Вы тут

Як засцерагчыся ад навальніцы?


На мінулым тыдні надвор'е ў Беларусі разгортвалася чатыры дні запар па адным і тым жа сцэнарыі. Днём спякотнае чэрвеньскае сонца распальвала паветра да трыццаці, а часам і нават больш градусаў. Але апоўдня метэарадар з радыусам дзеяння 200 кіламетраў, усталяваны ў Нацыянальным аэрапорце Мінск, пачынаў паказваць на поўдні краіны спачатку сінія, а пасля і чырвоныя плямы, якія азначалі, што туды прыходзяць навальнічныя дажджы. Такіх плям станавілася ўсё больш і больш, яны разрасталіся, пачыналі рухацца з Гомельшчыны і Брэстчыны на поўнач, і, такім чынам, маланкі бліскалі на большай частцы тэрыторыі Беларусі.


За няпоўны тыдзень навальніца ўжо двойчы трапіла ў зводкі здарэнняў, ад якіх пацярпелі людзі. Удзень у мінулую сераду на тэрыторыі садовага таварыства ў Мёрскім раёне быў знойдзены 82-гадовы мужчына без прыкмет жыцця. Следча-аператыўная група высветліла, што пенсіянер вёў у руках ровар паблізу ўласнага прысядзібнага ўчастка, калі ў яго раптам ударыла маланка. Сляды ад электрычнага разраду засталіся на адзенні і целе...

А вось 27-гадоваму рыбаку ў Баранавічах пашанцавала болей. Увечары ў мінулы аўторак ён адправіўся з сябрам на мясцовы вадаём. Ужо грымеў гром і бліскала маланка, калі сябру нехта патэлефанаваў. І тут — нібы правал. Калі ачомаўся, то ўбачыў хлопца ў вадзе за бортам — туды яго выкінуў удар маланкі. На шчасце, небараку ўдалося ўсцягнуць назад на борт і пасля перадаць медыкам.

Але здараецца і так, што людзі гінуць ад маланак падчас сваёй работы. У групе рызыкі — пастухі, якія мусяць знаходзіцца на адкрытай мясцовасці цэлы дзень. Летась на Гомельшчыне навальніца стала прычынай гібелі двух прадстаўнікоў гэтай прафесіі. Удзень у адну з чэрвеньскіх нядзель два пастухі заганялі жывёл на лузе паблізу адной з вёсак Кармянскага раёна. У гэты момант ударыла маланка. Адзін з пастухоў упаў на месцы, другі падбег да яго, паспрабаваў аказаць першую дапамогу, але марна. Урачам хуткай дапамогі заставалася толькі канстатаваць смерць 54-гадовага мужчыны. А ў жніўні электрычны разрад забіў 27-гадовага пастуха ўжо ў Рагачоўскім раёне. Перадгісторыя трагедыі — такая ж, як і ў першым выпадку.

Што ж рабіць у такім выпадку?

— Самае непрыемнае — гэта калі непагадзь заспела вас на адкрытай мясцовасці, дзе нельга схавацца ў якім-небудзь памяшканні на той час, пакуль не праляціць навальніца, — заўважае афіцыйны прадстаўнік Мінскага абласнога ўпраўлення па надзвычайных сітуацыях Настасся Швайбовіч. — Самыя небяспечныя месцы — гэта ўзвышшы, лініі электраперадачы і іх апоры. Таму лепш за ўсё пашукаць паблізу якую-небудзь яму ці яр. Гэта неабходна для таго, каб не быць самым высокім аб'ектам для мясцовасці — менавіта ў іх, як правіла, цаляе электрычны разрад. Але калі часовы прыстанак аператыўна знайсці не ўдалося, то адзінае, што застаецца, — прысесці на кукішкі ў позе эмбрыёна. Пуні і стагі саломы лепш абыходзіць — калі маланка туды трапіць, іх імгненна ахопіць пажар. Рыдлёўкі, вуды і іншыя доўгія прадметы, зробленыя з вуглепластыку або металу, выдатна праводзяць ток, таму іх трэба адкінуць як мага далей ад сябе.

Ёсць свае асаблівасці і ў тым, як хавацца ад маланкі ў лесе. Асобныя высокія дрэвы варта абыходзіць. Па статыстыцы, частымі ахвярамі маланкі становяцца дубы, таполі і вязы. Клёны і бярозы «трапляюць пад раздачу» крыху радзей. Таму найлепшы прыстанак — сярод дрэў з нізкай кронай. Пры гэтым трэба агледзецца — ці няма паблізу дрэў, раней пашкоджаных маланкамі. Гэта значыць, што грунт тут мае добрую электраправоднасць, і не выключана, што маланку сюды пацягне яшчэ раз.

А вось вогнішча ў навальніцу — дрэнны памочнік. Нават калі яго і не патушыць да канца дождж, то высокая імавернасць таго, што ён прыцягне разрад, — слуп нагрэтага паветра з'яўляецца добрым правадніком электрычнасці.

— Не вельмі добра, калі непагадзь заспела на вадаёме, — вакол вас проста ідэальны праваднік электрычнага току, — працягвае Настасся Швайбовіч. — Лепш за ўсё грэбці да берага, але калі гэтага зрабіць не ўдалося, то адзінае, што застаецца, — абараніць сябе ад вільготнага. Для гэтага неабходна ўзняць тэнт, пераадзецца ў сухое, падкласці пад сябе выратавальную камізэльку.

Аўтамабіль падчас навальніцы з'яўляецца добрым прыстанкам. Тут усё проста — пажадана спыніцца на ўзбочыне, зачыніць вокны, спусціць антэну і заглушыць рухавік. А вось да ручак дзвярэй лепш не дакранацца.

Лепш за ўсё, калі навальніца заспела вас дома. У такім разе проста трэба закрыць усе вокны і адключыць электрапрыборы. Лепш адысці ўглыб пакоя — не выключана, што разрад можа адбыцца каля вашых вокнаў.

Як мы ўжо сказалі вышэй, навальніцы нярэдка папярэднічае моцная спякота. Асабліва гэта важна ў гарадскіх умовах, дзе асфальт і плітка награваюцца вельмі моцна. Скажам, калі тэмпература паветра дасягае плюс трыццаці градусаў, то тэрмометр на асфальце пакажа больш за пяцьдзясят!

— Лепш за ўсё, па магчымасці, проста не выходзіць з дому ў такое спякотнае надвор'е і піць больш вады, — кажа Настасся Швайбовіч. — Калі ж без вылазкі на вуліцу не абысціся — абавязкова насіце галаўны ўбор, каб не атрымаць цеплавога ўдару. Алкаголь у спёку — вораг: уздзеянне этылавага спірту на арганізм падчас высокай тэмпературы шматкроць узмацняецца, да таго ж арганізм становіцца яшчэ больш адчувальны да ўмоў навокал. Заняткі спортам лепш адкласці, як і працяглыя паездкі на аўтамабілі, калі ён без кандыцыянера.

Валяр'ян ШКЛЕННІК

Загаловак у газеце: Пярун разбушаваўся

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.