Вы тут

Каштоўны падарунак


Ліепайская беларуская суполка “Мара” ў дар ад расійскіх сяброў атрымала юбілейнае выданне “Книга Памяти. Латвия”, прысвечанае 75‑годдзю Перамогі над нацысцкай Германіяй і краінамі гітлераўскай восі


Віктар Янцэвіч з кнігай ля Помніка абаронцам Ліепаі

Памяць пра Вялікую Перамогу нельга дзяліць паміж рознымі краінамі, народамі, якія ў часе Другой сусветнай вайны ўдзельнічалі ў векапомным змаганні з жорсткім ворагам. І чальцы Ліепайскай беларускай суполкі “Мара” заўсёды аддаюць даніну павагі героям. Так было й сёлета. Напярэдадні Дня Перамогі мы паўдзельнічалі ў цырымоніі ўскладання кветак на Брацкім пахаванні, што на Цэнтральных могілках Ліепаі. Якраз у тым месцы Генеральны консул Расіі ў Ліепаі Аляксей Беланосаў і ўручыў кіраўніку суполкі “Мара” Віктару Янцэвічу выданне “Книга Памяти. Латвия”.

Цяпер мы з цікавасцю вывучаем каштоўны падарунак. Некаторыя матэрыялы адкрываюць зусім новыя для нас звесткі — бо час ідзе, і многія дэталі з ваеннай гісторыі горада паступова сціраюцца. “Книга Памяти. Латвия” — гэта найбольш сучаснае й поўнае выданне архіўных матэрыялаў пра ваенныя дзеянні ў ходзе Другой сусветнай вайны на тэрыторыі Латвіі. А яны, нагадаю, пачаліся з абароны Ліепаі (тады Лібавы): яе мужна трымалі савецкія войскі ў няроўным змаганні з войскамі вермахта 22–29 чэрвеня 1941 года. Заканчвалася ж вайна ў Латвіі капітуляцыяй рэшткаў групы армій “Поўнач” у Курляндскім катле — было тое 10 мая 1945 года.

“Книга Памяти”, расказалі нам расійскія сябры, складаецца з трох тамоў. Праца складальнікамі кнігі праведзена каласальная. У выданні сістэматызаваныя ды ўвекавечаны савецкія мемарыялы, помнікі, месцы пахаванняў салдат, якія загінулі ў часе Вялікай Айчыннай вайны на тэрыторыях трох цяперашніх прыбалтыйскіх краін: Літвы, Латвіі ды Эстоніі. Прычым латвійскі том стаў самым аб’ёмным у Балтыі: у ім 620 старонак. Для параўнання, выданне пра Літву — гэта 468 старонак, пра Эстонію — 398. І таму ёсць тлумачэнне: менавіта баі за вызваленне Латвіі ад нацыстаў былі надзвычай жорсткія, ішлі за кожны плацдарм.

“Книга Памяти. Латвия” ўтрымлівае й фатаграфію нашага супляменніка-беларуса Пятра Іванавіча Купрыянава, копію яго ўзнагароднага ліста: пасмяротна ўраджэнцу Жодзіна было прысвоена высокае званне Героя Савецкага Саюза. У газеце “Голас Радзімы” ўжо расказвалі мы пра тое, што суполка “Мара” летась узяла шэфства над месцам гібелі Героя — пры хутары Лідумніекі Скрундскага краю.

Анжэла Фаміна, г. Ліепая

Фота: Сяргей Пятроў

Нумар у фармаце PDF

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».