самы вялікі: яго працягласць — 79 кіламетраў з усходу на захад і 57 кіламетраў з поўдня на поўнач, — кажа старшыня Валожынскага раённага Савета дэпутатаў Пётр Бібік. — У нас налічваецца сем сельскіх Саветаў і адзін пасялковы Савет. Самы маленькі Дорскі сельсавет, дзе налічваецца 44 населеныя пункты, самы вялікі — Валожынскі (85). Ёсць пасяленні, дзе жыве шмат людзей, а ёсць і такія, дзе ўсяго 10 дамоў. Бясспрэчна, наяўнасць такой колькасці паселішчаў патрабуе стварэння ўмоў для жыццядзейнасці грамадзян.

За апошнія пяць гадоў на Валожыншчыне дасягнуты нядрэнныя вынікі па газіфікацыі ў сельскай мясцовасці дзякуючы стварэнню вытворчых кааператываў. У большасці з іх работы праводзяцца ў адпаведнасці з Указам Прэзідэнта № 368 «Аб мерах па рэгуляванні адносін пры газіфікацыі прыродным газам эксплуатаванага жыллёвага фонду грамадзян». Гэты дакумент прадугледжвае долевае фінансаванне, інакш кажучы, 30 % уносяць грамадзяне і 70 % — дзяржава.

У асобных вёсках жыхары праводзяць газіфікацыю цалкам за асабістыя сродкі. Менавіта так зрабілі ў вёсках Міхалова і Міжрэчча: стварылі кааператыў, падрыхтавалі каштарысную дакументацыю і правялі «блакітнае» паліва ў свае дамы.

Гэты варыянт скарачае час чакання. У Міхалове, напрыклад, у новым мікрараёне жыве шмат маладых сем'яў, дастаткова забяспечаных. Яны вырашылі паскорыць працэс, каб не чакаць, пакуль дойдзе чарга, і ўклалі ў справу асабістыя сродкі. У гэтым месяцы газаправод пачне дзейнічаць.

Сёлета на долевым удзеле таксама ўведзены ў эксплуатацыю газаправод у аграгарадку Гародзькі і вёсцы Забрэззе. Вядуцца работы ў кааператыве «Крыніца-2016», які першы стаяў на чарзе і трапіў у праграму. Газіфікацыі тут падлягае 37 жылых дамоў. Наогул за пяць апошніх гадоў газіфікавана 17 населеных пунктаў, з пачатку 2020-га здадзены ў эксплуатацыю газаправод яшчэ ў чатырох вёсках — гэта два кааператывы. Акрамя таго, у адным зараз будаўніча-мантажныя работы. На сённяшні дзень раён газіфікаваны на 70 %. У 2015-м гэты паказчык быў на ўзроўні 50 %.

А на чарзе — яшчэ шэсць кааператываў. Усяго ж сёлета раёну на газіфікацыю выдзелена 160 тысяч рублёў з бюджэту.

— Пётр Іосіфавіч, ці ахвотна людзі ідуць на долевы ўдзел з дзяржавай?

— Канешне, грамадзяне з жаданнем уступаюць у кааператывы. Гэта выгадна, таму што большую частку затрат бярэ на сябе бюджэт. Але тут давядзецца пачакаць, пакуль дойдзе чарга.

— А як у невялікіх населеных пунктах?

— Там, дзе пяць—дзесяць дамоў, няма сэнсу праводзіць газ — немэтазгодна. У гэтых невялікіх пасяленнях, як правіла, жывуць дачнікі або тыя грамадзяне, якія атрымалі дамы ў спадчыну ад бацькоў, сваякоў. Асаблівасць Валожынскага раёна ў выгадным геаграфічным становішчы — непадалёку Мінск. І жыхары сталіцы ахвотна набываюць тут нявыкарыстаную маёмасць, што пустуе.

— Мне даводзіцца бываць на прыёмах грамадзян рознага ўзроўню. І часта людзі прыходзяць з крыўдамі. Маўляў, суседні кааператыў уключылі ў праграму фінансавання на гэты год — чаму не нас?

— Так, бываюць такія звароты. І гэта зразумела. Кожнаму хочацца атрымаць выгоды як мага хутчэй. Але ж не ўсе разумеюць, што гэты кааператыў быў раней створаны, раней падаў праектна-каштарысную дакументацыю. Парадак ёсць парадак: ніхто не будзе парушаць заканадаўства.

— А колькі будзе каштаваць чалавеку падвод газу ў грашовым эквіваленце? 

— Усё залежыць ад таго, на якую адлегласць трэба правесці размеркавальныя сеткі. У кагосьці яна 20 метраў ад трубы, а ў некага ўсе дзвесце.

Таццяна ЛАЗОЎСКАЯ

Фота Анатоля КЛЕШЧУКА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».