Вы тут

Экзаменатары будуць у масках і пальчатках, абітурыенты — па жаданні


Тэрмін выдачы пропускаў на ЦТ абітурыентам, якія ў вызначаныя тэрміны запоўнілі электронную анкету і аплацілі рэгістрацыйны ўзнос за ўдзел у ЦТ, але не змаглі іх забраць па прычыне хваробы або вымушанай самаізаляцыі, падоўжаны да 25 чэрвеня. Пра гэта на сустрэчы з журналістамі паведаміла намеснік дырэктара Рэспубліканскага інстытута кантролю ведаў Наталля ВАЙЦЯХОВІЧ.


Фота Ганны Занкавіч.

Таксама замест абітурыента пропуск можа атрымаць яго прадстаўнік пры наяўнасці дакумента, які пацвярджае ўважлівую прычыну, па якой сам абітурыент не змог гэта зрабіць. Натарыяльна завераная даверанасць для гэтага не патрабуецца.

Пры правядзенні ЦТ будуць выконвацца ўсе неабходныя санітарна-эпідэміялагічныя патрабаванні.

«Мы дакладна ведаем, што ЦТ — экзамен з высокімі стаўкамі. Таму заўсёды асаблівая ўвага надавалася падбору аўдыторыі для таго, каб абітурыентам было камфортна працаваць над тэстам. У гэтым годзе патрабаванні сталі больш жорсткімі, — падкрэсліла Наталля Вайцяховіч. — Яны тычацца ў першую чаргу рассаджвання абітурыентаў — з захаваннем дыстанцыравання не менш за 1 метр. Гэта, вядома, запатрабавала задзейнічаць досыць вялікую колькасць дадатковых аўдыторый. Акрамя таго, у кожным памяшканніі павінна быць праведзена старанае прыбіранне з выкарыстаннем дэзіфектантаў. Абавязковая таксама наяўнасць антысептыкаў: каля ўваходу ў пункт тэсціравання, каля ўваходу ў экзаменацыйную аўдыторыю і непасрэдна ў аўдыторыі».

Арганізатары ЦТ будуць працаваць у масках і пальчатках. «Мы вітаем, калі і абітурыенты будуць таксама выкарыстоўваць сродкі індывідуальнай абароны. Калі па нейкай прычыне абітурыент забыўся пра іх, але жадае імі скарыстацца, у кожным пункце будзе створаны рэзерв», — адзначыла намеснік дырэктара Рэспубліканскага інстытута кантролю ведаў.

Наталля Вайцяховіч звярнула ўвагу, што, як і ў ранейшыя гады, прапускны рэжым абітурыентаў у пункт правядзення тэсціравання будзе ажыццяўляцца па дакументах, якія сведчаць асобу: размова ідзе пра пашпарт, від на жыхарства ці пасведчанне бежанца. «Варта заўважыць, што кожны год некаторыя абітурыенты спрабуюць патрапіць на экзамен, выкарыстоўваючы пасведчанне кіроўцы ці іншыя дакументы. Яшчэ раз паўтару: усе астатнія дакументы, акрамя трох пералічаных, не з’яўляюцца дакументамі, па якіх можна трапіць на ЦТ», — дадала яна.

Некалькі апошніх гадоў абітурыентам прадастаўляецца права здаваць чатыры экзамены ў форме ЦТ. Пры гэтым у прыёмную камісію па-ранейшаму падаюцца тры сертыфікаты. У гэтым годзе кожны трэці абітурыент абраў у якасці ўступных выпрабаванняў чатыры навучальных прадмета. Самая вялікая колькасць абітурыентаў пажадалі здаваць рускую мову ( на яе зарэгістравалася больш за 52 тысячы чалавек), матэматыку (звыш 34 тысяч), а таксама замежныя мовы. Лідарам сярод замежных моў з’яўляецца англійская, на якую зарэгістраваліся 23 тыс. 549 абітурыентаў.

Цэнтралізаванае тэсціраванне стартуе ў краіне 25 чэрвеня. Наталля Вайцяховіч звярнула ўвагу на тую акалічнасць, што пад тэсціраванне па рускай мове і матэматыцы сёлета адводзіцца два дні. Усе абтурыенты былі падзелены на два патокі. У часткі абітурыентаў дата праходжання ЦТ указана ў пропуску згодна з ранейшым графікам. А ў другой часткі прэтэндэнтаў на студэнцкі білет, якія афармлялі пропускі ўжо пасля зацвярджэння новага графіку, указана новая дата. На сайце Рэспубліканскага інстытута кантролю можна знайсці табліцу адпаведнасці дат правядзення ЦТ, указаных у пропусках у абітурыентаў, і новых дат правядзення цэнтралізаванага тэсціравання. І калі ў пропуску ўказана дата 15 чэрвеня, значыць, здаваць рускую мову трэба 26 чэрвеня. Калі абітурыент прыйдзе у пункт тэсціравання 27 чэрвеня, ён не зможа здаць гэты прадмет. Самастойная замена дат недапушчальная.

Таксама Наталля Вайцяховіч назвала ўважлівыя прычыны для праходжання ЦТ у рэзервовыя дні:

«Ёсць так званы адкрыты пералік прычын, якія з’яўляюцца падставай для допуску абітурыента да здачы ЦТ у рэзервовыя дні. Лістом Міністэрства адукацыі канкрэтызаваны гэтыя прычыны. У пералік уважлівых нароўні з хваробай патрапіла і знаходжанне абітурыента на самаізаляцыі, — праінфармавала Наталля Вайцяховіч. — Пры гэтым да здачы ў рэзервовыя дні дапускаюцца толькі тыя абітурыенты, якія зарэгістраваліся на ЦТ у вызначаныя тэрміны (з 2 мая па 1 чэрвеня), але па ўважлівай прычыне не змаглі на ім прысутнічаць. Тэрміны рэгістрацыі абітурыентаў для праходжання цэнтралізаванага тэсціравання ў рэзервовыя дні — з 12 па 17 ліпеня».

Наталля Вайцяховіч таксама нагадала, што ў гэтым годзе павялічылася колькасць пунктаў правядзення цэнтралізаванага тэсціравання ў рэзервовыя дні. Калі раней гэта быў толькі Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт, то сёлета ЦТ у рэзервовыя дні будзе праходзіць таксама на базе ВНУ — каардынатараў ЦТ у кожным абласным цэнтры: гэта Беларуска-Расійскі ўніверсітэт, Брэсцкі дзяржаўны тэхнічны ўніверсітэт, Віцебскі дзяржаўны тэхналагічны ўніверсітэт, Гомельскі дзяржаўны тэхнічны ўніверсітэт імя П. В. Сухога і Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы.

Рэзервовымі днямі для здачы ЦТ па беларускай і рускай мовах зацверджаны 19 і 21 ліпеня. Для грамадазнаўства, матэматыкі, біялогіі, замежных моў (англійскай, нямецкай, французскай, іспанскай, кітайскай), хіміі, фізікі, гісторыі Беларусі, геаграфіі, сусветнай гісторыі найноўшага часу рэзервовымі днямі будуць 19 і 23 ліпеня.

Сертыфікаты цэнтралізаванага тэсціравання ў пунктах яго правядзення абітурыентам пачнуць выдаваць з 24 ліпеня, а тым, хто здаваў ЦТ у рэзервовыя дні, — з 29 ліпеня.

Надзея НІКАЛАЕВА

Фота Ганны ЗАНКАВІЧ

Выбар рэдакцыі

Культура

Кіно, якога не чакалі — 3. Завяршаем падборку драйвовых беларускіх фільмаў

Кіно, якога не чакалі — 3. Завяршаем падборку драйвовых беларускіх фільмаў

Сфера культуры ярчэй за іншыя паказвае, што калі не працуюць традыцыйныя схемы, прыходзіцца шукаць чорны ўваход. Пошукі часам нараджаюць эксперыменты і выкруты, якія абыходзяць абмежаванні, патэрны і завядзёнку і становяцца найлепшымі знакамі свайго часу. 

Грамадства

Як новыя дасягненні вучоных паляпшаюць якасць жыцця і здароўя чалавека?

Як новыя дасягненні вучоных паляпшаюць якасць жыцця і здароўя чалавека?

Па прагнозах спецыялістаў, не менш як 20 працэнтаў ад аб'ёму тавараў у XXІ стагоддзі будзе за біятэхналогіямі.

Грамадства

Збіраем гардэроб школьніка разам са стылістам

Збіраем гардэроб школьніка разам са стылістам

Пошукі і набыццё «школьнай формы», як па старой звычцы кажуць мамы і таты, — тая яшчэ галаваломка! 

Грамадства

Медыцынскі агляд у віцебскіх газавікоў ажыццяўляе... робат

Медыцынскі агляд у віцебскіх газавікоў ажыццяўляе... робат

А наведвальнiкаў крамы кансультуе выява спецыялiста.