Вы тут

Чаму важна своечасова мяняць газавае абсталяванне


Не так даўно сямейная пара з Мінска атруцілася чадным газам. Мяркуецца, што ў коміне іх газавай калонкі адсутнічала цяга. І, на жаль, падобныя выпадкі зусім не адзінкавыя. Таму разам з УП «Мінгаз» расказваем, чаму так важна ўдзяляць увагу абслугоўванню газавага абсталявання.


Тэрмін эксплуатацыі газавага абсталявання вызначае завод-вытворца, і прапісаны ён у тэхнічным пашпарце. У сярэднім тэрмін службы тых жа газавых пліт складае 10-12 гадоў, а воданагравальнікаў, праточных газавых і ацяпляльных апаратаў — 10 гадоў.

Дарэчы, толькі летась супрацоўнікі Мінгаза замянілі 35 113 газавых пліт, 914 газавых калонак і 1477 катлоў.

— Як правіла, калі заканчваецца тэрмін эксплуатацыі абсталявання, яно ўжо мае дастатковы фізічны знос і выходзіць з эксплуатацыі значна часцей, а гэта значыць, што ў любы момант чалавек можа застацца без ацяплення і гарачай вады. Асабліва гэта важна ў зімовы перыяд, — адзначае генеральны дырэктар УП «Мінгаз» Вадзім ШАЛОНІК. — Калі тэрмін заканчваецца, спажыўцы абавязаны зрабіць замену газавага абсталявання ці правесці яго дыягностыку, па выніках якой эксплуатацыя можа быць падоўжана. Усе гэтыя моманты адзначаны ў Правілах карыстання газам у побыце.

Калі ж тэрмін эксплуатацыі скончыўся, а спажывец не зрабіў дыягностыку ці атрымаў адмоўнае заключэнне пасля яе правядзення, то яго папросту адключаць ад сістэмы газазабеспячэння. Каб замяніць газавае абсталяванне, можна звярнуцца да арганізацыі газазабеспячэння, якая можа прапанаваць не толькі паслугі па ўстаноўцы, але і новае абсталяванне.

— Вельмі важна разумець, што калі газавае абсталяванне няправільна ўстанавілі, яно можа стаць пагрозай для жыцця і здароўя людзей. Калі той жа дымаадводны патрубак катла ці калонкі негерметычна замацавалі, гэта можа прывесці да ўцечкі чаднага газу і, як вынік, да смерці, — тлумачыць суразмоўнік. — Калі ж сістэма газазабеспячэння была няправільна зманціравана, то гэта можа стаць прычынай уцечкі газу ў памяшканне. Пры дасягненні пэўнай яго канцэнтрацыі для выбуху будзе дастаткова адной іскры. Як правіла, такое можа адбыцца, калі абсталяванне самастойна ўстанаўліваюць спажыўцы ці арганізацыі, якія не спецыялізуюцца на гэтых паслугах.

Спецыялісты прадпрыемства адзначаюць, што важна не толькі памятаць пра тэрмін эксплуатацыі свайго газавага абсталявання і яго правільную ўстаноўку, але і перыядычна праводзіць яго тэхнічнае абслугоўванне (штогод перад ацяпляльным сезонам). Работы павінны выконваць спецыялізаваныя арганізацыі, якія заключылі дагаворы на гэты від паслуг са спажыўцамі.

Для выканання работ па рамонце і тэхнічным абслугоўванні бытавога газавага абсталявання на прадпрыемстве створаны сэрвісны цэнтр, які працуе штодня з 9.00 да 21.00. Звярнуцца туды можна па кароткім нумары 162.

— Самае важнае, каб людзі разумелі, што правядзенне абслугоўвання — абавязковая працэдура, ад якой залежыць іх здароўе і жыццё, — падкрэслівае Вадзім Шалонік. — І, на жаль, сёння нашы спецыялісты сутыкаюцца з тым, што людзі нават не даюць доступу ў сваё жыллё для правядзення работ. Яны не разумеюць, што ў першую чаргу адказнасць за функцыянаванне абсталявання ляжыць на іх.

Валерыя КІСЛАЯ

Фота Анатоля КЛЕШЧУКА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Галiна Левіна: Помнiк — не канструктар i не чарцёж, яго трэба перажыць, выпакутаваць

Галiна Левіна: Помнiк — не канструктар i не чарцёж, яго трэба перажыць, выпакутаваць

У архiтэктара Галiны Левiнай — Хатынь, творчая спадчына яе бацькi.

Грамадства

Прэмiя прыгажосцi. Дзеля чаго людзi кладуцца пад нож пластычнага хiрурга?

Прэмiя прыгажосцi. Дзеля чаго людзi кладуцца пад нож пластычнага хiрурга?

Як сведчаць шматлiкiя даследаваннi, прывабным людзям прасцей прабiцца ў жыццi i яны дасягаюць у кар'еры большага поспеху. 

У свеце

Як Еўропа аднаўляецца ад кавiднага ўдару?

Як Еўропа аднаўляецца ад кавiднага ўдару?

Сёлета еўрапейская эканомiка будзе перажываць глыбокую рэцэсiю з-за ўспышкi каранавiруса, нягледзячы на хуткiя i ўсёабдымныя антыкрызiсныя меры як на саюзным, так i на нацыянальным узроўнi.

Эканоміка

Тонкае мастацтва дабрабыту. Складаем сямейны бюджэт разам са спецыялістам Нацбанка

Тонкае мастацтва дабрабыту. Складаем сямейны бюджэт разам са спецыялістам Нацбанка

2020 год паставіў усіх нас перад неабходнасцю дакладна планаваць свае выдаткі.