Вы тут

Чым пагражае глабальнае нашэсце саранчы?


Сусветны банк зацвердзіў рашэнне, згодна з якім выдзеліць рэкордныя 500 мільёнаў долараў на барацьбу з нашэсцем саранчы ў краінах Афрыкі і Блізкага Усходу. Фінансавая дапамога будзе выдавацца ў выглядзе грантаў і пазык пад нізкія працэнты, паведаміла інфармагенцтва Reuters. Па словах прадстаўніка Сусветнага банка Хольгера Крэя, чатыры краіны з найбольш пацярпелых ад нашэсця саранчы — Джыбуці, Эфіопія, Кенія і Уганда — неадкладна атрымаюць $160 млн. Ён таксама дадаў, што Емен, Самалі і іншыя пацярпелыя дзяржавы могуць прыцягваць сродкі па меры іх неабходнасці. Па звестках Сусветнага банка, саранча ахапіла больш чым два дзясяткі краін ва Усходняй Афрыцы, на Блізкім Усходзе і ў Паўднёвай Азіі, што стала найбуйнейшай успышкай за апошнія 70 гадоў. Чым пагражае глабальнае нашэсце?


Пражэрлівыя казуркі

Калі кажуць пра нашэсце насякомых, то нярэдка згадваюць біблейскія дзесяць кар егіпецкіх, гэта значыць бедствы, якія Усявышні наслаў на егіпцян за тое, што фараон не пажадаў вызваліць з рабства сыноў Ізраілевых. Дык вось самай жорсткай з усіх кар было якраз нашэсце саранчы ў 1300 годзе да н. э. Апісваецца, што тады казуркі пакрылі жывым дываном зямлю, траву, дрэвы, і вельмі хутка не засталося ніводнага зялёнага лісціка.

Саранча і пазней станавілася прычынай вялікіх праблем многіх краін і народаў. Напрыклад, у 125 годзе да н. э. яна знішчыла ўвесь ураджай у Нумідыі і Кірэнаіцы, пасля чаго ад голаду памерла 800 тысяч чалавек. А ў 944 годзе ў Багдадзе наляцелых насякомых было так шмат, што яны засланілі сонца і з'елі ўсю зеляніну. І зноў усё скончылася страшным голадам і смерцямі.

Але самае магутнае нашэсце саранчы адбылося ў 1874 годзе ў амерыканскім Канзасе. За некалькі дзён у штаце была знішчана ўся зеляніна. Пасля таго як яе не засталося, пражэрлівыя казуркі пачалі есці... авечую поўсць (прычым проста на жывёлах!), вырабы са скуры і нават фарбу на платах. Саранчы было так шмат, што сваёй колькасцю яна тушыла вогнішчы, у якіх людзі збіраліся яе паліць! Вынайдзены фермерамі спецыяльны пыласос, які засмоктваў насякомых у скрынку, дзе яны гінулі, таксама аказаўся малаэфектыўны. У той страшны год саранча нанесла штату шкоду 200 мільёнаў долараў (тагачасных!). На шчасце, трыльёны лічынак загінулі ў выніку маразоў.

Пустынная саранча — разнавіднасць коніка, якую яшчэ называюць «кабылкай», — звычайна вядзе малаактыўны і адзіночны лад жыцця. Аднак калі арэал саранчы ўшчыльняецца — напрыклад, з памяншэннем колькасці расліннасці ў месцы, дзе яна жыве, — «кабылкі» ператвараюцца ў статкавых насякомых. У гэтай фазе казуркі змяняюць афарбоўку і фарміруюць велізарныя чароды лятучых шкоднікаў.

Як сцвярджаюць у харчовай і сельскагаспадарчай арганізацыі ААН (Food and Agrіculture Organіzatіon, FAO), нават сярэдняя па памерах зграя саранчы за дзень можа з'есці пасевы, якіх дастаткова, каб пракарміць 35 тысяч чалавек. Па звестках ААН, падчас апошняга значнага ўсплёску — рэзкага павелічэння колькасці зграй саранчы — у Заходняй Афрыцы ў 2003–2005 гадах быў знішчаны ўраджай на суму 2,5 мільярда долараў. Але масавыя нашэсці гэтых насякомых здараліся і ў іншыя гады — у 1930-х, 1940-х і 1950-х. Некаторыя з іх ахоплівалі адразу некалькі рэгіёнаў, зграі дасягалі велізарных памераў. Уявіце сабе суцэльную масу саранчы таўшчынёй каля 30 сантыметраў, якая пакідае пасля сябе мёртвую голую зямлю. Тут няма нічога дзіўнага, бо ў сярэднім вялізны рой, які складаецца з двух мільярдаў асобін агульнай вагой каля трох тон, накрывае сабой плошчы да 12 квадратных кіламетраў. У цэлым, паводле ацэнак FAO, пустынная саранча так ці інакш уплывае на жыццядзейнасць кожнага дзясятага чалавека на планеце, што робіць яе самым небяспечным у свеце мігрыруючым шкоднікам.

Рой саранчы настолькі велізарны, што з-за яго ў некаторых афрыканскіх краінах часта адмяняюць цягнікі, бо сутыкненне з казуркамі пагражае катастрофай. Афрыканцы называюць саранчу зубамі ветру з-за яе здольнасці ляцець з хуткасцю да 40 кіламетраў у гадзіну. Здаралася, што зграя раніцай пакідала Марока, а ў начы ўжо знаходзілася ў Партугаліі. Саранча не проста перамяшчаецца па паветры — яна робіць гэта настолькі шумна, што, па сведчаннях лётчыкаў, не чуваць, як працуе матор.

Вельмі трывожна

Прычыны цяперашняга глабальнага нашэсця — цыклоны і залевы 2018–2019 гадоў. Пустынная саранча звычайна жыве ў засушлівых раёнах прыблізна трыццаці краін ад Заходняй Афрыкі да Індыі агульнай плошчай каля 16 мільёнаў квадратных кіламетраў. Але вільготныя, спрыяльныя ўмовы, якія склаліся два гады таму на поўдні Аравійскага паўвострава, дазволілі шкодніку інтэнсіўна размнажацца на працягу трох пакаленняў, сцвярджаюць эксперты ААН. Усплёск развіваўся з 2018-га. Да пачатку мінулага года першыя зграі саранчы накіраваліся ў Емен, Саудаўскую Аравію і Іран. Там яны працягнулі размнажацца і распаўсюдзіліся на Усходнюю Афрыку. Да канца 2019 года новыя зграі сфарміраваліся ў Эрытрэі, Джыбуці і Кеніі. Шкоднікі атабарыліся паабапал Чырвонага мора, дзе спусташалі Егіпет, Судан, Ірак і Емен, а таксама ўздоўж граніцы паміж Індыяй і Пакістанам. ААН ахарактарызавала сітуацыю як вельмі трывожную. У Егіпце, Эрытрэі, Саудаўскай Аравіі, Судане і Емене адбываецца актыўнае размнажэнне шкодніка, якое прывяло да разрастання зграй. Паводле асобных ацэнак экспертаў, колькасць саранчы павялічылася ў сотні разоў!

Эксперты ААН адзначаюць, што сёлета нашэсце стала асабліва буйным, паведаміў нямецкі тэлеканал Das Erste. Велізарныя зграі пустыннай саранчы праклалі сабе дарогу праз Афрыканскі Рог і Паўднёвую Азію. Акрамя афрыканскіх Кеніі, Самалі, Танзаніі, Уганды, Джыбуці, Эфіопіі, Паўднёвага і Паўночнага Судана і Эрытрэі, полчышчы насякомых дабраліся сёлета да манархій Персідскага заліва, а таксама Пакістана, Індыі, Бангладэш.

З нашэсцямі вельмі цяжка змагацца з-за вялізных плошчаў, якія пакрываюць насякомыя. Зграі саранчы на Афрыканскім Рогу яшчэ ўвесну дасягнулі беспрэцэдэнтных памераў і разбуральнага патэнцыялу. Краіны рэгіёна кінулі ўсе сілы на барацьбу з імі. Стрымліванне ўспышкі залежыць ад двух асноўных фактараў — маніторынгу і эфектыўнага кантролю.У FAO працуе служба інфармацыі пра пустынную саранчу. Яна дае прагнозы, мае сістэму ранняга апавяшчэння і папярэджання аб часе, месцы і маштабе нашэсця і размнажэння саранчы. Але калі папуляцыя дасягае крытычных узроўняў, такіх як на Афрыканскім Рогу, патрабуюцца экстранныя меры па яе скарачэнні, а таксама па прадухіленні фарміравання і распаўсюджвання новых навал.

Дыджэі і войска

У Пакістане абвешчана надзвычайнае становішча. Там страты сельскай гаспадаркі ад саранчы могуць дасягнуць 2,2 мільярда долараў для азімых культур і 2,7 мільярда — для яравых. Мінсельгас краіны абвясціў нашэсце саранчы «катастрафічнай пагрозай для эканомікі, сельскай гаспадаркі і харчовай бяспекі Пакістана». Анамальна вялікая колькасць саранчы цяпер у Індыі, дзе мільярдныя полчышчы насякомых паглынаюць пасевы і рухаюцца да сталіцы краіны — Дэлі. Крытычная сітуацыя назіраецца ў шэрагу штатаў. Як паведамляе Natіonal Geographіc, сельская гаспадарка Індыі і так панесла значныя страты пасля неўраджаю з прычыны мусонных дажджоў і пандэміі каранавіруса. А цяпер яшчэ і саранча можа з'есці ацалелыя пасевы.

Індыйскія фермеры ідуць на розныя хітрыкі для таго, каб адпудзіць рой саранчы ад сваіх пасадак. Напрыклад, можна выкарыстоўваць барабанны бой або гучную музыку. Адметна, што больш заможныя фермеры наймаюць для гэтых мэт дыджэяў. Па словах супрацоўніка індыйскага міністэрства сельскай гаспадаркі Аніла Шарму, якія цытуе нямецкі тэлеканал Das Erste, цяпер для Індыі настае вырашальны час: калі сітуацыю не ўдасца ўзяць пад кантроль да надыходу сезона дажджоў, краіну чакаюць вялікія праблемы. Ва ўмовах павышанай вільготнасці колькасць саранчы рэзка ўзрасце.

Іран выкарыстоўвае для змагання з нашэсцем шкоднікаў узброеныя сілы. Паведамляецца, што саранча пагражае знішчыць пасевы коштам больш за 7 мільярдаў долараў. Як заявіў афіцыйны прадстаўнік міністэрства абароны раслін Махамад Рэза Мір, саранча напала больш чым на 200 тысяч гектараў садоў і сельгасугоддзяў, паведаміла інфармацыйнае агенцтва ІLNA.

Хоць цяпер вядуцца даследаванні больш экалагічна чыстых рашэнняў, такіх як біялагічныя пестыцыды або выкарыстанне натуральных ворагаў саранчы, найбольш распаўсюджаным метадам барацьбы з ёй застаецца распыленне традыцыйных пестыцыдаў. Гэта робіцца з дапамогай ручных помпаў, з самалётаў, беспілотнікаў, з наземных транспартных сродкаў. Такія меры дазваляюць знішчыць цэлыя зграі саранчы ў адносна невялікі прамежак часу.

Супрацьстаяць нашэсцю асабліва цяжка ў краінах і рэгіёнах, якія дзесяцігоддзямі не сутыкаліся з небяспечнымі крылатымі шкоднікамі, бо там няма ні інфраструктуры, ні калектыўнай памяці пра тое, як з імі змагацца. «Калі яны вяртаюцца, гэта можа прывесці да панікі», — заўважае старшы супрацоўнік FAO па прагназаванні саранчы Кіт Крэсман. Калі цяперашні ўсплёск працягне перасякаць межы і запаўняць саранчой новыя рэгіёны, знішчаючы пасевы, ён можа быць абвешчаны бедствам.

Другая хваля

Другая хваля нашэсця саранчы ва Усходняй Афрыцы выкліча сур'ёзныя наступствы на кантыненце, які таксама пакутуе ад успышкі каранавіруса. Пра гэта паведаміла ВВС Swahіlі са спасылкай на заяву кіраўніка Афрыканскага банка развіцця. «Здаецца, што тыя, хто змог пазбегнуць COVІD-19, сутыкнуцца з Locust-19 (нашэсцем саранчы. — «Зв.»)», — заявіў Адэсіна Аківумі. Апошняе, да чаго цяпер гатовая Афрыка, гэта недахоп харчавання, падкрэсліў ён. Па звестках FAO, 40 % ад 160-мільённага насельніцтва рэгіёна Афрыканскага Рога пакутуюць ад недаядання. Аднак пасля нашэсця саранчы харчовая бяспека пацерпіць яшчэ больш сур'ёзна.

Праграма інтэнсіўнай падрыхтоўкі разведчыкаў для назірання за перасоўваннямі раёў саранчы пры дапамозе лічбавай платформы eLocust3 запушчана ў Кеніі, заявіў старшыня камітэта па сельскай гаспадарцы пры савеце губернатараў краіны Мутомі Нюкі. Пра гэта паведаміла Daіly Natіon. Пасля таго як даныя ўведзены ў сістэму, яны перадаюцца праз спадарожнік з палявога ўчастка ў нацыянальны цэнтр па барацьбе з саранчой, а таксама ў штаб-кватэру FAO ў Рыме ў рэжыме рэальнага часу. Мутомі Нюкі растлумачыў, што раней у многіх акругах кенійскія ўлады аказаліся не гатовыя да ўварвання пустынных насякомых і вымушаныя былі атрымліваць звесткі аб перамяшчэнні саранчы з мясцовых СМІ. Паводле яго слоў, разведчыкі змогуць даць дакладную інфармацыю з пацярпелых раёнаў, якая дапаможа ўраду прымаць адэкватныя рашэнні.

Алі Біла Вако, 68-гадовы фермер, які працуе на паўночным усходзе Кеніі, спадзяваўся на добры ўраджай збожжа ў гэтым сезоне, таму што дажджы завяршылі працяглы перыяд засухі. Але насякомыя знішчылі яго пасевы кукурузы і бабоў. «Саранча зжэрла большую частку нашых пасеваў, — з горыччу расказаў Вака карэспандэнту ВВС. — А што не з'ела — засохла на корані. Гэта вельмі балюча. Нам так і не давялося пакаштаваць ежы, якая вырасла ў нас на вачах». Праўда, Вака глядзіць на праблему па-філасофску. «Такая Божая воля, — заўважыў кенійскі фермер. — Гэта Яго войска».

Тым часам

Ізраільская фірма ператварыла «кару егіпецкую» ў артыкул даходу

Ці хацелі б вы адчуць сябе Іаанам Хрысціцелем і, магчыма, народам Ізраіля, які 40 гадоў блукаў па пустыні? Тады ешце саранчу, прапануе кампанія Hargol FoodTech на поўначы Ізраіля, якая стала піянерам вырошчвання насякомых для масавага спажывання. У канцы мая кампанія выпусціла ў Злучаных Штатах два гатункі прадуктаў біблейскага бялку. Тых, хто недалюблівае насякомых, гэта, магчыма, здзівіць, але амерыканскія евангелісты скупляюць не толькі энергетычныя батончыкі, зробленыя з аўсянай мукі і перамолатай у парашок саранчы, але і цэлыя слоікі гэтых насякомых. Імі рухае жаданне харчавацца гэтак жа, як жыхары Святой Зямлі 2000 гадоў таму. Пра гэта расказаў Дрор Тамір, гендырэктар кампаніі «Харголь».

Саранча багатая бялком (каля 70 працэнтаў яе вагі), утрыманне вугляводаў у ёй нізкае, а тлушчу практычна няма. Яна таксама змяшчае вялікую колькасць жалеза, цынку, фоліевую кіслату, незаменную для цяжарных жанчын, амега-3, амега-6 і вітаміны. «Чаго там няма? Халестэрыну і насычаных тлушчаў», — адзначыў Тамір. І яшчэ там няма пестыцыдаў. Саранча, з якой «Харголь» вырабляе свае прадукты, вырошчваецца ў няволі і есць толькі свежую траўку. «Сельскагаспадарчая саранча — здаровая і экалагічная крыніца бялку», — дадае кіраўнік кампаніі. Выпуск прысмакаў на аснове саранчы — таксама ў планах кампаніі, а пакуль што Тамір спадзяецца, што вернікі будуць купляць гатовых да ўжывання цэльных насякомых, высушаных у духоўцы пры нізкай тэмпературы, каб захаваць пажыўныя рэчывы. Актыўнымі спажыўцамі могуць таксама стаць міленіялы, якія клапоцяцца не толькі пра сваё здароўе, але і пра навакольнае асяроддзе.

Захар БУРАК

Фота з адкрытых крыніц

Загаловак у газеце: Зубы ветру

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».