Вы тут

Рыфмуецца з «бяда»... Чаму нават уласны досвед не ратуе нас ад трагедый


У дзяцінстве я ледзь не ўтапілася тройчы. Першы раз, яшчэ да школы, мы з суседам Віцькам, пакуль бацькі былі на рабоце, а бабка нечым занялася, накіраваліся на рэчку лавіць «ракушак». Скідваючы калготкі на крутым беразе нашай невялікай рэчкі, я пахіснулася і кулём пакацілася ў ваду. Было мне гадоў пяць, але і сёння памятаю тую жоўта-зялёную каламуць, якая мітусілася перад вачыма, і гул у вушах. Нейкім цудам Віцька — мы з ім равеснікі — мяне з той рэчкі выцягнуў яшчэ да таго, як паспела наглытацца вады. Памятаю, як ішла дадому ў цяжкай мокрай сукенцы, як стукалі ад холаду зубы, як папала вечарам і мне, і суседу ад бацькоў, каб больш не манілася тая рэчка без дарослых...


Вы думаеце, нас надоўга хапіла? Роўна да таго моманту, пакуль не з'явіўся Лягушатнік. У выпрацаваным пясчаным кар'еры за вёскай раптам забілі крыніцы, і ён хутка напоўніўся вадой. Крыніцы біць перасталі гэтаксама раптоўна, вада хутка нагрэлася, і ў гэтай цёплай вялікай лужыне, захінутай ад ветру абрысамі кар'ера, надзвычай добра пачувалі сябе і жабы (такой колькасці апалонікаў, як там, я не бачыла больш ніколі ў жыцці), і дзеці розных узростаў, якія з задавальненнем плюхаліся там цэлымі днямі, што тыя земнаводныя. Дарослыя адпускалі купацца ў Лягушатніку нас, сямі-васьмігадовых, адных — на самым глыбокім месцы там было самае большае вялікаму чалавеку па пояс. Прынамсі, так думалі. Але ўсе забыліся пра крыніцы і пра зыбкі пясок на дне. І аднойчы я, ступіўшы далекавата ад берага там, дзе павінна было быць ад сілы па грудзі, зноў зусім нечакана для сябе ўбачыла тую самую каламуць — толькі ўжо жоўта-рудую — і пачула той самы гул у вушах. Якое там клікаць на дапамогу — я нават войкнуць не паспела. Проста зрабіла крок і знікла пад вадой. І не пісала б сёння гэтых радкоў, калі б дзядзька Пеця, які сядзеў на беразе, сярод суцэльнага дзіцячага гармідару і пырскаў нейкім цудам не ўбачыў, як я ступіла і прапала пад вадой. Памятаю яго моцныя рукі, якія цягнулі мяне з жоўта-карычневага кашмару. Ён у вадзе стаяў, праўда, даходзіла яна яму, чалавеку высокаму, да шыі. Мне ж, сямігадовай, было вышэй за макаўку сантыметраў на трыццаць. Пасля гэтага выпадку дарослыя абследавалі дно бяспечнай, як здавалася, лужыны і высветлілі, што крыніцы павымывалі ямы не ў адным месцы, у некаторых нават даросламу чалавеку было далёка з галавой. Лягушатнік для нас ад бяды падалей закрылі. З цягам часу вада прапала, а кар'ер засыпалі. Ён, дзякуй богу, так і не забраў ніводнай ахвяры, хоць мог бы.promebel.info

Але тут з'явілася возера. Яго зрабілі, перагарадзіўшы дамбай тую самую нашу рэчку. Не стала крутых берагоў, затое з'явілася небяспека схаваная — бетонныя пліты, у якія «апранулі» берагі. Пліты заходзілі ў ваду, і на іх было мелка, а потым, метры праз два-тры, заканчваліся — і адразу пачыналася вялікая глыбіня. Праз колькі часу бетон заплыў нанесеным зверху, з новай дарогі, пяском, і атрымалася гэткая ілюзія мелкаводдзя з пясочкам на дне, дзе дазвалялася купацца нават малым, якія яшчэ не
ўмеюць плаваць. На гэтым самым мелкаводдзі ваша пакорная слуга ўсперлася на вялізнага надзіманага кракадзіла. Адплыла літаральна на паўметра, кракадзіл кульнуўся, а я, апынуўшыся ў вадзе, пачала шукаць нагамі дно, бо іншым дзецям, якія плюхаліся зусім побач, было па пояс. Дно чамусьці не знайшлося (там ужо скончылася бетонная пліта), а перад вачыма закруцілася ўжо знаёмая брудная каламуць. Зноў я танула моўчкі. Гэтым разам мяне цягнуў з вады брат — і ён, і бацькі былі зусім побач. Што, аднак, не перашкодзіла сербануць вады (памятаю, яна пахла балотам і сырой рыбай) і, канешне, спалохацца... Праз пару гадоў на тым жа возеры нас са стрыечнай сястрой дарослыя паўлета і вельмі сур'ёзна вучылі плаваць. Плаваю я даволі нядрэнна, а вось ныраць вельмі не люблю — пэўна, усплываюць у падсвядомасці моманты, калі ледзь не загінула...

Я ведаю, што бачылі перад вачыма, што адчувалі і пра што думалі тыя чацвёра школьнікаў, якіх толькі за першы тыдзень гэтых летніх канікулаў краіна страціла ў вадзе назаўсёды, і пяты, які, магчыма, застанецца інвалідам на ўсё жыццё. Шаснаццацігадовая дзяўчынка ў Хоцімскім раёне, якая, знесеная цячэннем Беседзі, не змагла ўхапіцца за палку, што працягвалі ёй сябры, спрабуючы выратаваць. Пятнаццацігадовы хлопчык з Гомельскага раёна, які на вачах у таварышаў адплыў на возеры далёка ад берага і проста знік пад вадой. Дзесяцігадовая дзяўчынка са Смаргоні, што кінулася ратаваць стрыечную сястру, якая ўпала ў ваду, не ўмеючы плаваць. Сястру яна сумела выштурхнуць на бераг, а сама наглыталася вады і выплыць не змагла. Трынаццацігадовы хлопец з Гродна, які на рацэ падплыў занадта блізка да вадапада. Чатырнаццацігадовы падлетак з Хойніцкага раёна, які на вачах у маці нырнуў у кар'ер і, ударыўшыся аб дно, зламаў шыйныя пазванкі...

Што цікава (а калі дакладней, дык — жудасна) — ведаю тое не толькі я, але і большасць дарослага насельніцтва. У нашай краіне соцень азёр і тысяч рэк хоць раз тануў у дзяцінстве, напэўна, кожны трэці, калі не больш. Пакапайцеся ў сваіх успамінах, распытайце старэйшых — у вашай біяграфіі таксама можа знайсціся падобны «мокры» эпізод. Прычым адбываліся яны ўсе — я ўпэўнена — у адсутнасць ці па недаглядзе дарослых. Не чужых — нашых, родных, хто павінен глядзець і клапаціцца. Чаму ж сёння мы з гэтай нашай памяццю і веданнем адпускаем на рэчку ці возера сваіх дзяцей (пляменнікаў, унукаў) адных, жартаўліва кідаючы ўслед: «Утопішся — дадому не прыходзь!»? Спадзяёмся, што ім, як калісьці нам, пашанцуе?

Яны і не прыйшлі гэтым летам дадому —- ужо чацвёра. «Гэта вельмі шмат для такой краіны, як наша», — скрушна скажа ратавальнік, гледзячы ў камеру. Ці не гэта статыстыка, ці не гэтыя словы — знак усім нам? Вучыцца калі не на чужых памылках, дык на сваіх. Прама тут і прама зараз. «Ніколі не позна» тут зусім не дарэчы.

Алена ЛЯЎКОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».