Вы тут

З сумнiкам не засумуеш. На­тат­кi на­вас­пе­ча­ных вяс­коў­цаў


Кожны другi аднавясковец, сустракаючы мяне на вулiцы, з непрыхаваным спачуваннем пытаецца: «Сумна табе тут?» I ўсе, як адзiн, здзiўляюцца, калi чуюць, што за год у Вусляндыi (так з любоўю завём Малую Вусу) я не сумавала анi хвiлiны. А вось гаспадыняй на ўласным надзеле адчула сябе толькi гэтай вясной...


«Як нi парадаксальна, але гаспадыняй на ўласным надзеле я адчула сябе менавiта дзякуючы канадскаму сумнiку».

Дарэчы, муж, калi рабiў мне прапанову, цi то жартам, цi то ўсур'ёз сказаў: «Што-што, а сумна табе са мной не будзе». Што ж азначала тая фраза, я пачала разумець толькi цяпер... Ужо два тыднi вывожу на тачцы з участка перапрэлыя за зiму каранi канадскага сумнiку.

Смех смехам, але змагацца з гэтай раслiнай мы пачалi два гады таму, калi вырашылi ўзводзiць дамок у вёсцы. Каб расчысцiць падход да фундамента, якi ўжо часткова быў на ўчастку, Уладзю давялося касiць (дакладней, сячы) той сумнiк у рост чалавека адмысловай насадкай. Бо сцябло раслiны было настолькi цвёрдае, што лёска трымера амаль адразу рвалася.

Два сезоны запар муж раз за разам касiў той сумнiк, а я, колючы сабе ногi, зграбала. Але весялей ад гэтага не рабiлася. Больш за тое, з'явiлася адчуванне, што «вораг» множыўся ў геаметрычнай прагрэсii. I не дзiўна (зразумелi потым): ён жа сеяўся з суседняга закiнутага ўчастка. Тады мы вырашылi дзейнiчаць больш рашуча!..

Увосень узаралi амаль увесь свой надзел. Вясной выраўнялi i ўжо хацелi засеяць яго канюшынай. Але сябры своечасова адгаварылi. Маўляў, знаёмыя, у якiх малыя дзецi, так i зрабiлi. Дык тысячу разоў пашкадавалi. Бо падчас цвiцення меданоса з хаты басанож не выйсцi. У вынiку пчолы ўсё ж такi пакусалi iх малечу, ды так, што давялося нават у лякарню звяртацца... Таму мы, узважыўшы ўсе «за» i «супраць», пачалi думаць над планам «Б».

Сусед Сава, не раздумваючы, параiў пасеяць авёс, якi выцясняе пустазелле. I нават правёў майстар-клас па яго сяўбе. Дарэчы, гэта, вiдаць, быў самы бюджэтны варыянт з усiх магчымых. Мех аўса (нам яго хапiла больш як на 10 сотак) каштаваў усяго 16 рублёў. У вынiку муж на сёмым небе ад шчасця: у яго з'явiлася больш часу на тое, каб зрабiць плот ды пакласцi падлогу на тэрасе... «Толькi падумай, — паўтараў мой вясковы камбiнатар, — у мяне цэлы год адпачынку ад касьбы. Авёс жа аддамо на корм суседскiм курам».

Дык вось, як нi парадаксальна, але менавiта дзякуючы сумнiку я нарэшце адчула сябе гаспадыняй на ўласнай сядзiбе. Нiколi не забудуся той дзень, калi вывезла апошнюю тачку каранёў. Пасля таго як я перабрала ўласнымi рукамi кожны лапiк зямлi, пальцы балелi неймаверна. Разам з тым унутры разлiвалася неверагодная цеплыня. Я ўпершыню адчула, што гэта ўсё для мяне такое па-сапраднаму роднае.

...А яшчэ паўгода таму было па-iншаму. Неяк увосень муж прывёз на ровары дзесяць цыбулiн. «Трымай, гэта табе бабуля з Вялiкай Вусы цюльпаны прасiла перадаць». Я ўтыркнула тыя цыбулiны ў зямлю без асаблiвага энтузiязму. Маўляў, тут яшчэ i конь не валяўся, столькi ўсяго недароблена, доўга мне будзе не да кветак.

Але ўжо вясной сама сябе не пазнала: прачнуўшыся, першай справай бегла на сваю iмправiзаваную клумбу. Глядзець, цi падаюць прыкметы жыцця бабулiны цюльпаны. Калi ж з'явiўся першы далiкатны жоўты бутон, разаслала яго фотаздымак усiм сваякам ды блiзкiм сябрам. «Падзiвiцеся — першы пасаджаны мной уласнаручна цюльпанчык «праклюнуўся». Алесь, з якiм вучылiся ў адной групе ва ўнiверсiтэце, напiсаў у адказ: «Прыгожы. Але цi цюльпан гэта? Незвычайная форма лiсця. Падобны да трубчатага нарцыса». I тактоўна дадаў: «Але гэта не мае вялiкага значэння. Няхай у тваiм жыццi будзе шмат яркiх кветак, якiя сама пасадзiш i якiя для цябе пасадзяць iншыя».

На наступны дзень распусцiўся мой «цюльпан», якi сапраўды аказаўся трубчатым нарцысам. I тады я злавiла сябе на думцы: нягледзячы на тое, што ўсё дзяцiнства правяла ў вёсцы, толькi зараз, пасля 30, упершыню стала заўважаць рэчы, якiм раней не аддавала асаблiвай увагi. Прынамсi, сёлета ўпершыню дзiвiлася, як прачынаюцца пасля зiмы розныя дрэвы, насалоджваюся цудоўнымi пераўтварэннямi насеннечка, апушчанага ў зямлю. Хто б мог падумаць, што чалавек, якi два гады таму нi пра якiя градкi i чуць не хацеў, будзе штодзень бегаць вiтацца са шпiнацiкам, гарбузкамi, бульбачкай... I што назiранне за сваiмi гадаванцамi будзе прыносiць столькi радасцi.

Падзялiлася я гэтымi сваiмi думкамi з сябрамi ў чаце. На што той самы Алесь, якi адрознiў нарцыс ад цюльпана, вельмi тонка прыкмецiў: «Нiчога дзiўнага. Усё таму, што зараз ты назiраеш за СВАIМI дрэвамi i кветкамi».

Што ж датычыцца сумнiку, дык я, наiўная, думала, што мы яго нарэшце перамаглi. Ды дзе там. Некалькi дзён запар лiў дождж. I на нашым аўсяным полi выразна вымалявалiся светла-зялёныя плямы. Гэта з глыбiнi пачаў лезцi да сонца маладзенькi сумнiк. Вядома, не ў такой колькасцi, як раней, але ад гэтага нам чамусьцi не лягчэй... Цяпер на поле бою выйшаў Уладзь. Ужо каторы ранак ён пачынае з таго, што выкопвае ўчэпiстыя белыя каранi, падобныя да расткоў бульбы. Ажно чатыры разы рыдлёўку ламаў. Але здавацца, бачу, не збiраецца. Сказаў, што набудзе ручную касу i не дазволiць сёлета зацвiсцi сумнiку i на суседнiм участку.

Надзея ДРЫНДРОЖЫК

Выбар рэдакцыі

Рэлігія

Адноўлены Тураўскі крыж паказалі ў Мінску

Адноўлены Тураўскі крыж паказалі ў Мінску

Вячэрняе набажэнства у саборы прайшло, авеянае дарагімі для ўсіх сімваламі вяртання і адраджэння духоўных традыцый.  

Культура

75 гадоў таму адкрылася першая экспазiцыя музея Янкi Купалы

75 гадоў таму адкрылася першая экспазiцыя музея Янкi Купалы

Давайце з нагоды пачэснага юбiлею пройдземся па залах музея, у кожнай з якiх свае цiкавосткi.