Вы тут

Як я кінуў курыць. Гісторыя карэспандэнта «Звязды»


Карэспандэнт «Звязды» напярэдадні Сусветнага дня без тытуню паспрабаваў кінуць курыць, маючы стаж каля 30 гадоў. Эксперымент быў праведзены год таму. І што вы думаеце? Трымаюся ўжо год! Чаму ўрэшце захацеў жыць без тытуню, ці выкурыў хоць адну цыгарку, колькі каштуе медыцынская дапамога і ці праўда, што без нікаціну таўсцеюць? Усё пра гэта і не толькі — у нататках былога курыльшчыка.


Фота: ru.freepik.com

З піянерскага ўзросту

Курыць паспрабаваў яшчэ ў школе — калі не памыляюся, класе ў сёмым. Нехта з аднакласнікаў скраў цыгарэты ў таты, на перапынку прапанаваў мне паспрабаваць. Першая зацяжка ледзь не збіла з ног — слёзы з вачэй. Але ж мы будучыя мужчыны, нам трэба! Так, напэўна, разважалі тады. Як толькі мама і суседзі ў камунальнай кватэры, дзе я жыў, не адчулі, што малы неяк па-даросламу пахне? У восьмым класе перыядычна курыў не толькі за кампанію з аднакласнікамі. Дзе браў? Зноў жа нехта частаваў з равеснікаў, а часцей прадаваў.

Калі вучыўся ў тэхнікуме, курыў ужо параўнальна шмат: штук па пяць-шэсць у дзень. Выкладчык ганяў нас і спрабаваў запомніць твары, каб дакласці дырэктару.

У арміі курыў нядоўга, бо вельмі цяжка даваліся фізічныя нагрузкі. Ды і сяржант, дай яму неба доўгага жыцця, мне забараніў. Маўляў: «Пукшанскі калі яшчэ пакурыць, дык падчас марш-кідка яго давядзецца цягнуць на сабе!»

Калі я працаваў у шматтыражках, асабліва не захапляўся курэннем.

Канчаткова «падсеў» у абласной газеце. Там многія курылі і клікалі за кампанію. А вось у «Звяздзе» на момант майго працаўладкавання (у 2002 годзе) курылі ўсяго некалькі чалавек. Гэта мяне здзівіла, бо шмат маіх калег у Віцебску, у тым ліку і жанчыны, дымілі як паравозы. Між іншым, яшчэ больш здзівіла адна з кіраўніц «Звязды», якая кінула. Сказала, што дапамагло змяншэнне колькасці штук у дзень і ледзянцы. Я паспрабаваў і... дарэмна грошы на цукеркі патраціў.

Ну, канешне, дзеля...

Не раз, як усе заядлыя курыльшчыкі, я спрабаваў кінуць. Дзеля жарту, каб напісаць артыкул у газету, у рэдакцыі якой працаваў даўно, дарэчы, таксама напярэдадні Дня без тытуню, правёў некалькі гадзін з абаяльнай брунеткай, каб утрымац-
ца ад курэння. Пасля спаткання на першай жа хвіліне я дастаў з кішэні аксесуары, якія ведаюць усе курыльшчыкі.

Сыны, калі былі зусім маленькія прасілі «завязаць», бо адзенне і валасы пахнуць! Ды і які прыклад малым? Але ну ніяк не атрымлівалася адмовіцца. Ды і, шчыра кажучы, мне падабаўся працэс курэння. І зараз, калі б не прынцып, пакурыў бы... Асабліва «смачна», калі пішаш па рабоце. Зацягваешся — і быццам самі пішуцца чытэльныя тэксты, як кажуць прафесіяналы.

У красавіку мінулага года адбылося тое, што паўплывала на мяне моцна. Таму і вырашыў «завязаць». Ва ўсім, канешне, трэба шукаць жанчыну.

Дык вось яна па-жаночы хітра ўпэўніла мяне, што мне трэба кінуць курыць...

Вырашыў, што ўсё: трэба нешта рабіць, тым больш што адчуваў праблемы: задышку, калі праходзіў пару кіламетраў; бяссонніцу, калі не было чаго курыць. Літаральна страчваў настрой, калі па рабоце недзе нельга было на вуліцу выйсці праз гадзіну, каб пакурыць.

Спрабаваў напачатку сам хоць гадзіну вытрымаць без тытуню. Ніяк. Рабіў спробы не курыць у пакоі. Але ж чаму б і не атрымаць кайф, седзячы на канапе, калі ніхто не забараняе?

Зразумеў, што адзін не перамагу сваю звычку.

Таму звярнуўся ў дзяржаўную клініку, дзе лечаць у тым ліку і залежнасць ад тытуню. Не бясплатна, канешне. Грамадзянам Беларусі за кадзіроўку па метадзе Даўжэнкі давядзецца заплаціць 130 рублёў. Прасілі трое сутак не курыць. Для параўнання столькі ж каштуе кадзіроўка і ў сталічным камерцыйным медцэнтры, сайт якога знайшоў у інтэрнэце.

Цалаваўся з попельніцай

Дай бог здароўя нарколагу, якая са мной мучылася. Пра такіх кажуць «чалавек таго часу». І я не пра ўзрост, хоць ён у яе вельмі паважаны, а пра вопыт. Калі яна сказала, што ёй за 70, я зразумеў, чаму Кіркораў і Галкін так пяшчотна адносяцца да Пугачовай. Зачаравала тым, што як я ні «спрабаваў» перашкаджаць ёй са мной працаваць, бо нешта мне не верылася, што кіну курыць, — яна цярпліва рабіла сваю справу.

А курыў я штодня ўжо два пачкі цыгарэт з фільтрам нізкай якасці. Дарэчы, кадзіраванне, як высветлілася, мне катэгарычна нельга рабіць. Нарколаг спрабавала ўплываць на мяне па метадзе нейралінгвістычнага праграмавання. Напрыклад, трэба было ўявіць, што пачак ператвараецца ў лінію, якая знікае за вушаком дзвярэй. Адпаведнае практыкаванне мне не давалася. Яшчэ спрабаваў замест цыгарэт класці на стол крэкеры. Медык сказала, што такім чынам кінуў курыць дальнабойшчык. І «Табэкс» (таблеткі, якія раяць курыльшчыкам, каб кінуць) купляў. Не дапамагло...

Напэўна, з боку выглядала смешна: выпіў таблетку, ем крэкер, чытаю электронную кнігу Алена Кара «Лёгкі спосаб кінуць курыць» і... куру. А ў перапынках пасля няўдалай спробы ператварыць пачак у лінію зноў жа з асалодай зацягваюся.

Урач вырашыла, што мне дапаможа так званае зняцце цягі — гэта не зусім кадзіраванне. Сеанс цягнуўся каля 30 хвілін. Усе дзеянні медыка я разумеў, толькі нібыта драмаў. Перад завяршэннем папырскала нешта ў рот — на смак быццам выкурыў адразу цыгарэт дзесяць. Доктар сказала, што месяц — гарантыя,  але калі сарвуся, магу разок прыйсці на карэкцыю.

Гэты дзень мне здаўся жудасным. Курыць хацелася ўсё роўна. Але я прынцыпова не купляў цыгарэты — разумеў, што магу лёгка зноў пачаць. Ды і шкада было вялікіх грошай, патрачаных на лячэнне.

«Добра», што адзенне праз гады курэння пахла тытунём нават пасля мыцця. І прабачце за прызнанне: ледзь не цалаваўся з попельніцай. Але вытрымаў.

Праўда, на карэкціроўку давялося прыйсці. І, ужо калі шчыра, хацеў бы — пачаў бы курыць і пасля карэкціроўкі, але праявіў сілу волі. І за гэта паважаю сябе.

Дапамажы сабе сам

Калі пра класікаў, дык многія літаратары, мастакі, акцёры курылі. Наконт жартаў у тэму ад геніяў мне бліжэйшы за ўсіх Марк Твэн. На мой погляд, шэдэўральна: «Напачатку Бог стварыў мужчыну. Потым стварыў жанчыну. Потым Богу стала шкада мужчыну, і ён стварыў яму тытунь». Уяўляю рэакцыю феміністак, таму прашу прабачэння. І адпаведна задаю пытанне: а вось чаму тады жанчыны кураць?

Яшчэ ён пісаў, што кінуць курыць вельмі проста, бо рабіў гэта шмат разоў, што не хоча ў рай, калі там табу на курэнне. Або: «Я ўзяў сабе за правіла ніколі не курыць больш за адну цыгарэту адначасова».

Смеху, канешне, мала. Бо насамрэч колькі здароўя мы выкурваем з сябе любімых, ды і які прыклад для дзяцей?

111

Між іншым, на кожным прыпынку грамадскага транспарту кіёскі з надпісам «Табакерка» — не найлепшая ідэя.

Якія мінусы з-за адмовы ад курэння? Стала цяжэй кантактаваць з курыльшчыкамі? Не! Знаёміцца з жанчынамі, наадварот, прасцей і лягчэй: усе ўражаны, што ў мяне ёсць сіла волі. А тыя, хто кураць, здзіўляюцца, што я не агітую кінуць. А пацалункі нейкім чынам кампенсуюць жаданне пакурыць за кампанію.

Наконт прыбаўкі вагі — кіло шэсць, напэўна, з'явілася. Але, зноў жа, патаўсцеў прыкладна гады два таму, да моманту, калі кінуў курыць. І літаральна на вачах, як мовяць у народзе, «пуза вылецела» ў выніку трохдзённага сядзення за камп'ютарам і паядання марожанага, пірожных і шакаладак. Ды і цяпер, напэўна, прыйшоў час пісаць артыкул пра тое, як, кінуўшы курыць, зрабіць сабе атлетычную фігуру.

Пасля адмовы ад курэння не вельмі і «разнесла». Харчавацца б правільна ды фізічных нагрузак дадаць — і ўсё своечасова, — будзе чалавек стройны і падцягнуты.

Тым, хто курыць, не буду раіць кінуць. Ну навошта? Цыгарэты з 1 чэрвеня зноў даражэюць, усё больш жанчын (я гэта халасцякам) за здаровы спосаб жыцця. А хваробы лёгкіх, страўніка, праблемы з ціскам і іншыя — няўжо цудоўна ляжаць у бальніцы, калі на дварэ вясна?

А калі сур'ёзна, дык лепш разок выдаткаваць на спробу кінуць, каб потым на сэканомленыя ад набытага тытуню грошы купляць нешта неабходнае, радаваць блізкіх...

Дарэчы, скончу артыкул самай актуальнай тэмай на сённяшні дзень — каранавіруснай інфекцыі.

На хвіліну ўявіў сабе, што было б са мной, калі б я апынуўся ў рэжыме самаізаляцыі і калі курыў бы па-ранейшаму ў кватэры. Паколькі падчас ацяпляльнага сезона я заклейваю старыя дзверы балкона, бо дзьме, свежае паветра трапляе ў дом толькі праз фортку. Напэўна, як кажуць, не толькі сякера вісела б, але і мэбля. І ніякае праветрыванне дакладна не дапамагло б. І дыхаў бы я кругласутачна дымам... Карацей, усё я зрабіў правільна.

Аляксандр ПУКШАНСКІ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?