Вы тут

Карэспандэнт «Звязды» завiтаў на цырымонiю апошняга званка i пабываў на першых у жыццi экзаменах дзевяцiкласнiкаў


Карэспандэнт «Звязды» завiтаў на цырымонiю апошняга званка i пабываў на першых у жыццi экзаменах дзевяцiкласнiкаў. I ўсё — у сярэдняй школе № 17 Вiцебска, якая функцыянуе, пачынаючы з 1928 года. Школьная тэрыторыя велiчынёй з квартал. Тут мiнулае пераклiкаецца з сучаснасцю, атрымлiваюць веды, пазнаюць свет каля 1000 маленькiх i юных гараджан. Невядома колькi яшчэ будзе, як той казаў, «правiць баль» COVID-19, але анiякай панiкi з-за небяспекi «падчапiць» вiрусы там не назiраецца. Ды i навошта хвалявацца? Усё ж прадугледжана дзеля захавання здароўя.


Адна на школу

Усе рэкамендацыi мiнiстэрстваў адукацыi i аховы здароўя выконваюцца да дробязяў. А як жа iнакш? Небяспечны вiрус амаль не мае шанцаў распаўсюджвацца. Напрыклад, медык вымярае тэмпературу пры ўваходзе i кантралюе яе на працягу дня ў тых, хто можа выклiкаць падазрэнне па медыцынскiх паказаннях... Чужых без масак i пальчатак далей хола каля ўвахода не пускаюць. I журналiстам выключэння не робяць. Антысептык для рук на першым паверсе, як i ў класах. Прытрымлiваюцца нормаў так званай сацыяльнай дыстанцыi. У гэтым выпадку на экзамене — за партай адзiн вучань.

Калi працяглы экзамен, праз дзве гадзiны праводзiцца дэзынфекцыя памяшкання: кантактныя паверхнi працiраюцца антысептыкам.

Паводле слоў дырэктара Сяргея Багамолава, быў выяўлены адзiн выпадак захворвання. Вучанiца дзясятага класа прыйшла ў школу, дрэнна сябе адчувала. Дзяўчынка была аператыўна iзалявана. Як i праведзены ўсе неабходныя мерапрыемствы: ва ўсiх магчымых кантактаў аналiзы не пацвердзiлi заражэння.

Дарэчы, на ўрачыстай лiнейцы, прысвечанай заканчэнню навучальнага года, не было, як прынята па традыцыi, хвалюючых iмгненняў, калi выпускнiк трымае на руках дзяўчынку-першаклашку са званком у руках. Толькi былi выпускнiкi, бацькi i некаторыя настаўнiкi. Дык i добра!

Такiм чынам, чуткi пра тое, што кагосьцi ледзь не сiлай зацягваюць у школы для масавасцi — перабольшванне.

Цi многа хадзiлi да экзаменаў? Як паведамiлi педагогi, больш за палову хлопчыкаў i дзяўчынак наведвалi школу. А сярод тых, каму трэба было здаваць экзамены, хадзiлi на заняткi каля 70 %. Астатнiя — мелi стасункi з выкладчыкамi i атрымлiвалi заданнi i адпраўлялi адказы па электроннай пошце. Усю неабходную iнфармацыю з тлумачэннямi размясцiлi на сайце ўстановы адукацыi.

Пра пандэмiю... географ

Сёлета ў школе 55 выпускнiкоў, якiя вучылiся адзiнаццаць гадоў. I 40 — пасля дзявятага класа, якiя вырашылi далей вучыцца па-за школай. Яшчэ 30 застануцца тут далей атрымлiваць веды...

У лiку тых, хто пакiдаюць сцены школы, сем медалiстаў. А 11-класнiца Насця Палушына пераможца рэспублiканскай алiмпiяды па геаграфii. Дзяўчына нават амаль не пакрыўдзiлася, калi я правакацыйна сказаў, што яе любiмы прадмет не ў трэндзе. А вось замежная мова i ўсё, што звязана з камп'ютарам, крута! Суразмоўнiца пачала расказваць пра сацыяльную геаграфiю i яе актуальнасць падчас пандэмii, ды i па-за ёю. Нюансы распаўсюджвання: чаму менавiта так было, а не iнакш, iншыя дробязi, якiя цiкавяць сёння ўсiх, — яе навука адкажа на гэта i многiя актуальныя пытаннi. А галоўнае, маючы добры аналiз iнфармацыi, можна прадухiлiць «распаўзанне» па свеце чагосьцi небяспечнага для ўсяго чалавецтва.

А для дзевяцiкласнiцы Насцi Закрэўскай сёлета першыя выпрабаваннi па вучобе. Заразiцца, прызналася, у школе не баiцца, а вось дрэнна здаць экзамены — так! Гутарылi з ёй да экзамену па матэматыцы, дзяўчынка сказала, што для яе гэты прадмет, у адрозненне ад таксама экзаменацыйных рускай i беларускай моў, самы цяжкi. Пасмяялася з маiх успамiнаў, што клалi пад падушку кнiжку ў ноч перад экзаменам. Каб лепш у галаву веды «пераходзiлi». Сказала, што смартфон або планшэт з адказамi на бiлеты лепш пакласцi далей ад ложка. Найлепшая падмога — добрае разуменне таго, што трэба будзе адказаць. Побач стаяў яе тата, якi часта бывае ў школе, бо дапамагае ў арганiзацыi розных мерапрыемстваў як гукааператар. Казаў, што зроблена ўсё магчымае, каб дзецi не сталi ахвярамi каварнага вiруса. Сам жа ходзiць па калiдорах i гэтак далей, дзе i дачка. I гаворыць не для прыгожага слаўца, са здароўем дзяцей не жартуюць.

Настаўнiк Наталля Лядэнка, класны кiраўнiк 9 «Б» у гэтай жа школе працавала яшчэ студэнткай. I з таго часу нiдзе больш. Гэта яе шосты выпуск (вучняў, якiя сыходзяць са школы). Кажа, што, канешне, пандэмiя змянiла падыход да атрымання ведаў. Але няхай i дыстанцыйна, падлеткi вучылiся адказна. Большасць прыходзiлi на заняткi, па суботах — на iндывiдуальныя.

Гонар школы

Пакуль падлеткi здавалi экзамены, дырэктар запрасiў на экскурсiю ў школьны музей народнага гонару, якому прыкладна трыццаць гадоў. Стварылi яго, калi школу ўзначальвала Iрына Шаўчэнка. Яна зацiкавiла папаўненнем фонду калег, дзяцей i iх сваякоў. I традыцыяй стала дарыць тое, што можа стаць часткай экспазiцыi: значкi, паштоўкi, маркi...

Тут ёсць i археалагiчныя знаходкi, «рэха вайны»: гiльзы, пляшкi, элементы формы i iншае. Цiкава прачытаць на стэндах пра былых вучняў.

Як адзначыў дырэктар школы, у наш час назiраецца цiкавы «феномен». У школе працавалi або вучылiся нямала кiруючых асоб. Сярод iх i кiраўнiк абласнога парламента Уладзiмiр Цярэнцьеў. Многiя былыя вучнi памятаюць яго як вельмi iнiцыятыўнага педагога-арганiзатара. Сярод выхадцаў i дэкан аднаго з факультэтаў Вiцебскага дзяржаўнага ўнiверсiтэта iмя П. М. Машэрава, кiраўнiкi сiстэм адукацыi гарадскога i раённага ўзроўняў.

Музей адзiн з нямногiх вiцебскiх школьных мае званне «народнага». У «гасцявой кнiзе», дзе наведвальнiкi могуць падзялiцца ўражаннямi, ёсць i ўдзячнасць ад грамадзянкi Швейцарыi. Не, яна не наша былая, а, як кажуць, «чыстакроўная швейцарка». Жанчына была назiральнiцай на парламенцкiх выбарах, якiя адбылiся мiнулай восенню. Школьнiкi запрасiлi яе да сабе ў музей. Iншаземка была вельмi ўражана не толькi ўбачаным, але i расказамi пра цiр, басейн, майстэрнi, дзе хлопчыкi вучацца сталярнай справе, а дзяўчаты — шыццю. I пра ўсё гэта i iншае ёй расказалi на англiйскай мове.

Аляксандр ПУКШАНСКI

Загаловак у газеце: Першы экзамен — у штатным рэжыме

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.