Вы тут

Раім паглядзець


Спектакль «Адамавы жарты», Музычны анлайн-вечар з NaviBand, Майстар-клас па выцінанцы і іншае — афіша «Звязды».


Сонцастаянне ў НЦСМ

Дзе: НЦСМ, г. Мінск, вул. Някрасава, 3

Калі: 20 чэрвеня, 17:00

Колькі каштуе: 2 BYN — для школьнікаў, студэнтаў дзённай формы навучання, членаў творчых саюзаў, пенсіянераў; 5 BYN — для дарослых

Нацыянальны цэнтр сучасных мастацтваў запрашае разам сустрэць лета і далучыцца да аднаго з найстарэйшых святаў у гісторыі ўсходніх славян — Дню летняга сонцастаяння. Мерапрыемства пройдзе ў рамках праекта «Вечары ў НЦСМ».

З астранамічнага пункту гледжання, сонцастаянне азначае пачатак лета ў Паўночным паўшар’і. Актыўнае Сонца, якое, здавалася б, зусім не заходзіць у гэты дзень, адзначалі яшчэ нашы продкі. Святкаванне гэтага дня мае шматвяковую гісторыю, якая каранямі сыходзіць у паганства і дахрысціянскія вераванні.

Агню і вадзе адводзяцца сакральныя ролі ў міфалогіі Беларусі. Менавіта таму яны цесна звязаны са святкаваннем Дня летняга сонцастаяння. НЦСМ прапануе зірнуць на традыцыйныя элементы гэтага свята праз прызму сучаснага мастацтва і гарадскога ладу жыцця. 20 чэрвеня на Някрасава, 3 вас чакаюць:

  • 17.30 — 19.00: Майстар-клас па маляванні агню ад мастака Руслана Сяргеева. Пад пільным кіраўніцтвам прафесійнага мастака і пры дапамозе фарбаў вы створыце сапраўднае полымя! Работы беларускіх мастакоў, якія ў сваёй творчасці звярталіся да тэмы Сонца, агню і традыцыйных летніх святаў, натхняць вас на стварэнне сваіх асабістых вогненных шэдэўраў;
  • 17.00 — 20.00 Прагулка па свежай траве проста ў будынку музея;
  • 19.00 — 19.40 Кульмінацыяй вечара стане жывое выкананне Студэнцкім этнаграфічным таварыствам традыцыйных вакальных кампазіцый. За час свайго існавання СЭТ правяло больш за 30 этнаграфічных экспедыцый у розныя раёны Беларусі, сабрала вялікі навуковы архіў і этнаграфічныя калекцыі. Таму слухачоў чакае аўтэнтычная атмасфера і ўнікальны фальклорны аўдыё-матэрыял.

Чароўныя летнія водары ў выставачных залах прадстаўляе кампанія «АромаСтиль.бай». Вы адчуеце водар лугавых траў і свежапакошанай травы, не выходзячы з Цэнтра. Сінтэз візуальнага шэрагу і знаёмых з дзяцінства летніх пахаў падорыць сонечны настрой кожнаму наведвальніку свята.

Дадатковая інфармацыя па тэлефоне: +375 17 235 03 31


Анлайн-паказ спектакля «Адамавы жарты». РТБД

Дзе: youtube.com

Калі: 17 чэрвеня, 19:00

Колькі каштуе: бясплатна

Напярэдадні Дня медыцынскага работніка (21 чэрвеня), РТБД не можа застацца абыякавым да тытанічнай працы, гераізму, мужнасці, прафесіяналізму, сілы і цярпення кожнага, хто ў сённяшняй няпростай сітуацыі, цаною ўласнага жыцця і жыцця сваіх блізкіх, ратуе жыцці іншых, дорыць надзею. Тэатр не можа стаміцца дзякаваць ім за гэта.

Сімвалічным знакам павагі і ўдзячнасці з іх боку стане анлайн-паказ спектакля «Адамавы жарты» ў складзе неверагодных артыстаў Максіма Брагінца, Веранікі Буслаевай, Анастасіі Бабровай, Уладзіслава Ноздрына.

Паказ адбудзецца 17 чэрвеня а 19-й гадзіне на YouTube-канале РТБД.

РТБД запрашае ўсіх жадаючых прыяднацца, хоць і віртуальна, але разам паглядзець спектакль і маленькі фільм, які яны запісалі, каб расказаць асабістую гісторыю і падзякаваць нашым медыкам.

Дэманстрацыя дадзенага праекта таксама будзе даступная ў перыяд з 18 чэрвеня (з 6:00) па 21 чэрвеня (да 24:00).


Музычны анлайн-вечар з NaviBand

Дзе: instagram.com

Калі: 18 чэрвеня, 19:00

Колькі каштуе: бясплатна

18 чэрвеня ў 19.00 музычная школа-студыя BOOM арганізуе анлайн-сустрэчу ў прамым эфіры з ўлюбёнцамі многіх беларусаў — групай NaviBand.

NaviBand — беларуская музычная група з Мінска. Група прадстаўляла Беларусь на конкурсе песні «Еўрабачанне-2017».

Калектыў быў створаны ў 2013 годзе і першапачаткова існаваў у выглядзе дуэта Ксеніі Жук і Арцёма Лук’яненкі пад назвай NAVI. Першая сумесна запісаная песня «Абдымi мяне» адразу ж стала радыёхітом ў Беларусі, што і паслужыла пачаткам кар’еры дуэта.

У праграме: жывы гук і музычныя нумары, цікавая гутарка з гасцямі вечара — групай NaviBand, розыгрыш падарункаў і іншыя сюрпрызы.

Сустрэча будзе транслявацца ў Інстаграме.

Рыхтуйце цікавыя пытанні і далучайцеся.


Кінапаказы пад адкрытым небам. Cinemascope

Дзе: Музей-майстэрня З. Азгура, г. Мінск, вул. Азгура, 8

Калі: з 17 чэрвеня, 22:00

Колькі каштуе: 7 BYN

17 чэрвеня 2020 ва ўнутраным дворыку Музея-майстэрні З.І. Азгура аднаўляюцца сезонныя кінапаказы пад адкрытым небам у рамках праекта Cinemascope #shhh.

  • 17 чэрвеня B-MOVIE: Шум і лютасць ў Заходнім Берліне (2015, Клаўс Маек, Хейка Ланж, Ёрг А. Хоп)
  • 19 чэрвеня Цуд-сцяна (1968, Джо Массот)
  • 24 чэрвеня Пурпурная ружа Каіра (1985, Вудзі Ален)
  • 26 чэрвеня Анамаліза (2015, Чарлі Каўфман, Дзьюк Джонсан)
  • 1 ліпеня 12 угневаных мужчын (1957, Сідні Люмета)
  • 3 ліпеня Шэрбурскія парасоны (1964, Жак Дэмі)
  • 8 ліпеня За 20 000 дзён на Зямлі (2014, Ян Форсіс, Джэйн Полард)
  • 10 ліпеня Суспірыя (1977, Дарыё Арджэнта)

Адметнай асаблівасцю праекта з’яўляецца выкарыстанне спецыяльных бесправадных навушнікаў, якія працуюць на радыёчастаце. Дзякуючы гэтай тэхналогіі, паказы праходзяць у бясшумным рэжыме і арганічна ўпісваюцца ў існуючае гарадское асяроддзе, не парушаючы спакой жыхароў навакольных дамоў.

Пачатак паказаў а 22:00 (уваход у дворык з 21:40).

Паказы праходзяць пад адкрытым небам, рэкамендуецца браць з сабой цёплую вопратку, пледы. У выпадку дажджу паказы будуць перанесены ў Скульптурную залу музея. У сувязі з агульнай неспрыяльнай эпідэміялагічнай абстаноўкай пры ўваходзе ў памяшканне просім наведвальнікаў апранаць ахоўныя маскі.

Бесправадныя навушнікі можна атрымаць на ўваходзе ў панадворак пры прад’яўленні білета. Напрыканцы сэсіі яны падлягаюць вяртанню. Навушнікі падвяргаюцца дэзінфекцыі пасля кожнага выкарыстання.

Усе фільмы ў рамках праекта #shhh дэманструюцца на мове арыгіналу з рускімі субтытрамі.

Падрабязнасці.


Канцэрт Koob Dele ў падтрымку прытулку для жанчын

Дзе: youtube.com

Калі: 18 чэрвеня, 20:30

Колькі каштуе: бясплатна

18 чэрвеня а 20.30 адбудзецца канцэрт Koob Dele (Валерыі Дэле), вакалісткі гурта «Dee Tree», у падтрымку прытулку для жанчын, якія пацярпелі ад хатняга гвалту.

Дабрачынны канцэрт арганізаваны Асамблеяй НДА Беларусі ў супрацы з праграмай «Бяспечны LIVE».

Падчас канцэрту да музыкаў далучыцца кіраўнічка прытулку для ахвяраў хатняга гвалту ГА «Радзіслава» Вольга Казак і раскажа больш пра збор сродкаў і дзейнасць па падтрымцы жанчынаў, якія апынуліся ў складанай жыццёвай сітуацыі.

Гэтым канцэртам Асамблея НДА, праграма «Бяспечны LIVE» і Koob Dele хочуць падтрымаць сбор сродкаў на існаванне шэлтару*. Вы можаце далучыцца на канцэрце і ахвяраваць камфортную для цябе суму праз платформу «Імёны».

*Шэлтар — гэта дом, куды жанчына з любога кутка Беларусі, у любы час сутак можа прыехаць з дзецьмі і абсалютна бясплатна атрымаць дапамогу. За ўвесь час працы ў прытулку пражывала больш за 400 жанчынаў, менавіта там яны змаглі супакоіцца, атрымаць падтрымку, адчуць цябе ў бяспецы і пачаць новае жыццё.


Віртуальны Эрмітаж

Скрыншот з сайта.

Дзе: hermitagemuseum.org

Калі: у любы час

Колькі каштуе: бясплатна

Дзяржаўны Эрмітаж валодае калекцыяй, якая налічвае каля трох мільёнаў твораў мастацтва і помнікаў сусветнай культуры.

У яе складзе — жывапіс, графіка, скульптура і прадметы прыкладнога мастацтва, археалагічныя знаходкі і нумізматычны матэрыял.

У галоўны ансамбль Эрмітажа, размешчаны ў цэнтры Санкт-Пецярбурга, уваходзяць Зімовы палац — былая парадная рэзідэнцыя рускіх імператараў, будынкі Малога, Старога і Новага Эрмітажа, Эрмітажны тэатр і Запасны дом. У музейны комплекс уключаны Палац Меншыкава і ўсходняе крыло будынка Галоўнага штаба, рэстаўрацыйна-захаваўчы цэнтр «Старая Вёска» і музей Імператарскага фарфоравага завода.

Сваю гісторыю музей пачынаў з калекцыі твораў мастацтва, набытых у прыватным парадку расійскай імператрыцай Кацярынай II. Першапачаткова гэты сход размяшчаўся ў адмысловым палацавым флігелі — Эрмітажы (ад фр. Ermitage — месца адзіноты, келля, прытулак пустэльніка, пустэльніцтва; цяпер Малы Эрмітаж) — адкуль і замацавалася агульная назва будучага музея. У 1852 годзе з моцна разрослай калекцыі быў сфармаваны і адкрыты для наведвання публічны музей, які размясціўся ў спецыяльна для гэтага пабудаваным будынку Новага Эрмітажа.

Дзяржаўны Эрмітаж ў 2013 годзе ўвайшоў у лік дваццаці самых наведвальных мастацкіх музеяў свету. Па выніках 2018 года заняў 9 месца. У 2019 годзе Эрмітаж прыняў 4 956 524 наведвальніка, заняўшы восьмае месца сярод самых наведвальных мастацкіх музеяў свету.


Міжнародны фестываль дзіцячага кіно і тэлебачання «КІНАСВЕТ»

Дзе: kinosvet.org

Калі: з 22 чэрвеня

Колькі каштуе: бясплатна

IV Міжнародны дзіцячы фестываль кіно і тэлебачання «КІНАСВЕТ» пройдзе з 22 па 27 чэрвеня ў г. Мінску ў рэжыме анлайн!

22–27 чэрвеня Акадэмія юных кінематаграфістаў «КІНАЛІДАР» і Сацыяльна-культурная ўстанова «Дом сям’і» арганізуюць IV Міжнародны дзіцячы фестываль кіно і тэлебачання «КІНАСВЕТ», які ставіць сваёй мэтай падтрымку і маральнае развіццё таленавітай моладзі.

У цяперашні час многія падлеткі забяспечаны ўсім неабходным для вонкавага камфорту. У іх ёсць дах над галавой, ежа, сучасныя гаджэты, інтэрнэт. Тым не менш бацькі і педагогі ўсё часцей адзначаюць праблему пасіўнасці падлеткаў, раскрываючы гэта як адсутнасць жаданняў і цікавасці моладзі да чаго-небудзь важнага. Аднак пры глыбокім разглядзе аказваецца, што жаданне пазнаваць свет, людзей, сябе, з’явы ў дзяцей ёсць. Фестываль імкнецца пачуць патрэбы падлеткаў, даведацца пра іх інтарэсы, дапамагае дакрануцца да сябе і іншых праз творчасць. І ў выніку расказаць, што іх хвалюе, праз такія інструменты як кіно, тэлебачанне, анімацыя. Датыкаючыся да добрага кіно, у сумеснай творчасці дзеці раскрываюць важнасць такіх каштоўнасцяў, як чалавечае жыццё, здароўе, сям’я, сяброўства, вернасць, працавітасць, адказнасць, павага да старэйшых, прыгажосць. «КІНАСВЕТ» прапануе падлеткам, якія цікавяцца светам кіно і тэлебачання, пазнаваць свае інтарэсы і фармаваць каштоўнасці пад кіраўніцтвам вопытных майстроў.

Арганізатары фэсту бачаць сваю місію ў аб’яднанні аднадумцаў, каб прааналізаваць і падтрымаць іх творчасць, навучыць асновам кіна- і тэлемастацтва пры ўдзеле прафесіяналаў сусветнага ўзроўню, даць магчымасць далейшага прасоўвання работ падлеткаў; пагаварыць з імі пра сэнс жыцця і кінематографа, пра высакароднасць і вялікадушнасць, пра тое, як наша творчасць можа паўплываць на гэты свет, пра тое, як правільна развіваць і захоўваць свой талент.

IV Міжнародны дзіцячы фестываль кіно і тэлебачання «КІНАСВЕТ» прапануе дзецям наступныя актыўнасці:

  • майстар-класы па кінавытворчасці;
  • творчыя сустрэчы з акцёрамі, рэжысёрамі і сацыяльнымі дзеячамі;
  • штодзённы прагляд фільмаў пераможцаў фестывалю «КІНАСВЕТ 2020» пад кіраўніцтвам майстроў кіно і тэлебачання з наступным абмеркаваннем гэтых работ;
  • жывыя міжнацыянальныя зносіны ў групах.

Да ўдзелу ў творчай праграме фестывалю запрашаюцца дзеці і падлеткі ад 10 да 18 гадоў. Для гэтага трэба запоўніць заяўку на сайце. Удзел у творчай праграме бясплатны.

У IV фестывалі прынялі ўдзел 580 работ, якія прадставілі 30 краін свету: Расію, Украіну, Аргенціну, Таджыкістан, Францыю, Беларусь, Арменію, Харватыю, Іран, ЗША, Паўднёвую Карэю, Канаду, Індыю, Чэхію, Славакію, Эстонію, Казахстан, Польшчу, Іспанію, Германію, Грузію, Чылі, Узбекістан, Грэцыю, Калумбію, Перу, Бразілію, Партугалію, Люксембург, Бельгію.


Анлайн-трэніроўкі з чэмпіёнкай свету

yandex.by

Дзе: instagram.com

Калі: з 18 чэрвеня

Колькі каштуе: бясплатна

«Савушкін прадукт» запускае серыю бясплатных анлайн-трэніровак, якія будуць праходзіць 2 разы на тыдзень (па панядзелках і чацвяргах) у 19:00 у Instagram. Ролікі з мінулымі трэніроўкамі таксама можна будзе знайсці ў профілі @savushkin_product ці праз некаторы час знайсці ролік з трэніроўкай, якая ўжо прайшла.

 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 

«Домашняя тренировка. Я не хожу в зал»

Публикация от Савушкин продукт (@savushkin_product)

Мінулая трэніроўка

Спецыяльна для праекта праграму трэніровак распрацавала трохразовая чэмпіёнка свету па фітнес бікіні, фітнес-трэнер і дыетолаг Зіна Вусік.

«Сёння для заняткаў спортам няма адмысловай неабходнасці наведваць фітнес-клубы, усё мінімальна неабходнае можна знайсці дома. На нашых трэніроўках мы звернем увагу на тое, як можна хутка і лёгка прывесці сябе ў форму пасля рэжыму самаізаляцыі. Галоўнае — правільнае харчаванне і некалькі простых фізічных практыкаванняў на дзень», — патлумачыла трэнер.

Усе заняткі складзеныя такім чынам, каб быць карыснымі як для мужчын, так і для жанчын. Акрамя трэніроўкі, усе ўдзельнікі змогуць задаць пытанні трэнеру асабіста і атрымаць рэкамендацыі па правільным харчаванні.


Майстар-клас па выцінанцы

Дзе: youtube.com

Калі: у любы час

Колькі каштуе: бясплатна

Анлайн майстар-клас па выцінанцы з таленавітай майстрыцай Наталляй Сухой.

Выцінанка (абласныя назвы выразанка, выстрыганка) — ажурны ўзор, выразаны з белай, чорнай ці каляровай паперы. Від дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва.

У беларускай культуры найбольш пашыраныя аднаколерныя выцінанкі; часам іх рабілі ў некалькі слаёў рознага колеру. Узоры геаметрычныя, раслінныя, радзей зааморфныя і антрапаморфныя.

Любы ўзрост вітаецца (дашкольнікі пад наглядам бацькоў і з іх дапамогай).

Падрыхтуйцеся да майстар-класа:

  • спампуйце лекалы;
  • раздрукуйце лекалы на паперы (фармат А4);
  • кардон каляровы, кантрастнага да лекалаў колеру;
  • вострыя нажніцы (можна манікюрныя, але прамыя);
  • клей-аловак;
  • добры настрой i смеласць псаваць паперу!

Таксама вы можаце перайсці на Чарговыя пяць спектакляў, якія можна паглядзець анлайн і бясплатна

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.