Вы тут

Пра першы верш Янкі Купалы, апублікаваны па-беларуску


У маі 1905 года малады, тады яшчэ невядомы шырокай аўдыторыі, але папулярны ў асяродку беларускіх адраджэнцаў Янка Купала выступіў у друку з вершам, які ў далейшым вызначыў асноўную праграму яго дакастрычніцкай творчасці (паводле характарыстыкі Якуба Коласа, змешчанай у 1943 годзе ў зборніку «Памяці Янкі Купалы»).


Янка Купала. Вільня. 1908 г

Што я мужык, усе тут знаюць,

І, як ёсць гэты свет вялік,

З мяне смяюцца, пагарджаюць, —

 Бо я мужык, дурны мужык.

Радкі, якія канстатавалі бядотны стан простага люду, сацыяльны прыгнёт, прыніжанасць і якімі паэт сведчыў усю глыбіню несправядлівасці і крыўды, з ходу «запісалі» яго не толькі ў адвакаты самага бяздольнага пласта насельніцтва, але і ў ідэйныя натхняльнікі, больш за тое — духоўныя лідары!

Выказаўшы моц свайго душэўнага болю, лірычны герой на гэтым не спыняецца. Паглыбляючыся на дно асэнсавання, захлынаючыся ў хвалях абурэння, ён нібы адштурхоўваецца ад таго дна і... выплывае на паверхню! Але гэта ўжо не той прыніжаны і ўсімі пагарджаны, цёмны і забіты, а поўны веры ў  сябе і свой народ, дзёрзкі і нязломны ў змаганні, з адбіткам годнасці і ўсведамленнем уласнай сілы Чалавек, стваральнік свайго лёсу:

І кожны, хто мяне спытае,

Пачуе толькі адзін крык:

Што хоць мной кожны пагарджае,

Я буду жыць! — бо я мужык!

Першым чытачом беларускамоўнай творчасці маладога паэта і аматарам яго таленту быў «...Я буду жыць!» Пра першы верш Янкі Купалы, апублікаваны па-беларуску літаратуразнаўца і крытык Уладзімір Самойла. Высока ацаніўшы Купалавы спробы пяра, ён паспрыяў з’яўленню верша на старонках рускамоўнай мінскай газеты «Северо-Западный край», з якой супрацоўнічаў. У выданні ў той час друкаваліся творы Льва Талстога, Антона Чэхава, Уладзіміра Караленкі, Максіма Горкага, артыкулы пра Адама Міцкевіча, творчасць Цёткі. Верш «Мужык» увайшоў у першы зборнік «Жалейка» 1908 года і ў многія пазнейшыя выданні выбранай паэзіі, Зборы твораў.

Верш «Мужык». Першая старонка рукапісу. 1905 г

Стаўшы праграмным творам, знакавым для таго часу, верш «Мужык» трапіў у лік тых, што найчасцей перастваралі на іншыя мовы свету. Так, пераклады па-руску зрабілі Роберт Раждзественскі, Навум Кіслік, Анатоль Кудрэйка; паўкраінску — Андрэй Малышка, Мікола Нагнібеда, Дзмітро Паўлычка. Акрамя таго, верш пабачыў свет на англійскай, нямецкай, французскай, балгарскай, румынскай, эстонскай, азербайджанскай, армянскай, асецінскай, грузінскай, казахскай, калмыцкай і многіх іншых мовах. Кім Цесакоў стварыў араторыю «Мы — беларусы», у якой у 1968 годзе прагучаў верш «Мужык», пакладзены на музыку.

З даты апублікавання верша мінула больш ад стагоддзя. Перад чалавекам, ад чыйго імя ў  творы Янкі Купалы вядзецца гутарка, ужо не стаіць вострых сацыяльных пытанняў, што прад’яўляла жыццё ў  той час. Але калі ўзяць пад увагу тое, што галоўным у вершы з’яўляецца сцвярджэнне маральных і духоўных якасцей чалавека, разумееш: Купалаў радок не страціў актуальнасці і сёння...

Яна БУДОВІЧ

У публікацыі выкарыстаны матэрыялы з фондаў Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы

Загаловак у газеце: «...Я буду жыць!»

Выбар рэдакцыі

Культура

Кіно, якога не чакалі — 3. Завяршаем падборку драйвовых беларускіх фільмаў

Кіно, якога не чакалі — 3. Завяршаем падборку драйвовых беларускіх фільмаў

Сфера культуры ярчэй за іншыя паказвае, што калі не працуюць традыцыйныя схемы, прыходзіцца шукаць чорны ўваход. Пошукі часам нараджаюць эксперыменты і выкруты, якія абыходзяць абмежаванні, патэрны і завядзёнку і становяцца найлепшымі знакамі свайго часу. 

Грамадства

Як біятэхналогіі паляпшаюць якасць жыцця і здароўя чалавека?

Як біятэхналогіі паляпшаюць якасць жыцця і здароўя чалавека?

Па прагнозах спецыялістаў, не менш як 20 працэнтаў ад аб'ёму тавараў у XXІ стагоддзі будзе за біятэхналогіямі.

Грамадства

Збіраем гардэроб школьніка разам са стылістам

Збіраем гардэроб школьніка разам са стылістам

Пошукі і набыццё «школьнай формы», як па старой звычцы кажуць мамы і таты, — тая яшчэ галаваломка! 

Грамадства

Медыцынскі агляд у віцебскіх газавікоў ажыццяўляе... робат

Медыцынскі агляд у віцебскіх газавікоў ажыццяўляе... робат

А наведвальнiкаў крамы кансультуе выява спецыялiста.