Вы тут

Што для аховы біяразнастайнасці робіцца ў нашай краіне


Біяразнастайнасць ахоплівае 8 мільёнаў відаў на планеце — ад раслін і жывёл да грыбоў і бактэрый, а таксама экасістэмы, у якіх яны знаходзяцца, і генетычную разнастайнасць у межах асобных відаў. У выніку чалавечай дзейнасці гэтае багацце можа знікнуць, закрануўшы і самога чалавека, — бо, не клапоцячыся пра прыроду, мы не клапоцімся пра сябе. У нашай краіне гэта добра разумеюць.


Фота Валерыя Кавалёнка.

— Натуральныя экасістэмы займаюць больш за палову тэрыторыі Беларусі, — расказаў начальнік упраўлення біялагічнай і ландшафтнай разнастайнасці Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Мікалай СВІДЗІНСКІ. — Іх плошча складае 11,7 мільёна гектараў, ці 56,4 % тэрыторыі краіны. Гэта лясы (75 % натуральных экасістэм), хмызнякі, натуральныя лугавыя тэрыторыі, балоты, водныя аб'екты (рэкі, азёры, сажалкі). Чакаецца, што ў выніку работы, якая будзе праводзіцца ў наступныя пяць гадоў, доля такіх зямель павялічыцца і складзе 58,5 % ад агульнай плошчы Беларусі.

У краіне працягваецца работа па наданні міжнароднага статусу асабліва ахоўным прыродным тэрыторыям. Створана трансгранічная ААПТ «Запаведнае Паазер'е», якая ўключае два нашы заказнікі — «Чырвоны Бор» і «Асвейскі», а таксама расійскі нацыянальны парк «Себежскі». Ёсць пэўныя планы па развіцці турызму на такіх тэрыторыях, пры гэтым важна вытрымліваць баланс паміж захаваннем прыроды і патрэбамі турыстаў.

Сёння дзеянні чалавека павінны быць накіраваны на памнажэнне прыродных багаццяў. Гэта не толькі беражлівае стаўленне да жывёльнага і расліннага свету, але і абарона ад інвазійных чужародных відаў раслін і дзікіх жывёл. У прыватнасці, Мінпрыроды актуалізавала пералік такіх відаў. Цяпер у гэты спіс уключаны чырвонавухая чарапаха, янотападобны сабака, норка амерыканская, сумнік гіганцкі, баршчэўнік Сасноўскага, рабінія лжэакацыя і іншыя. Яны наносяць сур'ёзную шкоду навакольнаму асяроддзю, абарыгенным відам раслін і жывёл, біялагічнай разнастайнасці.

Як паведаміў генеральны дырэктар Навукова-практычнага цэнтра НАН Беларусі па біярэсурсах Аляксандр ЧАЙКОЎСКІ, створана сістэма маніторынгу чужародных відаў жывёл і раслін, устаноўлены асноўныя шляхі іх пранікнення, вызначаны найбольш уразлівыя да новых інвазій экасістэмы, сфарміраваны «чорны спіс» інвазійных відаў жывёл і раслін. Сёлета выйдзе ў свет другое, пашыранае выданне «Чорнай кнігі» інвазійных відаў жывёл Беларусі. У ім прадстаўлены звесткі пра пяць відаў паразітычных арганізмаў, шэсць відаў водных беспазваночных, 45 наземных беспазваночных, тры віды рыб, адзін від рэптылій і тры віды млекакормячых.

У нашай краіне вядзецца вялікая работа па аднаўленні папуляцый рэдкіх і знікаючых відаў жывёл. Напрыклад, у 2018 годзе былі адлоўлены асобіны кумжы звычайнай, што дазволіла забяспечыць закладку трох тысяч штук аплодненых ікрынак у інкубатары. Працягваецца фарміраванне лакальных папуляцый сцерлядзі ў басейнах рэк Дняпра і Прыпяці. Адноўлены тры папуляцыі шыракапалага рака ў азёрах, дзе раней гэты від знік.

Вучонымі НПЦ па біярэсурсах летась ініцыяваныя даследаванні па распрацоўцы комплексу мерапрыемстваў, накіраваных на падтрыманне ўстойлівага стану папуляцыі еўрапейскага вугра ў Беларусі і на сумежных тэрыторыях. Прааналізаваны дынаміка і эфектыўнасць зарыблення гэтым відам вадаёмаў басейна Нёмана; складзены карты-схемы сучаснага распаўсюджання вугра ў беларускіх вадаёмах, выяўлены перашкоды для яго міграцыі ў межах тэрыторыі нашай краіны ў басейне Нёмана і праведзены шэраг іншых даследаванняў. На гэты год запланавана распрацоўка сумеснага трансгранічнага беларуска-літоўскага плана кіравання рэсурсамі еўрапейскага вугра.

Міністэрства лясной гаспадаркі таксама ўдзельнічае ў рэалізацыі мерапрыемстваў Нацыянальнага плана дзеянняў па захаванні і ўстойлівым выкарыстанні біялагічнай разнастайнасці на 2016—2020 гады. Цяпер у Беларусі ажыццяўляецца адна з найбольш паспяховых праграм па захаванні і павелічэнні колькасці жывёл — рассяленне высакароднага аленя. За апошнія чатыры гады ў нашай краіне расселена больш за 3,5 тысячы гэтых жывёл. У параўнанні з 2006 годам колькасць казулі вырасла на 180 %, а высакароднага аленя — на 330 %.

Выклікае пэўную заклапочанасць колькасць рысі — па выніках падлікаў у 2020 годзе яна склала ўсяго 1045 асобін. Вядома, што ў некаторых раёнах Беларусі папуляцыя гэтага драпежніка блізкая да аптымальнай, у іншых — значна меншая. Па словах Аляксандра Чайкоўскага, аптымальная колькасць рысі для нашай краіны — больш за 1500 асобін. Цяпер распрацоўваецца план кіравання яе папуляцыяй.

Маргарыта ДРАЗДОВА

Загаловак у газеце: Час прыроды

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».