Вы тут

Адгудзеў Русальны тыдзень. Што адбываецца падчас яго?


Паданнi, казкi, павер'i, прыкметы, песнi, замовы... Тысячагоддзямi наш народ назiраў за навакольным светам, рабiў пэўныя высновы i перадаваў назапашаныя веды. Доўгiя гады даследчыкi збiралi, запiсвалi, вывучалi гэтыя народныя духоўныя скарбы. «Не прыходзiцца даводзiць, наколькi патрэбна не толькi кожнаму даследчыку культурнага развiцця народаў пазнанне такiх праяў духу, як вераваннi i людскiя веды, але i ўсякаму грамадзянiну, хто толькi цiкавiцца пазнаннем наогул i чалавекам паасобку, — пiсаў яшчэ ў 1924 годзе беларускi этнограф Аляксандр Сержпутоўскi. — Хоць цяпер гэтыя людскiя паняццi i розняцца ад нашых i здаюцца нам недарэчнымi, але некалiсь яны былi тым маленькiм зярняткам, з якога вырасла вялiкае дрэва сучаснай цывiлiзацыi i культуры».

Даследчык быў упэўнены, што каб лепш зразумець сучаснае жыццё людзей, трэба азiрнуцца ў глыбiню вякоў, падгледзець i падслухаць, як даўней жыў, думаў i верыў старажытны чалавек. Яшчэ не ўсё расшыфравана i растлумачана з таго, што народ назапасiў у легендах, паданнях i казках, заклаў у абрадах. Але няцяжка заўважыць, што праз народную творчасць старэйшыя людзi перадавалi нашчадкам свае каштоўнасцi — вучылi жыць у згодзе з прыродай i з самiм сабой, падказвалi, як весцi гаспадарку, як вырасцiць сумленнага, працавiтага i добрага чалавека, як разабрацца са шматлiкiмi пытаннямi. Абрады «вырашалi» розныя практычныя задачы — дапамагалi моладзi перазнаёмiцца i стварыць сям'ю, вучылi шанаваць продкаў, настройвалi людзей на станоўчыя думкi аб будучым ураджаi, дабрабыце.

Сучасныя даследчыкi заўважаюць, што яшчэ i сёння ў беларускiх вёсках захоўваюцца некранутыя духоўныя скарбы — у экспедыцыях яны не перастаюць адкрываць новыя дэталi, здзiўляцца народнай мудрасцi, кемлiвасцi, фантазii. Можа, i нашым чытачам ёсць чым падзялiцца?


yandex.ru

Час цудаў, або Хто сядзiць у жыце?

Адгудзеў, адзвiнеў Русальны тыдзень, а ў нас у гарадах ён так i застаўся незаўважаны. Хоць у даўнiя часы ў многiх беларускiх вёсках гэта свята несла людзям многа радасцi i надзеi на дабрабыт i будучы ўраджай. Гэта былi днi незвычайныя, мiстычныя, напоўненыя казачнымi таямнiчымi матывамi i вобразамi. I не выпадкова цэлы тыдзень аддадзены гэтаму святу. Прыгледзьцеся, як усё квiтнее, буяе ў гэтую пару. Натуральна, нашы далёкiя продкi не маглi без увагi пакiнуць такiя з’явы ў прыродзе.

Каб урадзiлi палеткi...

«Даследчыкi, перагледзеўшы шматлiкiя запiсы, прыйшлi да высновы, што якраз у вобразе русалкi беларусы ўвасобiлi iдэi росту i развiцця. Русалка — гэта найперш дух раслiннасцi», — заўважыла фалькларыст, этналiнгвiст Таццяна Валодзiна падчас анлайн-сустрэчы, што праводзiў культурны цэнтр, якi знаёмiць з беларускiмi абрадамi i песнямi на сваёй старонцы ў сацыяльных сетках Tradycyja / Organization Tradycyja (дарэчы, сачыце за яго абвесткамi: штотыдзень тут будуць ладзiцца сустрэчы са спецыялiстамi, якiя вывучаюць i папулярызуюць традыцыйную культуру).

Адразу зразумела, чаму продкi ладзiлi абрад з ваджэннем куста. У канцы вёскi ўся грамада налятала на апранутую ў раслiны Русалку, каб адарваць сабе па галiнцы i занесцi на агарод. Лiчылася, што тады ўсё будзе радзiць. Некаторыя гаспадынi спадзявалiся, што такi сродак дапаможа ад мядзведкi i вусеняў на капусце. Часта бабулi казалi, што провады Русалкi дапамогуць выклiкаць чаканы дождж. Як бачыце, беларускiя абрады часта мелi i практычную прывязку — ну хто на вёсцы не дбаў пра добры ўраджай? Менавiта таму многiя з iх так доўга захоўвалiся i перадавалiся праз пакаленнi.

У вёсцы Вялiкi Бор Хойнiцкага раёна сёння русальны абрад мае статус духоўнай нематэрыяльнай каштоўнасцi. Тут ён праводзiцца з вялiкiм размахам. Акрамя асноўнай Русалкi, у шэсцi ўдзельнiчаюць дзяўчаткi — Русалачкi, у канец вёскi людзi нясуць вялiкую колькасць вянкоў, якiя пасля будуць разрываць i заносiць на агароды.

Русальныя абрады маглi адрознiвацца. У некаторых вёсках «тапталi русалку» — значыць, ладзiлi вясёлыя танцы, спевы, вадзiлi карагоды, скакалi цераз вогнiшчы. I што цiкава, у тых вёсках, дзе з шумам адзначалi Русальны тыдзень, не было гулянняў на Купалле. Ды наадварот, калi вы завiтаеце ў падзвiнскiя вёскi, дзе з размахам, багатымi спеўнымi i абрадавымi традыцыямi праходзiць Купалле, Русалку не «водзяць». Абодва гэтыя святы завязаны на пэўным коле ўяўленняў, на магii ўрадлiвасцi, прычым не толькi палёў — абрады павiнны спрыяць i прадаўжэнню роду чалавечага.

Гасподнiя рабочыя?

Сучасныя дзецi Русалку ўяўляюць такой, якой яе падае ў казцы Андэрсен цi прыгажунькай з дыснееўскага мультфiльма. Але для Беларусi хвастатыя русалкi — рэдкасць. Нашы мiфiчныя прыгажунi бегаюць па палях i лясах, сядзяць у жыце, гойдаюцца на галiнках дрэў, асобныя з iх нават умеюць лётаць. На жаль, сёння гэты вобраз забыты. Але ён абавязкова заслугоўвае раскруткi — у лiтаратуры, мастацтве, турызме. Тым больш што пра Русалку бабулi з розных куткоў Беларусi паспелi расказаць многа цiкавага. Толькi ў архiвах Акадэмii навук сабрана каля дзвюх тысяч запiсаў, звязаных з русалкамi.

Праўда, не варта вымалёўваць нейкi адзiны вобраз гэтага мiфiчнага персанажа — беларускiя русалкi даволi розныя, нават у суседнiх вёсках апiсаннi маглi не супадаць. I не заўсёды гэта прыгожыя дзеўкi, недзе, па аповедах, сустракалi i пачварных iстот, а ў некаторых вёсках наогул русалак уяўлялi падобнымi на птушак з вялiзнымi кiпцюрамi. Таму ў Русальны тыдзень дзяўчаткам i жанчынам нельга было хадзiць з непакрытай галавой — каб русалкi не прыляцелi i не заблыталiся ў валасах цi яшчэ якой бяды не нарабiлi.

Але што аднолькавае ва ўсiх беларускiх русалак — гэта доўгiя валасы, часам непрыбраныя, раскiданыя па плячах, а мо i кудлатыя. Распушчаныя валасы паказваюць на пазакультурны статус русалкi, на яе дэманiчную прыроду. З другога боку, выклiкаюць асацыяцыi з раслiнасцю. Часам бабулькi казалi, што ў русалкi валасы як трава цi як галiнкi, цi гэты персанаж наогул паўстае з раслiнамi замест валасоў.

У Русальны тыдзень мiфiчныя прыгажунi не проста калышуцца на галiнках, але яшчэ i клiчуць да сябе людзей. Менавiта ў гэты час можна пачуць i iх спевы.

Праўда, паводле зафiксаваных фалькларыстамi расповедаў, пачуць ды пабачыць русалак удаецца не кожнаму. У некаторых мясцовасцях верылi, што русалкi паказваюцца толькi вельмi добрым людзям.

Цiкава, чаму ў некаторых вёсках русалак называлi святымi? Вiдаць, там людзi верылi, што русалкi робяць вельмi важную справу — сцерагуць палеткi, каб людзi не тапталi, не перашкаджалi каласкам налiвацца. А тым, хто парушае правiлы, духi жытнёвага палетка шкодзяць — могуць заказытаць цi задушыць сваiмi вялiкiмi грудзямi. Таццяна Валодзiна ўспамiнае, як у адной з экспедыцый яе асаблiва кранула тлумачэнне бабулькi, чаму нельга хадзiць у жыта. Старая расказвала, што русалкi на каласочках калышуць сваiх дзетак...

А цi не сведчыць той факт, што мiфiчных iстот нават называлi «гасподнiмi рабочымi», пра арганiчную, далiкатную знiтаванасць былых архаiчных уяўленняў з больш познiмi хрысцiянскiмi. I зноў жа, якi народ у свеце можа пахвалiцца такiм комплексам вераванняў? I чаму мы яшчэ толькi вучымся ганарыцца i карыстацца такiмi культурнымi скарбамi?

Загаловак у газеце: Старадаўнiя шыфры?

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».