Вы тут

Рарытэты Нацыянальнага гiстарычнага музея Беларусi з'явіліся на агароджы парка iмя Чалюскiнцаў у Мiнску


Калi Магамет з аб'ектыўных прычын не можа прыйсцi да гары, гара робiць сэлфi i дасылае Магамету. Гэта вельмi спрошчаная карцiна таго, як у неспрыяльнай эпiдэмiялагiчнай сiтуацыi вымушаныя працаваць музеi i iншыя культурныя ўстановы. Вось чаму новы праект «Рарытэты Нацыянальнага гiстарычнага музея Беларусi», якi 2 чэрвеня афiцыйна стартаваў i на працягу года будзе працаваць пад адкрытым небам на агароджы парка культуры i адпачынку iмя Чалюскiнцаў у Мiнску, вывеў многiх з анлайну ў рэальнасць, нягледзячы на надвор'е.


Як ужо расказвала «Звязда», «Рарытэты...» — гэта 70 фотабанераў, якiя адлюстроўваюць культурнае багацце i ўнiкальнасць беларускай нацыi. На выставачнай алеi змешчаны высакаякасныя здымкi i iнфармацыя на трох мовах пра больш чым 300 музейных артэфактаў, што захоўваюцца ў фондах Нацыянальнага гiстарычнага музея i ўсiх яго фiлiялаў. Узоры беларускай нумiзматыкi i самабытныя народныя строi з розных рэгiёнаў, партрэты славутых гiстарычных асоб i прылады для традыцыйных рамёстваў, музычныя iнструменты, кнiгi, посуд, упрыгожаннi, шэдэўры iканапiсу, разнастайнасць беларускай прыроды, шматлiкiя археалагiчныя знаходкi — праект ва ўмовах пандэмii аказаўся як нiколi дарэчы, бо тут можна здзейснiць падарожжа ў часе i прасторы, захоўваючы рэкамендаваную сацыяльную дыстанцыю i не завiтваючы ў музейныя залы. Хоць, канешне, арганiзатары спадзяюцца абудзiць у суайчыннiках i замежных турыстах цiкавасць да музеяў, да багатай беларускай гiсторыi i культурнай спадчыны. «Вымушаны антракт у камунiкацыях прымусiў нас з яшчэ большай цеплынёй ставiцца да нашых гасцей, сяброў i партнёраў», — зазначыў на адкрыццi праекта дырэктар Нацыянальнага гiстарычнага музея Павел Сапоцька.

...Здымкi артэфактаў з музейнай скарбнiцы, расказваюць аўтары праекта, фатографы, журналiсты, лаўрэаты прэмii «За духоўнае адраджэнне» (2005) Аляксандр Аляксееў i Алег Лукашэвiч, iшлi штодзень на працягу месяца, i для таго, каб якасна, без блiкаў i адбiткаў, зняць нават маленькi прадмет з металу цi шкла, сыходзiла па некалькi гадзiн. Але працэс здымак, калi можна было патрымаць у руках бясцэнныя артэфакты — рэчыўныя часткi гiсторыi роднай краiны, захапляў настолькi, што на час нiхто з удзельнiкаў здымак не звяртаў увагi.

Галоўны спецыялiст упраўлення культуры Мiнгарвыканкама Марына Ясюк нагадала: агароджа парка Чалюскiнцаў ужо дзявяты раз становiцца арт-пляцоўкай для доўгатэрмiновых выставачных праектаў, якiя праходзяць пад адкрытым небам. Цяперашнi, дарэчы, рэалiзаваны ў дзяржаўна-прыватным партнёрстве — пры падтрымцы Мiнiстэрства культуры, Мiнгарвыканкама i фiнансавай дапамозе ААТ «Беларусбанк».

— Выстаўка «Рарытэты Нацыянальнага гiстарычнага музея» хоць i адкрытая для наведвальнiкаў, але са зразумелых прычын дасяжная пакуль толькi беларусам. Як плануецца прасоўваць праект — можа, ёсць iдэя запiсаць аўтарскiя анлайн-экскурсii? — спытала «Звязда» ў аўтараў праекта.

— Цяпер ёсць мноства новых iдэй, як гэты праект развiваць, у тым лiку, я спадзяюся, з'явiцца аўдыягiд на розных мовах. Бо цiкавасць да нашай краiны ёсць: напрыклад, калi мы здзяйснялi праект «Спадчына Беларусi» i дарылi гэты фотаальбом замежнiкам, яго праглядалi з першай да апошняй старонкi, распытвалi пра нашу гiсторыю, i ў многiх менавiта пасля гэтага з'яўлялася жаданне наведаць Беларусь, каб пазнаёмiцца з краiнай блiжэй. Але галоўная мэта для нас як аўтараў — у тым, каб падняць самасвядомасць беларусаў, каб мы самi ведалi, любiлi i шанавалi сваю краiну, сваю гiсторыю i культуру, бо, паверце, толькi ў гэтым выпадку палюбяць i нас у свеце.

— Каб не быць галаслоўным, прывяду лiчбы, — дадае Алег Лукашэвiч, — альбом «Спадчына Беларусi» перавыдаваўся 18 разоў, а яго агульны тыраж склаў 46,5 тысячы асобнiкаў. І цяпер гэта кнiга добра прадаецца, хоць яна адна з самых дарагiх у нашых кнiгарнях, кошт падарункавага выдання ў скураной вокладцы звыш 500 рублёў... Калi мы пачыналi гэты праект у 2001 годзе, нават не думалi, што ён будзе такi паспяховы, атрымае працяг i падштурхне краiну да больш актыўнай рэстаўрацыi i захавання сваiх архiтэктурных помнiкаў. Але гэта адбылося, i сёння мы бачым, колькi помнiкаў адноўлена, колькi ўсяго зроблена i робiцца для захавання гiсторыка-культурнай спадчыны. А таму, безумоўна, будзем працаваць надалей, каб прадставiць нашы культурныя скарбы i здабыткi ў самых розных аспектах i кiрунках.

Вiкторыя ЦЕЛЯШУК

Фота Яўгена ПЯСЕЦКАГА

Загаловак у газеце: Каб любiць Беларусь нашу мiлую

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.