Вы тут

Спартсменка Ірына Курачкіна: Менш «хачу» і больш дзеянняў


Як спартсменку адлічылі з лёгкай атлетыкі, а потым яна стала чэмпіёнкай Еўропы па барацьбе.

Сваю спартыўную кар’еру Ірына пачынала ў лёгкай атлетыцы, але ў 16 гадоў з-за траўмы ёй давялося спыніцца. Пасля паўзы дзяўчына вярнулася не на стадыён, дзе практыкавала бег на доўгія дыстанцыі, а ў залу барацьбы. Там яна вельмі хутка стала паказваць вынікі і ўжо праз год выйграла чэмпіянат краіны. Потым стала чэмпіёнкай Еўропы і ІІ Еўрапейскіх гульняў, а сёлета першая з беларусак па вольнай барацьбе заваявала ліцэнзію на Алімпійскія гульні ў Токіа. Пра тое, як прыйшлося аднаўляцца пасля аперацыі на хрыбетніку, спраўляцца з псіхалагічнымі праблемамі пасля паражэнняў і ўпэўнена глядзець у будучыню, Ірына Курачкіна распавяла ў сваім інтэрв’ю.


— Ірына, падзяліцеся, як праходзяць Вашы трэніроўкі ва ўмовах пандэміі.

— Зараз я знаходжуся ў Бабруйску, мой трэнер Артур Яўгеньевіч Зайцаў імкнецца ствараць камфортныя ўмовы для нашых трэніровак: выязджаем за горад, спрабуем рабіць усю працу, якая не тычыцца дывана, два з паловай тыдні трэніраваліся ў лесе. Пакуль што стараемся пазбягаць закрытых залаў, усё ж такі там трэніруецца шмат людзей, дзеткі, якія прыязджаюць з розных куткоў вобласці. Трэнер палічыў, што так будзе бяспечней.

— Пандэмія ўнесла моцныя карэктывы ў графік спаборніцтваў?

— Так, цяпер павінны былі праходзіць розныя турніры да Алімпійскіх гульняў, у тым ліку і адборачныя старты, дзе астатнія дзяўчаты з нашай каманды маглі б заваяваць пуцёўкі ў Токіа.

— Як вы паставіліся да навіны аб пераносе Алімпійскіх гульняў на 2021 год?

— Спачатку ў мяне наогул не ўзнікла ніякіх эмоцый з гэтай нагоды, пазней, абдумаўшы навіну, вырашыла, што перанос — гэта магчымасць больш папрацаваць і лепш падрыхтавацца. Але калі Алімпіяду наогул адменяць, то я, вядома, расстроюся.

— На ваш погляд, ці зменіцца канкурэнцыя ў вашай вагавай катэгорыі (да 57 кг) за гэты год?

— Усе будуць рыхтавацца і павінны падысці ў добрай форме, таму канкурэнцыя павінна быць яшчэ большай, будзе магчымасць дзесьці падправіць здароўе, дзесьці аднавіцца. Праблемнае пытанне — у стартах, каб папрактыкавацца дзесьці перад Алімпійскімі гульнямі.

— Зараз вам 25, гэта аптымальны ўзрост для выступлення на Алімпіядзе?

— Хтосьці выйграе яе і ў 19, а нехта ў 35, таму тут няма ніякай заканамернасці, але для мяне цяпер мой узрост аптымальны, я гатовая, саспела для таго, каб нешта паказваць.

— Вы заваявалі алімпійскую ліцэнзію на чэмпіянаце свету, гэта было часткай плана?

— Выступаючы на чэмпіянаце, я не думала аб тым, атрымаю пуцёўку ці не. Маёй задачай было паказаць сябе, свае сілы і магчымасці. Можа быць, я не рэалізавала патэнцыял на ўсе сто, заваявала «бронзу». Атрымаць пуцёўку на Алімпіяду было маёй марай, і я яе ажыццявіла. Для мяне гэта было значнай падзеяй, я вельмі рада і да гэтага часу адчуваю станоўчыя эмоцыі. Да таго ж цяпер я магу ўжо проста спакойна рыхтавацца да гульняў, не забіваючы галаву лішнімі рэчамі.

— Пакуль на чэмпіянатах свету вам так і не ўдалося падняцца на вышэйшую прыступку п’едэстала. Чаго не хапае да «золата»?

— Не ведаю. Мы разбіраемся, я і сама спрабую разбірацца ўнутры сябе, і прыцягваю спецыялістаў з іншымі поглядамі. Напэўна, мне варта больш прыслухоўвацца да людзей, не быць цвердалобай, каб было менш «хачу» і больш дзеянняў. На працягу доўгага часу на стартах я адчуваю сябе ўпэўнена, патроху прыбаўляю, значыць, раблю ўсё правільна, іду правільным шляхам, але чагосьці ўсё ж не хапае. Вялікую ролю ў жыцці і спорце гуляе псіхалогія. Цяпер стараемся прыбаўляць усюды: людзі павінны расці ва ўсім і пастаянна развівацца.

— Раней вы цяжка перажывалі паразы, даходзіла і да слёз. Зараз гэта змянілася?

— З аднаго боку, эмоцыі — і станоўчыя, і адмоўныя — павінны выходзіць. З іншага, слёзы — гэта марнаванне эмоцый, якая забірае сілы. Лепш усё-такі акумуляваць пазітыўныя думкі. Мая галава вельмі доўга памятае і перамогі, і паразы і ўсё гэта аналізуе.

— У 16 гадоў праз праблемы са здароўем вам давялося развітацца з лёгкай атлетыкай, але не са спортам. Вы перайшлі ў барацьбу...

— На той момант у сілу свайго ўзросту і дзіцячых думак я была разгубленая — з лёгкай атлетыкі мяне адлічылі, не ведала, што рабіць далей. Цяпер разумею, што гэта быў мой другі шанец рэалізаваць сябе, і я вельмі ўдзячная ўсім трэнерам за гэта. Лёгкая атлетыка стала для мяне урокам: дзесьці я, напэўна, паводзіла сябе не так, нешта рабіла не тое. Усё гэта — вопыт, думкі аб тым, як трэба працаваць, — цяпер перанесла на барацьбу і лічу, што зрабіла правільныя высновы. На лёгкай атлетыцы я не зламалася, прыйшла здаровай нармальнай дзяўчынкай у барацьбу, функцыянальна была ўжо гатовая, хоць гэта зусім іншы від спорту, іншая спецыфіка і зусім іншая праца. Я добра дыхала, цела было цягавітае, я магла выконваць нагрузку, якую давалі на барацьбе. Дзякуючы таму што са мной пачалі працаваць вельмі добрыя, кваліфікаваныя трэнеры, якія давалі мне добрую нагрузку і адпачынак, аказалася цяпер на такім высокім узроўні.

— Колькі часу спатрэбілася для таго, каб цалкам перабудавацца на новы від спорту?

— У першы ж год я стала трэцяй на «рэспубліцы», выйграла «вобласць», яшчэ праз год ці паўтара выйграла «рэспубліку». Вельмі добра памятаю гэты старт, канкурэнцыя там была даволі добрая, выступалі дзяўчаты, якія ўжо змагаліся і на чэмпіянаце Еўропы.

— Вы са шматдзетнай сям'і. Кажуць, у такіх людзей матывацыя дамагчыся поспеху заўсёды вышэйшая.

— У мяне было вельмі актыўнае дзяцінства, мы заўсёды працавалі, таму што ўсё было сваё — агарод, гаспадарка. Але паспявалі і працаваць, і актыўна праводзіць вольны час. У цэлым дзяцінства было бесклапотнае, гэта каштоўны час, калі сям'я была разам. Мае родныя заўсёды мяне падтрымліваюць, калі я трэніруюся, рыхтуюся да нечага, яны мяне не грузяць дрэннымі навінамі і праблемамі. У мяне заўсёды было права выбару, нават калі ўзяць той жа пераход з лёгкай атлетыкі ў барацьбу. Бацькі сказалі: выбірай сама. Я з небагатай сям'і, заўсёды спакойна пра гэта кажу і не саромеюся гэтага, але сям'я дала мне многае. Усяму ў жыцці навучылі менавіта бацькі. Практыка паказвае, што многія людзі са шматдзетных сем'яў больш матываваныя, і гэта выдатна, што яны імкнуцца чагосьці дамагчыся. Калі я займалася лёгкай атлетыкай, не думала пра тое, што стану прафесійнай спартсменкай, проста трэніравалася, таму што прывыкла рабіць гэта з пятага класа. А вось калі ўжо трапіла на барацьбу, то адбылося нейкае пераасэнсаванне, я захацела стаць добрай спартсменкай, якая будзе паказваць высокія вынікі. Пра штосьці матэрыяльнае наогул не думала. Гэта было б, напэўна, недарэчна ў той перыяд, бо перш чым атрымліваць вялікія грошы, ты павінен нешта паказаць, выйграць, сабраць вакол сябе каманду, прымусіць паверыць у цябе трэнера. Атрымліваецца, што я прыйшла ў барацьбу досыць позна, у 17 гадоў, у зале натхнялася прыкладамі дзяўчат, якія аднаўляліся і вярталіся пасля траўмаў і нараджэння дзетак. Барацьба мяне вельмі завабіла, бо гэта так прыгожа, барацьба — гэта мастацтва.

— Напэўна, у вас быў варыянт жыць у Мінску, але вы выбралі Бабруйск і заўсёды пасля турніраў і складаных сезонаў адпачываеце менавіта там...

— Да Мінска трэба прывыкнуць. Не ведаю, дзе буду жыць далей, але пакуль спынілася ў Бабруйску, таму што мне падабаецца гэты горад, я яго люблю. Тут усё ведаю, тут родныя мне людзі, якія зрабілі вялікі ўнёсак у маё жыццё. У сталіцы шмат мітусні, а тут усё побач, псіхалагічна камфортна і фізічна ўсё ў крокавай даступнасці для мяне.

— Сёння вам даводзіцца чымсьці ахвяраваць дзеля прафесійнага спорту?

— У такіх пытаннях заўсёды ў першую чаргу думаеш пра здароўе, але ж яно марнуецца ўсюды, нават калі сядзіш у кабінеце і працуеш бухгалтарам. Спорт — гэта мая любімая справа і любімы занятак, таму я не сказала б, што ўвогуле чымсьці ахвярую. Гэта мой свядомы выбар, ад спорту і спаборніцтваў я атрымліваю асалоду.

— У вас была сур’ёзная траўма і аперацыя на пазваночніку. Гэта магло тады спыніць яшчэ ўзыходзячую зорку барацьбы Ірыну Курачкіну?

— На той момант мяне не магло спыніць нічога, таму што я не так даўно прыйшла ў барацьбу і вельмі хацела там застацца. Хоць было вельмі шмат «за» і «супраць» гэтай аперацыі. Вырашальную ролю адыграла размова з хірургам Сяргеем Валянцінавічам Макарэвічам. Калі я сказала яму, што хачу далей займацца барацьбой, ён не стаў адгаворваць, як гэта робіць большасць урачоў, не стаў папярэджваць пра тое, што потым я магу мучыцца ўсё жыццё, а проста сказаў: «Калі хочаш — будзеш!» І мне здаецца, ён зрабіў сваю работу ідэальна. Не магу сказаць, што маё аднаўленне праходзіла доўга і хваравіта. Першапачаткова, вядома, было цяжка сабрацца з думкамі, пасля аперацыі паехала на рэабілітацыю, трэнер зрабіў мне індывідуальны план, паводле якога я выконвала практыкаванні, каб да мяне вярнуліся сіла і адчувальнасць. Многія мне вельмі дапамагалі, і гэта надавала сіл. Сітуацыя паказала, як шмат людзей зацікаўлена ў тым, каб я выступала.

— Як доўга вы плануеце актыўна трэніравацца і выступаць?

— Пакуль не загадваю. Першы паказчык — гэта здароўе, другі — выніковасць. Магчыма, прыйдуць новыя дзяўчаты, якія стануць паказваць добрыя вынікі. Пакуль будуць сілы, пакуль у мяне будзе атрымлівацца, буду старацца. Потым, можа, з'явіцца сям'я, і я захачу сысці. Пакуль не магу быць упэўненая на сто працэнтаў, што буду ў барацьбе да 40, як японкі. Жанчыны такі народ: сёння так, а заўтра па-іншаму.

Дар’я Лабажэвіч

Выбар рэдакцыі

Эканоміка

Як абараняцца ад рыэлтараў, якія не хочуць працаваць па законе

Як абараняцца ад рыэлтараў, якія не хочуць працаваць па законе

Лiцэнзiя агенцтва «Гатовыя рашэннi» скасавана, «Iмперыi нерухомасцi» — прыпынена, а «Тваёй сталiцы» выпiсана прадпiсанне.

Палітыка

Аляксандр Лукашэнка: Гэта адна з самых складаных выбарчых кампаній

Аляксандр Лукашэнка: Гэта адна з самых складаных выбарчых кампаній

Кіраўнік дзяржавы прагаласаваў на выбарах Прэзідэнта.

Грамадства

Медыцынскі агляд у віцебскіх газавікоў ажыццяўляе... робат

Медыцынскі агляд у віцебскіх газавікоў ажыццяўляе... робат

А наведвальнiкаў крамы кансультуе выява спецыялiста.