Вы тут

Спрыяльнае навакольнае асяроддзе ствараецца там, дзе над гэтым працуюць на месцах — у гарадскіх мікрараёнах ці на вясковых падворках і вуліцах


Маленькі прынц у аднайменнай казцы кожны дзень пачынаў з таго, што прыводзіў у парадак сваю планету. На жаль, сярод жыхароў Зямлі такога прынцыпу прытрымліваюцца пакуль не ўсе. Таму і ўзнікаюць дзе-нідзе смеццевыя звалкі, ламаюцца дрэвы, забруджваюцца азёры і рэкі... Але многія экалагічныя праблемы можна вырашыць, працуючы на месцах.


Парадак — ад слова «раіцца»

Каб пытанні добраўпарадкавання тэрыторый вырашаліся комплексна, у краіне штогод рэалізуюцца Рэспубліканскі план мерапрыемстваў па навядзенні парадку на зямлі і адпаведныя мясцовыя планы.

— Работа па навядзенні парадку шматпланавая: гэта і азеляненне тэрыторый, і знос састарэлых пустуючых дамоў, і ўцягванне вызваленых зямель у гаспадарчы абарот, і догляд грамадзянскіх і воінскіх пахаванняў, — кажа начальнік галоўнага ўпраўлення экалагічнай палітыкі, міжнароднага супрацоўніцтва і навукі Мінпрыроды Таццяна КАНАНЧУК. — З удзелам грамадскасці прыводзяцца ў парадак засмечаныя раней тэрыторыі, збіраецца смецце ў ахоўнай зоне рэк і азёр, праводзяцца суботнікі па азеляненні і іншыя акцыі ў рамках кампаніі «Добраўпарадкуем малую радзіму». Важную ролю ў гэтым працэсе адыгрываюць дэпутаты мясцовых Саветаў — яны не проста ўдзельнікі, а разам з тэрытарыяльнымі органамі Мінпрыроды галоўныя дзеючыя асобы.

Дзякуючы пастаяннаму кантакту з насельніцтвам праз сходы, прыёмы грамадзян дэпутаты ведаюць асноўныя праблемы ў сваіх рэгіёнах і могуць паспрыяць іх вырашэнню. Напрыклад, за сродкі Саветаў і органаў тэрытарыяльнага самакіравання праводзіцца добраўпарадкаванне дваровых тэрыторый, ствараюцца спартыўныя пляцоўкі, месцы для адпачынку, да гэтай работы прыцягваюцца і мясцовыя жыхары.

Па словах спецыяліста, мясцовай уладзе трэба больш абмяркоўваць з насельніцтвам актуальныя праблемы, разам шукаць шляхі іх вырашэння — ад арганізацыі збору смецця да рэалізацыі мясцовых ініцыятыў.

У апошнія гады значная ўвага ў краіне звяртаецца на развіццё экалагічнага турызму. Саветы дэпутатаў разам з органамі тэрытарыяльнага самакіравання ствараюць ініцыятыўныя групы, бяруць удзел у розных конкурсах па прыцягненні сродкаў міжнароднай тэхнічнай дапамогі. Так, у парадак прыводзяцца мясцовыя крыніцы ці вадасховішчы, а затым гэтыя аб'екты ўключаюцца ў экалагічныя маршруты раёна.

— Калі я была дэпутатам Нацыянальнага сходу па Быхаўскай выбарчай акрузе, была відавочцам рэалізацыі многіх падобных праектаў у Быхаўскім, Краснапольскім, Касцюковіцкім, Слаўгарадскім раёнах, — кажа Таццяна Кананчук. — І цяпер на асабліва ахоўных прыродных тэрыторыях, дзе гэта магчыма, працягвае стварацца інфраструктура. Гэта не толькі дапамагае прыцягваць экатурыстаў, але спрыяе сацыяльна-эканамічнаму развіццю тэрыторый.

У краіне налічваецца 4615,7 гектара зямель, занятых баршчэўнікам Сасноўскага. Менш за ўсё гэтай расліны ў Брэсцкай вобласці (12,99 гектара), больш за ўсё — на Віцебшчыне (3974,4 гектара). Меншыя плошчы і іншыя фактары дапамаглі паўднёва-заходняму рэгіёну краіны і Мінску перавыканаць планы па апрацоўцы гэтых плошчаў, у адрозненне ад паўночнай часткі краіны. Усяго ж, паводле звестак на канец мая, мерапрыемствы па рэгуляванні праведзены на тэрыторыі 1988,3 гектара (59,5 % ад плана).

Схема — усяму галава

Непасрэдна на мясцовым узроўні вырашаецца і пытанне абыходжання з цвёрдымі камунальнымі адходамі. Так, на працягу некалькіх гадоў у краіне вядзецца работа па скарачэнні колькасці аб'ектаў захавання адходаў, якія не адпавядаюць сучасным патрабаванням бяспекі. З 2016 года колькасць міні-палігонаў дзякуючы іх закрыццю і рэкультывацыі скарацілася ў тры разы (з 1750 да 556). У эксплуатацыі таксама знаходзіцца 159 палігонаў ЦКА. Да 2022 года плануецца закрыць усе міні-палігоны. Іх месца зоймуць аб'екты па сартаванні і выкарыстанні цвёрдых камунальных адходаў і сучасныя палігоны для іх захавання.

Але закрыццё міні-палігона, на жаль, не заўсёды праходзіць гладка, у тым ліку для прыроды. Добра ілюструюць сітуацыю несанкцыянаваныя звалкі, якія часам з'яўляюцца ў мясцовых лясах і хмызняках, уздоўж дарог і на прыпынках грамадскага транспарту. Так, за першы квартал 2020 года ў краіне зафіксавана 5038 фактаў размяшчэння адходаў па-за санкцыянаванымі месцамі. Да адказнасці прыцягнута 138 юрыдычных і 271 фізічных асоб на агульную суму штрафаў 135 691 рубель.

Таццяна Кананчук, начальнік галоўнага ўпраўлення экалагічнай палітыкі, міжнароднага супрацоўніцтва і навукі Мінпрыроды:

— Мясцовыя выканкамы, дэпутаты мясцовых Саветаў — важнае звяно ў працэсе ўдасканалення прыродаахоўнага заканадаўства. Яны першыя сутыкаюцца з недахопамі і прабеламі пры практычнай рэалізацыі заканадаўчых актаў, таму могуць указаць на іх у сваіх штогадовых справаздачах аб забеспячэнні жыццядзейнасці насельніцтва.

Менавіта яны праводзяць вялікую практычную работу, у тым ліку растлумачальную — з насельніцтвам, на карысць прыродзе і для развіцця беларускіх тэрыторый.

У Дзень аховы навакольнага асяроддзя я хачу павіншаваць з гэтым святам усіх, хто звязаны з рэалізацыяй экалагічнай палітыкі краіны, і падзякаваць за значны ўнёсак у справу аховы прыроды.

Калі ў рэгіёне шмат несанкцыянаваных звалак — значыць, дрэнна працуе схема абыходжання з адходамі, лічаць у Мінпрыроды.

— Мясцовыя органы ўлады, Саветы дэпутатаў сумесна з органамі тэрытарыяльнага грамадскага самакіравання павінны своечасова ініцыяваць унясенне змен у адпаведныя дакументы, — упэўнена Таццяна Кананчук. — Гэтае пытанне трэба абмяркоўваць з людзьмі на сходах, праз старастаў, старэйшын і іншых — каб кожны жыхар ведаў, якія змены будуць уносіцца; працаваць разам з арганізацыямі ЖКГ, тэрытарыяльнымі органамі Мінпрыроды.

Так, яшчэ да запланаванага закрыцця міні-палігона трэба вызначыць, як будзе арганізаваны збор смецця: магчыма, варта паставіць дадатковыя кантэйнеры, у тым ліку для другасных матэрыяльных рэсурсаў, ці часцей вывозіць адходы.

— Калі ў населеных пунктах схемы добра не працавалі, то ў некаторых садаводчых таварыствах і гаражных кааператывах з-за адсутнасці праўлення схемы нават не распрацоўваліся. Адпаведна, належным чынам не быў арганізаваны збор і вываз адходаў, — лічыць начальнік галоўнага ўпраўлення рэгулявання абыходжання з адходамі, біялагічнай і ландшафтнай разнастайнасці Мінпрыроды Вольга САЗОНАВА. — Дзякуючы зменам у Закон «Аб абыходжанні з адходамі» цяпер парадак абыходжання з адходамі, якія ўтвараюцца ў гэтых структурах, уключаецца ў схемы абыходжання з ЦКА, што распрацоўваюцца і зацвярджаюцца мясцовымі органамі ўлады. Паколькі дачны сезон толькі пачаўся, эфектыўнасць гэтых змен мы зможам убачыць у найбліжэйшы час.

Каб вырашыць гэтыя і іншыя праблемы, звязаныя з арганізацыяй сістэмы збору і вывазу камунальных адходаў, Мінжылкамгасам распрацоўваецца ТКП «Ахова навакольнага асяроддзя і прыродакарыстанне. Адходы. Правілы абыходжання з камунальнымі адходамі». Па словах Вольгі Сазонавай, у дакуменце плануецца замацаваць агульныя правілы — як увогуле наконт сістэмы абыходжання з ЦКА, так і канкрэтныя патрабаванні па колькасці кантэйнераў, маркіроўцы і г. д. Усе яны будуць абавязковыя да выканання. Цяпер дакумент дапрацоўваецца з улікам правак Мінпрыроды.

За першы квартал 2020 года тэрытарыяльныя органы Мінпрыроды выявілі 676 парушэнняў выканання схем абыходжання з камунальнымі адходамі. Да адказнасці прыцягнута 4 юрыдычныя, 6 службовых і 5 фізічных асоб на суму 3604,5 рубля.

Гаспадарлівасць выратуе ад інвазій

Распаўсюджванне інвазійных раслін — яшчэ адна праблема, якую немагчыма вырашыць без узаемадзеяння мясцовых улад, насельніцтва і землекарыстальнікаў.

Штогод да 15 красавіка мясцовыя выканаўчыя і распарадчыя органы зацвярджаюць раённыя планы мерапрыемстваў па рэгуляванні распаўсюджвання і колькасці інвазійных відаў раслін. Папярэдне спецыялісты вывучаюць, ці з'явіліся на іх тэрыторыі новыя месцы, ацэньваюць, наколькі эфектыўна былі апрацаваны раней выяўленыя папуляцыі. Пры гэтым асноўныя мерапрыемствы па рэгуляванні распаўсюджвання і колькасці інвазійных раслін павінны праводзіць карыстальнікі зямельных участкаў.

На асаблівым кантролі знаходзяцца папуляцыі сумніку канадскага і баршчэўніку Сасноўскага.

— З раней выяўленымі папуляцыямі атрымалася дасягнуць пэўных вынікаў, у тым ліку з дапамогай шырокай хімічнай апрацоўкі, — адзначыла Вольга Сазонава. — З імі на працягу двух-трох гадоў вядзецца работа, многія з іх былі ліквідаваныя. Але за кошт таго, што ў пачатку 2019 года прайшла шырокая кампанія па выяўленні новых месцаў, плошча, дзе зафіксаваныя інвазійныя расліны, значна ўзрасла.

На 1 студзеня 2020 года сумнік канадскі займаў 2863,29 гектара тэрыторыі Беларусі. Найлепшая сітуацыя з гэтай раслінай у Гомельскай (25,63 гектара) і Брэсцкай (54,84 гектара) абласцях, найгоршая — у Мінскай (679,25 гектара) і Гродзенскай (1141,41 гектара).

Але знішчэнне інвазійных раслін — толькі першы крок. Вельмі важна пасля правядзення работ уцягнуць вызваленыя землі ў гаспадарчы абарот — засеяць іх рознымі травасумесямі, правесці лесаразвядзенне ці пачаць выкарыстоўваць у сельскай гаспадарцы. У адваротным выпадку шкодныя расліны зноў могуць з'явіцца там праз нейкі час.

Па словах Таццяны Кананчук, акрамя вялікіх тэрыторый, важна звяртаць увагу і на кветнікі мясцовых жыхароў, адкуль часта распаўсюджваюцца ў прыроду інвазійныя расліны. Мясцовыя органы ўлады і Саветы дэпутатаў у рамках навядзення парадку на зямлі праводзяць шырокую растлумачальную работу з насельніцтвам, чаму нельга вырошчваць сумнік і іншыя шкодныя расліны.

Каб барацьба з інвазіямі была больш сістэмная, у краіне распрацоўваецца ТКП «Ахова навакольнага асяроддзя і прыродакарыстанне. Раслінны свет. Патрабаванні да правядзення работ па абмежаванні распаўсюджвання і колькасці інвазійных раслін (баршчэўніку Сасноўскага, сумніку канадскага, эхінацысцісу лопасцевага і іншых) рознымі метадамі».

— ТКП будзе ўтрымліваць патрабаванні да правядзення работ па абмежаванні распаўсюджвання і колькасці інвазійных раслін, тэхналогіі, самі мерапрыемствы па рэгуляванні і прафілактыцы і, галоўнае, — ацэнку эфектыўнасці такіх мерапрыемстваў, — падсумоўвае Вольга Сазонава. — Мяркуецца, што сёлета дакумент будзе ўведзены ў дзеянне.

Фота Веранікі Коласавай.

Парадак на зямлі ў лічбах

У рамках Рэспубліканскага плана мерапрыемстваў па навядзенні парадку на зямлі за чатыры месяцы 2020 года ў краіне:

  • у населеных пунктах і на тэрыторыях уздоўж аўтамабільных дарог высаджана 215 тысяч дрэў і 99 тысяч кустоў (план — 48 067 і 21 648 адпаведна);
  • усталявана і адрамантавана 7655 кантэйнераў для збору адходаў (план — 3750), у тым ліку 4315 — для паасобнага збору (план — 3142);
  • знесены 931 пустуючы і састарэлы жылы дом (план — 420);
  • узарана і ўцягнута ў гаспадарчы абарот 2387 гектараў пустуючых сельскагаспадарчых зямель;
  • праведзены ліквідацыйны тампанаж 41 свідравіны, якія не выкарыстоўваліся (план — 3);
  • рэкультываваны 42 выведзеныя з эксплуатацыі міні-палігоны (план — 12) і 54 адпрацаваныя ўнутрыгаспадарчыя кар'еры (план — 11);
  • на ААПТ устаноўлены 171 інфармацыйны знак (план — 118), добраўпарадкаваныя існуючыя зоны і месцы адпачынку, турыстычныя стаянкі ў нацыянальных парках і заказніках, устаноўлены 121 кантэйнер для збору адходаў (план — 23) і іншае.

Вераніка КОЛАСАВА

Фота Анатоля КЛЕШЧУКА

Загаловак у газеце: Ад чыстай зямлі да чыстай планеты

Выбар рэдакцыі

Рэлігія

Адноўлены Тураўскі крыж паказалі ў Мінску

Адноўлены Тураўскі крыж паказалі ў Мінску

Вячэрняе набажэнства у саборы прайшло, авеянае дарагімі для ўсіх сімваламі вяртання і адраджэння духоўных традыцый.  

Культура

75 гадоў таму адкрылася першая экспазiцыя музея Янкi Купалы

75 гадоў таму адкрылася першая экспазiцыя музея Янкi Купалы

Давайце з нагоды пачэснага юбiлею пройдземся па залах музея, у кожнай з якiх свае цiкавосткi.