Вы тут

Навіны спорту


Кортаў стане больш

У найбліжэйшы час Беларуская тэнісная федэрацыя і РЦАП па тэнісе сумесна з інвестарам, прыступяць да будаўніцтва комплексу збудаванняў і рэканструкцыі часткі аб'ектаў тэніснага цэнтра, размешчанага на праспекце Пераможцаў у Мінску, паведамляецца на сайце федэрацыі.

Фота: sport.ru

Сусветная тэндэнцыя развіцця тэніса сёння — хуткасны, атлетычны тэніс, як правіла, з моцнай падачай і другога–трэцяга розыгрышу, у сувязі з гэтым узраслі патрабаванні да пакрыцця і навучання на ім спартсменаў, асабліва перспектыўнага рэзерву.

Дзеючым у РЦАП па тэнісе адкрытым кортам цяпер больш за дзесяць, а травяным — больш за трыццаць гадоў. Тэхналогіі, на момант іх будаўніцтва перадавыя, сёння састарэлі, абслугоўванне і ўтрыманне патрабуюць пастаяннага ўкладання сродкаў, у сувязі з чым прынята рашэнне, падтрыманае тэнісным актывам, РЦАП па тэнісе і Галоўным трэнерскім саветам БТФ, аб рэканструкцыі часткі адкрытых кортаў з кладкай пакрыццяў. Гэтая рэканструкцыя дазволіць арганізоўваць спаборніцкі і вучэбна-трэніровачны працэсы круглы год.

Таксама ў праектаваным аб'екце плануецца размясціць медыка-аднаўленчы цэнтр, трэнажорную залу, басейн, гасцініцу для спартсменаў, офісы БТФ і Акадэміі тэніса.

Беларуская тэнісная федэрацыя актыўна садзейнічае ўвядзенню ў строй вышэйназванага комплексу, завяршэнню рэканструкцыі тэніснага цэнтра ГЦАР па вуліцы Жудро, стварэнню пры падтрымцы мясцовых органаў улады тэнісных цэнтраў у рэгіёнах, спрыяла будаўніцтву кортаў у Серабранцы ў Мінску, прыватных тэнісных аб'ектаў, што ў цэлым дасць магчымасць стварыць сучасную і даступную шырокім слаям насельніцтва інфраструктуру для далейшага якаснага і колькаснага павышэння ўзроўню як прафесійнага, так і аматарскага тэніса ў Беларусі.


Алімпіяда з улікам каранавіруса

Міжнародны алімпійскі камітэт плануе да верасня завяршыць падрыхтоўку новага плана правядзення летніх Алімпійскіх і Параалімпійскіх гульняў у Токіа з улікам сітуацыі з пандэміяй.

МАК і аргкамітэт «Токіа-2020» разгледзяць магчымасць скарачэння выдаткаў на спаборніцтвы больш чым па 200 пунктах выніковага каштарысу. Пазней МАК накіруе міжнародным спартыўным федэрацыям папярэдні план па Гульнях. Арганізацыі павінны будуць абмеркаваць пытанні, якія датычацца мер па прадухіленні распаўсюджвання інфекцыі, прысутнасці гледачоў на спартыўных аб'ектах і арганізацыі бяспечных умоў для саміх спартсменаў.

Нагадаем, на мінулым тыдні кіраўнік аргкамітэта «Токіа-2020» Ёсіра Моры і губернатар сталічнай прэфектуры Юрыка Коікэ правялі сустрэчу, на якой пацвердзілі, што будуць працаваць разам дзеля аптымізацыі і спрашчэння правядзення спаборніцтваў з-за сітуацыі з пандэміяй каранавіруса. Японскі бок разглядае варыянт правядзення абавязковага тэсціравання на каранавірус не толькі для спартсменаў і членаў камандаў, але і для ўсіх балельшчыкаў. Могуць быць уведзеныя абмежаванні на перамяшчэнні спартсменаў за межамі Алімпійскай вёскі, дзе яны будуць размешчаны.

Тым часам на гэтым тыдні таксама стала вядома, што Стамбул будзе прэтэндаваць на правядзенне летніх Алімпійскіх гульняў 2032 года. Пра гэта заявіў віцэ-прэзідэнт Нацыянальнага алімпійскага камітэта Турцыі Хасан Арат. «Я лічу, што Турцыя не павінна адмаўляцца ад сваіх амбіцый правесці Алімпіяду, — сказаў Арат. — Стамбул павінен стаць горадам-кандыдатам на правядзенне летніх Алімпійскіх гульняў 2032 года, ад гэтай мэты нельга адмаўляцца. Турцыя паспяхова справілася з пандэміяй каранавіруса, выканала свае абяцанні па частцы інфраструктуры, якія былі дадзены падчас падрыхтоўкі да Гульняў 2020 года. Дарогі, метро, аэрапорт — будаўніцтва ўсіх аб'ектаў завершана. Стамбул гатовы і павінен стаць кандыдатам, гэтае рашэнне прынята на ўзроўні дзяржавы», — падкрэсліў Хасан Арат у гутарцы з турэцкімі журналістамі.

Нагадаем, раней турэцкі мегаполіс пяць разоў прэтэндаваў на правядзенне Алімпійскіх гульняў, быў у ліку асноўных прэтэндэнтаў на правядзенне Гульняў-2020. Аднак 7 верасня 2013 года ў Буэнас-Айрэсе, на сваёй 125-й сесіі, МАК прыняў выніковае рашэнне на карысць Токіа.


ІTF завершыць адбор на Алімпійскія гульні па выніках «Ралан Гарос»

Міжнародная федэрацыя тэніса (ІTF) назвала дату завяршэння кваліфікацыі на Гульні XXXІІ Алімпіяды ў Токіа.

У ліпені—жніўні 2021 года на корты ў сталіцы Японіі змогуць выйсці гульцы, якія маюць высокі сусветны рэйтынг ATP (Асацыяцыя тэнісістаў-прафэсіяналаў) і WTA (Жаночая тэнісная асацыяцыя) на момант заканчэння «Ралан Гарос» 7 чэрвеня 2021 года.

У турніры выступяць па 64 мужчыны і жанчыны, па 56 з якіх атрымаюць алімпійскія пуцёўкі зыходзячы з рэйтынгаў. Адзін нацыянальны алімпійскі камітэт прадставіць не больш за чатырох тэнісістаў у адзіночным і парным разрадах.

Шэсць ліцэнзій будуць размеркаваны паміж фіналістамі Панамерыканскіх гульняў, пераможцамі Азіяцкіх і Афрыканскіх гульняў, найлепшымі тэнісістамі Еўропы і Акіяніі, якія яшчэ не атрымалі пуцёўку на Гульні ў Токіа. Па адной пуцёўцы зарэзервавана за гаспадарамі Гульняў і пераможцамі турніраў серыі «Вялікага шлема» ці чэмпіёнаў мінулай Алімпіяды ў Рыа-дэ-Жанейра. Тэнісісты, якія не займаюць высокіх пазіцый у рэйтынгу (топ-56), павінны выступіць за сваю краіну як мінімум у двух матчах розыгрышу Кубка Дэвіса і Кубка Федэрацыі ў бягучым алімпійскім цыкле.

Адбор у парным разрадзе таксама заснаваны на сусветным рэйтынгу. Нацыянальныя алімпійскія камітэты павінны пацвердзіць склад удзельнікаў да 17 чэрвеня 2021 года. Пакінутыя месцы ІTF размяркуе 5 ліпеня.

У спаборніцтвах змешаных пар (мікст) возьмуць удзел 16 найлепшых дуэтаў планеты. У міксце згуляюць пары, складзеныя з тэнісістаў адзіночнага або парнага разраду.

Нагадаем, найбольш значных вынікаў на Алімпійскіх гульнях беларускія тэнісісты дамагліся ў 2012 годзе ў Лондане. Вікторыя Азаранка ў адзіночным разрадзе заваявала бронзавую ўзнагароду, а ў змешаным разрадзе разам з Максімам Мірным выйграла залатую ўзнагароду Гульняў.

Дар'я Лабажэвiч

Загаловак у газеце: Кортаў стане больш

Выбар рэдакцыі

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.