Вы тут

Здрадзiць усiм адразу


Таму i пiшу пра яго, што заўсёды паважала гэтага артыста. Лiчыла яго сапраўдным, чалавечным, з талентам i сумленнем, у адрозненне ад многiх таварышаў па цэху. Ды i наогул сёння пералiчанае — хутчэй рэдкасць у асяродку медыйных персон, таму так важна... I хоць пiў ён многа, пра што ведалi ўсе, але, як кажуць, талент не прап'еш, а гены пальцам не раздушыш. Вы, мабыць, здагадалiся: зараз кажу пра артыста Мiхаiла Яфрэмава i тую страшную аварыю, якую ён здзейснiў, правiльней сказаць, забойства на дарозе.


Думаю, усе чыталi, што 8 чэрвеня у Маскве на Садовым коле Яфрэмаў учынiў ДТЗ. Яго аўтамабiль выскачыў на сустрэчную паласу i пратаранiў грузавiчок кур'ерскай службы дастаўкi далiкатэсаў. 57-гадовы кiроўца Сяргей Захараў загiнуў. Яфрэмаў быў п'яны, у крывi пазней зафiксавалi 2,1 прамiле алкаголю. Артыст чакае суда пад дамашнiм арыштам.

Многiя славутыя i не вельмi вядомыя персоны выказалiся з гэтай нагоды. Адны падтрымлiваюць i спачуваюць, iншыя непрымiрыма асуджаюць. I тое, i другое мае права на жыццё. Здзейснена злачынства. Галоўнае, што чалавека, якi падтрымлiваў сваю сям'ю, дапамагаў хворай мацi, ужо не вернеш. I гэта, як нi круцi, становiцца галоўным вынiкам такога бурнага, яркага, насычанага падзеямi жыцця акцёра.

Зазiрнула ў «Вiкiпедыю», дзе выкладзена радаслоўная цяперашняга артыста тэатра «Сучаснiк». Аказваецца, ён iнтэлiгент нават не ў трэцiм, а ў многiх пакаленнях. Яшчэ прапрадзеды i прапрабабулi Мiхаiла вызначылiся сваiмi заслугамi ў навуцы, лiтаратуры i мастацтве, прадзеды i прабабулi — таксама. Дзед — народны артыст СССР, бабуля — рэжысёр i прафесар. Бацькоў артыста ўсе ведаюць — народныя артысты Алег Яфрэмаў i Ала Пакроўская. Дарэчы, мацi памерла толькi летась, i, выходзiць, яе шчасце, што не ўбачыла такой бяды з сынам... Дык вось я пра тое, што спадчыннасць i база для ўласнага развiцця, кар'еры, дабрабыту, калi хочаце, была як нi ў кога другога. Маю на ўвазе не толькi i не столькi матэрыяльны бок. Гэта вам не рабоча-сялянскi хлопчык з якой-небудзь Самары, што прыехаў штурмаваць тэатральны iнстытут у спадзяваннi на свае здольнасцi. Мiхаiл Алегавiч вырас у творчым асяродку, першы акцёрскi вопыт атрымаў у школьныя гады, сваё развiццё як акцёр пачаў у юным узросце, ну i, вядома, меў усебаковую падтрымку ад сям'i. Вось толькi адказнасць перад тымi, хто па-сапраўднаму быў шчаслiвы за яго поспехi, у сабе развiць так i не змог. Вынiк вядомы.

Нехта скажа: спяшаўся жыць, шмат працаваў, паспеў пяць разоў ажанiцца, мае шасцярых дзяцей. Усiх падтрымлiваў, усюды паспяваў, нiколi не быў улюбёнцам моцных гэтага свету, бо не хаваў свае погляды i перакананнi. Разам з тым увесь час моцна пiў, i чым далей, тым больш. I вось калi на адну чашу вагаў паставiць усе жыццёвыя дасягненнi, славу, вядомасць, а на другую — тую аварыю, то ўсё роўна другая пераважыць. Бо ўсё можна зразумець, нават алкагалiзм — гэта хвароба, з якой часта чалавеку не пад сiлу справiцца. Але ж п'яным не сесцi за руль нават алкаголiк можа i абавязаны. З яго iнтэлектам i духоўным багажом хiба не разумеў, што кожны раз станавiўся патэнцыйным забойцам, калi паварочваў ключ запальвання ў машыне нападпiтку? Разумеў, але сядаў зноў i зноў. Беспакаранасць, кажуць цяпер, зорная хвароба. Можа, i так. I грэх яго двайны, бо не толькi пазбавiў жыцця iншага чалавека, але i разбурыў сваё жыццё. Як трапна ён выказаўся ў сваiм вiдэазвароце, што запiсаў пад дамашнiм арыштам: «Няма болей нiякага Яфрэмава. Здрадзiў я ўсiм». I гэта праўда. Здрадзiў сваiм слаўным дзядам i прадзедам, бо п'яная язда i ёсць першая прыкмета плебейства, здрадзiў сваiм шматлiкiм жонкам i дзецям, бо над iмi будзе век лунаць цень кляйма забойцы. Здрадзiў сваiм сябрам i мiльёнам паклоннiкаў таленту. Нават уявiць цяжка, як з гэтым ён будзе жыць.

Вельмi шкада i прыкра. I вось яшчэ што: цi стане трагедыя на Садовым коле хоць для некага перасцярогай? Не ўпэўнена. Бо многiя моцныя гэтага свету, таксама iнтэлектуалы i дурнi з грашыма, а з iмi процьма простых, бедных, звычайных i нягеглых, выпiваюць ды сядаюць за руль, i не лiчаць, што некаму здраджваюць. Усе астатнiя аўтаматычна становяцца iх заложнiкамi на дарогах.

Святлана ЯСКЕВIЧ

Прэв'ю: kino-teatr.ru

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Галiна Левіна: Помнiк — не канструктар i не чарцёж, яго трэба перажыць, выпакутаваць

Галiна Левіна: Помнiк — не канструктар i не чарцёж, яго трэба перажыць, выпакутаваць

У архiтэктара Галiны Левiнай — Хатынь, творчая спадчына яе бацькi.

Грамадства

Прэмiя прыгажосцi. Дзеля чаго людзi кладуцца пад нож пластычнага хiрурга?

Прэмiя прыгажосцi. Дзеля чаго людзi кладуцца пад нож пластычнага хiрурга?

Як сведчаць шматлiкiя даследаваннi, прывабным людзям прасцей прабiцца ў жыццi i яны дасягаюць у кар'еры большага поспеху. 

У свеце

Як Еўропа аднаўляецца ад кавiднага ўдару?

Як Еўропа аднаўляецца ад кавiднага ўдару?

Сёлета еўрапейская эканомiка будзе перажываць глыбокую рэцэсiю з-за ўспышкi каранавiруса, нягледзячы на хуткiя i ўсёабдымныя антыкрызiсныя меры як на саюзным, так i на нацыянальным узроўнi.

Эканоміка

Тонкае мастацтва дабрабыту. Складаем сямейны бюджэт разам са спецыялістам Нацбанка

Тонкае мастацтва дабрабыту. Складаем сямейны бюджэт разам са спецыялістам Нацбанка

2020 год паставіў усіх нас перад неабходнасцю дакладна планаваць свае выдаткі.