Вы тут

Што хвалюе жыхароў Міншчыны?


Заяўнікаў з усіх куткоў цэнтральнага рэгіёна выслухаў памочнік Прэзідэнта — інспектар па Мінскай вобласці Ігар Яўсееў падчас тэлефоннай лініі ў Мінаблвыканкаме.


Анатоль Іванавіч з Чэрвеня паскардзіўся, што вуліца Гагарына, дзе ён жыве, у нездавальняючым стане. Сёлета ў Чэрвені пройдуць абласныя «Дажынкі», і Ігар Яўсееў запэўніў, што ў межах падрыхтоўкі да свята выедзе на месца, каб ацаніць маштабы работ, а таксама даручыць выправіць праблему, якая хвалюе заяўніка.

У Людмілы Віктараўны з Заслаў'я падтопліваецца ўчастак. Справа ў тым, што на дарозе няправільна пакладзена труба, таму сцёкавыя воды трапляюць у агарод гаспадыні. Куды толькі ні звярталася жанчына, а воз і сёння тут. Ігар Яўсееў паабяцаў выехаць на месца і прыняць неабходныя меры па выпраўленні становішча.

Зінаіда Аляксандраўна з вёскі Краснае Маладзечанскага раёна расказала, што побач з яе домам знаходзіцца ўчастак, які пустуе каля пяці гадоў. Яго гаспадар — інвалід, жыве ў інтэрнаце. Зямля зарасла быльнягом, з'явіўся хмызняк. Ігар Яўсееў запэўніў, што пытанне будзе вырашана: ён звяжацца са старшынёй сельвыканкама і высветліць, хто павінен даглядаць участак, — магчыма, у домаўладальніка ёсць сваякі.

Работнік БелАЗа Андрэй Уладзіміравіч з жонкай выхоўваюць чатырох непаўналетніх дзяцей. Шматдзетная сям'я будуе льготнае жыллё ў Жодзіне. Але яны не могуць прэтэндаваць на 120 квадратных метраў. Справа ў тым, што мужчына прадаў стары, не прыдатны для жыцця дом плошчай 47 «квадратаў» у вёсцы. Як адказваюць у розных інстанцыях, ён не мае права на субсідыю на такі метраж. Ігар Яўсееў запэўніў, што падключыць юрыстаў, а пытанне возьме на асабісты кантроль.

— У асноўным звяртаюцца людзі з бытавымі пытаннямі, — паведаміў Ігар Яўсееў журналістам. Часам дакументы даводзіцца накіроўваць у пракуратуру, як у выпадку з размеркаваннем жылля ў новым доме, пабудаваным для медыкаў.

Людзі звяртаюцца са сваімі праблемамі на тэлефонныя лініі, таму што давяраюць Прэзідэнту і яго памочнікам, лічыць Ігар Уладзіміравіч. Сёння на кантролі памочніка Прэзідэнта шмат пытанняў: аздараўленне дзяцей, будаўніцтва дзіцячых садкоў і школ, своечасовая выплата заработнай платы. «Гэта важнае пытанне, якое паставіў кіраўнік дзяржавы, — падкрэсліў Ігар Яўсееў. — На Міншчыне ўсяго тры прадпрыемствы, дзе заробкі меншыя за 600 рублёў. І мы разбіраемся, чаму».

Таццяна ЛАЗОЎСКАЯ


Мерапрыемствы ў рэгіёнах з удзелам кіраўнікоў Адміністрацыі Прэзідэнта працягнуцца. Падчас выязных прыёмаў з іх удзелам грамадзяне змогуць асабіста данесці свае праблемы да кіраўнікоў высокага ўзроўню, а таксама абмеркаваць пытанні, якія датычацца актуальных аспектаў развіцця іх малой радзімы і краіны ў цэлым. Для тых, хто з якіх-небудзь прычын не можа прыйсці на сустрэчу асабіста, падчас выездаў будуць арганізаваны прамыя тэлефонныя лініі. Нумары тэлефонаў размешчаны на сайтах мясцовых органаў улады, а таксама ў сродках масавай інфармацыі.

16 чэрвеня ў Слуцкім райвыканкаме ў 10 гадзін пачне працаваць на выязным прыёме першы намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Максім Уладзіміравіч РЫЖАНКОЎ. 17 чэрвеня ў Астравецкім райвыканкаме з 10 да 12 гадзін будзе праходзіць прамая тэлефонная лінія з намеснікам кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Андрэем Міхайлавічам КУНЦЭВІЧАМ, а з 12 гадзін пачнецца асабісты прыём. У гэты ж дзень у Бярозаўскім райвыканкаме будзе працаваць начальнік галоўнага ўпраўлення па рабоце са зваротамі грамадзян і юрыдычных асоб Рыгор Іванавіч ШЛЫК: з 10 да 12 гадзін — на прамой тэлефоннай лініі, а з 12.00 — на асабістым прыёме.

Загаловак у газеце: Льготнае жыллё, дарогі і зарплата

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».