Вы тут

Праект «НеШкола»: дзеці медыкаў могуць бясплатна падцягнуць веды з рэпетытарамі


Дзеці медыкаў могуць бясплатна падцягнуць веды з рэпетытарамі і замацаваць школьную праграму, калі не былі на занятках у чацвёртай чвэрці з-за эпідэміялагічнай сітуацыі. У Гомелі дабрачынны праект прадпрымальнікаў такім чынам хоча падтрымаць сем'і, у якіх бацькі змагаюцца на перадавой супраць COVІD-19.


Аксана Шаўчэнка і Аляўціна Новікава.

На працягу месяца для школьнікаў — дзяцей медыцынскіх работнікаў будуць арганізаваныя анлайн-урокі па ўсіх асноўных прадметах школьнай праграмы. Навучанне праходзіць на базе анлайн-суполкі «НеШкола». Вучнямі могуць стаць школьнікі — дзеці медыкаў з любога населенага пункта Беларусі.

— Перанос школьных канікул і дамашні «каранцін», якога прытрымлівалася мая сям'я, натхнілі стварыць такі анлайн-прадукт, каб мой сын-дзевяцікласнік нарэшце захацеў вучыцца, — тлумачыць перадгісторыю стварэння анлайн-суполкі «НеШкола» прадпрымальнік Аксана Шаўчэнка. — Я заразіла сваёй марай яшчэ адну маму-прадпрымальніцу Аляўціну Новікаву, а потым на нас літаральна пасыпаліся званкі і паведамленні з просьбамі далучыцца да групы.

Так у Гомелі ў пачатку мая спантанна ўзнікла кааперацыя бацькоў, якія хацелі ў складчыну аплачваюць групавыя заняткі сваіх дзяцей з рэпетытарамі, але ў фармаце навучання менавіта анлайн-класаў. Набралося 60 вучняў-дзевяцікласнікаў з самых розных куткоў Беларусі.

Праз аб'явы ў сацсетках цяпер ужо куратары нечаканай навучальнай плыні — Аксана і Аляўціна — знайшлі выкладчыкаў розных прадметаў, якія звычайна займаюцца рэпетытарствам. Наладзілі камунікацыю, дамовіліся наконт аплаты і пачалі праводзіць урокі праз Zoom і Skype.

— Наша «НеШкола» — альтэрнатыва рэпетытарству, часта даволі дарагому для сямейнага бюджэту, — тлумачыць Аляўціна Новікава. — Бацькі, якія ўвашлі ў своеасаблівы кааператыў, падзяляюць фінансавую нагрузку: атрымліваецца ў некалькі разоў танней, чым за класічныя заняткі.

Максімальны набор вучняў у такім анлайн-класе вызначылі эксперыментальным шляхам. Спачатку было па восем вучняў на аднаго настаўніка, потым спыніліся на пяці-шасці — так атрымліваецца больш якасна выкладаць матэрыял.

— У «НеШколе» неабавязкова займацца ўсімі прадметамі, можна выбраць 2-3 базавыя, астатнія вывучаць самастойна. Ёсць расклад і электронны журнал наведванняў, зваротная сувязь з настаўнікамі і дамашнія заданні, — дзеліцца гомельскі прадпрымальнік. — Мы нават не думалі, што дзецям настолькі спадабаецца такі фармат навучання, што будуць прасіць працягнуць заняткі ўлетку. Мы робім апытанні нашых вучняў, і некаторыя напісалі: не ведалі, што ўрокі фізікі ці матэматыкі могуць быць такія цікавыя

З вучнямі працавалі дзесяць настаўнікаў па асноўных прадметах. Гэта выкладчыкі-рэпетытары з Гомеля, Мінска, Рагачова, Брэста.

— З 2017 года ў Гомелі дзейнічае дабрачынная валанцёрская група, удзельнікі якой — выпускнікі Communіty Connectіons, — расказвае Аксана Шаўчэнка. — Кожную вясну мы ладзілі дабрачынны праект у падтрымку выхаванцаў дзіцячага дома-інтэрната. Але сёлета каранавірус скарэкціраваў нашы планы. Мы падрыхтавалі некалькі акцый па падтрымцы нашых медыкаў, якія знаходзяцца цяпер на перадавой нябачнай вайны з COVІD-19.

Такім чынам, валанцёры прапануюць сваю дапамогу ў аплаце анлайн-урокаў «НеШколы» па базавых прадметах праграмы, на якіх будуць займацца дзеці медыцынскіх работнікаў.

— Набор вучняў адкрыты з пачатку чэрвеня. Класы для заняткаў з настаўнікамі-рэпетытарамі разлічаны на 50 школьнікаў, якія змогуць падцягнуць прапушчаны ў чацвёртай чвэрці школьны матэрыял, — адзначаюць куратары дабрачыннага праекта.

Яны запрашаюць настаўнікаў, якія хацелі б паспрабаваць свае сілы ў такой рабоце з вучнямі, далучыцца да справы. Акрамя таго, гомельскія прадпрымальнікі падрыхтавалі яшчэ некалькі дабрачынных акцый па падтрымцы медыкаў.

Так, арганізаваны «Пакет падтрымкі дашкольнікаў» — для дзяцей скамплектавана 100 набораў з развіваючымі гульнямі і дыдактычнымі матэрыяламі для самастойнай падрыхтоўкі да школы. Дабрачынная акцыя «Кава-паўза для ўрача» разлічана на тое, што на працягу чэрвеня штодня 15 набораў будуць дастаўляцца дзяжурным урачам аддзялення Гомельскай бальніцы хуткай медыцынскай дапамогі. Пакет падтрымкі «Абарона» заклікае аказаць дапамогу медыцынскім работнікам, якія непасрэдна працуюць з «ковіднымі» пацыентамі, у набыцці бескантактавых тэрмометраў, сродкаў дэзынфекцыі, масак і ахоўных павязак.

Наталля КАПРЫЛЕНКА

Загаловак у газеце: «НеШкола» вучыць і дапамагае

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».