Вы тут

Прырода ўздыхнула з палёгкай? На якія экалагічныя праблемы адкрыла вочы пандэмія COVID-19


Вулiцы спусцелi, вытворчасць спынена, колькасць авiяпералётаў рэзка зменшылася. Ужо праз некалькi дзён пасля таго, як большасць еўрапейскiх краiн сышлi на каранцiн, сталi з'яўляцца навiны пра тое, што ў вымушанай iзаляцыi ёсць i свае плюсы — нагрузка на навакольнае асяроддзе, нарэшце, знiзiлiся...

У сецiве сталi распаўсюджвацца параўнальныя фота: азiяцкiя гарады ў заслоне смогу (да пандэмii) i з чыстым паветрам (цяпер). Напрыклад, менавiта каранавiрус дазволiў жыхарам Катманду (Непал) убачыць на гарызонце Эверэст нават пры адлегласцi ў 200 кiламетраў. Падобная сiтуацыя склалася i ў Iндыi, дзе таксама ачысцiлася паветра i сталi бачныя Гiмалаi.

Якiм чынам пандэмiя паўплывала на змяненне клiмату, а таксама на нашы звычкi? Як заставацца экалагiчным у новых умовах? Якiя экалагiчныя рызыкi могуць узнiкнуць? Што будзе з забаронай на аднаразовы пластык? Прадстаўнiцтва ААН у Беларусi i Press Club Belarus запрасiлi экспертаў абмеркаваць гэтыя пытаннi ў рэжыме анлайн-
дыскусii.


Ветрапарк у Паўднёвай Карэі. Фота Greenpeace.

Аднаразовая тара зноў у фаворы

— Пандэмiя паказала, наколькi наша ўстойлiвае, як нам здавалася, тэхнакратычнае грамадства падвержана ўплыву прыродных фактараў. COVID-19 — насамрэч, не самы небяспечны вiрус, з якiм даводзiлася сустракацца чалавецтву, але пры цяперашнiм узроўнi тэхнагеннасцi цывiлiзацыi i ён здольны амаль цалкам паралiзаваць жыццё людзей у большасцi краiн свету. I гэта, канешне, вельмi сур'ёзны сiгнал: прыродныя фактары мы недастаткова ўлiчваем, — разважае дырэктар Цэнтра экалагiчных рашэнняў Яўген ЛАБАНАЎ. — Каранавiрус аказаў сур'ёзны ўплыў i на мадэлi паводзiн людзей, i на эканомiку. I калi мы зараз абмяркоўваем, якi павiнен быць свет пасля пандэмii, экалагiчны аспект у гэтых дыскусiях узмацняецца.

Так, у кароткатэрмiновай перспектыве мы бачым пэўныя пазiтыўныя моманты, звязаныя са знiжэннем забруджвання ў вынiку чалавечай дзейнасцi. Але ёсць i трывожныя сiгналы: людзi ў мэтах захавання ўласнай бяспекi пераселi з грамадскага транспарту на асабiсты. Я думаю, зараз вельмi спрыяльны час для таго, каб стымуляваць праграмы па развiццi веларуху.

У шэрагу магазiнаў з пачаткам пандэмii пачала расцi колькасць аднаразовай тары i ўпакоўкi, прычым пашырэнне яе выкарыстання не заўсёды мае прамое дачыненне да пытанняў бяспекi, таму што, як нам вядома, вiрус у першую чаргу распаўсюджваецца паветрана-кропельным шляхам. А заказы прадуктаў анлайн, колькасць якiх узрасла, суправаджаюцца пакетамi, полiэтыленавай тарай i нават пухiрыстай плёнкай.

Але я застаюся аптымiстам, таму што пакуль усе планы па скарачэннi выкарыстання аднаразовай упакоўкi i ў Беларусi, i ў свеце застаюцца ў сiле. Праўда, трэба пастаянна нагадваць, што, вырашаючы адну праблему, нельга забывацца пра iншыя.

З пачаткам пандэмii мы сталi выкарыстоўваць усё больш розных дэзынфектантаў, актыўных хiмiчных рэчываў, якiя вырабляюцца ў вялiкiх аб'ёмах, а затым трапляюць у сiстэму каналiзацыi (уплываюць на якасць ачысткi сцёкавых водаў) i ў навакольнае асяроддзе. Таксама сталi больш часу праводзiць у закрытых памяшканнях, дзе прысутнiчае шмат хiмiчных рэчываў, якiя ўтрымлiваюцца ў шпалерах, фарбах, пластыку, аддзелачных матэрыялах. I усё гэта разам таксама ўплывае на наша здароўе.

Сiтуацыя з распаўсюджваннем каранавiруса паказала важнасць для чалавека моцнага iмунiтэту, ад якога напрамую залежыць цяжкасць працякання захворвання ў выпадку сустрэчы арганiзма з узбуджальнiкам. Мiж iншым, ёсць шэраг эндакрынных разбуральнiкаў — хiмiчных рэчываў, якiя ўплываюць на наш iмунiтэт.

Медыцынскiя адходы: што з iмi рабiць?

— Калi ў нас раней «лёталi» ў паветры полiэтыленавыя пакеты, то зараз «лётаюць» яшчэ i аднаразовыя маскi, пальчаткi плюс вiльготныя сурвэткi, — падзялiлася сваiмi назiраннямi супрацоўнiца праграмы па хiмiчных рэчывах i адходах Цэнтра экалагiчных рашэнняў Наталля БЛЫШЧЫК. — Пандэмiя абвастрыла праблемныя моманты i паказала, куды трэба развiвацца i што можна паляпшаць. Адходы палiмераў ствараюць найбольшыя праблемы на палiгонах, таму што яны не перапрацоўваюцца.

Па вынiках 2019 года, колькасць смецця ў Мiнску па агульнай масе зменшылася: калi раней гэта лiчба складала 1 млн тон у год, то летась — 780 тысяч тон. Але пры гэтым палiмерныя адходы i пластык усё роўна застаюцца на першым месцы па аб'ёмах, i яны не змяншаюцца — пластык мёртвым грузам кладзецца на нашы палiгоны.

З пандэмiяй у нас абвастрылася i праблема ўтылiзацыi насельнiцтвам медыцынскiх адходаў. Мы даўно кажам пра тое, што трэба арганiзоўваць для людзей сiстэму асобнага збору лекавых сродкаў i iншых медыцынскiх адходаў, але пакуль што нейкiх заўважных крокаў у гэтым плане не зроблена. З медыцынскiх адходаў можна здаць для далейшай утылiзацыi толькi ртутныя тэрмометры. I толькi ў некалькiх гарадах у якасцi пiлотных праектаў арганiзаваны пункты, куды можна прынесцi лекi, непрыдатныя для далейшага выкарыстання. Мы праводзiлi некалькi гадоў таму даследаванне, у ходзе якога высветлiлася, што адходы лекаў атрымоўваюцца ў людзей пераважна з той прычыны, што фармацэўтычныя прэпараты набываюцца з запасам. Мяркую, што ў сiтуацыi з распаўсюджваннем каранавiруса страх прымусiў людзей запасацца лекамi, таму праблема дадаткова абвострыцца. Лiчу, што фармацэўтычным вытворцам трэба больш працаваць у плане iнфармавання насельнiцтва наконт рацыянальнага выкарыстання лекаў, а таксама па праблеме мiкробнай рэзiстэнтнасцi ў вынiку неапраўданага спажывання антыбiётыкаў i, канешне, арганiзоўваць пункты для збору лекаў.

Асобна трэба спынiцца на выкарыстаннi масак, бахiл, медыцынскiх накiдак, якiя выпускаюцца з палiмераў. Усе гэтыя сродкi iндывiдуальнай аховы выкарыстоўвацца ў апошнiя месяцы ў вялiкай колькасцi (ва Уханi ў разгар эпiдэмi медыцынскiя адходы ў шпiталях выраслi ў шэсць разоў — з 40 да 240 тон у дзень. — Аўт.).

Тэхналогii перапрацоўкi палiмернага нятканага валакна ў свеце ёсць, але не ў нашай краiне. I гэта можа стаць пунктам для росту. Я гляджу, якiя рэкамендацыi распаўсюджваюцца сярод насельнiцтва: выкарыстаную маску, перш чым выкiнуць у агульнае смецце, трэба змясцiць у полiэтыленавы пакет. Такiм чынам утвараецца дадатковае смецце, якое не перапрацоўваецца. Таму мы, эколагi, раiм выкарыстоўваць для гэтых мэт папяровыя пакеты. Альтэрнатывай могуць стаць шматразовыя маскi, але ў такім выпадку трэба ўзяць на сябе адказнасць за iх правiльнае выкарыстанне i далейшую дэзынфекцыю.

Фота з заснежанымі горнымі хрыбтамі, дзе можна ўбачыць вяршыню Эверэсту, апублікавала выданне Nepali Times

Часовая перадышка

На думку кандыдата геаграфiчных навук, эксперта ў галiне клiматычнай палiтыкi МГА «Экапраект» i EVRESCO (Iрландыя) Марыi ФАЛАЛЕЕВАЙ, моцнага ўплыву на клiмат пандэмiя не акажа, таму што яго змяненне — маштабны працэс са мноствам фактараў, i некалькiх месяцаў каранцiну недастаткова для таго, каб адбылiся радыкальныя змены.

— Колькасць шкодных выкiдаў у атмасферу насамрэч зменшылася (у некаторых рэгiёнах Кiтая — ад 25 да 45 працэнтаў), але гэта перадышка — часовая, — упэўнена заяўляе Марыя. — Калi мы кажам пры выкiды парнiковых газаў, не трэба забываць, што яны маюць дастаткова працяглы «тэрмiн жыцця» ў атмасферы. I канцэнтрацыя парнiковых газаў у цэлым засталася там ранейшая — яе фармiруе не столькi штогадовы выкiд, колькi ўвесь назапашаны за iндустрыяльную эру аб'ём. Па першых ацэнках, пандэмiя i эканамiчны спад прывядуць да таго, што за год колькасць шкодных выкiдаў у атмасферу можа зменшыцца на восем працэнтаў. Але гэта кропля ў моры. Нагадаю, што мэта Парыжскага пагаднення аб змяненнi клiмату — утрымаць рост глабальнай сярэдняй тэмпературы на ўзроўнi нiжэй за два градусы ў параўнаннi з даiндустрыяльнай эпохай i прыкласцi намаганнi, каб абмежаваць гэты рост велiчынёй у 1,5 градуса. Але для яе дасягнення нам трэба да пачатку 2030-х гадоў зменшыць сусветныя выкiды вуглекiслага газу на 50 працэнтаў.

Змяненне клiмату ўжо запушчана, таму змяншэнне выкiдаў на восем працэнтаў нi на што iстотна не паўплывае, тым больш мы ўжо бачым на прыкладзе таго ж Кiтая: як толькi адмяняюцца каранцiнныя мерапрыемствы, усё хутка вяртаецца на ранейшыя пазiцыi. Гарады зноў зацягнула смогам. Ёсць апасеннi, што без сiстэмных экалагiчных рэформаў iмкненне кiтайскiх улад кампенсаваць страты за месяцы прастою зноў прывядзе да рэзкага росту забруджвання атмасферы. Але ўся гэтая сiтуацыя прадэманстравала, што скарачэнне выкiдаў — гэта цяжка, складана, але цалкам магчыма.

Хачу заўважыць, што пасля эканамiчнага крызiсу 2008 года ў свеце моцна ўпала цiкавасць да тэмы экалогii i клiмату. Але некаторыя краiны, такiя, напрыклад, як Паўднёвая Карэя, вельмi паспяхова выкарысталi гэту сiтуацыю для пераходу на больш «зялёную эканомiку». Ёсць адчуванне, што мы з'яўляемся сведкамi новай гiсторыi. Узнiкалi сумненнi: а што будзе далей з «зялёнай павесткай»? Еўрасаюз пацвердзiў, што Еўропа будзе i надалей прытрымлiвацца «зялёнага курсу», а нядаўна прыняты план па аднаўленнi эканомiкi, i ён будзе абапiрацца на прынцыпы зялёнага будаўнiцтва.

Сiтуацыя з пандэмiяй высвецiла цiкавую тэндэнцыю — тыя бiзнесы i прадпрыемствы, у якiх былi больш сур'ёзныя экалагiчныя праграмы i праграмы карпаратыўнай сацыяльнай адказнасцi, аказалiся больш устойлiвымi да эканамiчнага спаду. Гэту iнфармацыю яшчэ трэба аналiзаваць.

greenbelarus.info

З горада — на прыроду

— Велiзарную праблему ўяўляе сабой рост насельнiцтва Зямлi. I калi яно будзе i далей расцi тымi ж тэмпамi, то папярэдзiць шкоду прыродзе будзе проста немагчыма. Тэмпы знiшчэння экасiстэм i пэўных вiдаў флоры i фаўны проста жахлiвыя, — падкрэслiвае дырэктар Грамадскага аб'яднання «Ахова птушак Бацькаўшчыны» Аляксандр ВIНЧЭЎСКI. — Знiкаюць трапiчныя лясы, каралавыя рыфы. Да слова, падчас пандэмii i ўвядзенння строгiх каранцiнных мер браканьеры скарысталiся гэтай сiтуацыяй i не сядзелi дома... Еўрапейскiя i амерыканскiя партнёры скардзяцца на тое, што з-за каранцiна прыродаахоўныя тэрыторыi, нацыянальныя паркi засталiся без наведвальнiкаў, адпаведна не былi атрыманы даходы ад экатурызму, якiя складаюць асноўную частку iх даходаў. А для Беларусi я асабiста бачу вялiкi плюс у тым, што вясной да нас не прыехалi замежныя паляўнiчыя i паляванне праходзiла, так бы мовiць, у дамашнiм маштабе.

Увогуле некаторыя даследчыкi мяркуюць, што гэта наша ўмяшальнiцтва ў дзiкую прыроду, памяншэнне бiяразнастайнасцi i разбурэнне прыродных месцаў пражывання бiялагiчных вiдаў прыводзiць да выбухаў новых вiрусаў. Патагены пераходзяць ад жывёл да чалавека i хутка распаўсюджваюцца. У тым лiку гэта звязана з рынкамi дзiкiх жывёл у Афрыцы i Азii — часта паўлегальных, якiя працуюць без выканання санiтарных нормаў. Некаторыя настойваюць на поўным iх закрыццi, аднак ёсць небяспека, што гэта прывядзе да рэзкага росту чорнага рынку. У Кiтаi пасля пачатку эпiдэмii каранавiруса забарону на гандаль дзiкiмi жывёламi ўсё ж такi ўвялi. Але ў некаторых краiнах, замест таго каб аднаўляць i аберагаць прыродныя экасiстэмы, наадварот, людзi з-за страху пачалi знiшчаць кажаноў.

Вера СЫСОЕВА, эксперт па зялёным горадабудаўнiцтве (праект ПРААН «Зялёныя гарады») падзялiлася сваiм бачаннем, як будзе далей развiвацца сiтуацыя:

— Першы важны аспект, якi датычыцца каранавiруса i яго ўплыву на нас, — гэта фармат рассялення. З аднаго боку, людзi па-ранейшаму сцякаюцца ў буйныя гарады, туды, дзе ёсць работа. А з другога — усё больш гараджан хочуць жыць па-за iх межамi. I ў гэтым я бачу некалькi праблем. Першая — iх штодзённыя не менш як саракахвiлiнныя паездкi ў горад на ўласных аўтамабiлях у абодва бакi i адпаведна ўзрастанне нагрузкi на навакольнае асяроддзе. Калi катэджны пасёлак мае шчыльнасць засялення 30 чалавек на гектар (а гэта не класiчны пасёлак, бо звычайна на гектар прыпадае 10—15 чалавек), усё роўна нават такая высокая шчыльнасць не дае падстаў для развiцця ў гэтай мясцовасцi грамадскага транспарту, аховы здароўя i сацыяльных паслуг. Усё гэта становiцца неэфектыўным i вельмi рэсурсазатратным. Хтосьцi лiчыць, што горад, як цэнтр аказання паслуг, найлепшы фармат рассялення. А я прытрымлiваюся той думкi, што менавiта шчыльна заселеныя гарады ў Кiтаi найбольш паспяхова справiлiся з кантролем за вiрусам, дзякуючы згуртаванасцi грамадзянскiх груп i правiльнаму ўкараненню новых тэхналогiй. Усе скааперыравалiся ў барацьбе з агульнай пагрозай.

Хацелася б звярнуць увагу i на спосабы перамяшчэння. Грамадскi транспарт апусцеў, але на вулiцы выехаў асабiсты транспарт. Мяркую, што сёння самы час для стварэння альтэрнатыўных спосабаў. Ровар — той транспарт, якi дазваляе сацыяльна дыстанцыявацца, але для арганiзацыi веласiпеднага руху ў гарадах павiнна быць створана адпаведная iнфраструктура.

Яшчэ крыху назiранняў. Сацыяльная самаiзаляцыя i пераход на аддаленую работу значна павысiлi спажыванне энергарэсурсаў у жылым сектары, нагрузку на оптавалакно i iнтэрнэт. Iснуючыя сеткi патрабуюць мадэрнiзацыi, што вымагае сур'ёзных фiнансавых укладанняў. Iстотна вырасла i спажыванне вады. Калi мы мыем рукi не пяць, а дзесяць разоў у дзень, то адзiн чалавек за суткi вылiвае на 20—40 лiтраў вады больш. Таму на парадак дня выходзiць задача эканомii водных рэсурсаў. Трэба думаць, як не трацiць артэзiянскую ваду на туалет цi мыццё, а гэта робiць актуальным выкарыстанне новых тэхналогiй па зборы дажджавой вады, па другасным выкарыстаннi бытавой вады. Такiя рашэннi — дарагiя i патрабуюць дадатковых выдаткаў на праектаванне i рэалiзацыю.

Мы готовыя ўкараняць найлепшыя практыкi, але расстаноўка прыярытэтаў i вызначэнне мэт — задача не горадабудаўнiкоў i архiтэктараў, а грамадства i органаў кiравання.

Надзея НІКАЛАЕВА

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.