Вы тут

З пошты «СГ». У вас ёсць хто-небудзь, каго вы прымаеце цалкам?


У вас ёсць хто-небудзь, каго вы прымаеце цалкам? Не павучаеце, не пераробліваеце, не чытаеце маралі, не закатваеце вочы, калі чарговы раз нешта ідзе не па-вашаму?


У мяне няма. У кожным хоць што-небудзь ды не так. Нават самы цудоўны не бездакорны. Нават у самым блізкім знойдзецца дробязь, якая нервуе і раздражняе. Непрыемная звычка, слова-паразіт, рыса характару, рыса твару ці самае страшнае — погляд на важныя рэчы, адрозны ад майго.

Адзін блізкі знаёмы заўсёды са смехам расказвае пра чужыя праблемы. Звычайна гэта абсурдныя сітуацыі, нібыта нават камічныя, але яны заўсёды патрабуюць спачування. І я ведаю, што ён спачувае. Гэта чалавек з добрым, чулым сэрцам, які шмат разоў даказваў гэта на справах. Але тое ніяк не замінае яму пасмейвацца з чужых памылак. Такая манера. Ці абарончая рэакцыя. Ці хто яго ведае што. Але я кожны раз злуюся, калі ён дзеліцца сумным праз смех. І ведаю ж, што не жадае кепскага, што апавядае, каб навучыць на чужых памылках. Усё адно злуюся. І папраўляла, і ўшчувала, і прасіла — нічога не змяняецца. Ён смяецца — я злуюся. Так моцна, што кожны раз абяцаю больш не абмяркоўваць з ім сур'ёзныя тэмы. Але як ты пазбегнеш — у іх самае жыццё.

І вось аднойчы, калі я зноў спрабавала суцешыць сваю рэакцыю на «ха-ха» знаёмага, у маю галаву пастукалася думка, што мы ўсе — чыесьці памылкі. Кожны чалавек фарміруецца пад уплывам мноства іншых. Мы «забіраем» ад бацькоў, сяброў, настаўнікаў, кніг, кінагерояў, значных і малаважных людзей тое, што нам падабаецца ў іх, і тое, што самі не хацелі б атрымаць. Недзе ён злавіў гэту звычку — падаваць сумныя гісторыі камічна. Яна сфарміравалася ў пэўных умовах і з пэўнай прычыны, мне невядомай. Дык чаму я вырашыла, што магу забараніць яму яе?

Яшчэ прыклад. Наталля — клапатлівая шматдзетная мама, дбайны педагог, спагадлівая жонка, тонкая душа і далікатная сяброўка. Але ўвесь час незадаволеная сабой. Усё не так і не гэтак. Там недарабіла, тут не прадугледзела — паўсюль вінаватая. Грызе сябе погрызам. Пры сваёй занятасці пайшла ў аўташколу, на швейныя курсы запісалася. Гляджу і думаю: мне б так імкнуцца, паспяваць, быць такой жа адказнай і мэтанакіраванай. А яна зноў наракае: за рулём — як няўмека, за машынкай — крываручка.

Павучыцца б Наташы ў Касі. Гэтая за што ні возьмецца, усё ў яе ладзіцца, і яна ў гэтым не сумняваецца. І бізнесам кіруе, і дома спраўляецца, і дзетак выхоўвае ідэальна. Прыгожая, стылёвая, начытаная, эрудзіраваная, энергічная. Ці не ідэал? А вось і за ёй загана водзіцца — з мужа падабцасніка зрабіла. Прыгняла мужыка, сырыцу з яго выкручвае.

Не бывае ідэальных. Чалавек па прыродзе сваёй недасканалы. Мы хоць і створаныя па вобразе Божым і падабенстве, але страцілі сваю бязгрэшнасць яшчэ праз прашчура Адама. Не анёлы мы, не святыя. Варта пра гэта памятаць, крытыкуючы звычкі мужа, неахайнасць дзяцей і густ сяброўкі. І як ні імкніся да ідэалу, недасяжны ён нам. Але вось што важна: імкнуцца трэба. Імкнуцца неабходна. Цягніся да праўды і святла. Рабі з усяе моцы, з найлепшых памкненняў. Гары на максімуме, бяжы на ўсе жылы, скачы так высока, як можаш. І, магчыма, менавіта ты будзеш тым самым неідэальным героем, які бліжэй за ўсіх дацягнуўся да Бога.

Таццяна НЕМЧАНІНАВА

Загаловак у газеце: Ідэальныя магчымасці для недасканалага чалавека

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.