Вы тут

Алімпійская чэмпіёнка Юлія Несцярэнка ў чэрвені святкуе дзень нараджэння


Загадка «белай маланкі» — менавіта так празвалі беларуску пасля перамогі ў бегу на 100 метраў на Алімпіядзе ў Афінах — праз 16 гадоў здаецца так і не разгаданай. У 2004-м 25-гадовая дзяўчына з Брэста, якая не адносілася да эліты сусветнага спрынту, выйшла на спаборніцкую дарожку і ў фінальным алімпійскім забегу, скінуўшы з асабістага дасягнення больш чым паўсекунды, пакінула за спінай і без залатых узнагарод зорных апанентак з ЗША, Ямайкі, Багамскіх астравоў, Францыі. Пасля гэтай перамогі многія казалі, што на Гульні не прыехала эліта прэстыжнага спрынту, але вынік беларускі ўсё роўна застаўся загадкай і нечаканасцю для многіх балельшчыкаў і спецыялістаў, таму што ні да «залатога» забегу, ні пасля Юлія Несцярэнка так і не змагла наблізіцца да 11 секундаў, якія паказала ў Афінах.


Юлія нарадзілася ў Брэсце ў сям'і, якая захаплялася спортам, яе бацька Віктар любіў гуляць у валейбол, зімой часта ўся сям'я выбіралася ў лес на лыжах ці ў басейн, а таксама не раз выступала ў конкурсах «Тата, мама, я — спартыўная сям'я». Любоў да лёгкай атлетыкі дзяўчынцы ў школе прывіў фізрук, гэтым відам спорту паспяхова займалася і старэйшая сястра Юліі Алена, аднак прафесійна з гэтай дзейнасцю яна звязваць сябе не хацела. А вось Юля, наадварот, была вельмі актыўным дзіцем — кажуць, калі сярод школьнікаў ішло дзяленне на эстафетныя каманды, за яе разгараліся сапраўдныя бітвы. Неўзабаве дзяўчынка стала займацца ў мясцовай ДЮСШ і ўжо праз год, у свае 13, выйграла міжнародны дзіцяча-юнацкі турнір памяці генерала Карбышава з вынікам кандыдата ў майстры спорту.

У 15 гадоў Юля пераехала ў Мінск, шукала сябе ў мнагабор'і, любіла спрынт, скачкі ў даўжыню і кіданне дзіды, але адчувала неверагодны страх перад бар'ерным бегам. Пазней Юлія Несцярэнка прызнаецца, што менавіта гэты перыяд у Мінску залажыў у яе базу, на якой можна было прагрэсаваць у спрынце. Пасля вучылішча алімпійскага рэзерву дзяўчына магла б паступаць у акадэмію фізвыхавання (цяпер — БДУФК), але яе цягнула дадому, да таго ж у гэты час яна ўжо пазнаёмілася са сваім будучым мужам Дзмітрыем Несцярэнкам, які таксама займаўся спрынтарскім бегам у Брэсце. Яны трэніраваліся ў адной групе, але вось у спорце закаханую пару праследавалі няўдачы: то траўмы, то праблемы з трэнерамі не давалі паказаць годны вынік.

На першым для сябе чэмпіянаце Еўропы Несцярэнка выступіла паспяхова, заняўшы 6-е месца, а ў эстафеце 4х100 метраў стала бронзавым прызёрам. Пасля гэтага брастаўчанку хацелі перавабіць да сябе сталічныя трэнеры, але яна наадрэз адмовілася, бо разумела, што не гатовая да гэтага ні псіхалагічна, ні фізічна. Пасля сваёй перамогі ў Афінах Юлія ўспамінала:

— У нас многія трэнеры лічаць, што іх методыка найлепшая. Ім сорамна з кімсьці перагаварыць, пацікавіцца, даведацца пра нешта новае. Якія ж мы ўсе разумныя! А я чэрпала ўсё, што магла! Ва ўсіх. Напрыклад, назірала за тым, хто і як скача, і пры магчымасці прасіла трэнера скакуноў, каб паглядзеў на мае скачкі і паказаў на памылкі. Неаднойчы гутарыла са штангістамі, кансультавалася і з кідальнікамі. Усе прачытанае, убачанае, пачутае, прадуманае склала разам і, ведаючы свае слабыя месцы, зразумела, што мне трэба. Я адчуваю саму сябе!

Так Несцярэнка сама для сябе стала галоўным трэнерам, а муж — галоўным памочнікам, паплечнікам і кансультантам.

За паўтара года да Алімпіяды ў Афінах Юлю не ўключылі ў зборную Беларусі для выступлення на чэмпіянаце свету — 2003 у залах, хоць яна двойчы выканала адборачны нарматыў. Сістэма падрыхтоўкі, складзеная Несцярэнка для сябе, спрацавала найлепшым чынам ужо на чэмпіянаце свету 2004 года. Тады ў Будапешце брастаўчанка дамаглася першай вялікай узнагароды: прайшла ў фінал на дыстанцыі 60 метраў і выйграла «бронзу». Толькі пасля гэтага Юліі забяспечылі камфортныя ўмовы падрыхтоўкі да Алімпійскіх гульняў, да якіх заставалася чатыры месяцы.

У Афінах на алімпійскі п'едэстал прэтэндавалі спрынтаркі другога эшалона, лідарам сезона ў Грэцыю прыбыла 20-гадовая балгарка Івет Лалова. Беларуску ж канкурэнткі нават не бралі ў разлік — магчыма, менавіта гэта і дапамагло Юліі «стрэліць» і перамагчы. Да трыумфу беларускі белыя спартсменкі пяць Алімпіяд не маглі абыграць афраамерыканак на стаметроўцы.

Акрамя гэтага забегу Несцярэнка стартавала ў Афінах на першым этапе беларускай эстафеты 4х100 метраў. У папярэдніх забегах і ў фінале беларускі перасякалі створ пятыя з нацыянальнымі дасягненнямі — 43,06 і 42,94. Юля безапеляцыйна выйгравала першы этап, фактычна брастаўчанка выйграла шэсць стаметровак запар і дэманстравала найлепшыя вынікі на ўсіх чатырох стадыях спаборніцтваў, прычым кожны раз выбягала з 11 секундаў: 10,94, 10,99, 10,92 (рэкорд Беларусі) і 10,93!

Праз некалькі тыдняў пасля трыумфу на Алімпіядзе з Юліяй Несцярэнка здарыўся крыз, яна трапіла ў рэанімацыю, праз гэта давялося адмяніць замежнае турнэ, у якім яна магла зарабіць 200 тысяч долараў. Потым алімпійскую чэмпіёнку пачаў мучыць жудасны боль у спіне. Неяк на чэмпіянаце Еўропы Несцярэнка нават расплакалася проста перад журналістамі: «Усіх цікавяць толькі медалі, а я мару хоць адну ноч паспаць без болю!»

Пазней яна адмовіцца ад прывабнай прапановы пераезду ў Мінск і магчымасці трэніравацца ў ЗША, і яе кар'ера пойдзе на спад. У 2005 годзе на чэмпіянаце свету ў Хельсінкі Юлія Несцярэнка выйграла «бронзу» ў складзе зборнай Беларусі ў эстафеце 4х100 метраў. У 2008 годзе на Алімпіядзе ў Пекіне яна не здолела прабіцца ў фінал забегу на 100 метраў, дайшоўшы толькі да паўфіналу. У 2012-м пасля траўмы ступні Юлія прапусціла Алімпійскія гульні ў Лондане. У 2016-м планавала выступіць на Алімпійскіх гульнях у Рыа-дэ-Жанейра. У 2017 годзе бягуння завяршыла спартыўную кар'еру і перайшла на трэнерскую работу.

Цяпер сям'я Несцярэнка па-ранейшаму жыве ў Брэсце, Дзмітрый працуе ў футбольным клубе «Дынама-Брэст», Юлія там жа трэніруе юных футбалістаў.

Дар'я Лабажэвiч

Загаловак у газеце: Загадка «белай маланкі»

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.