Вы тут

Дзве гісторыі куплі адзення праз інтэрнэт за адзін месяц


У асабістым кабінеце маёй электроннай пошты рознакалібернымі маркетынгавымі «пушкамі» рабочаму настрою час ад часу пагражае рэклама. Бывала, біла так, што балюча адбівалася ў кішэні. Дзве гісторыі куплі адзення праз інтэрнэт за адзін месяц.


На віртуальных паліцах анлайн-крамы вядомымі лэйбламі вабіў сэканд-хэнд і стокавы тавар. Асартымент для матуль, татаў і дзяцей розных узростаў. Стасункі з новай анлайн-крамай лепш пачаць з рэчаў недарагіх, вырашыла я. Выбралі з дачкой добрую (па фота) блузку для школы. Выглядала як новая, толькі без цэтліка. Аформіць заказ не змагла — усплыло папярэджанне: адпраўляем толькі пры вазе спажывецкай карзіны не менш, чым 15 рублёў. Блузка тая была і так самай таннай у даччыным роставым сегменце, а знайсці штосьці карыснае і недарагое складана. Тут бы спыніцца.

Не, спрацавала мацярынскае жаданне набыць іншую рэч і для малодшай — сёстры ж разам будуць адкрываць пасылку. Унутраны шапаголік-пачатковец суцяшаў: «Так, нічога з выбранага цяпер не патрэбна, але ж няхай навыраст будзе — некалі спатрэбіцца». Дзве рэчы «заважылі» крыху больш за 15 рублёў. Потым трэба было вызначыць, якім чынам я атрымаю пасылку. Выбрала аплату па факце на пошце.

Праз два дні на мабільніку «ціўкнула» паведамленне ад сэрвісу дастаўкі: «На ваша імя прыбыло адпраўленне, перайдзіце па спасылцы для выбару даты і часу дастаўкі». Быў пазначаны і тэлефон для даведкі, але не пошты. Я чамусьці патэлефанавала не па ім, а сяброўцы, якая дзвюх дачок доўгі час апранае праз анлайн-сэканд-хэнды. Пыталася ў яе, што за паслуга па дастаўцы, колькі каштуе. Яна запэўніла, што ў яе на
пошце ёсць такая практыка: паштальён дастаўляе да дзвярэй, ты аддаеш грошы за пасылку, плюс кошт перасылкі і пэўную суму за дастаўку.

На памяць прыйшла мая паштальёнка Клаўдзія, што носіць газету. Думаю, добра, падтрымаю сваё паштовае адзяленне платнай паслугай. Да таго ж, сітуацыя эпідэміялагічная, чаго лішні раз выпрабоўваць здароўе ў чарзе?

Праз колькі гадзін патэлефанавалі. Не Клаўдзія. У трубцы кур'ер сэрвісу дастаўкі ўдакладніў адрас і папярэдзіў, што хутка будзе. Прыехаў на машыне, аздобленай лагатыпамі буйной гандлёвай сеткавай кампаніі. Запатрабаваў пашпарт, працягнуў дакумент, каб запоўніла, пасля дадаў: «З вас 22 рублі».

Аддала. Дома дзеці патрашылі пакунак, а мяне біла ў скроні — вось, купіла блузачку. Пачалася спажывецкая рэфлексія. Узнікла жаданне на кагосьці перакласці частку адказнасці за такі анлайн-шопінг. Расло абурэнне, у галаве вірыліся пытанні да невядомага прадаўца: чаму не папярэдзілі, колькі будзе каштаваць паслуга дастаўкі кур'ерам, адкуль у сэрвісу дастаўкі мае пашпартныя даныя, як цяпер пасрэднік гэты перавядзе грошы прадаўцу, бо гэта ж не плацеж па пошце.

На другі дзень вырашыла разабрацца: ці магла я, як спажывец, адмовіцца ад пасылкі. Мне ж не была загадзя растумачана поўная інфармацыя аб паслузе.

Як казала мая бабуля, усе разумныя задам. Толькі цяпер я ўнікла ў інфармацыю на сайце прадаўца, дзе вельмі падрабязна тлумачацца ўсе нюансы дастаўкі і іх кошт. Адмовіцца ад пакупкі немагчыма, бо на сайце ёсць памеры рэчаў, іх шматлікія фатаграфіі і апісанне. Пункт незвароту — націск на кнопку «аформіць заказ».

Прадаўцу можна было б паставіць у віну толькі непрыхаваную рэкламу сэрвісу дастаўкі пасылкі ў процівагу традыцыйнаму паштоваму адпраўленню, карысць для пакупніка якога анлайн-крама ставіла пад сумненне. Кошт дастаўкі трэба абавязкова ўдакладніць самастойна загадзя.

Пасля анлайн-шопінгу было адчуванне, што мяне надурылі: спрацавалі маркетынгавыя прынады.

І ўсё ж праз тыдзень зноў трапіла ў псіхалагічную пастку анлайн-шопінгу. На сайце бясплатных аб'яў цяпер шукала самыя дарагія прапановы дзіцячага адзення, бо, палічыла, цана павінна адпавядаць якасць. Натрапіла на ўжываную куртачку для дачкі. Прапанова з фота ў прадаўца з інтэрнэту: «рэч ношаная, але ў выдатным стане. Выбачайце, сучасны здымак зрабіць не магу, таму дасылаю аналагічны з сеціва». Прадавец патрабавала поўную перадаплату. Я пагадзілася, заплаціла 50 рублёў. Яшчэ пяць аддала за перасылку па пошце.

Пасылка прыйшла ў Гомель з Баранавіч. У пакунку ляжаў плашчык, які ўвогуле не падышоў па памеры. Да таго ж ён быў у шматлікіх плямах, падол, здаецца, увогуле перашываўся. Дачка нават мераць спачатку адмаўлялася. Потым апранула з нямым пытаннем у вачах: навошта мне такое? Я думала, што ж нарабіла. Ужо пралічвала: купіць плямавыводнік, а мо абрэзаць плашчык, каб плямы па нізе рэчы не кідаліся так у вочы? Потым пачытала на форумах: ці можна вярнуць грошы і адправіць пакупку назад адпраўніку. Больш як паўсотні каментарыяў людзей, якія спрабавалі вярнуць тавар, выносілі вердыкт — не! Хтосьці пісаў, што адпраўнік тэлефон назойлівага пакупніка дадае ў чорны спіс ці проста не рэагуе на звароты аб вяртанні. Хтосьці прапанаваў «закідаць» дрэннымі водгукамі прадаўца ў сеціве і сапсаваць яго рэпутацыю.

Сайт жа бясплатных аб'яў папярэджваў, што не нясе адказнасці за набыццё тавару, бо перад пакупкай у спажыўца ёсць магчымасць атрымаць падрабязную інфармацыю аб ім, можна загадзя дамовіцца аб вяртанні рэчы ці замене.

Я пратрымалася два дні, а потым патэлефанавала дзяўчыне — прадаўцу плашчыка. Вельмі спакойна растлумачыла: рэч з плямамі, здаецца, ад алею, мне непрыемна, што мы абедзве апынуліся ў няёмкім становішчы, аднак пакінуць рэч сабе не магу. Прапанавала аплаціць адваротную перасылку. Яна так жа спакойна пагадзілася і папрасіла ў мяне прабачэння. Грошы перавяла на маю карту.

Дачка засталася без абноўкі, а я заплаціла двойчы за перасылку і ўпакоўку адваротнай пасылкі. На памяць засталіся толькі чэкі, якія цяпер, дарэчы, дапамаглі напісаць гэты артыкул. Ці хутка спакушуся зноў на танную і хітрамудрую прапанову ў сеціве?

Наталля КАПРЫЛЕНКА

Загаловак у газеце: Асваенне анлайн-шопінгу

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Сёння распачынае работу УНС у новым статусе

Сёння распачынае работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек збяруцца, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.