Вы тут

Ці ўратуе фэнтэзі літаратуру?


Стварэнне іншых сусветаў і іх пранікненне ў звыклую нам рэчаіснасць, розныя праявы магіі, нечаканыя прыгоды, высакародныя героі, іх загадкавыя настаўнікі, напарнікі і ворагі, іншымі словамі, усе традыцыйныя праявы фэнтэзі рознай ступені падлеткавасці — гэта, здаецца, адзін з найбольш моцных і камерцыйна-паспяховых жанраў белетрыстыкі і, адпаведна, адзін з найбольш папулярных шляхоў, якімі і многія пісьменнікі, і многія чытачы намагаюцца трапіць у свет вялікай літаратуры.


Вялікая ж літаратура ў пэўнай ступені пагардліва ставіцца да падобных жанраў, між тым менавіта фэнтэзі вельмі часта бярэ на сябе абавязкі выхоўваць чытача і з чытацкага, і з чалавечага пункту гледжання, а таксама найбольш эфектыўна выконвае задачу «дапамагаць спраўляцца з невыноснасцю жыцця».

Карацей кажучы, ставіцца несур’ёзна да фэнтэзі — не надта слушная пазіцыя. Беларускія сучасныя літаратары гэта разумеюць. Многія нават бачаць у белетрыстыцы і канкрэтна падлеткавым фэнтэзі спосаб прыцягнення ўвагі шырокіх колаў маладой аўдыторыі менавіта да беларускамоўнай літаратуры. Пра гэта можна меркаваць хаця б па колькасці твораў такога кірунку, што выйшлі ў апошнія гады.

Фэнтэзі насамрэч вымагае вялікай творчай дысцыплінаванасці і засяроджанасці, а яшчэ вялікай шчырасці. Бо справа не толькі ў тым, каб выпісаць суцэльны сусвет ці кавалак сусвету дастаткова арыгінальна і ладна, каб ён не падаваўся злепленым з невядома чаго і працаваў па зразумелых законах, прыдумаць харызматычных і матываваных персанажаў, але і пры гэтым захаваць, хаця б вонкава, хаця б для чытача адчуванне нейкай разняволенасці і натуральнасці дзеля таго, каб гэтая вялікая сканструяваная рэчаіснасць не адчувалася мяшком з цэментам на плячах, каб чытачы не знайшлі сябе раптам на занудным уроку гісторыі, геаграфіі, біялогіі і фізікі таго свету, у якім павінны былі адбывацца прыгоды.

Эклектыка аповеду

Пісьменніца Лілія Ілюшына выдатна валодае гэтым няпростым жанрам і, больш за тое, выкарыстоўвае сакрэтныя прыёмы таго, як увайсці ў давер да чытача-падлетка і заадно пераўтварыць фэнтэзі-раман у нешта большае. Кніга «Ключ дарог» апавядае пра хлопца па імені Джым Ф’юры, які жыве на бацькоўскай ферме побач з маленькім Ці ўратуе фэнтэзі літаратуру? горадам у Ёркшыры і не вельмі задаволены сваім жыццём. Яно падаецца яму занадта сумным, і, згубіўшы надзею здзейсніць сваю галоўную мару, Джым толькі і бадзяецца па горадзе, каб не вяртацца дадому і не выконваць фермерскія абавязкі.

З першых старонак аўтарка скарыстоўвае адразу два прыёмы. Па-першае, паказвае галоўнага героя звычайным падлеткам з тыповымі падлеткавымі праблемамі і паводзінамі, якія даросламу чытачу хутчэй за ўсё пададуцца занадта ўтрыраванымі. Але думкі, якія прагаворвае Джым, сапраўды знаёмыя ледзь не кожнаму 14—16-гадоваму. Другі прыём, які прыцягвае ўвагу да рамана, насамрэч можна ўспрыняць па-рознаму. Аўтарка пераносіць дзеянне ў правінцыйны англійскі горад, і на чытача адразу абрушваецца і Джаан Роўлінг, і Тэры Пратчэт, і яшчэ безліч англійскіх і амерыканскіх аўтараў. Першая рэакцыя: а як жа рэпрэзентацыя беларускасці ў беларускай літаратуры? Як жа знаёмыя гарады, знаёмыя імёны і магічныя істоты, якіх мы заўважалі ў падручніку беларускай літаратуры на старонцы «Міфалогія»? Але тое, што аўтарка выбірае іншы шлях, зусім нядрэнна. Па-першае, кожны мае права на ўласны стыль. Па-другое, калі патэнцыйны чытач гэтага рамана — падлетак, то з першых старонак ён адчуе куды большы давер да падзей, якія адбываюцца ў англійскай правінцыі, чым, напрыклад, у Рагачове ці Браславе. У пэўным сэнсе фэнтэзі пра англійскую правінцыю па-беларуску выглядае больш экзатычна і незвычайна, чым фэнтэзі пра беларускую рэчаіснасць. Пры гэтым раман, выклікаючы ў розныя моманты апавядання асацыяцыі з рознымі элементамі масавай культуры, выбудоўваецца ў абсалютна самабытную карціну.

Структура твора шматжанравая: развіццё сюжэта праводзіць чытача праз утульную побытавую экспазіцыю, тлумачыць перадгісторыю героя і псіхалогію яго стасункаў з навакольным светам, пасля ўключаецца прыгодніцка-дэтэктыўная лінія, бюро, якое прапаноўвае прадыягнаставаць будучыню, уносіць лёгкі штрых антыўтопіі, а праз некаторы час паўнавартаснае фэнтэзі ўступае ў свае правы. Тэкст чытаецца лёгка і захапляльна, нават пры даволі павольным апавяданні. Калі галоўны фэнтэзійны складнік — дададзеная рэчаіснасць — пачынае паступова раскрывацца і тлумачыцца, становіцца зразумела, што месца і час дзеяння насамрэч маюць невялікае значэнне і для сюжэта выконваюць толькі ролю антуражу. Незвычайныя здольнасці герояў дадаюць філасофскасці ўсім падзеям і побытавым праблемам персанажаў.

Адна з асноўных такіх праблем — стасункі з бацькамі, якія паказаны надзвычай удала. Сем’і двух галоўных герояў паўстаюць полюсамі адной шкалы, і, зноў жа, тое, што здаецца занадта ўтрыраваным даросламу воку, будзе хутчэй за ўсё абсалютна натуральна выглядаць для падлетка.

Пры сваёй максімальнай непляскатасці раман валодае тым, што можна назваць камерцыйным патэнцыялам. Тэкст даволі кінематаграфічны, а сюжэт лёгка можна было б трансфармаваць у камп’ютарную гульню. Хаця прастора для такога шчыльнага ўзаемадзеяння розных сфер мастацтва і масавай культуры яшчэ не сфарміравалася. Але на ўзроўні аўтаркі тэксту Лілія Ілюшына пераўзышла базавыя задачы пісьменніка-фантаста.

Эклектыка свету

Другая кніга пісьменніцы, якая выйшла ў 2019 годзе ўжо ў Маскве, у «Выдавецкім доме Мешчаракова», мае назву «Мэтт Грэнвилл, везучий неудачник». У  творы аўтарка рэалізуе абсалютна іншы падыход да апавядання. Адразу з першых старонак дзеянне закідвае нас у магічны свет з незразумелымі назвамі і нязвыклымі з’явамі, прычым па класіцы — у сітуацыю паступлення ў магічную школу і, да ўсяго, па выключных правах. Галоўны герой  — выбраны. Каб паступіць у магічную школу, трэба прайсці выпрабаванні. Праз размовы трэціх асоб мы адразу даведваемся, што выпрабаванні, зноў жа, па класіцы, маюць адценне спаборніцтваў. Чытача ад самага пачатку ахінае вір назваў, магічных прылад, незвычайных слоў, апісанняў людзей, абставін, мэт і імкненняў галоўнага героя. У  пэўным сэнсе чытач аказваецца на тым самым уроку геаграфіі і  грамадазнаўства ва ўяўным свеце, але засумаваць на ім не дазваляе сусед па парце — галоўны герой. Імя яго нездарма выведзена ў назву кнігі. Сваёй харызмай і характарам Мэт Грэнвіл сапраўды агаломшвае з першых старонак — раней, чым мы паспяваем агледзецца і зразумець, дзе знаходзімся і  што адбываецца. Ён трапляе ў камічна-няёмкае становішча і дае зразумець, што мае ў  характары бяспройгрышны камплект — спалучэнне самаўпэўненасці і самаіроніі. Хаця іронія яго насамрэч распаўсюджваецца на ўсё, што навокал, а самаўпэўненасць выглядае выкшталцона выхаванай. Ужо да канца першай главы ён або зачаруе канчаткова, або пачне моцна раздражняць. Прынамсі, чытаць будзе цікава ў абодвух выпадках. Мэт Грэнвіл Ліліі Ілюшынай у  нейкай ступені падобны да Вольхі Рэднай, напісанай Вольгай Грамыкай, але крыху менш дарослы і  змешчаны ў абсалютна іншы свет, які вымагае іншых рэакцый. Калі галоўны герой трапляе ў горад, дзе павінен вучыцца, дзеянне пачынае разгортвацца так хутка і насычана, што тэкст патрабуе значнага засяроджання.

Апавяданне вядзецца ад першай асобы, таму чытач сочыць за лексічнымі і  сінтаксічнымі пакручастасцямі не толькі ў маўленні героя, але і ў яго думках. Такі стыль суправаджае на працягу ўсяго тэксту і стварае моцнае аздабленне для сюжэта. Па ім жа заўважна, што пісьменніца імкнулася апісаць тыповую гісторыю максімальна нетыпова і незвычайна. Гэта моцна адбілася на побыце — у ім усё вельмі жывое, прычым літаральна. Першым жа заданнем герой атрымлівае «адамашніванне» дому, які пакуль што дзікі, бадзяецца па вуліцах горада, як і ўсе дамы. У гэтым рамане, як і ў папярэднім, праглядаецца своеасаблівы філасофскі падыход да стварэння незвычайнага новага свету. Пры гэтым, зразумела, кнігі абсалютна непадобныя паміж сабой.

Лілія Ілюшына праяўляе сябе як вельмі незвычайны аўтар-фантаст, бо, папершае, паспявае за адну кнігу зрабіць больш, чым чакаецца ад падлеткавага фэнтэзі; па-другое, таму, што здольная аднолькава якасна напісаць абсалютна розныя па настроі, сюжэце і  праблематыцы творы; па-трэцяе, таму што ёй удаецца змяшчаць у класічныя для фэнтэзі сюжэтныя і прасторава-часавыя формы арыгінальныя і самабытныя гісторыі.

У недаацэненага і быццам несур’ёзнага жанру фэнтэзі насамрэч ёсць усё для таго, каб лічыцца якаснай літаратурай, і нават большая масавая папулярнасць пры правільным падыходзе не можа гэтага забіць. У сённяшнім літаратурным працэсе масавая зацікаўленасць больш залежыць ад спецыфічных дзеянняў для яе дасягнення — маркетынгавага прасоўвання і ўдалай рэпрэзентацыі ў медыя. Справа пісьменнікаў усё яшчэ ў  тым, каб ствараць якасныя тэксты.

Дар’я СМІРНОВА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».