Вы тут

Лёсы-ніткі ў палатне Перамогі


Напярэдадні Дня Перамогі Пасол Расіі ў Беларусі Дзмітрый Мезенцаў урачыста перадаў Аляксандру Лукашэнку першы экзэмпляр кнігі-фотаальбома “Рарытэты ваенна-гістарычных музеяў Беларусі ды Расіі”


Аляксандр Лукашэнка прымае кнігу ад Дзмітрыя Мезенцава. Фота БЕЛТА

Ад вёскі Сахараўкі да станіцы Вёшанскай

Столькі жыццяў аддадзена ў імя Перамогі! Мільёнамі абрываліся ў часе ваеннага ліхалецця лёсы людскія, іншыя ж — абпальваліся, гартаваліся ў жудасным агні. Лёс кожнага з нас уецца-пульсуе да пары да часу ніткай тонкаю. Дарэчы, у антычнай міфалогіі ёсць тры багіні-Паркі, якія прадуць, наматваюць і абразаюць ніткі лёсаў. У славян багіня Макаш трымае ў руках плынь часу й лёсы людзей, апякуецца жанчынамі ды іх рамёствамі (ткацтва, прадзенне, вышыванне). З адных крыніц культур вытокі.

Непарыўна пераплецены ў гісторыі Вялікай Перамогі лёсы прадстаўнікоў розных народаў: нібы тонкія ніткі ў велічным палатне. Тое дзівоснае перапляценне знайшлося і ў літаратурнай аснове кінафільма Сяргея Бандарчука “Лёс чалавека”. Памятаеце галоўнага героя? Школьнікі па ўсім Савецкім Саюзе ў сачыненнях па рускай літаратуры пісалі прыкладна так: “Андрей Соколов — один из тех многих, которые сражались за страну, не жалея своей жизни. В нем воплотился весь дух русского народа — стойкого, сильного, непобедимого”. Ды мала хто ведае, што лётчык-беларус Рыгор Дольнікаў стаў галоўным прататыпам для пісьменніка Міхаіла Шолахава пры тварэнні вобраза. Гэта ж наш зямляк называў сябе Андрэем Сакаловым у фашысцкім палоне! І быў ён з Магілёўшчыны, з вёскі Сахараўкі Горацкага раёна. У інтэрнэце чытаем: нарадзіўся 8 мая 1923 года, сям’я перабралася ў Беларусь у 1919‑м з Петраграда, дзе раней бацька, Усцін Савельевіч Дольнікаў, працаваў рабочым на Пуцілаўскім заводзе. Рускі? Але чаго з’яджаць чалавеку з Піцера ў нашу глыбінку? Хіба што вярнуўся да родных каранёў. А Грышка яго, перш чым стаць Героем Савецкага Саюза (званне атрымаў толькі ў 1978‑м) і генералам, залатой ніццю ўваткацца ў гісторыі Перамогі, быў чыгуначнікам: працаваў на Мінскім вагонарамонтным заводзе імя Мяснікова. Закончыў без адрыву ад вытворчасці Мінскі аэраклуб…

Тыя “чыгуначныя” радкі з біяграфіі Героя згадаліся мне, калі нядаўна ў часе інтэрв’ю даведаўся: Пасол Расіі ў Беларусі Дзмітрый Мезенцаў, які родам з Піцера, па першай адукацыі — чыгуначнік. Маці яго ў 30‑я гады жыла ў Мінску: працаваць на Беларускай чыгунцы прыехаў з сям’ёй бацька яе, Міхаіл Цярэнцьевіч Жураўскі, закончыўшы Маскоўскі інстытут інжынераў транспарту. (А шляхецкі род Жураўскіх, дарэчы, пашыраны быў і ў Беларусі.) Да таго ж бацька Пасла, Фёдар Мезенцаў, быў у вайну й чыгуначнікам, і ваенным журналістам. Вялікае інтэрв’ю “Дмитрий Мезенцев, сын фронтовика” змешчана ў майскім нумары часопіса “Беларусь. Belarus”, ёсць і ў інтэрнэце: на партале Выдавецкага дома “Звязда”. У тым жа нумары пададзены й грунтоўны тэкст “Агульная памяць агульнай Перамогі” Кірыла Ладуцькі — пра ўнікальную кнігу-фотаальбом “Рарытэты ваенна-гістарычных музеяў Беларусі ды Расіі”.

Самы першы экзэмпляр

Мы пісалі ўжо, што 8 мая з удзелам Прэзідэнта Беларусі ў мінскім Храме-помніку ў гонар Усіх Святых прайшла цырымонія закладкі капсул з зямлёй з месцаў вайсковай славы, масавых пахаванняў ахвяраў вайны (“Адна на ўсіх Зямля і Перамога” — ГР, 15.05.2020). Гэта быў заключны этап міжнароднай акцыі памяці “На славу агульнай Перамогі!”. У ходзе цырымоніі, ужо на сонечнай пляцоўцы пры храме Дзмітрый Мезенцаў перадаў Аляксандру Лукашэнку кнігу-фотаальбом, выдадзеную да 75‑годдзя Вялікай Перамогі.

Дзмітрый Мезенцаў адзначыў, што мае гонар па даручэнні ўдзельнікаў выдавецкага праекта ўручыць Прэзідэнту Рэспублікі Беларусь менавіта першы асобнік кнігі. У ёй сабраны фатаграфіі, тэксты пра рарытэты шасці музеяў Саюзнай дзяржавы. Пасол згадаў словы Прэзідэнта пра гістарычную памяць, памятанне аб сумесным Подзвігу салдат Вялікай Айчыннай. Прычым як у Расіі, так і ў Беларусі аднолькава ярка шануецца памяць, падтрымліваюцца слаўныя традыцыі.

100 рарытэтаў з шасці музеяў

За некалькі дзён да тае знакавай падзеі ў мінскім Доме прэсы ладзілася прэзентацыя спецыяльнага праекта Саюзнай дзяржавы “Рарытэты ваенна-гістарычных музеяў Беларусі ды Расіі”. Паўдзельнічалі ў ёй Дзяржсакратар Саюзнай дзяржавы Рыгор Рапота (было прамое ўключэнне з Масквы, з Пастаяннага камітэта Саюзнай дзяржавы), Міністр інфармацыі Беларусі Аляксандр Карлюкевіч, Пасол Расіі ў Беларусі Дзмітрый Мезенцаў, намеснік Дзяржсакратара — чалец Пастаяннага камітэта Саюзнай дзяржавы Уладзімір Амарын, дырэктар выдавецтва “Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі” (у якім выйшла кніга-фотаальбом) Вольга Ваніна, дырэктар Паліграфкамбіната імя Якуба Коласа (там выданне аддрукавана) Ігар Маланяк. Ішла прамая трансляцыя прэзентацыі, а на YouTube-канале Дома прэсы па спасылцы можна паглядзець яе відэазапіс.

Удзельнікаў круглага стала вітаў, віншаваў з надыходзячым святам, з выхадам кнігі Рыгор Рапота. Ён нагадаў, што Перамога — гэта й памяць пра вялікую трагедыю, шматлікія ахвяры вайны. І новае выданне — толькі адзін з важных крокаў па ўшанаванні памяці пра нашу агульную ваенную гісторыю. Рыгор Аляксеевіч адзначыў асабісты ўнёсак Дзмітрыя Мезенцава, і таксама й Аляксандра Карлюкевіча ў рэалізацыі знакавага пректа. У кнігу ўвайшлі гісторыі 100 эксклюзіўных экспанатаў з фондаў шасці галоўных ваенна-гістарычных музеяў дзвюх краін: Музея Перамогі ў Маскве, Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, Дзяржаўнага гістарычна-мемарыяльнага музея-запаведніка “Сталінградская бітва”, Мемарыяльнага комплексу “Брэсцкая крэпасць-герой”, Севастопальскага ваенна-гістарычнага музея-запаведніка, Дзяржаўнага мемарыяльнага комплексу “Хатынь”.

Аляксандр Карлюкевіч казаў, што кожны разварот новай кнігі — гэта драматычная гісторыя, лаканічна расказаная: “Уражваюць многія экспанаты. Скажам, частка баявой машыны БМ‑13, легендарнай “Кацюшы”, як у вайну называлі савецкую баявую машыну рэактыўнай артылерыі. Паглядзіце, што засталося ў лесе пасля апошняга бою той батарэі. Гэта і гімнасцёрка абаронцы Брэсцкай крэпасці, і баявыя ўзнагароды, прабітыя кулямі, асколкамі, а таксама дакументы, камсамольскія й партыйныя білеты воінаў”. Алесь Мікалаевіч упэўнены: кніга дапаможа выхаванню моладзі, яна пойдзе па Беларусі ды Расіі, стане для многіх урокам на заўтра. Бо гэтае выданне — з тых, што кранаюць розум і душу чытача, да таго ж сведчаць аб захаванні ў нашых краінах слаўных ваенна-патрыятычных традыцый.

Ініцыяваў выданне Дзмітрый Мезенцаў — сам, як і Аляксандр Мікалаевіч, былы афіцэр Савецкай арміі. Ён выказаў удзячнасць усім навуковым супрацоўнікам шасці музеяў, што ўдзельнічалі ў праекце. Заўважыў: “Якім бы ні быў аб’ём гэтай кнігі, а змясціць усё, што музеі зберагаюць, ніяк немагчыма”. Спадар Пасол звярнуў увагу на беларускі рарытэт: партызанскую гармату, пастаўленую ўмельцамі на колы ад сеялкі. Амаль два з паловай гады прылада тая дапамагала партызанам біць ворагаў. Дзмітрыя Фёдаравіча таксама ўражваюць баявыя ўзнагароды, прабітыя кулямі. Байцы іх атрымалі за геройствы ў баях — і тыя ж узнагароды пэўным чынам ратавалі жыцці тых, хто быў у самым пекле баёў, не шкадаваў сябе, абараняючы Радзіму.

Разважаючы пра значнасць Дня Перамогі, Дзмітрый Мезенцаў заўважыў: гаворыцца шмат высокіх, справядлівых слоў пра подзвіг савецкага салдата, савецкага народа, якія перамаглі нацызм. “Нашы бацькі, дзяды выратавалі зямлю сваю, і свой народ, і вызвалілі ад фашызму шэраг еўрапейскіх краін. Але нам яшчэ больш варта гаварыць пра тых людзей, якія практычна штодня рабілі для сябе выбар. І пераадольваючы страх ішлі ў атаку, абаранялі сваю Радзіму. А такі выбар — гэта заўсёды складаны працэс працы душы, працы сэрца”. Дзмітрый Фёдаравіч аддаў даніну павагі тым, хто нават і знаходзячыся ў палоне, у фашысцкіх канцлагерах — не здаваўся. (І тут да месца будзе згадаць Рыгора Дольнікава, які ўвайшоў у гісторыю як Андрэй Сакалоў.) Хто й перад тварам смерці адмаўляўся ад супрацоўніцтва з фашыстамі.

На думку Дзмітрыя Мезенцава, вельмі важна, каб пошукавая работа прадаўжалася, і навукова-даследчая ў музеях — таксама. Бо, на жаль, і сёння шмат імёнаў герояў, лёсаў зніклых без вестак байцоў. Нашчадкі ж іх не ведаюць, дзе знайшлі салдаты свой апошні спачын. “Таму мы будзем прасіць Пастаянны Камітэт Саюзнай дзяржавы, каб выдзяляліся сродкі на падобныя кнігі — каб яны выдаваліся і пасля юбілею Перамогі. Бо маштаб подзвігу велізарны, і сёлета якраз год яго пераасэнсавання”. Вялікі народ, нагадаў выступоўца, усё што мог аддаў для фронту, для Перамогі. Сёння ўжо ідзе гаворка амаль пра 30 мільёнаў загінулых савецкіх грамадзян. “Гэта неверагодныя страты, гэта горкая і трагічная цана перамогі. Калі ж мы сёння не адпавядаем сваімі справамі, учынкамі, думкамі, памкненнямі маштабу таго подзвігу, то нашыя справы становяцца дробнымі. Часам выродлівымі ды нікчэмнымі. Таму важна й сённяшняе сваё жыццё сувымяраць з маштабам таго, што звяршылася ў 41–45‑м. І я думаю, што й даследчыцкая праца, і выдавецкая — прадоўжацца”. Дзмітрый Мезенцаў падзякаваў за супрацу Рыгору Рапоту, Аляксандру Карлюкевічу ды ўсім, хто мае дачыненне да выдавецкага праекта.

Уладзімір Амарын адзначыў: гэта пятая ўжо кніга, выпушчаная за паўтары гады пры фінансавай падтрымцы Пастаяннага Камітэта Саюзнай дзяржавы дзеля таго, каб зберагаць памяць аб подзвігу, гераізме народа-пераможцы. Каб зберагчы гістарычную праўду, данесці яе да будучых пакаленняў, перадаць нашчадкам у спадчыну лепшыя прыклады з нашай агульнай гісторыі. Праекты, адзначыў выступоўца, вельмі важныя, і яны прадоўжацца.

Вольга Ваніна расказала, як ішла праца над кнігай у выдавецтве “Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі”, якое, заўважыла, сёння арыентаванае на асвятленне падзей, у тым ліку й малавядомых, ваеннай гісторыі. Толькі летась і сёлета выйшлі больш за дзесяць кніг, прысвечаных гэтай тэматыцы.

Нагадаем, відэаверсія цікавай размовы ёсць у інтэрнэце. Так што цяпер і ў сусветнай павуціне — інтэрнэце — ткуцца непаўторныя ўзоры нашай агульнай памяці пра Перамогу. І ці важна пры тым, чый унёсак быў большым ці меншым? “Сочтемся славою”, як пісаў класік. Галоўнае — што Перамога наша! І высокім сэнсам, сапраўдным золатам спаўняецца кожнае жыццё-нітачка, у тое велічнае палотнішча Перамогі на кроснах часу ўватканае.

Іван Ждановіч

Дарэчы. У кнізе “Рарытэты ваенна-гістарычных музеяў Беларусі ды Расіі” ёсць выява медаля “За адвагу” і пасведчанне да яго народнага артыста СССР Інакенція Смактуноўскага. На тое звярнуў увагу Дзмітрый Мезенцаў. А ўзнагарода тая, знак асаблівай салдацкай доблесці, знайшла знакамітага чалавека толькі ў 1991 годзе. У гады вайны ён быў гвардыі малодшым сяржантам. Мы ж удакладняем, што ў Інакенція Міхайлавіча (сапраўднае прозвішча Смактуновіч), хоць і нарадзіўся ён у Томскай вобласці Расіі, былі беларускія родавыя карані. Пра тое мы пісалі, тэкст ёсць у інтэрнэце: “Белавежскі радавод Інакенція Смактуноўскага” — ГР, 11.04.2011.

Нумар у фармаце PDF

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».