Вы тут

Чым карысная асабістая ініцыятыва, як нараджаюцца законы і чаго не хапае звычайнаму дэпутату


Начальнік Магілёўскага інстытута МУС генерал-маёр міліцыі Валерый Палішчук чалавек рознабаковых інтарэсаў. На любую тэму ў яго абавязкова знойдзецца прыклад з жыцця. Бо па родзе сваёй дзейнасці ён якімі толькі праблемамі ні займаўся. І хоць дэпутатам стаў упершыню, вопыт работы з насельніцтвам мае вялікі. Прафесія міліцыянера наогул чымсьці пераклікаецца з дэпутацкімі паўнамоцтвамі. У абодвух выпадках неабходна займацца абаронай інтарэсаў грамадзян.


Трэба быць прыкладам

— Люблю канкрэтны вынік і не цярплю фармалізму, — кажа ён. — Калі нешта абяцаюць, але не робяць, гэта мяне абурае. Да любога чалавека трэба ставіцца з павагай. У душы кожны з нас чымсьці незадаволены. Аўтобус спазніўся, злуёмся, трэба ў чарзе пастаяць, таксама пачынаем «качаць» правы. Але мы павінны разумець, што нічога гладка ў жыцці не бывае, дзесьці трэба пачакаць, пацярпець. У маёй практыцы было шмат выпадкаў, калі прыходзілася ўрэгулёўваць канфліктныя сітуацыі. З людзьмі трэба размаўляць, кім бы яны ні былі. А яшчэ важна пазбягаць стэрэатыпаў і глыбей унікаць у сутнасць справы. Вось, напрыклад, прыехалі ў Мсціслаў некалькі ўкраінцаў, просяць зямлі, каб займацца ўласнай справай. А чаму б і не? Трэба даваць магчымасць працаваць ініцыятыўным людзям, каб іншыя бралі прыклад. Мае бацькі паехалі ў свой час асвойваць казахстанскія стэпы. Бацька ўсё жыццё ганарыўся медалём за падняцце цаліны, які яму Леанід Брэжнеў уручыў. Людзі мэтанакіравана ехалі туды, дзе цяжэй, бо ведалі, што робяць гэта для сваіх нашчадкаў. І імёны дзецям давалі з сэнсам, а не так, як зараз, для прыгажосці. Напрыклад, мяне назвалі ў гонар Валерыя Быкоўскага, які якраз паляцеў у космас, калі я нарадзіўся. Гэта была традыцыя, у гонар найлепшых называць. Каб было потым з каго браць прыклад. Вось і дэпутат павінен быць чалавекам, з якога іншым хацелася б браць прыклад.

Пра ролю дэпутатаў

Як член пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па заканадаўстве і дзяржаўным будаўніцтве, Валерый Палішчук актыўна ўдзельнічае ў заканатворчасці. Інстытут, якім кіруе, лічыцца адным з вядучых у краіне па навуковай дзейнасці. У штаце шмат выкладчыкаў з навуковымі ступенямі, на рахунку некаторых з іх запатэнтаваныя распрацоўкі, прымяненне якіх дазваляе істотна знізіць колькасць злачынстваў. Ледзь не з першага курса ў навуковую дзейнасць уцягнуты і курсанты. Яны дэманструюць вельмі высокі ўзровень ведаў у міжнародных алімпіядах і навукова-даследчых конкурсах. Што датычыцца навуковай дзейнасці ВНУ цесна супрацоўнічае амаль з трыццаццю падобнымі ўстановамі Расіі, краін СНД і далёкага замежжа. Да пагаршэння эпідабстаноўкі інстытут рэгулярна прымаў дэлегацыі ад сваіх замежных партнёраў або дэлегаваў сваіх прадстаўнікоў для ўдзелу ў разнастайных канферэнцыях і семінарах. Зараз гэтыя сустрэчы не прыпыніліся, але перайшлі ў анлайн-фармат. Валерый Палішчук таксама паклапаціўся, каб усе пытанні, якія падымаюцца ў парламенце, уважліва вывучаліся і абмяркоўваліся і ў сценах інстытута.

— Цяпер практыкуюцца сумесныя з Саветам Рэспубліцы канферэнцыі анлайн, — расказвае сенатар. — На адной з іх мы нядаўна абмяркоўвалі палажэнні Грамадзянскага кодэкса аб інтэлектуальнай уласнасці. З нашага боку ўдзельнічала некалькі кандыдатаў навук. А на мінулым тыдні адбыўся круглы стол анлайн, на якім абмяркоўвалі рэалізацыю закона «Аб нарматыўных і прававых актах». Удзел бралі рэктары, кандыдаты навук, прафесары. Адны выступаюць з дакладамі, астатнія аналізуюць. У заканатворчасці задзейнічана шмат людзей, прыцягваецца вялікая колькасць экспертаў. Адзін голас там нічога не вырашае. Напрыклад, калі прымалі Закон «Аб амністыі ў сувязі з 75-годдзем Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне 1941—1945 гадоў», абмяркоўвалі кожны нюанс. Галоўнае, каб у спіс датэрмінова вызваленых не трапілі тыя, хто асэнсавана здзяйсняў злачынства. Памятаю, як аднойчы да мяне падышоў бацька наркагандляра з абурэннем, што яго сын наркотыкі не ўжываў, а толькі распаўсюджваў, а яму за гэта 8 гадоў далі. За што, маўляў? А тое, што малады чалавек рабіў грошы на чужым горы, яго не хвалявала. А бывае, што на лаву падсудных трапляе чалавек, які апынуўся, як той казаў, не ў тым месцы і не ў той час. Ён сабе толькі дрэнна зрабіў і ўжо сто разоў пашкадаваў пра гэта. Чаму ж яго не вызваліць датэрмінова?

Дабрачыннасць перш за ўсё

Мсціслаў, Дрыбін і Горкі — гэта тыя акругі, у якіх працуе сенатар. Акрамя рэгулярных прыёмаў грамадзян, інстытут міліцыі з лёгкай рукі Валерыя Палішчука пачаў шэфстваваць над спецыяльнай агульнаадукацыйнай школай-інтэрнатам для дзяцей з цяжкімі парушэннямі мовы ў Мсціславе, над Мацюцкім яслямі-садам у Горацкім раёне і шматдзетнай сям'ёй Жукавых у Дрыбіне. Гэта значыць, што да ўсіх свят і не толькі тут могуць разлічваць на салодкія падарункі і дапамогу. Дзеці з нецярпеннем чакаюць да сябе ў госці курсантаў з іх канцэртамі. А для сям'і з Дрыбіна сюрпрызам стаў набыты за кошт уласных сродкаў інстытута МУС музычны цэнтр.

— Калі нешта аддаеш, сам атрымліваеш ад гэтага задавальненне, — кажа Валерый Палішчук. — Асабліва, калі дапамога адрасаваная дзецям. У Магілёве мы таксама апякуем спецыялізаваны Дом дзіцяці. Да свят заўсёды прывозім цукеркі і розныя падарункі. Месяц таму завезлі ім некалькі скрынь цацак, посуд, фарбы для касметычнага рамонту, дыванкі. Для кожнага, хто працуе ў нашым ведамстве, справа гонару прыйсці на дапамогу ў цяжкай сітуацыі. Асабліва, калі гэта датычыцца праблем са здароўем. Ніводны афіцэр не адмовіцца ўнесці колькі грошай у агульную скарбонку, нават курсанты ўбаку не застаюцца. Дапамагаем і сваім, і іншым. Калі наша ведамства ў сувязі з каранавірусам аб'явіла акцыю «Міліцыя медыкам», мы адразу ж далучыліся. Курсанты і супрацоўнікі сабралі звыш 1,6 тысячы рублёў, каб перадаць у Магілёўскую інфекцыйную бальніцу і гарадскую бальніцу хуткай медыцынскай дапамогі.

Асабіста для мяне вельмі важна, каб і супрацоўнікі, і курсанты былі здаровыя. Таму мы адразу ж пасля аб'яўлення небяспечнай эпідабстаноўкі ў краіне ўвялі строгія меры прафілактыкі. Гэта абавязковая дэзынфекцыя рук і абутку на ўваходзе ў ВНУ, маскі, бяспечнае дыстанцыяванне, анлайн-лекцыі.

Скаргі таксама бываюць розныя

Прыходзіцца генералу займацца і такімі жыццёвымі пытаннямі, як падсыпка дарог, прыватызацыя нерухомасці, нават змагацца з браканьерствам. Адным словам, унікаць ва ўсе тыя пытанні, якія насельніцтва ставіць перад народнымі абраннікамі. І не рэдкасць, калі на прыёмы прыходзяць адны і тыя ж людзі, заўважае суразмоўнік. Вось толькі адзін прыклад. Пажылая жыхарка атрымала на пошце перавод і дзесьці згубіла тыя грошы. Яна заняла пазіцыю, што грошай не бачыла і подпіс на чэку не яе, а касіра. Прайшла праверка, зрабілі экспертызу чэка, абвінавачанні пенсіянеркі не пацвердзіліся. Але яна з такім адказам не пагадзілася і пачала скардзіцца далей, у больш высокія інстанцыі. Была прызначана яшчэ адна экспертыза, за якую ёй прыйшлося аддаць вялікую суму грошай. Вынікі зноў былі не на яе карысць, але гэта жанчыну не пераканала. Калі Валерый Палішчук праводзіў ў Мсціславе свой першы ў якасці сенатара прыём грамадзян, пенсіянерка паспяшалася зноў вырашыць сваё пытанне. Як высветлілася, гэтай скарзе ўжо пяць гадоў. Хоць бывае, што людзям даюць сапраўды фармальныя адказы. Як гэта было з адной жанчынай, якая хацела памяняць вокны. Высветлілася, што ёй танней было спачатку прыватызаваць дом і мяняць вокны на правах уласніцы жылля. Складанасць была ў тым, што дом стаяў на балансе калгаса, а не банка, як усе лічылі. І сума прыватызацыі аказалася не такой вялікай, як меркавалася. Жанчына нарэшце вырашыла сваё пытанне, хоць гэта магло адбыцца значна раней. Проста сенатар аднёсся да справы як вопытны праваахоўнік, для якога справа гонару дакапацца да самай сутнасці.

Нэлі ЗІГУЛЯ

Фота з архіва Магілёўскага інстытута МУС

Загаловак у газеце: Канкрэтны вынік і без фармалізму...

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.