Вы тут

#Добрыя людзі


Жывучы ў маладым і густанаселеным раёне сталіцы, за дзесяць гадоў мне разам з дзецьмі давялося качаваць па садках — якраз нядаўна падлічыла, на нашым рахунку іх ажно шэсць, а груп яшчэ больш. І, канешне, кожны раз хацелася знайсці «сваю» выхавацельку, дзякуючы якой адаптацыя ў малых праходзіла б лягчэй, а бацькі на рабоце спакойна выконвалі свае працоўныя абавязкі, а не перажывалі, з якой істэрыкай і «ля скандаль» давядзецца забіраць дзіця ўвечары.


Атрымлівалася, як вы разумееце, з пераменным поспехам: кагосьці больш цікавілі запоўненыя паперы і здадзеныя ў апякунскі камітэт грошы, чым апетыт, настрой і паводзіны дзяцей (мадэль «іх многа, а я адна»), хтосьці, наадварот, стараўся больш абмяркоўваць з бацькамі дзіцячую псіхалогію, дзяліўся парадамі і нават скідваў на тэлефон здымкі, як малыя, якія зранку дружна раўлі ў раздзявалцы, спакойна малююць, ядуць і гуляюць на вуліцы. Адна з выхавальніц запомнілася асабліва — тым, што проста прымала дзяцей з рук на рукі, як сумку ў камеру захоўвання, а ўвечары так жа без эмоцый выдавала назад, на ўсе роспыты бацькоў адказваючы дзяжурным «нармальна». Яна не была дрэнным ці злым чалавекам, толькі раўнадушным — і гэту абыякавасць раней за нас, дарослых, адчувалі дзеці, якія менавіта з ёй часцей капрызілі і сваволілі, сварыліся паміж сабой і хадзілі няўмытыя.

На шчасце, з усіх шасці садкоў гэта быў адзіны выпадак, і нашы пакутлівыя стасункі з выхавацелькай працягнуліся ўсяго пару месяцаў. Таму сёння ў мяне ўжо няма жадання разважаць, што чалавек не рубель, каб усім падабацца, і што, магчыма, і я, і ўсе астатнія «я ж маці» самі рабілі нешта не так, і мо трэба было пастарацца наладзіць кантакт, або больш ціснуць на загадчыцу садка, якая адрэкамендавала гэту супрацоўніцу як добрага спецыяліста... Негатыў і без таго запамінаецца лепш за дабро, таму лішні раз згадваць пра яго не хочацца. Затое хочацца яшчэ раз падзякаваць вялікай колькасці іншых людзей, якіх пашчасціла сустрэць на ўласным бацькоўскім шляху (няхай нават яны не ведаюць, што я зараз пра іх пішу). І выхавацелькам, у чые змены нашы дзяўчаткі заўжды былі прыгожа і з выдумкай заплеценыя, як маленькія прынцэсы (хоць, на хвілінку, стварэнне складаных прычосак не ўваходзіць у навучанне санітарна-гігіенічным навыкам і не з'яўляецца абавязкам педагога). І выкладчыцы фізкультуры, якая год (!) змагалася з неспакойнай натурай маёй малодшай і ўсё ж заахвоціла яе да заняткаў, ды так, што тая цяпер з гонарам расказвае і паказвае, чым займаліся на фізкультуры. І загадчыцам садкоў, якія ў адказ на падсвядомае чаканне агучанай сумы «добраахвотнай» бацькоўскай дапамогі ўсміхаліся і — не выдавалі квітанцый з абавязковай сумай унёску, а проста расказвалі і паказвалі, чым жыве ўстанова і група, у якой будуць знаходзіцца нашы дзеці. І музычным кіраўнікам, чые ранішнікі не ператвараліся ў дзяжурны набор вершыкаў-песенек, а рабіліся сапраўднымі святамі, пасля якіх дзеці, бацькі і педагогі абдымаліся і не хацелі разыходзіцца. І тым работнікам кухні, у якіх маленькія гурманы з ахвотай елі нават рыбнік, манку і іншыя дзіўныя стравы з садкоўскага меню. І ўсім урачам, медсёстрам, лабарантам, для якіх не было праблемай выдаткаваць плюс пяць хвілін часу, каб супакоіць нервовых мам і татаў, пахваліць за мужнасць дзяцей і растлумачыць, чаму і як будзе адбывацца лячэнне. І... Вельмі многа каму яшчэ, праўда.

З аднаго боку, з гэтымі эмоцыямі я спазнілася на паўгода, бо сусветны дзень «дзякуй» адзначаецца ў студзені, а зусім не летам. Але з іншага — хіба трэба чакаць канкрэтнага дня, каб сказаць, напісаць, патэлефанаваць і падзякаваць усім тым, каму не ўсё роўна — прыемным, сапраўдным, добрым людзям? І наноў пераканацца ў справядлівасці радкоў, якія напісаў паэт Алесь Бадак: «Розных людзей сустракаў у жыцці — добрых усё-такі болей...»

Вікторыя ЦЕЛЯШУК

Прэв'ю: tupa-germania.ru

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.