Вы тут

Супрацьвірусныя хіты: што беларусы (і не толькі) спявалі пра каранавірус


З прыходам у Беларусь лета хочацца верыць у добрае. Тым больш, навіны з розных куткоў свету паказваюць, што каранцінныя меры, прынятыя ў сувязі з пандэміяй новай каранавіруснай інфекцыі, амаль паўсюдна аслабляюцца ці здымаюцца наогул. Адна за адной абвясцілі аб паэтапным выхадзе з каранціну і адкрываюць межы Францыя, Германія, Нідэрланды, Швейцарыя, Вялікабрытанія, Ізраіль, Турцыя, Іспанія і нават Італія, якая найбольш з усіх еўрапейскіх краін пацярпела ад пандэміі. Выкліканы COVID-19 крызіс яшчэ не пераадолены, але свет пакрысе ачуньвае. Спадзеючыся разам з усімі на перамогу над хваробай, «Звязда» згадвае, як на каранавірусны выклік адказалі музыканты і што ў нашай краіне і ў свеце спявалі пра пандэмію-2020.


Беларусь

  • Б’янка — «Пандэмія»

У сярэдзіне сакавіка «Каралева Рускага R’n’B» (дакладная цытата з сайту спявачкі) Б’янка, яна ж ураджэнка Беларусі Таццяна Ліпніцкая, апублікавала ўрывак сваёй новай песні, прысвечанай пандэміі: «Мы танцевали с тобой румбу, Танцевали так легко, Но потом ты вдруг покашлял Прямо в мое лицо». А праз некалькі тыдняў з’явіўся і кліп, які на сёння мае ўжо звыш 350 тысяч праглядаў. Што праўда, шквалу апладысментаў гэтая ініцыятыва не выклікала, наадварот, многія абвінавацілі спявачку ў жаданні «хайпануць» на агульнай бядзе.

  • СПАМАШ — «No Panic»

Адметнасць гэтага роліку ў тым, што тут зняўся «нулявы пацыент», які быў афіцыйна зарэгістраваны і шпіталізаваны ў Беларусі з дыягназам «каранавірус» — іранскі студэнт Парса (у апошніх кадрах відэа ён здымае маску). Акрамя яго, у кліпе зняліся салісты прадзюсарскага цэнтра Іван Зданюк і Ксенія Галецкая, рокер Дзядзька Ваня, шэраг медыйных асоб і добраахвотнікі-студэнты розных нацыянальнасцяў, якія заклікалі свет захоўваць спакой і не паддавацца паніцы. Вынік — не толькі «беларуская англійская», але і іншыя мовы свету і 24 тысячы праглядаў.

  • Аura — «Проста дзякуй»

Сямейны і творчы дуэт кампазітара Яўгена Алейніка і паэткі, спявачкі Юліі Быкавай выпусціў гэтай вясной некалькі песень і кліпаў для падтрымкі бадзёрасці духу ў беларусаў. Напрыклад, Марыя Магільная праспявала пазітыўную беларускамоўную кампазіцыю «Усё будзе добра» (яе запісалі яшчэ ў снежні, а вось кліп знялі ў вузкім коле адным днём ва ўмовах самаізаляцыі).

Сама ж Юлія Быкава ў красавіку прадставіла на рускай мове кранальную музычную падзяку ўрачам — «Проста дзякуй». Наўрад ці гэта кампазіцыя трапіць у хіт-парады, але яе сэнс і задача зусім не ў гэтым. Юлія, медык па спецыяльнасці, расказвае: да сыходу ў музыку яна больш як 10 гадоў адпрацавала ўрачом-тэрапеўтам у горадзе і на сяле, з грамадзянскімі і вайскоўцамі. Менавіта таму яна не змагла застацца ў баку і не падтрымаць калег-медыкаў. Частку кадраў для відэа, дарэчы, перадаў аўтарам урач 10-й мінскай бальніцы Георгій Тапузідзіс, і тут, канешне, сутнасць не ў колькасці праглядаў.

  • Анатоль Ярмоленка — «Стаміўся»

Кліп на вясновую песню ад лідара гурта «Сябры» мае падзагаловак: «Навеяна пандэміяй COVID-19». Але ў радках песні многія ўбачылі і адчулі іншы падтэкст і задаліся пытаннем: ад якіх «разумнікаў неразумных» стаміўся артыст? Для таго каб не даваць бясконцыя тлумачэнні, Анатоль Іванавіч зрабіў да відэа прадмову. «Ніхто не меркаваў, што так можа быць. Мы да гэтага (каранціну, самаізаляцыі) былі зусім не гатовыя. І ад усіх, магчыма, правільных рэкамендацый і прынятых мер, многія пачынаюць стамляцца, раздражняцца, абвінавачваць. Але трэба не расслабляцца ці панікаваць, трэба знайсці ў сабе сілы праявіць разважлівасць, вытрымку, дысцыплінаванасць, каб усё гэта перажыць. І ўсё пройдзе, як жахлівы сон. Усё будзе добра! Усё мы з вамі перажывем!!!» — ажно з трыма клічнікамі запэўнівае сябе і слухачоў Анатоль Ярмоленка, які ўжо некалькі месяцаў з-за каранціну не бачыў дачку Алесю і малодшага ўнука.

  • J:Mopc — «Зямля»

Новая кампазіцыя і кліп на яе, апублікаваныя ў маі Уладзімірам Пугачам, не ў лоб пра каранавірус, і ўсё ж пра пандэмію — дакладней, пра тое, як яна змяніла свет. Ролік па-майстэрску скампіляваў са стокавых відэа найпрыгажэйшых куткоў свету рэжысёр Максім Сіры, а словы напісаў даўні сааўтар калектыва Барыс Штэрн.

«Это не та земля — не то что не наша, просто другая», — меланхалічным рэчытатывам шэпча-спявае Уладзімір Пугач, і з ім пагаджаюцца эколагі, паказваючы, як змянілася прырода нават у мегаполісах падчас каранціну. Якраз гэту песню мы яшчэ пачуем не раз — мяркуецца, што яна ўвойдзе ў новы альбом гурта, які, у сваю чаргу, выйдзе ўвосень 2020-га. На дадзены момант больш як 66500 чалавек ужо чулі і бачылі новую «Зямлю», далучайцеся і вы.

Rostany і «Дразды», музычныя пародыі ад студэнтаў Акадэміі мастацтваў і Васі Чэхава (вядучы «Новае радыё»), развагі Паліграфа ШарыкOFF (пад гэтым псеўданімам з 2015 года выступае колішні гомельскі рэпер Сярога) — здаецца, гэтай вясной на розныя лады пра каранавірус не спяваў толькі лянівы. Зрэшты, тое самае адбывалася і па ўсім свеце. Прыгадаем толькі некалькі яркіх кампазіцый ад выканаўцаў з розных краін:

Кітай

  • Зборная «зорак» — «Believe Love Will Triumph»

Песню, якую запісалі яшчэ ў лютым на «радзіме каранавіруса», у КНР, выканалі практычна ўсе знакавыя медыяперсоны краіны, ад Джэкі Чана да Сяо Жана. Баладу, якая распавядае пра пераадоленне любых перашкод і трыумф любові, нездарма назвалі новым гімнам супраць каранавіруса — яна поўніцца жыццесцвярджальным пафасам з першай да апошняй ноткі.

  • Дзімаш Кудайберген — «We Are One»

Пераможца «Славянскага базару-2015», новая сусветная зорка эстрады Дзімаш запісаў кампазіцыю ў падтрымку ўсіх, хто змагаецца з падэміяй каранавірусу, па замове найбуйнейшага кітайскага інфармагенцтва Сіньхуа. «Увесь свет перажывае няпросты перыяд, змагаючыся з эпідэміяй. Толькі аб’яднаўшыся супраць страшнай хваробы, толькі дапамагаючы адзін аднаму ў гэтыя цяжкія часы, можна перамагчы COVID-19», — гаворыцца ў апісанні відэароліка, які толькі на афіцыйным канале артыста паглядзелі ўжо амаль 600 тысяч чалавек.

ЗША

  • Andrian Grimes — «Coronavirus Rhapsody»

Строга кажучы, гэта не самастойная песня, а парадыйная версія хіта Queen, у якой спявак з гумарам расказвае пра сваю жонку-медыка, якая аднойчы таксама можа заразіцца каранавірусам, і тады яму давядзецца «перашкаджаць нашым дзецям абдымаць яе». Рэакцыю на іронію ў слухачоў была рознай, але ў выніку колькасць праглядаў роліка (дзе, дарэчы, няма відэа, а толькі тэкст) перавысіла 5 мільёнаў разоў.

  • Andy Eversole — «Quarantined With You»

Калі вы стаміліся ад сумнай статыстыкі і драмы, запіс музыканта з Паўночнай Караліны — тое, што трэба, каб справіцца з дэпрэсіўным настроем. Мілае, простае, як зараз прынята казаць, «лямпавае» відэапасланне Эндзі Эверсола, які падыгрывае сабе на банджа, нават пра пустыя вуліцы і спустошаныя паліцы крамаў расказвае з аптымізмам. Кантры яно такое кантры.

Дамінікана

  • Yofrangel — «Corona Virus»

Ёфрангель 911 — выканаўца песень дэмбоў (гэта музычны рытм, які зарадзіўся на Ямайцы, а таксама асаблівы танец). У сваёй песні, якая пачынаецца кашлем і суправаджаецца імітацыяй чхання, спявак пералічвае сімптомы хваробы і нагадвае аб тым, што трэба захоўваць «рэспіраторны этыкет» і не перашкаджаць урачам рабіць іхнюю працу. Ролік атрымаўся настолькі вірусным і завадным, што яго паглядзелі ўжо амаль 11 мільёнаў разоў!

Расія

  • Алег Газманаў — «Песня пра злы каранавірус»

Насамрэч, канешне, песнямі на тэму пандэміі адзначыліся многія расійскія музыканты і медыйшчыкі, ад Сямёна Слепакова і Цімура Радрыгеза, тэледоктара Алены Малышавай і Івана Урганта, але для агляду мы выбралі менавіта гэту кампазіцыю — бо, як сцвярджае сам аўтар, яна напісаная ў самаізаляцыі не дзеля хайпу, а па просьбе прыхільнікаў і калег, да таго ж выканаўца высмейвае міфы пра «ратавальны» часнок і кіпень. Ну і зноў жа, калі пажаданні здароўя былі лішнімі.

  • Ансамбль ЗВА — «Белыя халаты»

Песню запісалі, седзячы ў самаізаляцыі, не якія-небудзь юныя і поўныя імпэту блогеры, а кампазітар ды спявак Ігар Дэмарын і ўдзельнікі ансамблю песні і танцу Заходняй вайсковай акругі, каб падтрымаць суайчыннікаў, будаўнікоў, якія ўзводзяць новыя інфекцыйныя бальніцы Мінабароны, і падзякаваць медыкам за нялёгкую штодзённую працу.

Украіна

  • Патап — «Каранцін»

Папулярны рэпер, прадзюсар і, між іншым, майстар спорту па водным пола Патап (Аляксей Патапенка) стварыў лірычную песню, у якой адлюстраваў мары многіх людзей — «калі ўсё гэта скончыцца», паляцець з каханай на адпачынак у Рым, жартаваць пра Кітай і зноў паціскаць рукі сябрам у бары, не баючыся інфекцыі. Здымкі кліпа, дарэчы, праводзіліся ў поўнай адпаведнасці з рэкамендацыямі па самаізаляцыі — у пустой залі. Рэкамендацыю трымаць нос дагары, а рукі — чыстымі паглядзелі амаль 1,5 мільёна інтэрнэт-карыстальнікаў.

Казахстан

  • Марат Амараў — «Каранавірус, кет, кет, кет»

Трэк вядомага казахстанскага спевака і кампазітара Марата Амарава з прыпевам «Каранавірус, сыходзь, не набліжайся і не падыходзь» стаў настолькі папулярным, што выклікаў цэлую хвалю флэшмобаў — свае версіі песні запісалі і выклалі ў сеціве футбалісты зборнай Казахстана, музыканты, блогеры і нават маленькія дзеці з розных краін свету.

Вікторыя ЗАХАРАВА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Сёння пачаў работу УНС у новым статусе

Сёння пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.