Вы тут

Як на Міншчыне змагаюцца з сумнікам канадскім


Кожны з нас неаднаразова заўважаў у розных месцах Беларусі кусты з жоўтымі кветкамі, якія нагадваюць мяцёлкі. Гэта — сумнік канадскі (далей — сумнік). Калісьці ім упрыгожвалі могілкі, клумбы, агароды. У той час ніхто не ведаў, што гэтая расліна — сапраўдны вораг для нашай прыроды, які выцясняе з прывычнага асяроддзя айчынныя, або, як кажуць, абарыгенныя расліны, што прыжыліся на нашай зямлі шмат стагоддзяў таму.


— Налічваецца шмат відаў сумніку канадскага. Паўночнаамерыканскія віды актыўна пашыраюць свой арэал на тэрыторыі нашай краіны з канца XX стагоддзя. Яны засяляюць пусткі, абочыны дарог, лясныя паляны, сады, паркі, сухадольныя пойменныя лугі, берагі вадаёмаў. Месцамі ствараюць сапраўдныя зараснікі на значнай плошчы, — расказвае намеснік старшыні Мінскага абласнога камітэта прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Наталля Кудырка. — Небяспека распаўсюджвання сумніку заключаецца ў тым, што, займаючы новыя ўчасткі, ён цалкам змяняе навакольную флору і фаўну, прычым распаўсюджваецца вельмі хутка і агрэсіўна. Гэтаму спрыяюць некалькі фактараў. Па-першае, у яго няма так званых натуральных ворагаў з ліку раслін-канкурэнтаў і насякомых. Па-другое, кожны куст дае да 100 тысяч зярнят насення, якое вылучаецца высокай усхожасцю, — да 95 %. Па-трэцяе, з гадамі карэнне сумніку пачынае выдзяляць у глебу ядавітыя рэчывы, якія падаўляюць рост іншых раслін.

Па небяспечнасці для навакольнага асяроддзя сумнік знаходзіцца на адной прыступцы з баршчэўнікам Сасноўскага, а па ступені агрэсіўнасці нават яго перасягае. Ён уключаны ў спіс інвазійных відаў, якія наносяць значныя страты абарыгенным раслінам, навакольнаму асяроддзю, біялагічнай разнастайнасці ў цэлым.

У Мінскай вобласці найбольшыя плошчы, якія займае гэты чужынец, знаходзяцца ў Мінскім раёне — больш за 140 гектараў, Пухавіцкім — 125 гектараў, Смалявіцкім — 93 гектары, Чэрвеньскім — 83 гектары, Лагойскім — амаль 59 гектараў, Валожынскім — 33 гектары, Стаўбцоўскім — каля 29 гектараў, Крупскім — 28 гектараў. Гэта ў суме больш 80 % ад колькасці плошчаў па вобласці, занятых сумнікам. Апошнія гады з абласнога бюджэту выдзяляюцца сродкі для правядзення ў поўным аб'ёме мерапрыемстваў у месцах, дзе «пасяліліся» сумнік і баршчэўнік Сасноўскага. Сёлета на барацьбу з гэтымі інвазійнымі раслінамі плануецца выдаткаваць 420 тысяч рублёў, у тым ліку 300 тысяч — на апрацоўку зараснікаў сумніку. Як правіла, сродкі размяркоўваюцца ў адпаведнасці з займанай імі плошчай у кожным канкрэтным раёне. У некаторых з іх на мерапрыемствы па ліквідацыі гэтых чужынцаў выдзяляюць дадатковыя сродкі землекарыстальнікі і мясцовыя бюджэты.

Метады барацьбы з сумнікам такія ж, як і з баршчэўнікам Сасноўскага: ручны і механічны, у тым ліку і скошванне, хімічны — з дапамогай гербіцыдаў і камбінаваны. У цяперашні час на Міншчыне ідуць актыўныя работы па ліквідацыі баршчэўніку, бо яго актыўны вегетацыйны перыяд надыходзіць у маі. Асноўныя мерапрыемствы па скарачэнні колькасці сумніку і прафілактыцы яго распаўсюджвання пачнуцца бліжэй да ліпеня.

— Апошнія гады мы адзначаем зніжэнне плошчаў сумніку, — кажа Наталля Кудырка.— Пакуль рана хваліцца нейкімі глабальнымі вынікамі, але зрухі да лепшага ёсць. Мы заўважаем, што вельмі добра ўплывае на змяншэнне колькасці гэтай расліны сітуацыя, калі землі прыцягваюцца пад забудову, у тым ліку катэджную, і прыцягненне ў сельскагаспадарчы і лесагаспадарчы абарот. Тады яна знішчаецца натуральным шляхам, што дазваляе сэканоміць бюджэтныя сродкі.

Працэс распаўсюджвання расліны пакуль можна ўзяць пад кантроль. Гэта агульная задача як спецыялістаў, так і землекарыстальнікаў. Калі ўпусціць момант, то праз некалькі гадоў гэтая работа запатрабуе значна большых намаганняў і сродкаў. Для таго каб зменшыць сельскагаспадарчы ўрон ад сумніку, Мінаблвыканкам штогод зацвярджае комплекс мерапрыемстваў, што, бясспрэчна, дало свае вынікі.

Выкананне мерапрыемстваў знаходзіцца на пастаянным кантролі тэрытарыяльных органаў Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя. Пры правядзенні маніторынгу розных тэрыторый наконт распаўсюджвання інвазійных раслін яны выдаюць землекарыстальнікам рэкамендацыі, устанаўліваюць тэрмін і пералік работ, якія тым трэба правесці. Калі ж пісьмовае патрабаванне не выканана, або выканана не належным чынам, або не ва ўстаноўлены тэрмін, землекарыстальніку пагражае штраф у памеры 20 базавых велічынь.

Вельмі важна, лічыць мая суразмоўніца, што ў Беларусі штогод плануюцца мерапрыемствы па навядзенні парадку на зямлі. Яны фарміруюцца як у цэлым па краіне, так і на ўсіх рэгіянальных узроўнях: і раённым, і абласным. У цэнтральным рэгіёне на працягу некалькіх апошніх гадоў у планы ўключаюцца і заданні па рэгуляванні распаўсюджвання і колькасці сумніку. Гэтае пытанне на вельмі жорсткім кантролі.

Таццяна ЛАЗОЎСКАЯ

Загаловак у газеце: Чужынец супраць абарыгенаў! Хто каго?

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.