Вы тут

Уладзімір Жылка. «Мой меч зіхціць, непераможны, востры…»


Паэтызацыя дзяржаўна-эканамічнага і духоўна-культурнага адраджэння беларускага народа, развіцця яго сацыяльнай і нацыянальнай самасвядомасці, сцвярджэнне прынцыпаў і каштоўнасці свабоды і незалежнасці, нацыянальна-вызваленчага руху — вось што было галоўным у нацыянальна-адраджэнскай рамантычнай лініі развіцця заходнебеларускай паэзіі. Яе прадстаўнікі апелявалі да часоў Вялікага Княства Літоўскага, услаўлялі яго спадчыну. Іх лірычны герой сведчыў сваю выразную нацыянальна-этнічную дэтэрмінаванасць, быў заангажаваны ў духоўнапатрыятычную праблематыку.


У паэтаў гэтай рамантычнай лініі падзеі і факты нацыянальна-гістарычнага мінулага спалучаліся з народнай сімвалічнай вобразнасцю, душэўнапсіхалагічныя перажыванні дапаўняліся паэтычнай містыфікацыяй. Паказальная ў гэтым плане творчасць Уладзіміра Жылкі.

Нарадзіўся паэт 27 мая 1900 г. у вёсцы Макашы Навагрудскага павета Мінскай губерні (цяпер Нясвіжскі раён Мінскай вобласці) у сялянскай сям’і. Вучыўся ў Гарадзейскай царкоўнапрыходскай школе, Мірскім гарадскім вучылішчы. Падчас бежанства — у Багародзіцкім агранамічным вучылішчы Тульскай губерні (1915–1917). Там скончыў тры класы і пачаў пісаць вершы. Пасля вучыўся ў Беларускай гімназіі ў Дзвінску. З 1923 па 1926 г. — як стыпендыят чэхаславацкага ўрада — студэнт Карлавага ўніверсітэта ў Празе, дзе актыўна спрычыніўся да моладзевага грамадска-культурнага руху. Пасля ўдзелу ў  навуковай канферэнцыі ў Мінску па рэформе беларускага правапісу (1926) прыняў савецкае грамадзянства. Жыў у Мінску, працаваў у газеце «Звязда», выкладчыкам беларускай літаратуры ў  Мінскім музычным тэхнікуме. 18  ліпеня 1930 г. арыштаваны органамі ДПУ па сфабрыкаванай справе Саюза вызвалення Беларусі. У сувязі з тым, што цяжка хварэў на сухоты, праз месяц быў вызвалены з-пад варты пад падпіску аб нявыездзе. У адпаведнасці з  пастановай пазасудовага органа ад 10 сакавіка 1931 г. асуджаны на 5 гадоў ссылкі ва Уржум Кіраўскай вобласці. Працаваў выкладчыкам рускай літаратуры ў мясцовым медыцынскім тэхнікуме.

Памёр 1 сакавіка 1933 г. ад сухотаў.

Рэабілітаваны 19 верасня 1960 г.

Першая асобная кніга паэта выйшла ў 1923 г. — гэта была паэма «Уяўленне». Асноваю маральна-філасофскага пафасу твора выступала глыбокае і шчырае патрыятычнае пачуццё, напружанае перажыванне тых падзей, якія адбываліся на Беларусі. Носьбітам лірычнай свядомасці аўтара з’яўляецца ідэя абуджэння і разгортвання сацыяльнапалітычнай і духоўнай актыўнасці народа, грамадскага абнаўлення, ідэя беларускай дзяржаўнасці. «На мапу Еўропы // Ўзышоў Беларус, — натхнёна сцвярджае ён. — У лапцях лазовых,  // Па світцы ручнік, // І светам Хрыстовым  // Зіяе аблік». Лірычны герой аддадзены стыхіі нацыянальна-вызваленчага руху, прасякнуты адчуваннем складанай і супярэчлівай прыроды грамадска-сацыяльных працэсаў, рэвалюцый і войнаў, якія прайшліся па беларускіх этнічных землях, усведамленнем сувязі і ўзаемаабумоўленасці гістарычных змен і  народнай жыццядзейнасці. Ён поўніцца бязмежнай сыноўскай радасцю ад разумення, што пазнаў, здабыў Маці-Радзіму, Бацькаўшчыну-Беларусь, якая актыўна рэалізуе сваё права на духоўнае самасцвярджэнне, свабоднае развіццё ў часе і прасторы, становіцца «наймалодшай нацыяй» у кагорце народаў-суседзяў: «Перуны завірух // У  захапленні // Грымяць аб адным: // Паўнагучна Адраджэнне!»

Нягледзячы на цяжкасці і перашкоды, падзел Беларусі на Усходнюю і Заходнюю, якія апынуліся ў розных дзяржавах («Пакута падзелам. // Па беламу целу // Знаком ад нажа // Крывавіць мяжа»), паэт з падкрэсленай верай і аптымізмам глядзеў на пошукі беларусамі свайго гістарычнага лёсу, увасабленне ідэі дзяржаўнай незалежнасці, якая прывядзе да гарманізацыі народнага жыцця:

Народы! Прадбачу:

Шпаркасць коняў

Пагоні

Суліць удачу.

Вам на пасадзе

Пакутніцу

Нявехнай бачыць.

У творы дамінуе рамантычна-ідэалізаванае, лірыка-абагульненае выяўленне жыццёвых працэсаў, элементы народна-міфалагічнага мыслення пераплятаюцца ў ёй са сродкамі арыгінальнай індывідуальна-аўтарскай паэтыкі, традыцыйная фальклорная і  евангельская сімволіка-алегарычная вобразнасць напаўняецца актуальным духоўна-патрыятычным, грамадскасацыяльным зместам.

Свежасцю і непасрэднасцю светаўспрымання, глыбінёй і праўдзівасцю духоўна-сацыяльных перажыванняў, суладнасцю думкі і эмоцыі звярталі на сябе ўвагу зборнікі вершаў У.  Жылкі «На ростані» (1924) і «З палёў Заходняй Беларусі» (1927), якія ў  многім працягвалі і развівалі ідэйна-мастацкі змест паэмы «Уяўленне». Яны сцвярджалі багацце і  паўнакроўнасць жаданняў і мэтаімкненняў героя, натуры летуценнай, загадкавай, рамантычна-ўзвышанай і ў той жа час сацыяльна актыўнай, дзейснай, з высокім пачуццём патрыятычнай свядомасці і грамадзянскай адказнасці. Тужлівая душа паэта, «Лілея між балот», што «ўзрасла, маўклівая, // Між багны сонных вод», парывалася ў неаглядныя жыццёвыя далі, да нязведанага і неспазнанага. Яна чуйна і абвострана рэагавала на праявы знешняга свету, высокае і нізкае ў ім, дысгармонію паміж рэальным і ідэальным…

Па смерці У. Жылкі ў некралогу А. Луцкевіч трапна адзначыць, што бачыў у ім «душу гарачую, жывую, ірваўшуюся да ідэалу, да красы, да новага жыцьця, — і адначасна такую кволую, такую — кажучы па-расейску — „нежную“ і ў гэтай „нежнасьці“ такую харошую!» Вядомы палітычны і грамадскакультурны дзеяч добра ведаў паэта, апекаваўся яго талентам, арганізаваў выданне зборніка «На ростані».

У поўным «імпэту і шырокага палёту» вершы «Віхор» (1921) уздым народна-вызваленчага, паўстанцкага руху на абшарах Заходняй Беларусі У. Жылка ўвасобіў у рамантычна-велічным вобразе прыроднай стыхіі. Віхор, які «Гасцём і мараю трывожнаю // Зляцеў да нас з-пад самых зор», скаціўся на зямлю, захоплівае ў свой палон усё, што патрапляе на яго шляху, нясе сілу, бадзёрасць, абнаўленне. Але хоць гэта віхор навальнічны, рэвалюцыйна-ўздымны, ён не разбуральна-скрышальны, бо мае лагодны, ачышчальны характар і місію, абуджае да актыўнай стваральнай, сацыяльна-гуманістычнай прысутнасці ў свеце ўсё патэнцыяльна здаровае і жыццяноснае:

Пара, пара дазнацца, зверыцца

Сваіх магутных сонных сіл!

Адважны хто спыніць намерыцца

Размах жыцця і творчы пыл?..

У творы прасочваецца выразная вобразна-стылёвая паралель — ачышчальны навальнічны віхор абумоўлівае «лязіво нажа», наяўнасць стыхійнай паўстанцкай зброі. У адпаведнасці з гэтым мастацкім прыёмам, суаднесенасцю розных і ў той жа час звязаных паміж сабою вобразаў-сімвалаў, пабудаваны і верш «Меч» (1924), адзін з найлепшых у заходнебеларускай паэзіі 1920-х гадоў. Вузкі мужыцкі загон становіцца месцам незвычайнага здарэння — патомны селянін выворвае на ім старажытны меч, сімвал рыцарскага духу і высакароднасці: «Вясёлым звонам аказаўся ён, // Калі чапіў канцом майго нарога». «Абцёр набожна йржу часу благога, — кажа герой, ад імя якога вядзецца лірычнае апавяданне, — І заблішчаў старых стагоддзяў сон, // І надпіс на клінку, нібы закон, — // “Дарэшты бой!” — зірнуў загадам строга». Гэты выпадак радыкальна перайначвае яго жыццё. Араты дарэшты пранікаецца грамадзянскапатрыятычным адчуваннем героікі мінулых часоў, слаўных традыцый сваіх далёкіх продкаў, загараецца ідэяй барацьбы за каштоўнасці і святыні роднай зямлі. Памяняўшы плуг на меч, ён становіцца ў шэрагі ахвярных ваяроў за свабоду Бацькаўшчыны, з’яўляецца трывалым звяном у доўгім ланцугу народна-вызваленчай дзеі:

Я з грамадой іду па шчасце нам.

Мой меч зіхціць, непераможны, востры.

Змагуся сам — дык сотням перадам!

Вернасць прынцыпам і каштоўнасцям працоўнага асяроддзя, жыцця селяніна-аратая была адной з асноўных тэм творчасці У. Жылкі. Ён паэтызаваў высокі духоўна-маральны змест нацыянальна-вызваленчага руху, які ў першай палове 1920-х гадоў разгортваўся і ў актыўных партызанскіх формах, адмабілізаваную рашучасць барацьбы за волю і справядлівасць. Паэт услаўляў рэвалюцыйны парыў, навальнічны грамадска-сацыяльны ўздым, радасць яднання ў ахвярным поступе за высокія народныя ідэалы, імкнуўся раскрыць рэзервы чалавечага духу, неспазнаныя грані асобы свайго сучасніка. «Толькі той, хто вера ў цуд — // Лепшу долю курных хат, — // Толькі той, хто любіць люд, // Толькі той — мой любы брат», — сведчыць творца.

Высокая патрыятычная ідэя, пачуццё ахвярнай адданасці Бацькаўшчыне з’яўляюцца асноваю аднаго з найлепшых Жылкавых вершаў «Наш лёс, бы кат з рукой забойнай…», напісанага ў 1925 годзе. У крытычную, вырашальную для Айчыны часіну («Народ, Свабода і Радзіма, — На ўсё прыйшла адна чарга»), калі «Найдаражэйшае, святое  — Ўсё, чым натхнялася душа, Чужою збэшчана рукою, Сваволяй скута палаша», герой паэта, апантаны гартаванай мужнасцю і рашучасцю вой, выконвае свой галоўны духоўна-маральны абавязак, уступае ў смяротны бой з лютым ворагам:

Але пад лобам хмурым гэтым,

У гэтай думнай галаве

Імкненне да апошняй мэты

Непераможнае жыве.

..... І покі сэрца поўна гневам,

І гнеў драпежней крумкача,

— Вітаю бой ваяцкім спевам

І звонам вострага мяча.

Высокі лірычны пафас, характэрная рамантычная стылістыка, абумоўленыя прагай пазнання і адкрыцця, звернутасцю да ідэальнага ў грамадстве і чалавеку, паядноўваліся ў творах У. Жылкі з глыбокай заангажаванасцю ў лёсавызначальныя для народа духоўна-сацыяльныя праблемы, з драматычным філасофска-медытатыўным пачаткам, пачуццёвай прысумленасцю. Гэта і многае іншае не адпавядала класава-пралетарскім прынцыпам адлюстравання рэчаіснасці, якія панавалі ў «ахопленай сацыялістычным шалам Беларусі». Пасля пераезду з  Прагі ў Мінск і выдання зборніка «З палёў Заходняй Беларусі» цяжка хворы паэт быў падвергнуты тэндэнцыйнай, жорсткай і несправядлівай крытыцы з боку апалагетаў новага грамадскага ладу...

Нягледзячы на гэта, Уладзімір Жылка да канца жыцця адстойваў высокія духоўныя прынцыпы, аб чым сведчаць многія яго творы, у прыватнасці паэма «Тастамент», напісаная ў ссылцы перад самай смерцю. Гэта твор вялікай эмацыянальнай сілы ўздзеяння, ён вызначаецца ўнутранай цэласнасцю і гарманічнасцю, своеасабліва падагульняе ідэйна-мастацкія пошукі паэта. У аснове яго лірычнага пафасу — высокі духаносны пачатак, сцвярджэнне адвечных маральна-філасофскіх каштоўнасцей жыцця народа, гуманістычных ідэалаў, дыялектыкі нацыянальнага і грамадска-сацыяльнага. Развітваючыся з «дабродзейкай зямлёй», сваімі марамі і надзеямі, аглядаючы пройдзены шлях, У. Жылка ўслаўляў родны край, яго красу і веліч, выказваў веру ў росквіт і шчаслівую будучыню незалежнай Бацькаўшчыны. Паэма «Тастамент»  — гэта гімн Беларусі, яе працоўнаму крывіцкаму люду, праўдзе, сумленню, жыццю.

Цяжкая хвароба, а таксама складаныя грамадска-палітычныя абставіны не дазволілі разгарнуцца на поўную сілу, развіць увесь свой багаты творчы патэнцыял аднаму з самых яркіх талентаў у гісторыі беларускай паэзіі.

Мікола МІКУЛІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?