Вы тут

Глядзім балівудскі фільм «Гулаба і Сітаба», у якім няма песняў і танцаў


Можна падумаць, любоў да індыйскага кіно ў нас у крыві  у час савецкай маладаступнасці заходніх фільмаў яно было жаданым, да таго ж яскравым акном у навакольны свет, таму з поспехам упячатвалася ў культурны дасуг цэлых пакаленняў. Мая маці дагэтуль памятае тыя сеансы, Зіту з Гітай і Джымі-Джымі, а між тым апроч Балівуда індыйскае кіно мяркуе Талівуд, Калівуд, так званае паралельнае кіно ды іншыя з’явы. Гады прайшлі, а Балівуд дагэтуль застаецца эфектыўнай фабрыкай мрояў, толькі ён ужо не той, і сказаць, маўляў, глядзіце, вось у нас балівудскі фільм без песняў і танцаў, больш не арыгінальна. І ўсё ж глядзіце, вось у нас балівудскі фільм «Гулаба і Сітаба» з Амітабхам Бачанам у галоўнай ролі ды, уявіце, без песняў і танцаў.


amazon.com

Стваральнікі не сталі чакаць магчымасці выпусціць карціну ў кінатэатрах, таму прэм’ера адбылася 12 чэрвеня ў форме лічбавага рэліза на стрымінгавай платформе Amazon Prime Video.

«Гулаба і Сітаба» — сапраўды не тое, што большасць уяўляе сабе пад балівудскім кіно, тут няма тых настырных і няўхільных умяшанняў рока ды працяглых музычных уставак, за кошт якіх фільм расцягваецца да трох гадзін хронаметражу. Але тут даволі ранейшых індыйскага каларыту і непасрэднасці, ёсць нават адзін эфектны пасаж у імя кахання. Нарэшце, галоўную ролю тут выконвае балівудскі «кароль» Амітабх Бачан — герой гарадскіх падваротняў і скрышальных меладрам, праўда, у «Гулаба і Сітаба» яго не пазнаць. Я вылічыла яго па носе (хаця для здымак яго нават яшчэ павялічылі) і своеасаблівай павалоцы вачэй.

Бачан іграе сквапнага старога Мірзу, што гатовы ўдавіцца за лішнюю рупію і марыць аб тым, каб шыкоўны старадаўні асабняк, які яго жонка Фаціма некалі атрымала ў спадчыну і дзе яны цяпер жывуць, стаў толькі яго ўласнасцю. Асабняк між тым пачувае сябе не вельмі — сродкаў на яго ўтрыманне ў сям’і, канешне, няма, таму некалі пышны будынак паволі прыходзіць у заняпад, а яго памяшканні дзеляць паміж сабой шматлікія арандатары, ды і яны плацяць Мірзе няшмат і не заўсёды.

Антаганістам Мірзы становіцца адзін з арандатараў Банкі — малады хлопец, што жыве разам з маці і трыма сёстрамі і даволі дзёрзка — пэўна, вымушана праз беднасць — качае свае правы. А калі становіцца заўважна, што стары нешта прадпрымае ў адносінах да асабняка і гэта пагражае арандатарам і іх выгаднаму становішчу, Банкі пачынае дзейнічаць. Адным словам, розныя інтарэсы сутыкаюцца ў маёнтку, прыцягваюць да гэтай катавасіі чужых, таксама са сваімі разлікамі, людзей, і становяцца асновай для камедыі.

Над гэтай камедыяй, праўда, асабліва не парагочаш: класічны драматургічны прыём, калі некалькі сіл уцягваецца ў барацьбу за макгафін — у гэтым выпадку асабняк, стварае добрую глебу для камічных сітуацый, але смяяцца прыходзіцца над заганамі і мелкімі душонкамі. «Гулаба і Сітаба» — не проста камедыя, а мякка-назідальная прытча, дзе тыповасць галоўнага персанажа і яго падкрэслены парок, які агучваецца і адпраўляецца ў добры шлях у пачатку фільма, не могуць не пакінуць жмінду ля разбітага карыта.

Найвыдатнейшым чынам, амаль давёўшы яго да ўзроўню аднаго з герояў, аўтары ўвасобілі на экране каларыт пацёртага, бязладнага, шумнага індыйскага горада і запыленага старажытнага асабняка, дзе што ні крэсла — можна выстаўляць на продаж за некалькі тысяч долараў. У гэтую прастору прыемна апускацца і па гэтых лакацыях прыемна блукаць вачыма. Здавалася б, заслуга невялікая — бяры ды здымай, але здымкі гэтыя зроблены як асабліва ўважлівыя позіркі ці пачуццёвае пагладжванне фактурных паверхняў, так што захаваная індыйская веліч тут не толькі ўтварае эстэтычны эфект, а ён моцны сам па сабе, але і ператвараецца ў жэст шанавання мінуўшчыны.

Калі свае і чужыя, беднякі і багацеі, прыватныя асобы і прадстаўнікі афіцыйных структур пачынаюць паляваць за маёнткам, прадметам жадання з’яўляецца нават не каштоўны будынак, хоць фармальна гэта так, а згубленая вонкавая і ўнутраная пышнасць. Да таго ж высакародныя матывы дарэчна кантрастуюць з жанрам камедыі, плакатным вобразам Мірзы ды гуллівым музычным матывам, дзякуючы чаму нізкі жанр ураўнаважваецца высокай эстэтыкай.

Пакуль заварушка, што распачалася Мірзой і Банкі, будзе паволі ісці да апагея, вырашыць сітуацыю, канешне, «вышэйшая» сіла, што дагэтуль хавалася ў нязначных эпізодах. Сімвалічна, што маральная перамога над сквапнасцю і тымі нізкімі душонкамі спалучаецца з учынкам у імя кахання, уласна адзіным такога кшталту «рудыментам» палкіх індыйскіх меладрам.

Зрэшты «Гулаба і Сітаба» таксама можна назваць індыйскай меладрамай — фільм сапраўды ўяўляе сабой гісторыю пра любоў, як належыць, вечную і гарачую, толькі гэта любоў Мірзы да асабняка, што праходзіць праз цэлае жыццё героя, займае ўсе яго думкі і вырашае яго лёс. У якасці канцоўкі гэтай «напружанай» драмы аўтары робяць сімпатычны штрых — смешны і сумны адначасова, і ззаду застаецца яркая, забаўная, непасрэдная і вельмі індыйская карціна, нават калі і без песняў і танцаў.

Фільм можна ўбачыць па падпісцы на Amazon Prime Video, пробны тыдзень бясплатны, стужка паказваецца на мове арыгіналу з англійскімі субтытрамі.

Ірэна КАЦЯЛОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.