Вы тут

Каранік: Трэба спадзявацца, што другой хвалі COVID-19 не будзе, але рыхтавацца да яе трэба абавязкова


Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка абмеркаваў сёння з міністрам аховы здароўя Уладзімірам Каранікам пытанні гатоўнасці айчыннай сістэмы аховы здароўя да магчымай другой хвалі эпідэміі новага каранавіруса.


Прэзідэнт адзначыў, што цяпер у свеце шмат размоў аб магчымасці другой хвалі пандэміі.

«Так, пакуль не зусім гэта ясна, зразумела, але калі другая хваля, то наш шлях — гэта абсалютна той шлях, якім павінны былі ісці ўсе дзяржавы», — упэўнены Аляксандр Лукашэнка.

Магчымасць другой хвалі абмяркоўваецца зараз на ўсіх узроўнях, адзначыў журналістам міністр па выніках сустрэчы з лідарам краіны. У прыватнасці, Сусветная арганзіацыя аховы здароўя лічыць, што яна непазбежная.

«Пытанне толькі ў тым, наколькі яна будзе цяжкай, і наколькі закране нармальную жізнедзейнасць грамадства», — сказаў Уладзімір Каранік.

Пры гэтым ён выказаў надзею, што другой хвалі не будзе, бо шэраг экспертаў гавораць пра гэта.

«Але рыхтавацца да яе трэба абавязкова, — падкрэсліў міністр. — Зноў жа, асноўныя захады, якія рэкамендуюцца — адсочваць кантакты першага ўзроўню (тое, што мы з самага пачатку рабілі ў нашай краіне), быць гатовым да аказання медыцынскай дапамогі хворым (тут у нас таксама няма праблем), і быць гатовым да ўвядзення пэўных абмежаванняў (у нас і зараз пэўныя абмежаванні дзейнічаюць, але неабходнасць больш жорсткіх мы не бачым, бо не маем прыкмет перагрузкі сістэмы аховы здароўя)».

Уладзімір Каранік заўважыў, што інстынкт самазахавання ў беларусаў зніжаецца, таму зноў нагадаў пра базавыя прынцыпы: неабходнасць мыць рукі, захоўваць сацыяльнае дыстанцыяванне, абараняць сябе і найбольш уразлівыя катэгорыі грамадзян, якім рэкамендавана пазбягаць месцаў масавага збору людзей.

«У цэлым мы бачым, што добрае надвор’е і павышэнне актыўнасці нашых грамадзян пакуль негатыўна не адбіваецца на эпідэміялагічнай сітуацыі», — дадаў міністр.

На просьбу журналістаў ацаніць эфектыўнасць абранага Беларуссю шляху барацьбы з пандэміяй, Уладзімір Каранік адказаў наступным чынам: «Поўныя параметры эфектыўнасці можна будзе ацаніць, калі эпідэмія скончыцца, будуць праведзеныя папуляцыйныя даследванні, выяўлена колькасць людзей, якія маюць імунітэт, падлічаны паказчыкі лятальнасці... Калі браць статыстычныя паказчыкі, па колькасці выкананых тэстаў на мільён жыхароў мы ўваходзім у дзясятку краін свету. Паказчыкі лятальнасці ў нас адны з лепшых. І асноўнае — мы не дапусцілі перагрузкі сістэмы аховы здароўя».

Па словах міністра, у беларускіх рэаніматолагаў ніколі не было цяжкага выбару: каго з пацыентаў падключаць да апарату ШВЛ.

«Нават у самы актыўны перыяд эпідэміі ў нас было задзейнічана менш за 15 працэнтаў ад парка наяўных апаратаў ШВЛ», — паведаміў ён.

Але асноўная перавага абранага беларускай дзяржавай шляху, па словах міністра, у тым, што такія мерапрыемствы могуць праводзіцца доўга пры мінімальным умяшанні ў жыццядзейнасць людзей.

«І калі нехта нас папракае тым, што іншыя краіны, у адрозненні ад нас, ратавалі не эканоміку, а людзей, то нас гэта крыўдзіць. Мы таксама ратавалі людзей. Толькі распачалі рабіць гэта раней. Калі захавалі санітарна-эпідэміялагічную службу і пастаянна яе разівалі — мы захоўвалі людзей, а не эканоміку. Бо многія лічылі эканамічна немэтазгодным утрымліваць такую моцную службу, бо чалавецтва ўжо не бачыць эпідэмій халеры, брушнога тыфу, чумы і іншых захворванняў, якія раней забіралі вельмі шмат жыццяў».

Па словах Караніка, гэта тычыцца і захавання ложкавага фонду ў бальніцах.

«Нас цяжка параўноўваць з многімі заходнімі краінамі, бо ў нас іншая сістэма аховы здароўя, — дадаў міністр. — У нас іншыя падыходы. І яна дазваляла ісці гэтым шляхам і не рабіць цяжкі выбар: ратаваць людзей або эканоміку».

Што тычыцца другой хвалі эпідэміі, то, пасля аналізу вузкіх месцаў, магчымых рызыкаў, сістэма аховы здароўя краіны стварае запасы сродкаў індывідуальнай абароны, пашырае магутнасць спецыялізаваных лабараторый, працягвае абнаўленне сістэм кіслароднай падтрымкі, дыягнастычных магчымасцяў.

«Падпісана дамова з Сусветным банкам, вядуцца перагаворы з Еўрапейскім інвестыцыйным банкам пра закупку і тамографаў, і машын хуткай дапамогі», — праінфармаваў Уладзімір Каранік.

Міністр таксама падзяліўся меркаваннем, што ў Беларусі дастаткова значная колькасць людзей мае спецыфічны імунітэт, што дазваляе прагназаваць другую хвалю эпідэміі менш цяжкой, чым першая.

Вольга МЯДЗВЕДЗЕВА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?