Вы тут

Прапанова ад чытача: «бяспечная» сістэма аплаты камунальных паслуг, тэлефонаў, інтэрнэту


Пра неабходнасць трымаць бяспечную дыстанцыю, пазбягаць залішніх кантактаў цяпер гаворыцца шмат. Ды і робіцца многае.


У асаблівай сацыяльнай абароне маюць патрэбу людзі, абцяжараныя хранічнымі захворваннямі, адзінокія, састарэлыя пенсіянеры. Ім усім, прычым досыць настойліва, раяць абмяжоўвацца прасторай сваёй кватэры ці хаты. Яны, можа, і рады б, але ж нідзе не дзенешся — трэба хадзіць у крамы, купляць лекі, плаціць за камунальныя паслугі, тэлефон, інтэрнэт...

Мясцовыя ўлады, аддзелы сацыяльнага забеспячэння, валанцёры, сваякі і проста людзі нераўнадушныя адгукаюцца на просьбы аб дапамозе, праяўляюць клопат... Аднак, на мой погляд, яго можна зрабіць больш дзейсным і пры гэтым — значна спрасціць.

Што я маю на ўвазе?

Тыя, хто атрымлівае пенсіі не на банкаўскія карткі, а ў паштовых аддзяленнях, маюць багаты досвед шматлюднага чакання. Без яго, як правіла, не абыходзіцца і аплата ўжо згаданых камунальных паслуг, тэлефонаў, інтэрнэту...

А між тым службы ЖКГ маглі б вызначыць сярэднія штомесячныя плацяжы па асобных кватэрах (расход цяпла, вады і электрычнасці можна ўдакладніць тэлефоннымі званкамі) і з пісьмовага дазволу кватэраздымшчыкаў — уладальнікаў жылля прадставіць гэтыя звесткі службам, якія налічваюць пенсіі.

Такім чынам грошы маглі б аўтаматычна пералічвацца адрасатам, а людзям у выніку не трэба было б нервавацца ў шматлюдных чэргах ці абцяжарваць сваімі просьбамі іншых (добра, калі ёсць каго).

Думаю, што гэткі ж спосаб аплаты камунальных паслуг можна распаўсюдзіць і на тых, хто атрымлівае зарплату, нават на тых, хто мае так званыя вольныя ці лішнія грошы. А што — пералічыў суму на тры-пяць месяцаў наперад, і ніякіх табе турбот. У паштовую скрынку разам са звычайнай «жыроўкай» прыйдзе справаздача пра твой асабісты баланс.

...Людзі маладзейшыя могуць мне запярэчыць: маўляў, навошта агарод гарадзіць, калі за камунальныя паслугі так проста разлічыцца са свайго хатняга камп'ютара? На што старэйшыя ім адкажуць, што сёння далёка не ў кожнага пенсіянера ёсць той камп'ютар і далёка не кожны ўмее ім карыстацца.

Разумею: рэалізацыя маёй прапановы запатрабуе пэўнай перабудовы, у некага з работнікаў з'явяцца новыя абавязкі, за іх, відавочна, давядзецца даплачваць... Але гульня будзе вартая свечак, бо мы зможам пазбегнуць шматлюдных змушаных зносін.

...Значна складаней — зноў жа на мой погляд — пералічваць нейкую авансавую суму, заводзіць асабістыя рахункі ў крамах, паслугамі якіх увесь час карыстаюцца тыя ж пенсіянеры. Але згадзіцеся, што пры жаданні нават гэта магчыма! Тады і гандлю стане значна прасцей асвойваць метад дастаўкі тавараў непасрэдна пакупніку, і валанцёрам (ці тым, хто іх замяшчае)...

Такую ж сістэму аплаты можна прадумаць і ў аптэках.

Згодзен: гэта нязвыкла і камусьці больш клапотна, але ж галоўная мэта будзе дасягнута. Мы ўвядзём у дзеянне калектыўную антывірусную абарону, дзейсны дзяржаўны клопат пра тых, хто чакае штодзённай дапамогі.

Дэталізаваць, ці «аблічбаваць», сутнасць маёй прапановы лёгка могуць праграмісты. Усё будзе кантралявацца і вырашацца аператыўна. Выгада — усеагульная. Дык чаму б нам не стаць ініцыятарамі, першапраходцамі? А паслядоўнікі, думаю, абавязкова будуць.

Ізяслаў Катляроў, г. Светлагорск

Прэв'ю: akchabar.kg

Загаловак у газеце: Плаціць бы рады...

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.