Вы тут

Што агульнага ў чалавека з бананам


Зомбi-фэйк — страшылка цi сродак манiпуляцыi?

Цi ведаеце вы, для каго, у першую чаргу, быў створаны iнтэрнэт? Варыянты адказаў: для навукоўцаў, прэзiдэнта, настаўнiкаў або ваенных? Дзе ў Кембрыджскiм унiверсiтэце была ўстаноўлена першая ў гiсторыi вэб-камера? На камп'ютары, кававарцы, тэлефоне або халадзiльнiку? А што такое зомбi-фэйк? Калi адказаў у вас няма, то самы час пашукаць iх у сецiве.


Стваральнiкi iнтэрактыўнага квiз-кахута «МедыяMIX», шасцiкласнiцы сярэдняй школы № 1 з Пастаў Маргарыта ЯНУШ, Аляксандра КАЗЛОВА i Вiкторыя ЗЕЛЯНКЕВIЧ шмат часу правялi над прыдумваннем для яго цiкавых i нестандартных пытанняў, шукалi першакрынiцы. I даведалiся, напрыклад, што ДНК чалавека на 41 працэнт паўтарае ДНК банана. I гэта не фэйк, а факт. Iх сумесная работа перамагла на конкурсе для падлеткаў «Лафi фэйк» у намiнацыi «Iнтэрактыўныя медыя». Дзяўчаты кажуць, што праект быў створаны, каб звярнуць увагу равеснiкаў на тое, як важна быць медыяадукаваным. Iнтэрактыўная гульня складаецца з 27 пытанняў па розных аспектах медыяадукацыi, якiя заахвочваюць не толькi дзяцей, але i дарослых паглыбiцца ў тэму. Да яе ёсць праграма з адказамi i дапоўненай iнфармацыяй па кожным пытаннi. А дапамагала дзяўчатам у рабоце над праектам iх настаўнiца англiйскай мовы Iна Вiтальеўна Плешавеня.

Настаўніца англійскай мовы сярэдняй школы №1 з Пастаў Іна Плешавеня і яе вучні (злева направа) Аляксандра Казлова, Міхаіл Кучынскі, Вікторыя Зелянкевіч і Маргарыта Януш

Медыяадукацыйных «Оскараў» уручалi ўжо другi раз, але сёлета цырымонiя праходзiла нестандартна.

— Хто б мог падумаць, што медыяiнфармацыйныя кампетэнцыi спатрэбяцца нам так хутка? З-за пандэмii падвядзенне вынiкаў i фестываль медыяадукацыi нам прыйшлося праводзiць у анлайн-фармаце на платформе ZOOM, — зазначыла намеснiк старшынi Таварыства беларускай школы Тамара МАЦКЕВIЧ. — Да таго ж усе пераканалiся ў тым, наколькi актуальныя медыйныя веды, бо пандэмiя каранавiруса спарадзiла iнфадэмiю, якую мы не можам спынiць. Нiхто не думаў, што падзеi будуць развiвацца так iмклiва. У пачатку года ўсе абмяркоўвалi вынiкi даследавання PISA, якое паказала, што ў свеце толькi адзiн з дзесяцi вучняў можа адрознiць факт ад выдумкi. А ў Беларусi толькi чатыры працэнты 15-гадовых падлеткаў, што ўдзельнiчалi ў даследаваннi, паказалi сваю здольнасць да крытычнага асэнсавання iнфармацыi. I пакуль мы думалi, што з гэтым рабiць, iнфадэмiя, якая ахапiла ўсе СМI, дала зразумець, што думаць, насамрэч, няма калi — трэба дзейнiчаць.

Конкурс «Лафi фэйк» дазволiў у пэўнай ступенi паказаць вынiкi эфектыўнасцi медыяадукацыйнай практыкi ў нашых школах i парадавацца за вучняў. Фактычна падлеткi памянялiся сёння месцамi з дарослымi: на iх ляжыць задача — навучыць сваіх бацькоў і нават педагогаў медыйным навыкам, крытычнаму мысленню, уменню адрознiваць праўду ад няпраўды, факты ад выдумак, пазнаёмiць з метадамi манiпуляцыi i дэкадавання навiн. I ў iх гэта выдатна атрымлiваецца...

Творчасць падлеткаў нiхто не абмяжоўваў: конкурснай работай маглi быць мультымедыя (аўдыя цi вiдэа, клiп, мiнi-фiльм, анiмацыя, навучальны вiдэаролiк, падкаст), графiчныя i iнтэрактыўныя медыя (iнфаграфiка, фотарэпартаж, плакат, комiкс, гульня, квiз, суполка або старонка ў сацыяльнай сетцы) цi тэкставыя медыя (лонгрыд, блог, пост, артыкул у школьнай прэсе, журналiсцкае расследаванне, рэпартаж i iншыя).

diez.md

I вызначыць пераможцаў аказалася вельмi няпроста. Напрыклад, у намiнацыi «Iнтэрактыўныя медыя» акрамя дзяўчат з Пастаў быў яшчэ адзiн пераможца, якi набраў такую ж колькасць балаў, — гульня для падлеткаў «Media Literacy Marathon». Яе аўтары — дзевяцiкласнiкi Фiлiп ГРЫЦУК, Даша ЖУРАЎЛЁВА i Палiна ЛАЗАРАВА з бабруйскай гiмназii № 1. Сябры кажуць: «Жыццё змяняецца, тэхналогii змяняюцца, мы змяняемся, але адно застаецца ранейшым: мы i iнтэрнэт, мы i сацыяльныя сеткi. У апошнiх мы маем зносiны, працуем, вучымся... Але часта даводзiцца сутыкацца з недакладнай, часам адкрыта лжывай i нават хамскай iнфармацыяй. Як засцерагчы сябе ў сетках? Як дапамагчы iншым? Спрабуючы адказаць на гэтыя пытаннi, мы i запусцiлi праект «Media Literacy Marathon».

У намiнацыi «Графiчныя медыя» перамогу святкавалi васьмiкласнiцы з сярэдняй школы № 2 Столiна Настасся БРУЦКАЯ i Кацярына САВIЦКАЯ, якiя стварылi цэлы комiкс «Дай пяцёрачку». Як адзначыў член журы, прафесар кафедры педагогiкi i менеджменту адукацыi Акадэмii паслядыпломнай адукацыi Мiкалай ЗАПРУДСКI, графiчныя медыя — не самая простая намiнацыя. Там патрабуецца не проста iдэя i яе медыйнае напаўненне, але яшчэ i мастацкiя кампетэнцыi, уменне выстройваць кампазiцыю, падбiраць удалыя колеравыя рашэннi. I дадаў: «Але, зразумела, нельга перамагчы ў конкурсе, не беручы ў iм удзелу!»

У «Тэкставых медыя» найлепшай стала работа, прысвечаная iнтэрпрэтацыi аповесцi Уладзiмiра Караткевiча «Дзiкае паляванне караля Стаха» сродкамi кiнамастацтва. Яе аўтар — Ганна ЗЯМЛЯНIК, цяпер ужо выпускнiца тураўскай сярэдняй школы № 2 кажа: «Апошнiм часам мае равеснiкi часта замяняюць чытанне кнiг праглядам кiнафiльмаў. Кiно, мультфiльмы, серыялы складаюць значную частку медыяспажывання сучаснага школьнiка. Я iмкнулася даказаць, што прагляд фiльма не можа замянiць тэкст-першааснову, таму да экранiзацыi трэба ставiцца крытычна i разглядаць яе ў якасцi дапаўнення да кнiгi, а не ў якасцi раўназначнай замены. Прапаную правесцi параўнальны аналiз аповесцi Уладзiмiра Караткевiча «Дзiкае палявання караля Стаха» i аднайменнай кiнастужкi Валерыя Рубiнчыка ды вызначыць супадзеннi i несупадзеннi ў iнтэрпрэтацыi тэмы, iдэi, сiстэмы вобразаў, жанравай спецыфiкi аповесцi i кiнастужкi».

computerra.ru

А сапраўднымi трыумфатарамi медыяконкурсу «Лавi фэйк» сталi выпускнiцы бабруйскай гiмназii № 1 Аляксандра Жаркевiч i Дар'я Юшчанка. Так, у намiнацыi «Мультымедыя» ўсiх членаў журы скарыла iх вiдэа «Праўдзiвае слова, альбо «Як не трапiць у пастку фэйкаў». Па словах дзяўчат, гэта была спроба вырашыць такую праблему, як манiпуляцыя людзьмi ў СМI i iнтэрнэце праз стварэнне, выкарыстанне i распаўсюджванне фэйкавых навiн. Другая работа, створаная бабруйскiмi адзiнаццацiкласнiцамi, была заяўлена ў «Тэкставых медыя» — гэта старонка, прысвечаная фэйкам i фактчэкiнгу. Яна аказалася настолькi грунтоўнай, настолькi добра структураванай i рознабаковай, што мiма не змаглi прайсцi не толькi члены журы, але i ўсе, хто цiкавiўся конкурсам. Таму прыз глядацкiх сiмпатый за гэту работу — цалкам лагiчны i справядлiвы вынiк.

Надзея НІКАЛАЕВА

Выбар рэдакцыі

Эканоміка

Як абараняцца ад рыэлтараў, якія не хочуць працаваць па законе

Як абараняцца ад рыэлтараў, якія не хочуць працаваць па законе

Лiцэнзiя агенцтва «Гатовыя рашэннi» скасавана, «Iмперыi нерухомасцi» — прыпынена, а «Тваёй сталiцы» выпiсана прадпiсанне.

Палітыка

Аляксандр Лукашэнка: Гэта адна з самых складаных выбарчых кампаній

Аляксандр Лукашэнка: Гэта адна з самых складаных выбарчых кампаній

Кіраўнік дзяржавы прагаласаваў на выбарах Прэзідэнта.

Палітыка

У Рэспубліцы Беларусь прайшоў асноўны дзень выбараў Прэзідэнта

У Рэспубліцы Беларусь прайшоў асноўны дзень выбараў Прэзідэнта

Сёлетнія выбары кіраўніка дзяржавы — шостыя па ліку.

Грамадства

Медыцынскі агляд у віцебскіх газавікоў ажыццяўляе... робат

Медыцынскі агляд у віцебскіх газавікоў ажыццяўляе... робат

А наведвальнiкаў крамы кансультуе выява спецыялiста.