Вы тут

Чаму малых часам вяртаюць з прыёмных сем'яў і куды трапляюць непаўналетнія, калі закрываюцца інтэрнаты?


Што адбываецца з дзецьмі, якія сталі сіротамі ці былі адабраныя ў родных бацькоў? Чаму малых часам вяртаюць з прыёмных сем'яў? Куды трапляюць непаўналетнія, калі закрываюцца інтэрнаты? Чым патранат адрозніваецца ад апякунства? На гэтыя і іншыя пытанні адказалі спецыялісты.


Ад бацькоў — да сваякоў

Фота ya-roditel.ru

Летась у краіне мамы і таты 1200 дзяцей былі пазбаўленыя бацькоўскіх правоў. У сталіцы без апекі бацькоў засталіся 223 дзіцяці. 83 % дзяцей уладкаваны ў сям'ю.

Заканадаўча ў Беларусі замацаваны розныя формы сямейнага ўладкавання дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў. Найперш ім даецца магчымасць трапіць у сем'і сваякоў — апякунскую сям'ю бабуль, дзядуль, блізкіх сяброў і знаёмых, сведчыць Алена СІМАКОВА, галоўны спецыяліст галоўнага ўпраўлення выхаваўчай работы і маладзёжнай палітыкі Міністэрства адукацыі:

— Яшчэ пры падрыхтоўцы этапу калі малых забяруць з сям'і, вядзецца работа па іх далейшым сямейным уладкаванні — падбіраюцца кандыдаты, якія змогуць часова замяніць родных бацькоў, пакуль тыя вырашаюць для сябе, ці змогуць выправіцца. Апека традыцыйна становіцца замяшчэннем роднай сям'і для дзяцей. І акцэнт тут робіцца на тое, што гэта часовы прытулак для малых, акрамя выпадкаў, калі бацькі дзяцей паміраюць ці прызнаюцца адсутнымі без вестак. Калі дзіця атрымала статус і ўладкавана ў сям'ю, пачынаецца работа па яе суправаджэнні, бо малым досыць складана адаптавацца да новых умоў.

Штогод змяншаецца колькасць дзяцей, якія жывуць у інтэрнатных установах, гэтаксама як і лічба дзіцячых дамоў і школ-інтэрнатаў. У 2010-м у краіне было, напрыклад, 25 350 дзетак, якія знаходзіліся на розных формах дзяржаўнага ўтрымання, сёння такіх 19 434.

— У дзейнасці органаў апекі і папячыцельства, якімі традыцыйна былі аддзелы ўпраўлення па адукацыі, адбываюцца пэўныя змены. Падрыхтаваны і ўнесены ва ўрад, напрыклад, праект пастановы Саўміна аб тым, што частку функцый орган апекі і папячыцельства перадае СПЦ — як установам, якія функцыянуюць спецыяльна для таго, каб аказваць дапамогу сем'ям і дзецям у рэгіёнах, — падзялілася спецыяліст.

У Беларусі яшчэ засталіся 12 дзіцячых дамоў і дзве школы-інтэрнаты, шэсць дзіцячых вёсак, тры з якіх дзяржаўныя і тры прыватныя. Пры 142 сацыяльна-педагагічных цэнтрах функцыянуе 101 прытулак. Працуюць і ўстановы для тых, каму патрэбна значна больш увагі. Гэта 19 дапаможных школ-інтэрнатаў для дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця і 18 спецыяльных агульнаадукацыйных школ-інтэрнатаў, дзе вучацца малыя з парушэннямі слыху, зроку, апорна-рухальнага апарату, цяжкімі парушэннямі маўлення.

Сям'я прафесійная і часовая

Калі малога немагчыма ўладкаваць у апякунскую сям'ю, яму падбіраюць прафесійную замяшчальную: прыёмных бацькоў ці дзіцячы дом сямейнага тыпу. На сяле такім чынам сфарміравана цэлая сетка, якая адпавядае патрэбам рэгіёнаў. Гэта прыводзіць да таго, што дзіцячых сацыяльных прытулкаў (фактычна, міні-інтэрнатаў) становіцца ўсё менш.

— У замяшчальныя сем'і адпраўляюцца дзеці, адабраныя ад бацькоў часова, або яны маюць патрэбу пабыць па-за межамі сям'і, таму што адзіны бацька, напрыклад, ляжыць у бальніцы, — растлумачыла Алена Сімакова.

Дарэчы, у гарадах з уладкаваннем малых на выхаванне пакуль існуюць пэўныя праблемы, і вельмі вітаецца прыход новых прыёмных бацькоў, якіх сёння не хапае. Уладкаванне ў такія сем'і патрабуе падрыхтоўкі і дзіцяці, і кандыдатаў у прыёмныя бацькі.

— Незалежна ад таго, колькі людзі ўжо працуюць у сістэме адукацыі, ім пастаянна патрэбны падтрымка і павышэнне кваліфікацыі. Апошняе ў нас пастаўлена на прафесійны ўзровень, — падкрэсліла прадстаўніца міністэрства. — Бацькі могуць атрымаць адказы на свае пытанні не толькі ў сваім рэгіёне і краіне ўвогуле, але і праз тэматычныя групы ў сацыяльных сетках. Увогуле выхаванне малога не ў роднай сям'і — цэлы працэс, які мае сваім найлепшым завяршэннем вяртанне дзіцяці ў родную сям'ю. На гэта і скіраваны апекуны і прыёмныя бацькі.

Летась прынамсі 155 дзяцей вярнуліся да бацькоў, якія праз суд даказалі права на выхаванне ўласных малых.

Здараецца, што кандыдатам у прыёмныя бацькі прыходзіцца адмаўляць, нават калі яны прайшлі навучанне і дыягностыку.

— Калі бачна, што ў іх ёсць яшчэ свае нявырашаныя праблемы, калі яны не разабраліся, што адбываецца ў іх уласных сем'ях, з такімі кандыдатамі мы развітваемся, — заўважыла Алена Сімакова. — Здараецца, што ў людзей ёсць негатыўны вопыт выхавання ўласных родных дзяцей. А некаторыя прыйшлі выпадкова, паддаўшыся эмацыянальнаму парыву, а пасля зразумелі, што гэта работа не для іх. Часам мы развітваемся з тымі, хто ўжо працуе з намі, таму што закрываюцца ўстановы.

Патранат і адмена

Даведацца, што такое сям'я, могуць і дзеці, якія жывуць у інтэрнатах. Падчас канікул, свят, выхадных яны могуць адправіцца ў патранатную сям'ю. Такая сістэма сёння развіваецца не толькі ў дзіцячых дамах і школах-інтэрнатах, але і ва ўстановах прафесійнай адукацыі, напрыклад у ПТВ. У такім узросце падлеткам таксама патрабуецца дарослая падтрымка.

Інтэрнат — далёка не найлешая форма выхавання дзяцей, таму органы апекі выступаюць за «стварэнне бар'ера на ўваходзе», каб дзеці нават часова не траплялі ў інтэрнат, а адразу ўладкоўваліся ў сем'і. У Беларусі з 19 434 сірот і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў,13 899 выхоўваюцца ў замяшчальных сем'ях. Частка непаўналетніх, якія ўжо вучацца ў ПТВ і пераведзены на дзяржзабеспячэнне, наведваюць патранатныя сем'і.

Летась з 2098 дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў, у інтэрнаты трапіла каля 11 %. На жаль, ёсць і іншая статыстыка — летась з сем'яў вярнулі 20 малых. Гэта залежыць не толькі ад бацькоў-выхавальнікаў, але адбываецца і з аб'ектыўных прычын, калі выхавацельнік, напрыклад, захварэў і не можа выконваць свае абавязкі.

Колькасць адмены ўсынаўленняў у краіне не больш за 1—2 % ад масіву тых, каго ўсынавілі. Прычыны розныя, і кожны выпадак аналізуецца.

— Некаторыя сем'і захоўваюць таямніцу ўсынаўлення, а калі падлетак падрастае, ён даведваецца ад блізкіх ці сваякоў, што яго ўсынавілі, пачынаецца канфлікт з бацькамі, і яны не вытрымліваюць, — тлумачыць дырэктар Нацыянальнага цэнтра ўсынаўлення Міністэрства адукацыі Беларусі Вольга ГЛІНСКАЯ. — Здараецца і так, што адзін з усынавіцеляў памірае, а другі не можа адзін справіцца з выхаваннем.

Дадому — праз цэнтр усынаўлення

Нацыянальны цэнтр усынаўлення Беларусі працуе ўжо 23 гады. У 2003-м ён быў прызначаны цэнтральным органам па выкананні палажэнняў Гаагскай канвенцыі аб міжнародным усынаўленні.

— Асноўная задача нашай дзейнасці — сямейнае ўладкаванне дзіцяці, пытанні міжнароднага і нацыянальнага ўсынаўлення, устанаўлення міжнароднай апекі і папячыцельства, трансгранічная ахова дзяцей-сірот і малых, якія засталіся без апекі бацькоў, — абазначыла кірункі дзейнасці Вольга Глінская. — Для рэалізацыі гэтых задач у цэнтры створаны і пастаянна актуалізуецца рэспубліканскі банк даных аб усынаўленні дзяцей.

Яшчэ дзесяць гадоў таму ў базе цэнтра было больш за 9,5 тысячы дзяцей, якія жылі ў інтэрнатных установах. Цяпер такіх засталося 1600. У цэнтры не робяць розніцы паміж звычайнымі малымі і дзецьмі, якія маюць пэўныя асаблівасці. Летась, напрыклад, 17 такіх дзетак перадалі ў прыёмныя сем'і.

З 2013 года цэнтр выдае сваю газету «Домой», якая забяспечвае прафесійнае суправаджэнне і падтрымку замяшчальных бацькоў і спецыялістаў у сферы сямейнага ўладкавання і выхавання дзяцей.

Спецыялісты цэнтра ажыццяўляюць псіхолага-педагагічную дыягностыку, падрыхтоўку кандыдатаў ва ўсынавіцелі і суправаджэнне іх пасля ўсынаўлення. У праграме падрыхтоўкі да ўсынаўлення сёння ўдзельнічаюць неўролагі, юрысты, псіхіятры, а кандыдаты могуць наведаць інтэрнаты ці дамы дзіцяці, каб ацаніць свае магчымасці і рэсурсы, перш чым прыняць да сябе дзіця.

— Кандыдатам ва ўсынавіцелі, якія паспяхова прайшлі падрыхтоўку, выдаецца пасведчанне, якое распрацавана спецыялістамі цэнтра і друкуецца пры садзейнічанні арганізацыі «ЮніХэлп», — дадала Вольга Глінская.

У цэнтры рэалізуецца таксама шэраг праектаў, скіраваных на аказанне шматбаковай дапамогі сем'ям, якія прынялі да сябе сірату. Праект «Сямейная гармонія», напрыклад, унікальны тым, што спецыялісты цэнтра кансультуюць і дапамагаюць па месцы жыхарства, дзе сям'я і дзіця адчуваюць сябе ў звыклай і спакойнай абстаноўцы. Працуюць таксама і з падлеткамі, дапамагаючы ім у пераходны перыяд. У цэнтры ёсць і спецыяльная школа для татаў. У кожным рэгіёне краіны — клубы падтрымкі сем'яў усынавіцеляў на розных этапах іх жыцця. Супрацоўнікі цэнтра праводзяць анлайн-семінары для спецыялістаў СПЦ і ўпраўленняў аддзелаў адукацыі, кансультуюць сем'і.

Арганізавалі таксама электронную пастаноўку на ўлік кандыдатаў ва ўсынавіцелі.

— Большасць з іх хоча маленькіх дзетак, пажадана дзяўчынку да трох гадоў, — дадала дырэктар цэнтра. Аднак у базе цяпер толькі 31 дзіця да года. Розніца ж паміж усынавіцелем і малым не можа быць большай, чым 45 гадоў.

Ірына СІДАРОК

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Медыцынскі агляд у віцебскіх газавікоў ажыццяўляе... робат

Медыцынскі агляд у віцебскіх газавікоў ажыццяўляе... робат

А наведвальнiкаў крамы кансультуе выява спецыялiста.

Грамадства

Не трапіць у рабства анлайн. Як у краіне змагаюцца з гандлем людзьмі

Не трапіць у рабства анлайн. Як у краіне змагаюцца з гандлем людзьмі

З 2000 года ў Беларусі выяўлена 4421 злачынства, звязанае з гандлем людзьмі.