Вы тут

Чэмпiянат Беларусi па лёгкай атлетыцы пройдзе ў перыяд з 31 лiпеня да 2 жнiўня на стадыёне «Дынама»


Турнiр адбудзецца ў фармаце класiчнай лёгкай атлетыкi, акрамя наймацнейшых беларускiх атлетаў, не выключана, што на старце ў Беларусi выступяць i спартсмены з iншых краiн. «Нам наўрад цi ўдасца перадаць атмасферу Алiмпiйскiх гульняў, але мы хочам для спартсменаў i гледачоў зрабiць шоу. Думаю, чэмпiянат краiны стане яркай падзеяй летняга сезона», — адзначыў старшыня Беларускай федэрацыi лёгкай атлетыкi Вадзiм Дзевятоўскi. Ён дадаў, што чэмпiянат Беларусi дасць неабходны спаборнiцкi вопыт спартсменам i магчымасць выразiць свае эмоцыi на стадыёне. Спаборнiцтвы стануць добрай магчымасцю паглядзець, у якой форме знаходзяцца беларускiя атлеты.


Арганiзатары абяцаюць здзiвiць не толькi спартыўнымi вынiкамi, але i шоу, усё будзе пабудавана вакол беларускай мовы i традыцый: пачынаючы ад прэзентацыi i нумароў i заканчваючы цырымонiяй узнагароджання. Напрыклад, усiм ахвотным будзе дадзена магчымасць прабегчы па дарожках стадыёна, кiнуць бульбу падчас жартоўных конкурсаў, патрымаць у руках сапраўдныя лёгкаатлетычныя снарады. Забаўляць гасцей будзе прадстаўлены напярэдаднi талiсман Беларускай федэрацыi лёгкай атлетыкi — Бафiк. Кошт бiлета абяцаюць зрабiць цалкам сiмвалiчным: два рублi для дарослых i рубель — для дзяцей. Лёгкаатлетычныя школы сваiх выхаванцаў змогуць адправiць на стадыён бясплатна. Пры гэтым, падкрэслiвае Вадзiм Дзевятоўскi, спартыўны складнiк падзеi таксама будзе на высокiм узроўнi.

— Кардынальных новаўвядзенняў не будзе: нас чакае класiчная лёгкая атлетыка, спаборнiцтвы ў знаёмым фармаце. Хiба што ў раскладзе з'явiцца мнагабор'е, а спартыўная хадзьба пройдзе на стадыёне — дыстанцыi 5000 i 10 000 метраў. Але мы ўсё ж хочам зрабiць падзею асаблiвай. Нам важна праверыць, у якiм стане знаходзяцца вядучыя спартсмены, якiя працягвалi падрыхтоўку ўсе гэтыя месяцы. Для кожнага былi распрацаваны персанальныя стратэгii, але пандэмiя ўнесла карэкцiроўкi ў графiк работы i запланаваныя зборы. Мы не кажам, што на чэмпiянаце краiны трэба любой цаной паказаць алiмпiйскiя вынiкi. Хтосьцi, наадварот, паўзу ў спаборнiцтвах выкарыстоўвае для аднаўлення. Але для тых, хто знаходзiцца на хаду, галоўны ўнутраны турнiр павiнен стаць чымсьцi накшталт кантрольнай работы i магчымасцi рэалiзаваць назапашаны патэнцыял.

Нагадаем, 74 беларускiя атлеты, якiя прадстаўляюць 16 вiдаў спорту, выканалi квалiфiкацыйныя патрабаваннi i нарматывы, якiя даюць права выступiць на Алiмпiядзе ў Токiа. Пасля аднаўлення адборачных спаборнiцтваў беларусы маюць намер заваяваць яшчэ некалькi дзясяткаў алiмпiйскiх квот.

Дар'я ЛАБАЖЭВІЧ

Прэв'ю: baltana.com

Загаловак у газеце: Яркая падзея летняга сезона

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?