Вы тут

Міністры і чыноўнікі здавалі кроў напярэдадні Сусветнага дня донара


Беларускі Чырвоны Крыж і РНПЦ трансфузіялогіі і медыцынскіх біятэхналогій арганізавалі сумесную акцыю па бязвыплатнай здачы крыві «Бяспечная кроў выратоўвае жыццё», прымеркаваную да Сусветнага дня донара, які адзначаецца заўтра. У ёй узялі ўдзел нераўнадушныя беларусы, прычым сярод іх былі міністр аховы здароўя Уладзімір Каранік, міністр працы і сацыяльнай абароны Ірына Касцевіч, кіраўнік беларускага бюро Сусветнай арганізацыі аховы здароўя Батыр Бердыклычаў, генеральны сакратар Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа Вольга Мычко, кіраўнік офіса ЮНФПА ў Беларусі Вольга Атрошчанка, кіраўнік Савета Беларускай асацыяцыі ўрачоў Дзмітрый Шаўцоў, старшыня асацыяцыі лёгкай атлетыкі Вадзім Дзевятоўскі.


12 чэрвеня ў РНПЦ трансфузіялогіі і медыцынскіх тэхналогій больш людна, чым звычайна. Пасля традыцыйнай ужо апошнім часам працэдуры вымярэння тэмпературы на ўваходзе наведвальнікам прапануюць запоўніць анкету. Сярод донараў са стажам і тыя, хто прыйшоў упершыню. Напрыклад, міністр працы і сацыяльнай абароны Ірына Касцевіч.

— Гэта мой першы крок — удзел у такой акцыі. У нас даўняе і цеснае супрацоўніцтва з Чырвоным Крыжом, таму мы з работнікамі міністэрства вырашылі падтрымаць гэту ініцыятыву, здаць кроў у імя здароўя людзей, дзеля выратавання жыццяў, — падзялілася Ірына Анатолеўна.

Яшчэ адзін донар, кіраўнік беларускага бюро СААЗ Батыр Бердыклычаў, адзначыў, што забеспячэнне якаснай і бяспечнай крывёй — дастаткова вострае пытанне ва ўсіх краінах свету, бо патрэба ў крыві і яе кампанентах штодзённая. Ён падкрэсліў, што ў Беларусі гэты працэс пастаўлены на сістэмную аснову.

Генеральны сакратар Беларускага таварыства Чырвонага крыжа Вольга Мычко падкрэсліла, што забор крыві ажыццяўляецца з захаваннем усіх мер бяспекі, растлумачыўшы, што сёлетняя сітуацыя не дазволіла правесці традыцыйныя выязныя мерапрыемствы. Пры гэтым каля 60 валанцёраў і супрацоўнікаў Чырвонага Крыжа пажадалі далучыцца да акцыі.

У 2019 годзе каля 100 тысяч чалавек сталі донарамі крыві, пры гэтым кожны пяты з іх — упершыню. За апошнія чатыры гады колькасць донараў у Беларусі вырасла на 15 %. Павялічылася і колькасць ганаровых донараў — іх ужо каля 65 тысяч. Штодзень у донарскія пункты па ўсёй краіне прыходзіць каля 1,5-2 тысяч чалавек.

Сёння за адну данацыю плазмы (600 мілілітраў) выплачваецца ад 150 рублёў. Пры гэтым у арганізм донара вяртаюць клеткі крыві — эрытрацыты і трамбацыты, а таксама запаўняюць фізрастворам забраны аб'ём плазмы. Донар цэльнай крыві атрымлівае 111 рублёў за адну данацыю. Акрамя таго, донар крыві і яе кампанентаў мае права на два выхадныя (у дзень данацыі і любы дзень па ўзгадненні з наймальнікам цягам двух гадоў). Гэтыя дні аплачваюцца ў памеры сярэдняга заробку за папярэднія два месяцы. Тым, хто здае кроў бязвыплатна, выплачваецца каля 24 рублёў на харчаванне, акрамя таго, донар мае права на два выхадныя дні (адзін з іх не аплачваецца).

Як расказаў загадчык аддзялення нарыхтоўкі крыві ў выязных умовах РНПЦ трансфузіялогіі і медыцынскіх біятэхналогій Антон Свірскі, ужо каля 160 чалавек сталі донарамі імуннай плазмы, якая выкарыстоўваецца для лячэння пацыентаў з COVІD-19. Некаторыя з іх ажыццявілі па дзве-тры данацыі і рыхтуюцца да чацвёртай. Ва ўсіх донараў, хто перахварэў на каранавірусную інфекцыю, у той ці іншай ступені знаходзілі антыцелы. Большасць такіх донараў здае плазму бязвыплатна.

Алена КРАВЕЦ

Фота БелТА

Загаловак у газеце: Выратаваць іншыя жыцці

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».