Вы тут

Пройдзе першая віртуальная выстава беларускіх вытворцаў Made in Belarus #AgroFood


СП ААТ «Спартак», СААТ «Камунарка» і Гомельскі тлушчавы камбінат прымуць удзел у першай віртуальнай выставе беларускіх вытворцаў Made in Belarus #AgroFood. Яна пачне работу 16 чэрвеня, паведамляе дзяржаўны канцэрн «Белдзяржхарчпрам».


На ёй будзе прадстаўлена прадукцыя вядучых беларускіх прадпрыемстваў у галіне сельскай гаспадаркі і прадуктаў харчавання. Мерапрыемства адкрые серыю віртуальных спецыялізаваных выстаў Made in Belarus Online, прысвечаным розным галінам прамысловасці і скіраваных на прэзентацыю беларускай прадукцыі і паслуг дзелавым колам у розных рэгіёнах свету.

Глабальная санітарна-эпідэміялагічная сітуацыя стварае неабходнасць выдаленай працы для бізнесу ў шэрагу краін. У гэтых умовах, а таксама з улікам пераносу традыцыйных выстаў на пазнейшыя тэрміны, віртуальная альтэрнатыва можа стаць зручным часовым рашэннем — пляцоўкай, якая дазволіць прадставіць глабальнай бізнес-аўдыторыі навінкі беларускай вытворчасці і знайсці дзелавых партнёраў, зацікаўленых у набыцці прадукцыі.

Выстава будзе ўяўляць сабой інтэрактыўную экспазіцыю, якая складаецца з віртуальных стэндаў беларускіх прадпрыемстваў. На кожным будуць размешчаны віртуальныя ўзоры прадукцыі, відэаролікі, дзелавыя прапановы. Наведвальнікі стэндаў змогуць азнаёміцца з персанальным відэа-прывітаннем і пагутарыць з прадстаўніком прадпрыемства з дапамогай тэкставага чата. Уся інфармацыя будзе прадстаўлена на рускай і англійскай мовах.

У павільёне Agro будуць прадстаўлены сельскагаспадарчая тэхніка і абсталяванне, тэхналогіі і распрацоўкі ў сферы сельскай гаспадаркі, угнаенні і сродкі абароны раслін; павільён Food прадэманструе прадукты харчавання і напоі.

Чакаецца, што выставу наведае больш за пяць тысяч прадстаўнікоў дзелавых колаў і дзяржаўных структур Азербайджана, Арменіі, Беларусі, Грузіі, Казахстана, Кыргызстана, Расіі, Таджыкістана, Узбекістана і Украіны — краін, выбраных арганізатарам мерапрыемства для правядзення таргеціраванай рэкламы і прасоўвання. У той жа час ужо зараз да выставы праяўляюць цікавасць прадстаўнікі бізнесу з Кітая і краін Лацінскай Амерыкі, таму ёсць падставы чакаць, што аўдыторыя мерапрыемствы ўключыць у сябе і шэраг іншых краін. Наведванне выставы — бясплатнае (з абавязковай рэгістрацыяй).

У рамках выставы пройдзе Міжнародны аграрны анлайн-форум, дзе адбудзецца абмеркаванне бягучай сітуацыі ў сельскагаспадарчай і знешнегандлёвай сферы з удзелам прадстаўнікоў дзяржаўных органаў і прадпрыемстваў з розных краін.

Шырокае кола беларускіх арганізацый і прадпрыемстваў, зацікаўленых у пашырэнні экспарту, атрымае магчымасць прадэманстраваць сваю прадукцыю і паслугі на выставе. 
Генеральным партнёрам выставы Made in Belarus #AgroFood з’яўляецца Мінскі малочны завод № 1, партнёрам — СТАА «Гейм Стрым» — Мінскі цэнтр распрацоўкі World of Tanks.
Арганізатар серыі віртуальных выстаў Made in Belarus Online — прадпрыемства «Белінтэрэкспа» Беларускай гандлёва-прамысловай палаты, якое за час свайго існавання правяло звыш 250 выстаў і экспазіцый у 60 краінах свету. Першая віртуальная выстава Made in Belarus #AgroFood праводзіцца пры падтрымцы і ўдзеле галіновых міністэрстваў і бізнес-асацыяцый Беларусі і іншых краін.

У ліпені і жніўні 2020 года пройдуць віртуальныя выставы Made in Belarus #Build і Made in Belarus #TechMach, прысвечаныя дэманстрацыі прадукцыі, паслуг і навуковых распрацовак у галіне будаўніцтва і дрэваапрацоўкі, машынабудавання і металаапрацоўкі, электратэхнікі, аўтаматызацыі, прыборабудавання, здабыўной прамысловасці, нафтахіміі і экалогіі.

Сяргей РАСОЛЬКА

Прэв'ю: cci.by

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.