Вы тут

Як на Палессі водзяць «Кусту» і хлеб пякуць


20 чэрвеня творчая група праграмы «Жывая культура» запрашае гледачоў «Беларусь 3» паназіраць за старадаўнім абрадам «Ваджэнне Кусты», запіс якога адбыўся на свята Святой Тройцы ў аграгарадку Лобча Лунінецкага раёна.


Здымачная група сацыякультурнага тэлеканала разам з вядучай Кацярынай Ваданосавай працягваюць ствараць жывую відэаэнцыклапедыю па старонках спіса нематэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцяў Беларусі. Чарговым пунктам назначэння творчай экспедыцыі стаў аграгарадок Лобча, дзе дагэтуль на другі дзень Святой Тройцы мясцовыя жыхары ладзяць старажытнаславянскі абрад — «Ваджэнне Кусты».

«Кустай» палешукі з даўніх часоў называюць дзяўчыну, адну з самых прыгожых у вёсцы, у святочны дзень абвітую паверх традыцыйнага адзення галінкамі і свежым зялёным лісцем, з вялікім вянком на галаве — яна сваім вобразам увасабляе не толькі юнацтва, але і непарыўную сувязь з продкамі. Праз абрад, які суправаджаецца шанавальнымі траецкімі спевамі, дзяўчына далучаецца да жанчын старэйшага пакалення і сімвалічна ўваходзіць у дарослае самастойнае жыццё. Святочная працэсія на чале з «Кустай» наведвае сялянскія двары, жадаючы гаспадарам здароўя, дабрабыту і багатага ўраджаю. Лічыцца, што там, дзе пабывала «Куста» на Святую Тройцу, усё будзе добра, і таму паўсюль ёй адчыняюць дзверы.

Убачыць аўтэнтычны абрад тэлегледачы сацыякультурнага тэлеканала змогуць у суботу, 20 чэрвеня, а 10-й гадзіне. А 27 чэрвеня ў новым выпуску праграмы тэлегледачы даведаюцца пра традыцыю выпечкі грачанага хлеба ў вёсках Маларыцкага раёна.

Нагадаем, што праект «Жывая культура» выходзіць на «Беларусь 3» з чэрвеня 2018-га. За гэты час свет убачыла больш за 50 арыгінальных выпускаў. Кожная новая праграма распавядае пра асобны элемент спіса нематэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцяў, уключанага ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў Беларусі (сёння ён складаецца з 92 элементаў). У далейшым творчая група «Жывой культуры» плануе ахапіць усе элементы спіса, а таксама тыя, што будуць дапаўняцца з цягам часу.

Алена ДРАПКО

Выбар рэдакцыі

Эканоміка

Як абараняцца ад рыэлтараў, якія не хочуць працаваць па законе

Як абараняцца ад рыэлтараў, якія не хочуць працаваць па законе

Лiцэнзiя агенцтва «Гатовыя рашэннi» скасавана, «Iмперыi нерухомасцi» — прыпынена, а «Тваёй сталiцы» выпiсана прадпiсанне.

Палітыка

Аляксандр Лукашэнка: Гэта адна з самых складаных выбарчых кампаній

Аляксандр Лукашэнка: Гэта адна з самых складаных выбарчых кампаній

Кіраўнік дзяржавы прагаласаваў на выбарах Прэзідэнта.

Грамадства

Медыцынскі агляд у віцебскіх газавікоў ажыццяўляе... робат

Медыцынскі агляд у віцебскіх газавікоў ажыццяўляе... робат

А наведвальнiкаў крамы кансультуе выява спецыялiста.