Вы тут

Прэзідэнт: Мы пазбеглі беспрацоўя, не зачыніўшы прадпрыемствы


Сёння Мінскаму трактарнаму заводу спаўняецца 74 гады. Дата не юбілейная, але павіншаваць адзін з флагманаў айчыннага машынабудавання прыехаў шаноўны госць — Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка.


Да гэтага кіраўнік краіны быў на прадпрыемстве пяць гадоў таму. Ён абмяркоўваў з завадчанамі ўзровень заробкаў, бягучую мадэрнізацыю, заклікаў не працаваць на склад, пашыраць экспарт. Прадпрыемства працавала над пастаўленымі задачамі, і за гэты час адбылося многае — адкрыццё сборкі ў Бішкеку, егіпетскай Александрыі.

Радуе вытворца і навінкамі — трактарам з дызельным рухавіком з асаблівай электратрансмісіяй, сінхранізаванай трансмісіяй. Камфортная, магутная, манеўраная, экалагічная мадэль новага трактара стала сенсацыяй міжнароднай выстаўкі ў Гановеры мінулай восенню.

Ствараюць на МТЗ і льдозалівачную тэхніку.

Сёння завод працуе па вызначанай стратэгіі да 2030 года. Яна прадугледжвае стварэнне новых высокаэфектыўных вытворчасцей, мадэрнізацыю механаапрацоўчай вытворчасці, будаўніцтва новых карпусоў.

Сярод асноўных паказчыкаў прадпрыемства – каля 90 працэнтаў трактароў ідзе на экспарт, штат холдынга складае больш за 22 тысячы чалавек, сярэдні заробак дасягае 1400 рублёў.


«Нам не трэба з верталёта грошы раскідваць»

«Праца ёсць, працуем», — далажыў Прэзідэнту генеральны дырэктар МТЗ Віталь Воўк падчас азнаямлення кіраўніка дзяржавы з вытворчасцю.

«Тое, што я казаў: нам не трэба з верталёта грошы раскідваць. Так, трэба зарабіць, але пытанне, ці ёсць працоўныя месцы», — агучыў пазіцыю кіраўнік дзяржавы.

«На багатым Захадзе ўжо дзікае беспрацоўе, людзі каструлямі барабаняць. Дзякуй богу, мы гэтага пазбеглі, не закрыліся», — у працяг тэмы продажаў прадукцыі заявіў Прэзідэнт.

МТЗ мае што прадаваць і ведае перспектывы развіцця. У планах — адкрыць вытворчасць у Еўропе, Лацінскай Амерыцы, Егіпце і Расіі.

Мэта, якую ставіць завод да 2030 года, — беспілотны трактар. 

Беларусь стане трэцім у свеце аператарам па ліцці з механаапрацоўкай

Як далажыў Прэзідэнту Віталь Воўк, холдынг з дзесяці прадпрыемстваў і трох сельскіх гаспадарак працуе даходна. На усіх прадпрыемствах і гаспадарках рост прадукцыйнасці працы перавышае рост зарплаты. Сітуацыя з каранавірусам, вядома, паўплывала, але і яна выправіцца.

«Калі ёсць што прадаваць, то выправіцца. Не можа быць так, што ўсё гэта будзе вечна працягвацца», — упэўнены Прэзідэнт.

Віталь Воўк паведаміў кіраўніку дзяржавы, што сёння экспарт прадукцыі перавышае 540 мільёнаў долараў, а павялічыць яго ў холдынгу імкнуцца да 1 347 мільёнаў долараў. Маштабы мадэрнізацыі такія, што фактычна да 2030 года будзе пабудаваны новы завод.

Ліцейная вытворчасць у перспектыве павысіць прадукцыйнасць са 150 тысяч тон да 300 тысяч тон, з’явіцца механаапрацоўка. Па словах Віталя Воўка, сёння ў Бразіліі і Кітаі ёсць падобныя цэнтры — Беларусь можа стаць трэцім аператарам. Такая вытворчасць дазволіць не толькі забяспечыць уласныя заводы, але і прадаваць ліццё на экспарт.

Аляксандра Лукашэнку таксама азнаёмілі і з мадэлямі трактараў і іншай тэхнікі брэнду.


Дзяржава гатовая пазычаць грошы пад канкрэтныя кантракты

У корпусе зборкі трактароў Прэзідэнт вывучыў дзейнасць прадпрыемстваў-пастаўшчыкоў па імпартазамяшчэнні. Як адзначылі вытворцы, зараз усе яны нарэшце ў адной лодцы: будзе дрэнная шына — будзе дрэнны трактар.

У прыватнасці, ААТ «Белшына» плануе спярша распрацаваць дарожную карту і падрыхтаваць рынкі збыту, каб звяртацца па дзяржаўную падтрымку ў выпадку неабходнасці.

«Калі ў цябе (генеральны дырэктар «Белшыны» Андрэй Бунакоў — «Зв.») будзе рынак, то я табе магу пазычыць любую суму грошай, каб ты прадаў тэхніку і вярнуў мне грошы. Трэба арыентавацца на тое, што ёсць на самой справе», — заклікаў прадпрыемствы не губляць часу Аляксандр Лукашэнка.

Пад канкрэтны кантракт дзяржава гатова дапамагчы і Барысаўскаму заводу аўтатрактарнага электраабсталявання.

«Гэта прадпрыемства трэба выцягваць. Імкніцеся якасна рабіць. Пытанне нумар адзін — гэта імпартазамяшчэнне. І другое — абарона рынку. На жаль, урад не спраўляецца з гэтымі пытаннямі», — звярнуў увагу беларускі лідар.

Прэзідэнт падрабязна цікавіўся ўмовамі працы работнікаў на кожным прадпрыемстве. Галоўнае патрабаванне, якое ўжо не аднойчы гучала, — каб захаваліся калектывы і людзі ведалі, што іх будучыня забяспечаная.

Прадэманстравалі Прэзідэнту і айчынныя гідраўліку, дэмпферы, ушчыльняльнікі, фары. Вытворцы паведамілі, што патрабаванне кіраўніка дзяржавы аднаўляць няспраўную тэхніку цягам сутак на МТЗ памятаюць добра — каб не было прастояў, створаны парк падменных трактароў.


«Каранавірус — гэта больш, чым хвароба»

Віншаванні з днём нараджэння МТЗ прымалі ад Прэзідэнта супрацоўнікі прадпрыемства. Пасля наведвання завода Аляксандр Лукашэнка адказаў на пытанні ад працоўнага калектыву.

Першае пытанне — пра стан з каранавірусам у краіне. Па словах Прэзідэнта, праблему сёння палітызуюць. 

«Я па-ранейшаму прытрымліваюся аднаго прынцыпу: гэта больш, чым хвароба. Хвароба займае палову, можа, і менш. Усё астатняе — гэта палітыка. Гэты год — год палітыкі. У гэтым асаблівасць і складанасць моманту».

У Беларусі дзейнічае ачаговы прынцып барацьбы — выяўляць выпадкі захворванняў і кантакты тых, хто захварэў. Кіраўнік краіны дадаў, што зараз ужо гучаць думкі пра другую хвалю. І яе таксама трэба будзе пераадолець, і сістэма аховы здароўя рыхтуецца да яе.

«У сістэму аховы здароўя сёння ўкладаюць шмат грошай», —​ адзначыў Аляксандр Лукашэнка.


«Я не супраць продажу дзяржаўнай уласнасці, але спачатку вы скажыце, колькі заплаціце».

Прыватызацыя такіх буйных, важнейшых для дзяржавы вытворчасцяў — складанае пытанне. Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што некаторыя людзі цяпер прапануюць распрадаць дзяржаўныя прадпрыемствы, а атрыманыя грошы накіраваць на рэформы.

«Я ж ужо не першы год Прэзідэнт: прададуць, але грошы не пойдуць на рэформы. Мы гэта ўжо бачылі ў Расіі. Грошы раскладуць па кішэнях, будзьце ўпэўненыя, — заявіў кіраўнік дзяржавы. — Гэта не мая палітыка — прыватызацыі. Я не супраць продажу дзяржаўнай уласнасці, але спачатку вы скажыце, колькі заплаціце. А я падумаю, ці трэба прадаваць гэтае прадпрыемства».

На электронным табло, што над галоўным уваходам на завод, супрацоўнікаў сустракае надпіс: «Будзьце лепшымі, іначай за вас гэта зробяць канкурэнты».

Пра гэта нагадаў супрацоўнікам і Прэзідэнт — такога тавару, як трактары ў свеце шмат. «І немцы, і амерыканцы, — усе ствараюць трактары. І нам прыходзіцца канкурыраваць», — сказаў Прэзідэнт.

Будзе прызначаны выконваючы абавязкі прэм’ер-міністра

Рабочы завода пацікавіўся намерам сфармаваць новы склад урада. «Так, пацвярджаю. Я гэта кожны раз раблю, каб вы бачылі, з кім я буду працаваць у тым выпадку, калі выйграю выбары, — заявіў лідар краіны. — Я гэта гаварыў і я гэта зраблю ў бліжэйшы час».

«А праўда, што аднаму з альтэрнатыўных кандыдатаў вы да пачатку выбарчай кампаніі прапаноўвалі пасаду прэм’ер-міністра?» — задаў пытанне рабочы.

«Я вам шчыра скажу, гледзячы ў вочы, што гэтаму банкіру трэба падумаць, дзе ён будзе пасля выбараў працаваць. І наогул са школы і вас, і мяне вучылі: не хлусь. У Беларусі толькі адзін чалавек па Канстытуцыі мае права прапанаваць пасаду прэм'ер-міністра і ўнесці кандыдатуру ў парламент для зацвярджэння. Я нікому нічога не прапаноўваў. Тым больш яму, які досвед у яго, каб быць прэм’ер-міністрам, — адказаў Прэзідэнт. — Таму я ніяк не мог прапаноўваць і не прапаноўваў нікому на сённяшні дзень гэтую пасаду. У бліжэйшы час вы ўбачыце. Я прызначу выконваючага абавязкі ў гэтым урадзе».

Прэзідэнт адзначыў, што сімпатызуе жанчынам-кандыдаткам, якія спакойна збіраюць подпісы. Аляксандру Лукашэнка азнаёміўся і з артыкулам газеты «Камерсант», дзе размешчана інтэрв’ю аднаго актывіста выбарчай кампаніі: «Гляджу на гэты артыкул. Гэты чалавек, ён нават не кандыдат у Прэзідэнты, за жонку радзее. Разумее, што за жонку ніхто не прагаласуе ў Беларусі. Я часам Наталлі Іванаўне (Качанавай — «Зв») кажу, што за цябе не прагаласуюць, хаця ты гатовы Прэзідэнт. У нас Канстытуцыя не пад жанчыну і ў нас грамадства не выспела галасаваць за жанчыну».


«МТЗ — гэта імідж»

У Прэзідэнта запыталі, якія мадэлі трактараў у яго любімыя.

Трактараў у кіраўніка краіны два, адзін з іх — падарунак МТЗ.

«Гэта выдатны завод, гэта твар нашай краіны, гэта брэнд. Беларусь тут сканцэнтраваная», — акрэсліў ён асаблівую значнасць прадпрыемства.

«Трактар для мяне — гэта ўсё з дзяцінства. Ён універсальны», — падзяліўся вопытам лідар дзяржавы.

Па традыцыі, з прадпрыемства Прэзідэнт заўсёды вяртаецца з падарункам ад калектыва. Аляксандр Лукашэнка такія сувеніры накіроўвае ў музей Палаца Незалежнасці. Зразумела, што Мінскі трактарны завод прэзентаваў кіраўніку краіны — трактар. Толькі гэта быў паменшаны макет трактара BELARUS-4522, які зойме пачэснае месца ў адным з галоўных будынкаў краіны.


Кіраўніка дзяржавы цікавіць кожны жыхар

Зразумела, для вялікага калектыву МТЗ сённяшняя падзея стала значнай. Што думаюць з нагоды візіту кіраўніка дзяржавы супрацоўнікі прадпрыемства?

  • «Гэта вельмі вялікая падзея для трактарнага заводу, асабліва ў дзень свята. Гэта для нас вялікі падарунак, што мы сёння асабіста ўбачылі Прэзідэнта. Праўда, не ўсім давялося задаць пытанні, але тым не менш гэта было цудоўна. Цікава было пачуць пра палітычную сітуацыю ў Беларусі і ў свеце ад кіраўніка. І мы сёння верым, упэўненыя ў тым, што жыццё працягваецца, мы жывём і працуем», — сказаў журналістам Рамуальд Стасевіч.
  • «Хваляванне, вядома, прысутнічала. Хацелася пачуць ацэнку якасці працы нашай, якасці прадукцыі. Ацэнка аб’ектыўная, цікавая і, галоўнае, карысная. Пазнавальна — для нас гэта вялікія перспектывы, ёсць да чаго імкнуцца. Мяне вельмі парадавала, што пандэміі каранавірусу надаецца вялікая ўвага, што кіраўніка дзяржавы цікавіць кожны жыхар. Вельмі здорава, што медыцына ў нас на дастаткова высокім узроўні. У заўтрашні дзень крочым упэўнена, усяго даб’емся, наперадзе ўсё будзе добра», — перакананы, паслухаўшы Прэзідэнта, Аляксандр Пыжык.
  • «Адчувалі дабрыню і праўду — усё, што хацеў, пачуў. Прэзідэнт быў такім шчырым, такім надзейным. Размова была канструктыўная, і па кожным пытанні дадзены разгорнуты адказ. Цёплая атмасфера, бо самае страшнае — калі ў людзей абыякавасць у вачах, а тут людзі проста жывыя», — падзяліўся ўражаннямі Мікіта Серафімовіч.

Варвара МАРОЗАВА

Марыя ДАДАЛКА

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Ці ведаеце вы родную мову? Самы час праверыць!

Ці ведаеце вы родную мову? Самы час праверыць!

Ужо традыцыя з нагоды Дня роднай мовы прапаноўваць чытачам праверыць свае веды.