Вы тут

Арганізацыю чарговага Форуму рэгіёнаў Беларусі і Расіі абмеркавалі ў Савеце Рэспублікі


Арганізацыю чарговага Форуму рэгіёнаў Беларусі і Расіі, які сёлета прымае беларускі бок, абмеркавалі ў рэжыме відэаканферэнцыі ў Савеце Рэспублікі.


Фота БЕЛТА

Работа па ўсіх кірунках

На сумесным пасяджэнні аргкамітэтаў VІІ Форуму рэгіёнаў у цэнтры ўвагі ўдзельнікаў былі арганізацыйныя моманты работы тэматычных секцый, якія ў пераважнай большасці прымеркаваны да 75-й гадавіны Вялікай Перамогі савецкага народа ў вайне з нямецка-фашысцкімі захопнікамі. На парадку дня ўдзельнікаў пасяджэння апынуліся і пытанні рэалізацыі ініцыятыў, агучаных на папярэднім VІ Форуме рэгіёнаў, які прайшоў летась у Санкт-Пецярбургу.

Як паведаміў напачатку пасяджэння віце-спікер Савета Рэспублікі Анатоль ІСАЧАНКА, форум мае адбыцца 23-25 верасня ў беларускай сталіцы і Мінскай вобласці. Запланавана работа пяці секцый, Савета дзелавога супрацоўніцтва, пасяджэнне міжпарламенцкай камісіі і круглы стол з удзелам двух спікераў парламентаў, губернатараў, бізнес-суполкі, дэпутатаў. У кульмінацыйнай частцы форуму — пленарным пасяджэнні — плануецца ўдзел кіраўнікоў дзяржаў.

У гутарцы з журналістамі намеснік старшыні Савета Рэспублікі адзначыў, што ў межах мерапрыемстваў таксама плануецца падпісанне шэрагу пагадненняў аб супрацоўніцтве і камерцыйных кантрактаў. Ужо цяпер гаворка ідзе пра агульную суму 500 мільёнаў долараў. Але на думку Анатоля Ісачанкі, лічба не канчатковая — яна будзе значна большая, бо працэс напаўнення яшчэ не завершаны.

— Работа ідзе і па прамысловасці, і па будаўніцтве, і па сельскай гаспадарцы — мы працуем па ўсіх кірунках з выканкамамі, бізнесам, з усімі зацікаўленымі, бо форум — гэта тая пляцоўка, дзе ўсе сустракаюцца, ідзе падпісанне кантрактаў, вызначаюцца наступныя праекты, — растлумачыў віце-спікер верхняй палаты беларускага парламента.

Праекты і рашэнні

Дарэчы, рэалізацыі праектаў будзе прысвечана работа тэматычнай секцыі «Сумесныя праекты як фактар стабільнага эканамічнага развіцця Беларусі і Расіі», якая размесціцца на пляцоўцы ААТ «БелАЗ». Пра тое, што робіцца па рэалізацыі ініцыятыў, агучаных на папярэднім форуме, удзельнікам сумеснага пасяджэння аргкамітэтаў VІІ Форуму рэгіёнаў Беларусі і Расіі паведаміў дзяржасакратар Саюзнай дзяржавы Рыгор РАПОТА. Ён упэўнены, што гэтая пляцоўка становіцца ўсё больш важным фактарам развіцця Саюзнай дзяржавы, у тым ліку дзякуючы рэалізацыі ініцыятыў, якія маюць вялікае практычнае значэнне.

— Была ініцыятыва ажыццявіць гарманізацыю заканадаўства дзвюх краін. Мушу сказаць, што Пастаянным камітэтам разам з Міністэрствам юстыцыі падрыхтавана канцэпцыя гарманізацыі заканадаўства, яна зараз знаходзіцца на ўзгадненні выканаўчых органаў улады. То-бок гэтае пажаданне (агучанае на папярэднім форуме. — «МС».) падхоплена і выконваецца, — растлумачыў ён.

Таксама на форуме раней прагучала ініцыятыва аб адмене роўмінгу мабільных размоў паміж грамадзянамі Расійскай Федэрацыі і Рэспублікі Беларусь.

— Тут таксама прагрэс відавочны, — упэўнены Рыгор Рапота. Ён растлумачыў, што адпаведныя дарожныя карты падрыхтаваны і выконваюцца.

Акрамя таго, на мінулым форуме прагучала ініцыятыва наконт стварэння высакахуткаснай магістралі, якая злучыць Санкт-Пецярбург і Гамбург. Гаворка ішла пра тое, каб маршрут прайшоў праз беларускія гарады Орша, Мінск і Брэст. Па словах дзяржсакратара Саюзнай дзяржавы, была праведзена дастаткова вялікая падрыхтоўчая работа: кансультацыі
адбываліся на самых высокіх узроўнях на нямецкім, польскім, беларускім і расійскім баках. Цяпер пытанне ў практычнай рэалізацыі гэтага карпаратыўнага праекта.

— Праект плануецца ажыццявіць у асноўным за пазабюджэтныя грошы, — растлумачыў дзяржсакратар. — Кожны бок павінен вылучыць упаўнаважаныя бізнес-структуры, якія распачалі б гэтую дзейнасць.

І калі ў нямецкага боку яны ёсць, то ў расійскага — пакуль на стадыі вырашэння. Далей гэтай тэмай зоймецца беларускі бок, каб можна было распачаць распрацоўку тэхніка-эканамічнага абгрунтавання.

— Адпаведны еўрапейскі банк ужо гатовы яго крэдытаваць. Ёсць і міжнародны фінансавы кансультант, які гатовы весці гэты праект, пачынаючы ад тэхніка-эканамічнага абгрунтавання да яго рэалізацыі, — паведаміў Рыгор Рапота.

Падсумоўваючы ацэнку рэалізацыі праектаў, дзяржсакратар Саюзнай дзяржавы адзначыў, што ўсе тры пазіцыі — гарманізацыя заканадаўства, адмена роўмінгу і высакахуткасная магістраль — знаходзяцца сёння ў дастаткова высокай ступені прапрацоўкі.

У сувязі з гэтым ён выказаў пажаданне, каб на секцыях і далей гучалі канкрэтныя прапановы, якія будуць накіраваны на развіццё эканамічнага, навукова-тэхнічнага, адукацыйнага супрацоўніцтва нашых краін.

Усё для моладзі!

Таксама Рыгор Рапота агучыў прапанову правесці экспертную сесію высокага ўзроўню на тэму «Адукацыя як аснова гістарычнай памяці і далейшага інтэграцыйнага развіцця Саюза Беларусі і Расіі», прычым правесці яе не на палях форуму, а ў яго межах.

Дарэчы, вопыт правядзення такой сесіі ўжо ёсць — летась на VІ Форуме рэгіёнаў яна мела тэму «Прыярытэты развіцця Саюзнай дзяржавы».

Адукацыйную тэму працягнуў намеснік старшыні Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па адукацыі, навуцы, культуры і сацыяльным развіцці Андрэй ІВАНЕЦ, які агучыў тэматыку секцыі «Подзвіг савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне — аснова выхавання патрыятызму і грамадзянскай адказнасці». Яе правядзенне запланавана на базе Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. Тут будзе самая вялікая колькасць удзельнікаў — каля 400 чалавек: выступоўцы, госці, навукоўцы, моладзь.

Значным момантам работы секцыі стане выстаўка, у якой прадугледжваюцца элементы інсталяцыі на тэму ваенных падзей, экспанаванне ўнікальных артэфактаў і ваенна-гістарычных рэліквій. Ва ўнутраным дворыку разгорнецца работа палявой кухні і можна будзе пазнаёміцца з ўзорамі ваеннай тэхнікі часоў Вялікай Айчыннай вайны.

Тэматыка выступленняў абяцае быць цікавай і насычанай, упэўнена старшыня Камітэта Савета Федэрацыі па навуцы, адукацыі і культуры Лілія ГУМЕРАВА, а выстаўка стане выхаваўчым праектам для моладзі Беларусі і Расіі.

Але гэта не адзіная пляцоўка, дзе маладыя людзі змогуць пашырыць свой кругагляд. Пра стварэнне ўмоў для павышэння сацыяльна-эканамічнай актыўнасці вясковай моладзі ў мэтах устойлівага развіцця рэгіёнаў Беларусі і Расіі будзе ісці гаворка на тэматычнай секцыі, якую правядуць у Дзяржынскім раёне. Як расказаў старшыня Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па рэгіянальнай палітыцы і мясцовым самакіраванні Міхаіл РУСЫ, удзельнікі секцыі наведаюць сучасны малочнатаварны комплекс агракамбіната «Дзяржынскі», цэнтр экалагічнага турызму «Станькава», а таксама ваенна-гістарычны цэнтр. Яго калега старшыня Камісіі Савета Федэрацыі па аграрна-харчовай палітыцы і прыродакарыстанні Аляксей МАЁРАЎ дадаў, што для абедзвюх дзяржаў важна, каб моладзь магла рэалізоўваць сябе на вёсцы ва ўсіх кірунках жыцця: рабоце, навучанні, адпачынку — і таму лічыць тэматыку секцыі вельмі актуальнай.

Тэматыка 75-годдзя Вялікай Перамогі будзе гучаць таксама на секцыі «Беларусь і Расія: пашырэнне сумесных намаганняў па супрацьдзеянні гераізацыі нацызму на міжнародных пляцоўках». Як паведаміў старшыня Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па міжнародных справах і нацыянальнай бяспецы Сяргей РАЧКОЎ, месца правядзення знакавае і для Беларусі, і для горада-героя Мінска — секцыя будзе дзейнічаць на базе музея Вялікай Айчыннай вайны.

Як падкрэсліў намеснік старшыні Савета Федэрацыі Юрый ВАРАБ'ЁЎ, задача арганізатараў — зрабіць так, каб VІІ Форум рэгіёнаў Беларусі і Расіі стаў адным з найбольш значных у шэрагу падзей, прымеркаваных да слаўнай даты, паспрыяў развіццю традыцыйных эканамічных, культурных сувязяў рэгіёнаў Беларусі і Расіі.

Вольга АНУФРЫЕВА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».